Калі мы чуем пра жывую ваду, то адразу згадваецца размова Езуса з самаранкай, дзе Езус абяцае ёй жывую ваду. Гэтая гісторыя, якую апісаў апостал Ян, вельмі кранальная і мы ўжо неаднойчы на «Вінаградніку» разважалі над гэтым тэкстам. Цяпер жа паспрабуем звярнуць увагу на тое, што вобраз жывой вады сустракаецца таксама і ў іншых месцах Пісання. Таму затрымаемся над тэкстам прарока Ераміі: Ибо два зла сделал народ Мой: Меня, источник воды живой, оставили, и высекли себе водоемы разбитые, которые не могут держать воды (Ер 2,13). Напрошваецца асобна разгледзець гэтыя «два зла”, пра якія кажа Бог прароку Ерамію.
Пустыя вадаёмы
У Ізраілі, дзе не хапала вады і дажджы былі знакам Божага благаслаўлення і вялікай ласкай, людзі навучыліся збіраць дажджавую ваду, каб пасля ёй карыстацца на працягу многіх месяцаў. Для гэтага, як правіла ў скале, дзе пераважна быў мяккі камень або вапна, высякалі вялізныя ямы і абмазвалі яе знутры спецыяльным растворам. Гэтыя ямы называлі дажджавымі цыстэрнамі. Зразумела, што калі ў ёй з’яўлялася шчыліна, то вада паступова пачынала знікаць, што выклікала расчараванне сярод людзей, якія спадзяваліся некалькі месяцаў карыстацца вадой.
Гэты вобраз, такі важны і такі зразумелы для ізраільскага народа, Бог выкарыстоўвае, каб паказаць спецыфічны людскі самападман. Людзі, якія апынуліся без вады, у нейкім сэнсе заставаліся падманутымі, бо спадзяваліся на свае цыстэрны. Перакладаючы гэты вобраз на наша жыццё, варта задаць пытанне: дзе ў нашым духоўным жыцці могуць быць падманы, якія не вядуць нас да Бога і ў выніку якіх да нас прыходзіць расчараванне?
Пыха
З аднаго боку пыху нельга назваць падманам. Але паспрабуйма звярнуць на яе ўвагу, бо менавіта праз яе мы часта трываем у многіх падманах, пра якія будзем тут гаварыць. Пыха перашкаджае чалавеку шукаць Бога, не дазваляе яму бачыць свае грахі і памылкі. Пыха нас пераконвае: я ўсё ведаю, не трэба нікога слухаць, не трэба нічога мяняць. Можна сказаць, пыха закопвае Божыя пачынанні, спробы Бога ўмяшацца ў жыццё чалавека. Размаўляючы з людзьмі, часам хочацца паказаць ім іхнія памылкі, але прыходзіць разуменне, што гэта не мае сэнсу, што яно праляціць міма, а нават нашкодзіць яшчэ больш. Вельмі дзіўнае пачуццё, з якім ніколі не ведаю што рабіць і проста замаўкаю, хоць нібы і ёсць што сказаць, і ведаю, што чалавеку гэта было б на дабро. Перашкаджае пыха суразмоўцы. Калі я бачу, што чалавек настолькі перакананы ў сваёй праваце і не збіраецца нікога больш слухаць, то застаецца адно замоўкнуць. Такім чынам, пыха можа знішчаць дабро ўжо на старце.
Час ад часу даводзіцца на ўсходзе Беларусі сустракацца з гарадзенскімі каталікамі, каторыя часам цэлымі вялікімі сем’ямі ўключаючы стрыечных братоў і сясцёр, прыходзяць дружна ў касцёл на Божае Нараджэнне, на Вялікдзень, ну і на пахаванне аднаго з родзічаў. Заўсёды хацелася паказаць ім, што вера вымагае большага, чым прыйсці дружна сям’ёй два разы на год у святыню. Аднак увесь час я сустракаўся з тым самым, бо «мы заўсёды так рабілі і мы ўсё робім правільна». Такі голас пыхі і блізка не дазваляе прабіцца да чалавечага сэрца.
Часам здзіўляешся, калі людзі, якія няблага ведаюць Біблію і маюць шмат багаслоўскіх ведаў, а пыха не дазваляе ім шукаць Бога. Гэта парадаксальна, але нават веданне Божага слова разам з пыхай зачыняе чалавеку вочы, і ён выракаецца богашукання. Сумна пра гэта казаць, але гэтая праблема выразна прысутная сярод пратэстантаў, дзе ўсе вывучаюць Біблію, а ў каталікоў вельмі распаўсюджана сярод святароў, якія «усё ведаюць». Гэтую ж пыху я бачыў сярод многіх каталікоў, якія сутыкнуліся з Адновай Харызматычнай. На першы погляд гэта дзіўна, што ў такога тыпу рухах адны сапраўды адкрываюць Бога, пачынаюць любіць Яго і шукаюць Яго ўсім сэрцам, а іншыя нагледзяцца на прыемную форму малітвы, наслухаюцца канферэнцый, схопяцца жалезнай хваткай за некалькі кніг, крыху пачытаюць Пісанне, і ім пачынае здавацца, што яны ўжо ўсё пазналі, што яны – носьбіты Жывога Бога і жывой веры, а ўсе астатнія няправільныя. Смешна, але ў некаторых пачынала ўзнікаць дзіўнае перакананне, што Жывы Бог ёсць толькі ў Оршы, Мастах і Росі, ну а яны, само сабой, самыя правільныя, бо туды ездзяць, а ўсе астатнія Бога не ведаюць. На жаль, гэта даволі распаўсюджаная пыха такіх «харызматыкаў».
Паколькі тая ці іншая пыха не прапускае ніякіх зменаў (у тым ліку і пакаянне), то яна вядзе да зацьвярдзеласці. Вельмі важным прыкладам для нас няхай будзе навяртанне апосталаў Паўла і Пятра. Пыха была ў іх жыцці, але яна была не настолькі моцнай, каб зачыніць дзверы перад новым, што прынёс Бог. І адзін, і другі былі здольныя адмовіцца ад сваіх перакананняў, амбіцый і адкрыцца на новае, што праявілася праз пакаянне. Чаго не скажаш пра Юду. Ён таксама перажываў пакаянне пасля здрады Езуса, але не змог прабачыць сабе, яго знішчыла пыха.
Паразважай:
Памаліся да Духа Святога, папрасі паказаць праўду, дзе ў тваім жыцці пыха закрывае дзверы на Божае дзеянне?
Традыцыі
Адзін італьянскі святар з Мілана, які з благаслаўлення кардынала Марціні стварыў у Мілане сістэму евангелізацыйных групаў, якія налічвалі да 20 000 чалавек, пісаў у сваёй кнізе, што калі мы хочам пазнаць Жывога Бога, трэба найперш распачаць барацьбу з традыцыямі. Мяне гэта вельмі ўразіла, асабліва, калі ўлічыць тое, што Італія – краіна пераважна з традыцыйнай верай і многімі нацыянальнымі традыцыямі.
Асцярожна хачу паказаць гэтую тэму, таму што ў Касцёле лунае перакананне, што калі ты супраць традыцый, то ты супраць Каталіцкага Касцёла. Але ж традыцыі вельмі розныя. Ёсць традыцыя, якая ў багаслоўі пішацца з вялікай літары «Т». Гэта традыцыя пераважна ранняга хрысціянства, якая паўплывала на ўвесь Касцёл на многія стагоддзі. Гэтая Традыцыя прынесла нам догмы веры, літургію Святой Імшы і амаль усіх сакрамэнтаў. Барацьба з гэтай Традыцыяй пачала б нішчыць адзінства хрысціянства і супольнае вызнанне веры, што бачна ў пратэстанцкіх супольнасцях, якія адкінулі Традыцыю, падобна як адкінуў яе Лютар. У выніку мы маем дзесяткі тысяч цэркваў, які кожны па-свойму разумее Біблію. Супраць Традыцыі з вялікай літары вельмі небяспечна ваяваць.
Таму браты, трымайцеся і захоўвайце традыцыі, якім навучыліся як праз слова, так і праз нашае пасланне. Наказваем вам, браты, у імя Пана нашага Езуса Хрыста, каб вы асцерагаліся кожнага брата, які жыве ў бязладдзі і нязгодна з традыцыяй, якую прынялі ад нас (2 Тэс 2,15; 3,6).
Але ёсць іншыя традыцыі, якія ўзнікалі нашмат пазней, якія існавалі ці існуюць кароткі час і вядомыя ў асобных рэгіёнах. З такімі традыцыямі ўсё інакш. Ідзе размова пра малітвы, спеў, дробныя абрады, вопратку і г.д. Маю на ўвазе тут стаенкі на Божае Нараджэнне, батлейкі, пасвячэнне аплаткаў, спевы, у сэнс якіх мы часта нават не ўдумваемся, традыцыі на пахаваннях і г.д. Агромністы ком розных традыцый. Гаворка не пра тое, што яны дрэнныя. Ідзе гаворка пра тое, ці вядуць яны да Бога, ці з’яўляюцца праяўленнем любові да чалавека, ці ёсць у іх праявы веры і зацікаўленасці Богам. Часта традыцыі ўзнікалі ў выніку жывой веры і гэта мела сэнс, але для сучаснага чалавека многія нашыя традыцыі даўно не актуальныя і не прыносяць плёну. Гэтыя традыцыі не даваў Бог праз Майсея, не прапаведаваў Хрыстос, яны не нарадзіліся ў раннім хрысціянстве, але чамусьці людзі трымаюцца за іх як за самае святое. Менавіта ў гэтым і ёсць падман. Людзі занятыя захаваннем традыцый, а часта з Богам не маюць нічога супольнага. Яны баяцца іх пакінуць.
Як правіла, чалавек не хоча мяняць тое, да чаго прывыкае, што яму добра вядомае, а разам з тым, баіцца новага, невядомага. Чалавек можа жыць у брудзе, можа быць бяздомным, але кінуць свой стыль жыцця і пайсці за новым, невядомым яму страшна, бо не праверана. Аднойчы ў Польшчы я сустрэў бяздомнага былога вайскоўца, які спіўся і жыў на вуліцы. У яго была жонка і дом, жонка прымала яго, але ён не мог ёй прабачыць, быў пакрыўджаны, пыха не дазваляла яму прымірыцца. Ён не гатовы быў да новага ў сваім жыцці і яму спакайней было бадзяцца па падвалах.
Нешта падобнае адбываецца і з многімі нашымі традыцыямі, якія сталі бясплодныя, мёртвыя, не патрэбныя ні Богу, ні людзям, ні нам, але нам страшна іх пакінуць, бо мы да іх прызвычаіліся. Езус кажа, што новае віно не магчыма ўліваць у старыя мяхі. Таму найперш трэба адважыцца на тое, каб свае старыя бясплодныя мяхі павыкідаць з жыцця.
Дзіўна, але ў традыцыі часам ператвараюцца самыя дробныя рэчы. Напрыклад, а. Вадзім у нашым аршанскім касцёле нядаўна пераставіў амбону на другі бок алтара. Некалі я сам ставіў яе на тое ж месца. Але апошнія гады яна стаяла злева, і для мяне гэта стала звыклым. Таму пасля перастаноўкі мне давялося даказваць самому сабе, што ў гэтых зменах няма нічога дрэннага. Мне трэба было пазмагацца са сваёй бясплоднай традыцыяй.
Вялікая пастка і падман з рэлігійнымі традыцыямі ў тым, што мы нібыта штосьці робім у сферы рэлігіі, але часам у гэтым няма Бога. Мы Яго не пазнаем, не аб’ядноўваемся з Ім, але самі сябе падманваем і апраўдваемся, бо ўсё ж нешта для Бога нібы робім. Напрыклад, многія бабулькі каталічкі часта не бачаць сваіх грахоў. Для іх адзіная праблема – тое, што спажылі крыху малака ў Вялікі Пост, або забыліся і з’елі мяса ў пятніцу. На справе ж грахоў ёсць шмат, але яны не задаюць Богу пытанняў, не цікавяцца, што Бог думае. Месца богашукання занялі старыя традыцыі і калі іх парушыць, то можа рухнуць увесь рэлігійны свет такой бабулькі. Падобным чынам можна ўбачыць парадокс з малітоўнымі традыцыямі. Часам іх так шмат, што беднай жанчыне няма ўжо часу ні на мужа, ні на дзяцей, ні на Божае слова, ні на прыватную асабістую малітву перад Богам, бо трэба ж адмовіць (часта гэта так і называюць) шмат літаній, навэннаў, «жывых ружанцаў» і г.д. Такая верніца нібы і разумее, што нешта тут не так, але адмовіцца, адважыцца разабрацца, назваць рэчы сваімі імёнамі – на ўсё гэта не хапае рашучасці, бо вісіць вялікі баласт у выглядзе традыцый, які цягне на дно.
Бясплодныя традыцыі, падмацаваныя пыхай і самаўпэўненасцю, закрываюць сабой богашуканне і Бога, робяць чалавечае сэрца зацвярдзелым. Некалі мне здавалася, што пратэстанты не маюць праблемаў з традыцыямі, бо яны многія з іх адкінулі. Аднак гэта няпраўда. З часам я ўбачыў, што яны, на жаль, адкінулі традыцыі з вялікай літары (раннехрысціянскія), і традыцыі пазнейшыя, якія былі ў каталікоў і праваслаўных, але ў іх узніклі свае ўласныя традыцыі, якія таксама закрываюць сабой богашуканне.
Варта заўважыць, што Новы Запавет паказвае, як Езуса і вучняў фарысеі абвінавачваюць за нявернасць традыцыям старэйшых. Насамрэч Езус захоўваў традыцыі як рэлігійныя, так і народныя (вяселле, пахаванні), але Ён не захоўваў і дазваляў вучням ламаць тыя традыцыі, якія былі чалавечымі і не прыносілі плёну, або пярэчылі Божым планам.
Тады прыйшлі да Езуса фарысеі і кніжнікі з Ерузалема і сказалі: «Чаму Твае вучні парушаюць традыцыю старэйшых, бо не абмываюць рук сваіх, калі спажываюць хлеб?» А Ён сказаў ім у адказ: «Чаму і вы парушаеце Божую запаведзь дзеля сваёй традыцыі» (Мц 15,1-3).
«Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: “Гэты народ шукае Мяне вуснамі, а сэрца іх далёка ад Мяне. Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне, навучаючы людзкім запаведзям”. Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі» (Мк 7,6-8).
Глядзіце, каб ніхто не захапіў вас у палон філасофіяй і марным падманам паводле чалавечай традыцыі, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста (Кал 2,8).
Для многіх габрэяў чалавечыя рэлігійныя традыцыі моцна перапляліся з Законам Майсея. Таму ўсялякае парушэнне гэтых традыцый, напрыклад, парушэнне некаторых традыцый шабата або рэлігійнага ачышчэння ўспрымалася імі як блюзнерства і бунт супраць Закону Майсея. Менавіта за гэта абвінавачвалі Езуса, а таксама першамучаніка Стэфана (Дз 6,11.14) і апостала Паўла (Дз 21,18-21).
Парадаксальна, але сёння падобным чынам многія вернікі таксама атаясамліваюць рэлігійныя чалавечыя традыцыі з вернасцю ці пакланеннем Богу, і незахаванне гэтых традыцый успрымаецца як блюзнерства. Разам з тым, гэтыя ж людзі могуць парушаць Божыя запаведзі і ніколі не цікавіцца, што думае Бог. Менавіта такую знішчальную сілу могуць аказваць некаторыя традыцыі.
Паразважай:
Паразважай над рознымі традыцыямі ў тваім жыцці. Якія з іх не маюць ніякага сэнсу, а ты баішся іх пакінуць? Ці ёсць такія, што не вядуць да Бога, а, хутчэй, аддаляюць?
Тое, што ўжо не актуальна
Разважаючы далей пра падманы ў нашым духоўным жыцці, хачу звярнуць увагу на тое, што ў жыцці кожнага з нас можа быць шмат Божых рэчаў, якія былі важнымі некалі, а сёння яны састарэлі. Нам трэба прымаць рашэнне ісці далей, рабіць наступны крок, а не вяртацца да старога, якое ўжо даўно стала бясплодным. Тут гаворка пра многія нашы практыкі, якія некалі саслужылі добрую нам службу, яны важныя і цяпер для некага, але ўжо не для нас. Бо мы перажываем цяпер свой новы этап жыцця. Асабліва хацеў бы звярнуць увагу на пілігрымкі, моладзевыя чуванні, розныя рэкалекцыі і г.д.
У школьным узросце, а таксама калі быў клерыкам, мне вельмі хацелася быць у пілігрымцы, я бачыў у гэтым вялікі сэнс і патрэбу. Калі недзе было моладзевае чуванне, я ўсё рабіў, каб трапіць туды. Калі я ведаў, што недзе будзе служэнне Манджакала, Башаборы, Руфуса Перэйры, Брыдж МакКэна ці Даніэля Анж, то ў мяне і пытанняў не ўзнікала – я адразу туды ірваўся. Цяпер жа бачу, што многае з таго, што было для мяне так важна тады, сёння ўжо не актуальна. Канечне, тут трэба распазнанне, бо можа аказацца, што чалавек аблянеў, захапіўся мірскімі клопатамі, патануў у грахах, не спраўляецца з крыўдамі, і таму для яго ўсё гэта перастала быць важным. Новы Запавет кажа, што ў некаторых людзей астыне любоў, а ў Апакаліпсісе напісана, што некаторыя стануць «цёпленькімі» аж да ванітаў. Трэба распазнаваць прычыну зменаў у сабе. Але зразумела і тое, што ёсць этапы, каторыя трэба прайсці, а праз нейкі час яны стануць для кагосьці не актуальнымі. З’явіцца нешта новае, Божае. І гэта нармальна. Шчыра кажучы, нават не ўпэўнены, ці заўсёды ездзіў бы я сам на «Вінаграднік», калі б яго сам не рыхтаваў. На такія пытанні трэба адказаць кожнаму асабіста: вядзе тое альбо іншае нас да Бога, ці ўжо не вядзе, не корміць. Апостал Павел гэтую логіку этапаў і крокаў прыгожа паказвае ў вобразе ежы. Спачатку мы спажываем малако, а пасля трэба ўжываць цвёрдую ежу.
Трэба нам мець адвагу, каб прызнацца, што нешта з таго, такое некалі любімае і важнае, можа перастаць быць актуальным. Па Божаму Провіду і Яго волі нават Закон, які быў дадзены праз Майсея, часткова для нас не актуальны. Але ён вельмі быў патрэбны на той час. І такія змены ў большым ці меншым фармаце адбываюцца на працягу гісторыі.
Асаблівым чынам яшчэ хачу звярнуць увагу на месца святых у нашым жыцці і на прыватныя аб’яўленні. Даводзіцца сустракаць многіх вернікаў, якія вельмі моцна захапляюцца прыватнымі аб’яўленнямі. Толькі ў сувязі з гэтым прыходзіць на думку такое. Нават калі Бог сапраўды некаму аб’явіўся сотні гадоў таму і мы ў гэта верым, калі Касцёл пацвердзіў гэтае аб’яўленне і ёсць сшыткі, запісы ці вобразы гэтага аб’яўлення, то хіба гэта азначае, што яно актуальна сёння і для мяне? Магчыма, што і так, а, магчыма, і не. Тут таксама трэба шчырае асабістае распазнанне перад Богам. У свой час я з пакорай прымаў і стараўся зразумець, што нават тыя святыя, якім аб’яўляўся Бог, грашылі і рабілі сур’ёзныя памылкі. Таму нельга ўсяго бескрытычна прымаць. На занятках па тэалогіі нам, напрыклад, раілі, што, нягледзячы на святасць і ўсе заслугі святога Аўгустына і яго досвед адносінаў з Богам, яго раннюю творчасць і погляды лепш нават не чапаць.
Як гэта ні дзіўна гучыць, але для кагосьці прыватныя аб’яўленні, нават некалі пацверджаныя Касцёлам, могуць стаць дзіравым вядром, якія некалі ўтрымлівалі жывую ваду, а сёння яе там няма.
Паразважай:
Паспрабуй назваць тое, што для цябе ўжо не актуальна. Якая прычына гэтага працэсу?
Іншыя падманы
Напэўна можна было б шмат разважаць пра тыя рэлігійныя ілюзіі і падманы, якія нас зводзяць, таму хачу паспрабаваць хоць бы з большага пералічыць іх.
эмацыйнасць і душэўнасць
Адной з прыкметаў духоўнага росту з’яўляецца тое, што мы пачынаем адрозніваць у саміх сабе, калі адгукаецца наша цела (пажадлівасць, сэксуальнасць), калі гэта эмоцыі і душэўнае перажыванне, а калі адбываецца нешта духоўнае. Не хочацца разважаць шмат на гэтую важную тэму, таму што яна ўжо не раз гучала на «Вінаградніку» і на іншых рэкалекцыях у Оршы. Хочацца звярнуць увагу на тое, што для эмоцый і душэўных перажыванняў трэба нейкая прычына ў нашым зямным свеце. Напрыклад, прыгожыя спевы ў Касцёле, добрая атмасфера і сябры ў пілігрымцы, рамантычная атмасфера на малітве (пагашанае святло, запаленыя свечкі, музыка, ікона, крыж). Духоўныя ж перажыванні звязаныя толькі з дзейнасцю Духа Святога ў сэрцы чалавека, і часта мы нават не знаходзім знешніх яўных прычынаў, якія б справакавалі гэтыя перажыванні. Я пачаў бачыць розніцу паміж маімі душэўнымі перажываннямі і момантамі, калі я, напрыклад, ехаў у машыне або проста быў адзін у пакоі ў цішыні і нечакана пачынаў перажываць глыбокае пакаянне, або прысутнасць Божую, або радасць ад таго, што ты любімы Богам, што Ён з табой. Небяспека і падман душэўных перажывання ў тым, што яны не адкрываюць нам Бога. Калі ж яны знікаюць, то амаль нічога не застаецца. І таму калі маладыя людзі перажываюць, што на нейкім чуванні яны моцна адчувалі Божую Любоў, а цяпер доўгі час нічога не адчуваюць, то думаю, што ідзе размова пра душэўнае перажыванне, якое было на чуванні, а пасля яно проста знікла. І ў гэтым – падман. Магчыма, трэба зноў зрабіць такое ж рамантычнае і эмацыйнае чуванне, але гэта можа быць чарговым падманам.
Зразумела, што дзеці і моладзь успрымаюць гэты свет па-дзіцячы, па-юнацку, душэўна. І гэта нармальна. Таму ў гэтых чуваннях не бачу нічога дрэннага. Але калі мы становімся больш дарослымі, то душэўнае павінна саступіць месца духоўнаму, і ў гэтым ёсць дынаміка жыцця вераю.
рэлігійныя веды і выкананне Божага слова
Пра гэта ўжо мы казалі. Веды, багаслоўе, ідэальнае веданне Пісання, догмы веры, перачытаныя кнігі і пачутыя самыя класныя канферэнцыі – усё гэта можа быць падманам, калі не вядзе нас да богашукання, богапакланення, да любові, веры і пакаяння. Нашыя веды павінны даць вынікі ў нашых асабістых адносінах з Богам. Вельмі распаўсюджаная памылка, калі нам хочацца шмат ведаць і разумець, каб некаму нешта даказаць ці проста кагосьці ўразіць сваімі ведамі. Гэта чарговы падман. Будзем памятаць, што сатана ведае нашмат больш за нас і нават цытуе Біблію. Апостал Якуб кажа: будзьце выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія любуюцца самі сабой і падманваюць саміх сябе (Як 1,22-24).
рэлігійная дзейнасць
Гэты падман вельмі распаўсюджаны сярод розных узростаў. У Оршы, як і ў другіх парафіях, ёсць шмат людзей, якія асабліва не маюць адносінаў з Богам, але ганарацца, што яны нешта там для Бога рабілі – напрыклад, дапамагалі аднаўляць касцёл. Сярод святароў я вось ужо амаль трыццаць гадоў чую, што калі адбудуем касцёлы, то пачнем займацца людзьмі і душпастырствам. Сумна, але гэтыя змены часта так і не адбываюцца. Святары і надалей з галавой у рамонтах і нічога дзіўнага, што ў многіх далікатных духоўных справах не могуць разабрацца. Сярод маладых людзей вельмі распаўсюджана праблема, калі дзяўчына ўсе свае маладыя гады была пры касцёле, дапамагала ў парафіі, ахвотна адгукалася на любую просьбу святара, залічвала ўсе чуванні, пілігрымкі, паездкі з моладдзю, а ў выніку не ўмее будаваць адносіны з людзьмі, не можа стварыць сям’ю, не ўмее жыць у гэтым свеце і толкам адносінаў з Богам не будуе. Яна проста ўвесь час займалася чымсьці знешнім, а яе духоўны свет, пазнанне Бога – усё стаіць на месцы. Гэта страшны самападман.
Неяк мне трапілася віншаванне на Божае Нараджэнне, дзе святар жадаў, каб мы перажылі гэты час не ў мітусьні і клопаце, а сустрэліся з Хрыстом. Мне чамусьці стала маркотна-маркотна, таму што такога роду пажаданні я таксама чую дзесяткі гадоў, але ўсё сканчваецца ўсёроўна мітуснёй, і не выключана, што наступныя святы будуць такімі ж самымі. Для таго, каб нешта змянілася, трэба вельмі выразна зразумець, што мы гаворым пра падман, пра ворага, які крадзе ў нас жывую ваду. Таму само сабой тут нічога не зменіцца, трэба прымаць часта балючыя і радыкальныя рашэнні, а не плысці па цячэнні.
харызматы
Найперш трэба пазбегнуць падману ў сувязі з распазнаваннем харызматаў (надзвычайныя духоўныя дары) у нашым жыцці. Асабіста я, як і многія мае знаёмыя, павінны былі праходзіць праз тое, што харызматы могуць аказацца проста чалавечай выдумкай ці моцнымі чалавечымі марамі і жаданнямі. Таму сапраўды патрэбны час і духоўны вопыт таксама больш дасведчаных веруючых, каб убачыць, ідзе гаворка пра дар ад Бога, ці нам нешта там прыдумалася. Але калі нават ідзе гаворка пра надзвычайныя дары ад Бога, то гэта не азначае, што чалавек не грашыць ці не памыляецца. На жаль, я ў свой час таксама набіў сабе шышак, бо мне здавалася, што калі Бог дае некаму харызматычныя дары, то гэты чалавек асаблівы, шмат у чым разбіраецца, мае глыбокі духоўны вопыт і г.д. Многія веруючыя думаюць гэтаксама і пачынаюць бязмежна давяраць людзям, якія атрымалі ад Бога харызматы. І ў гэтым можа быць пастка і падман. Не выпадкова Езус кажа, што на судзе Божым некаторыя будуць апраўдвацца тым, што яны выганялі дэманаў, лячылі хваробы і чынілі цуды, а Бог скажа ім, што не ведае іх (Мц 7,22).
Дзеі Апостальскія кажуць, што Дух Святы даецца тым, хто Яму павінуецца (Дз 5,32). Акрамя атрыманых дароў, чалавек павінен навучыцца павінавацца Духу Святому, быць пакорным, супраціўляцца гардыні, шукаць Божай волі, разбірацца ў Божым слове і карыстацца дарамі на службе Богу, а не таму, што ў людзей бяда, або хочацца падкарміць сваё самалюбства надзвычайнымі дарамі. Калі няма духоўнага росту ва ўсіх гэтых элементах, то адбываецца агромністы падман.
віртуальнае жыццё
Праблема інтэрнэту можа й не шчыльна закранае рэлігійны самападман, але і тут ён прысутны. Часам некаторыя наіўна думаюць, што праз інтэрнэт можна евангелізаваць. Цікава, што не так даўно адзін прадстаўнік Ватыкана звяртаў увагу на тое, што віртуальная евангелізацыя ніколі не заменіць асабістага кантакту з чалавекам. Найбольш хвалюе той факт, што залежнасць ад інтэрнэту і віртуальнае жыццё проста выкрадае той час, які вернік павінен ахвяраваць зусім на іншыя рэчы.
“мы молімся”
Сканчваючы гэты пералік розных падманаў рэлігійнага жыцця, узгадваецца адна ўрачыстасць у Будславе, падчас якой адзін біскуп мімаходзь сказаў простыя словы: «Мы з вамі молімся тут»… Пачуўшы гэтыя словы, я чамусьці падумаў тады, што гэта самападман. У Будславе мы робім што заўгодна: ходзім, купляем, адпачываем, сустракаем знаёмых, але якраз найменш мы там молімся. Нават у такіх святых месцах нам здараюцца самападманы.
Паразважай:
Трымаючыся вобразу прарока Ераміі, назаві тыя цыстэрны ў тваім жыцці, якія некалі трымалі жывую ваду, а сёння яны пустыя.
Крыніца жывой вады
Канечне, кацелася б гаварыць пра Крыніцу жывой вады нашмат больш, чым пра нашыя разбітыя і пустыя цыстэрны. Але ў сваім навучанні прыпавесцямі пра мяхі і віно Езус паказвае, што немагчыма прыняць Жывога Бога, пакуль мы не згодзімся пазбыцца таго, што Яму перашкаджае пасяліцца ў нашых сэрцах. З гэтай жа прычыны для прыняцця Добрай Весткі абсалютна неабходнае пакаянне.
Калі больш уважліва пачытаць кантэкст выказвання прарока Ераміі, то між іншым там гучаць такія словы:
Так говорит Господь: какую неправду нашли во Мне отцы ваши, что удалились от Меня и пошли за суетою, и осуетились, и не сказали: "где Господь, Который вывел нас из земли Египетской, вел нас по пустыне, по земле пустой и необитаемой, по земле сухой, по земле тени смертной, по которой никто не ходил и где не обитал человек?" (Ер 2,5-6).
Бог паказвае, што пустыя цыстэрны сталіся не выпадкова. Адна з прычын – усё тая ж мітусня. Людзі займаліся ўсім, але толькі не тым, што Божае. У нейкім сэнсе можна сказаць, што нашыя разважанні пра рэлігійныя падманы месцяцца ў гэтай катэгорыі. Чалавек часта робіць шмат рэлігійных рэчаў, але не тое, што важна Богу. Іншая прычына – адсутнасць богашукання. Людзі перасталі задаваць пытанне: дзе наш Бог? Ідзе размова не пра асуджэнне Бога, калі часта кажам, дзе Бог быў, калі са мной здаралася нейкая бяда. Ідзе размова менавіта пра богашуканне.
Я глыбока перакананы, што богашуканне павінна адбывацца разам з глыбокім пакаяннем – гэта галоўны матор чалавека веры. Аднак чаму ў адных ёсць гэтае богашуканне, а ў іншых усё так павярхоўна, без зменаў, без сур’ёзных рашэнняў?
Неабходнасць абнаўлення ў Духу Святым
Разважаючы на гэтую тэму, я са здзіўленнем адкрыў тое, пра што нібыта заўсёды ведаў. Якая ж неабходная нам сіла Святога Духа! Гэта Ён і ёсць тая Жывая Вада, якая не застойваецца, а заўсёды свежая. І маю тут на ўвазе, канечне ж, не перажыванні і не духоўныя дары, якія дае Святы Дух, а Яго нябачную сілу, якая мяняе чалавека. Гэта змена адбываецца недзе глыбока ў сэрцы чалавека. У размове з Нікадэмам Езус кажа пра новае нараджэнне. Дух Святы не проста нешта там дашліфоўвае і папраўляе, Ён праводзіць настолькі грунтоўныя змены, што Езус называе гэта новым нараджэннем. Менавіта таму так неабходна нам пакаянне і здольнасць бачыць нашыя падманы і самападманы. Калі ж мы не хочам зменаў у нашым жыцці, то не будзем мець і новага нараджэння.
На гэта асаблівым чынам хачу звярнуць увагу. Агромністая сіла Святога Духа, не бачная часта знешне, яна мяняе чалавека знутры. Я ведаю многіх веруючых, якія вельмі стараюцца быць праведнымі, вельмі баяцца граху, але адначасна не абноўленыя сілай Святога Духа. Гэтая праведнасць – знешняя. Гэта выкананне правілаў і прадпісанняў, але калі капнуць глыбей, то ў жыцці такіх людзей поўна страхаў і панікі, яны баяцца за сваё жыццё і за тое, што могуць недзе там памыліцца. Ім не хапае любові, яны часта не могуць прабачыць сваім родным тое, што тыя не выконваюць усіх правілаў. Яны поўныя самалюбства або пыхі і не зацікаўленыя Божымі справамі, а толькі сваёй праведнасцю. Яны не дазволяць сабе знаходзіцца разам з бяздомнымі і былымі вязнямі… Гэта парадокс, але знешняя праведнасць далёка не заўсёды ідзе ў пары з сілай Святога Духа.
Памілаваныя Богам
Не так даўно мне давялося быць на сустрэчы былых вязняў і тых, хто нясе паслугу на зонах і ў турмах. Вельмі здзівіла мяне адна рэч. Я чарговы раз пераканаўся, чаму такім людзям, нават пасля іх навяртання часта цяжка быць сярод звычайных веруючых, у нашых супольнасцях і святынях. Большасць веруючых проста стараюцца не грашыць і быць прыкладнымі. А тыя людзі, сярод якіх я знаходзіўся, яны перажылі памілаванне ад Бога. Большасць з іх так і казалі: я столькі нарабіў, столькі слёзаў людзкіх праліў, а Бог мяне памілаваў! У выніку чалавек, які перажыў памілаванне ад Бога, становіцца Яму ўдзячным, ён не можа гэта забыць. Такія людзі пачынаюць любіць Бога, нешта хочуць рабіць для Яго, хочуць іншым паказаць, што Бог іх таксама можа памілаваць не па заслугах. Я зразумеў, што ў гэтым і ёсць сіла Святога Духа – быць памілаваным.
Разважаючы на тэму памілавання ад Бога, я ўбачыў, што калі Бог дазволіў мне пазнаць Яго Духа, гэта таксама было памілаванне. Многія людзі маюць тыя самыя праблемы, што меў я, тыя самыя страхі, але калі просім Яго аб міласці, то Бог нас можа памілаваць. Тут вельмі важны будзе правільны падыход. Наш Бог – Створца. Ён можа рабіць усё, што захоча, Ён мне нічога не абавязаны. Многія не ведаюць, што значыць быць памілаваным Богам, бо яны лічаць, што Бог ім абавязаны, а калі свайго не атрымоўваюць, то пачынаюць наракаць на Бога. Такім людзям калі Бог што і дае, то яны нават не здольныя гэтага ацаніць, яны не перажываюць таго, што яны памілаваны. У Евангеллі мы маем шмат прыкладаў памілавання ад Бога. Гэта і дзевяць пракажоных, якія не прыйшлі Езусу падзякаваць за аздараўленне, але таксама і глуханямы, якому Езус забараніў распавядаць пра цуд аздараўлення, а той усё зрабіў па-свойму. Праз прарока Бог кажа ізраільскаму народу, што яны нічым не лепшыя за іншыя народы, проста Бог іх палюбіў і выбраў для асаблівага задання. Гэта таксама тэма памілавання. Памілаваным адчуваў сябе апостал Пётр пасля граху (у адрозненні ад Юды), а таксама апостал Павел, які так сябе і называе: памілаваны Госпадам:
Я раней быў блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем. Але я быў памілаваны, таму што рабіў гэта ў няведанні і бязвер’і. Ласка ж нашага Пана шчодра перапоўніла мяне разам з вераю і любоўю, якая ў Езусе Хрысце (1 Цім 13-14).
Пасланне да Рымлянаў кажа нам, што Бог усіх паддаў пад непаслухмянасць, каб пасля ўсіх і памілаваць (гл. Рым 11,32). Гэта азначае, што мы ўсе ў розныя моманты нашага жыцця перажываем памілаванне ад Бога. Пытанне толькі ў тым, каб правільна перажыць гэтае памілаванне. Чалавек, які ў сваёй гардыні «ведае», што Бог абавязаны нешта там яму зрабіць, не прымае дар памілавання. Менавіта гэта я зразумеў, прабываючы сярод былых вязняў. Многія веруючыя маюць крыўды і прэтэнзіі да Бога. А нехта з веруючых не мае прэтэнзій, нікога не вініць, апроч самога сябе, не асуджае ні Бога, ні людзей. Вось тут і крыецца таямніца, чаму адны адчуваюць сябе памілаванымі, а іншыя не.
За прынятым памілаваннем ад Бога стаіць агромністая сіла Святога Духа і дар абнаўлення, дар новага нараджэння. Пацвярджэннем майго досведу з турэмнай канферэнцыі на тэму памілавання стала сведчанне заснавальніка «Нэокатэхуменальнага Шдяху» Кіко Аргуэллё, якое я прачытаў не так даўно. Ён піша, што быў на мяжы самагубства, шукаючы сэнсу жыцця, і зразумеў, што яму проста не хапае веры, што ён не можа паверыць. У дзіцячай прастаце, ён пачаў прасіць Бога, калі Ён ёсць, каб даў яму веру. І нечакана для сябе ён атрымаў гэтую веру. Кіко піша, што стаў моцна плакаць, таму што зразумеў, што быў ПАМІЛАВАНЫ Богам, што Бог выцягнуў яго з пекла.
Пакорнае сэрца спрыяе таму, што мы прымаем памілаванне ад Бога. Гледзячы на гісторыю Давіда, які не толькі з пакорай перажывае ганенні ад Саўла ці свайго сына Абесалома, але таксама пакорна пераносіць смерць свайго сына, просіць Бога, каб даў яму пакорнае сэрца (Пс 50), я задаваў пытанне, адкуль у Давіда столькі пакоры і столькі жадання мець пакорнае сэрца? А пасля зразумеў, што ён таксама перажыў тое, што Бог Яго памілаваў, калі з пастухоў памазаў на цара Ізраіля, а таксама калі прабачыў яму грэх чужалоства і забойства.
Паразважай:
Памаліся і паразважай пра тваё абнаўленне Святым Духам. Ці можаш сказаць пра сябе, што ты нарадзіўся занава? Калі не, то што гэтаму перашкаджае? Ці ўзгадваеш тыя моманты, калі Бог цябе памілаваў? Ці маеш крыўды і прэтэнзіі да Бога?
У пошуках жывой вады
Апроч вялікай ролі Духа Святога і памілавання ад Бога, што яшчэ нас вядзе да жывой вады? У фільме «Хижина» Божы Сын кажа галоўнаму герою, што Ён для таго прыйшоў на зямлю, каб людзям прасцей было зразумець і прыняць Нябеснага Айца. А таксама чытаем у Пасланні апостала Яна, што не магчыма любіць нябачнага Бога, калі ты не любіш чалавека каля цябе. Такім чынам, нам вымалёўваецца простая, спадзяюся, не банальная, але важная схема. Калі мы вучымся цаніць і любіць людзей вакол нас, то нам становіцца бліжэйшай Евангельская Праўда. Любоў да чалавека, да беднага, хворага, абяздоленага вядзе нас да Хрыста, адкрывае нам Хрыста і Яго вучэнне. А Хрыстос і Яго Слова, Яго Евангелле, Новы Запавет, паказваюць нам Айца Нябеснага.
Такім чынам, цяжка ўявіць нашыя пошукі жывой вады без абнаўлення ў Святым Духу, без памілавання ад Бога і нашай пакоры перад Створцам, без Божага слова, без Хрыста і без любові да чалавека.
а. Аляксандр Жарнасек МІС