01Назва тэмы чарговага “Вінаградніку” – “Навучыцца чакаць” можа й не зусім адпаведная, паколькі за адну сустрэчу “Вінаградніку” наўрад ці мы навучымся гэтаму. У лепшым выпадку можам пачуць нешта для нас важнае, але ўжо зусім іншае пытанне, ці мы хоць што-небудзь з гэтым паспрабуем зрабіць, не кажучы пра тое, што навучыцца нечаму – гэта доўгі працэс.

Гаворка найперш ідзе ўвогуле пра чаканне, пра тое, што гэтае паняцце існуе ад самага пачатку чалавечай гісторыі, што яно важнае для Бога, для чалавечай цывілізацыі і для кожнага з нас асабіста.

Гісторыя збаўлення

Тэрмін “гісторыя збаўлення” існуе ў багаслоўі і паказвае нам, што Бог дзейнічае ў часе, што Бог не зрабіў усяго адразу. Спачатку была гісторыя Абрагама і патрыярхаў, пасля быў Майсей, пасля эпоха суддзяў, пасля была манархія, пасля насычаны час прарочага служэння, сярод якога паступова пачынаюць гучаць думкі Божага Суда і Дня Гасподняга, прароцтвы пра прыход Месіі і г.д.

У Пасланні да Галатаў чытаем: “Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго…” (Гал 4,4). Хрыстос прыйшоў у гэты свет у адпаведчы, запланаваны час. Айцец Тамаш Падзява пісаў, што чалавечая культура, чалавечая цывілізацыя, а асабліва Палестына і Рым, дараслі тады ўжо да такога развіцця, што невялічкая частка грамадства магла прыняць праўду пра тое, што ў Бога ёсць Сын. Раней, нават калі б і прыйшоў Хрыстос на зямлю, то ніхто б Яму не паверыў.

1Такім чынам, Бог дзейнічае ў часе, на працягу стагоддзяў і тысячагоддзяў. Менавіта ў часе Бог паказвае праўду пра Сябе, у часе нечаму нас вучыць, а таксама менавіта ў часе выводзіць чалавецтва з граху і пераконвае яго пра грэх, у часе вядзе нас у Валадарства Божае. Так можна разумець паняцце “гісторыя збаўлення”. На апошнім біблійныя курсе “Эмаўс” мы казалі пра “Божую педагогіку”. Па сутнасці, гэта тое ж самае паняцце, або вельмі падобнае.

Паказваю гэту праўду не для таго, каб загрузіць нас тэарэтычнымі багаслоўскімі ведамі. Насамрэч, гэтыя праўды вельмі практычныя ў нашым духоўным жыцці. Чаму нам цяжка зразумець “жорсткасць” Старога Запавету? Чаму бунтуемся супраць таго, што Бог дапусціў і дапускае шмат бедаў? Чаму мы асуджаем Бога, што Ён нам не тлумачыць усяго і нібыта маўчыць, не даючы адказу? Чаму нам здаецца, што Бог нам нібы не давярае, не дае адкрыць пакліканне, не дае духоўных дароў, а мы ж для Яго, здаецца, гатовыя ўжо зараз пакарыць увесь свет? Такіх пытанняў можа ўзнікаць бясконца. На іх ёсць адзін адказ – мы не разумеем, што Бог дзейнічае ў часе, не хочам з гэтым пагадзіцца, бунтуемся. Нам здаецца, што трэба ўсё і адразу. Калі б можна было, то мы б цывілізацыю дваццатага стагоддзя перакінулі б у каменны век і ўсё б там паправілі. Але ў Бога ўсё не так. Ён не рэвалюцыянер. Бог не змушае, чакае Сам і вучыць нас чакаць. Некаторыя моманты Пісання вельмі трапна паказваюць нам гэтую праўду:

“І сказаў: Так і Валадарства Божае нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. Ён спіць і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, не ведае. Бо зямля сама па сабе прыносіць плён: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе” (Мк 4,26-28).

“Я садзіў, Апалос паліваў, але ўзрасціў Бог. Таму не істотна, хто садзіць і хто палівае, бо гэта Бог дае ўзрастанне” (1 Кар 3,6-7).

“Бо ў гэтым праўдзівае выслоўе: адзін сее, а другі жне. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі. Іншыя папрацавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю” (Ян 4,37-38).

Менавіта таму мы часта бачым, што працэсы, якія адбыліся ў суседняй дзяржаве, або нават у сям’і нашага суседа, часта могуць не мець ніякага дачынення да нас. Божыя справы – гэта працэс. Нехта кідае Божае зерне, іншыя працуюць, праполваюць, падліваюць, абкладваюць угнаеннем, і толькі праз гады і гады мы пачынаем бачыць нейкія вынікі, пры ўмове, што ўсе гэтыя этапы працы адбываліся.

2Гэты працэс адбываецца як ў жыцці кожнага асабіста, так і ў гісторыі збаўлення ўсяго чалавецтва:

“Цярплівымі будзьце, браты, ажно да прыйсця Пана. Вось земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго доўга церпіць, пакуль не атрымае плод, ранні і позні. Будзьце цярплівыя і вы, умацуйце вашыя сэрцы, бо набліжаецца прыйсце Пана” (Як 5,7-8).

Цікава тое, што гэтая “педагогіка Бога” трапна ўпісана ў нашу чалавечую цывілізацыю. Ніхто з нас не прымушае, каб дзеці дашкольнага ўзросту разумелі правілы дарожнага руху, разбіраліся ў хіміі ці ўмелі гатаваць есці. Тут усё для нас лагічна – усяму свой час. Але чамусьці, калі даводзіцца чакаць нам, дарослым, мы з гэтым нязгодныя і бунтуемся, і нам хочацца, каб нас гэты працэс чакання абмінуў.

Падсумоўваючы сказанае, зазначым, што само чаканне – гэта неабходная і неад’емная частка нашага чалавечага і духоўнага жыцця. Нельга абмінуць працэс чакання. Для нас важна не пазбегнуць часта балючага чакання, а зразумець, як навучыцца чакаць, што Бог нам пра гэта кажа, убачыць, што нам перашкаджае ў чаканні і колькі трэба чакаць, а калі пачынаць дзейнічаць.

 

Працэс зменаў у грамадстве і Касцёле

Вяртаючыся да паняцця “гісторыі збаўлення”, хачу ўзгадаць думку Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI, які пісаў, што нават самы святы і геніяльны дзеяч ніколі не змяніў гісторыі адзін. Павінны былі быць паплечнікі, аднадумцы хаця б сярод невялікай часткі грамадства. Гэтая думка Папы вучыць нас пакоры і паказвае, што змены павінны адбыцца, як у чалавеку, так і ў яго асяроддзі. Думаю, што добрым прыкладам будзе езуіцкі місіянер Матэо Рычы, каторы ўжо ў XVI ст. хацеў перадаць хрысціянскую веру ў Кітаі на іх роднай мове і ў іх культуры, але быў асуджаны ў Касцёле. Практычна, погляды гэтага місіянера на ўсю моц прагучалі толькі ў ХХ стагоддзі.

Або іншы прыклад. У свой час мне давялося сустрэцца з харызматычнай манаскай супольнасцю, якая называлася “Супольнасць благаслаўленняў”. На той час яна мела каля сарака братоў і сясцёр з Польшчы, але ў самой Польшчы яе не было. Калі я спытаўся, чаму, мне адказалі, што польскае грамадства не гатовае да таго, каб прыняць тых, хто святкуе габрэйскія святы і моліцца за габрэйскі народ, каб той распазнаў у Езусе Хрысце чаканага Месію. На той час браты-манахі сказалі мне, што яны чакаюць пакуль у польскім каталіцкім асяроддзі пачнуць праяўляцца гэтыя змены. Тады я не надта зразумеў іх. Мне здавалася, што ўсё, што было Божым у Касцёле ў Францыі, што прынесла багатыя духоўны плён, можна смела браць і спрабаваць прышчапіць і ў Беларусі. З цягам часу я ўбачыў, што не ўсё Божае ў Францыі будзе Божым для Беларусі, а трэба навучыцца чакаць, таму што яшчэ не надышла “поўня часу”. Бог сам рыхтуе глебу ў народзе, у Касцёле, нельга пабегчы перад Ім толькі таму, што табе гэтага хочацца. Бо такой паспешлівасцю можна сапсаваць вялікія Божыя справы. Зразумела, што нельга складваць рукі і чакаць што само-сабой нешта там зменіцца без майго ўдзелу, але і нельга апярэджваць Бога.

 

Што нас падганяе?

Найперш трэба паспрабаваць адказаць на пытанне, што нас падганяе, чаму нам так цяжка чакаць?

- шалёны рытм цывілізацыі

3Большасць людзей сёння мае машыны, у любую хвіліну мы можам даведацца ўсе навіны і знайсці любога чалавека праз тэлефон або інтэрнэт. Наш свет хоча штучна вырошчваць вялікія аб'ёмы садавіны, гародніны, жывёлаў як найскарэй і насычае ўсё хіміяй ды гармонамі росту. Дзяцей мы таксама ў кароткі час хочам зрабіць дарослымі і, практычна, забіраем тым самым у іх дзяцінства. Пасылаем іх ва ўсе магчымыя спартыўныя клубы, наймаем рэпетытараў. Такое адчуванне, што ўжо ў пачатковых классах дзіця павінна стаць суперспартсменам і геніяльным прафесарам. Такіх прыкладаў можна множыць бясконца. Гэты шалёны бег сучаснай цывілізацыі ўплывае на тое, што мы не ўмеем чакаць. Калі раней людзі гадамі спрабавалі пазнаваць саміх сябе, гадамі хадзілі да старцаў ці айцоў пустыні, гадамі маліліся або пазнавалі духоўныя правілы, здабывалі духоўны вопыт, то сёння многія чакаюць адной простай харызматычнай малітвы, некалькі праслуханых навучанняў у інтэрнэце і ім здаецца, што яны пазналі Духа Святога, прынялі ад Яго намашчэнне і могуць вучыць іншых. Канечне, гэта агромністая ілюзія і самападман! Сёння для нас абсалютна незразумела, што Езус мог рабіць ажно трыццаць гадоў у Назарэце! Нам хочацца ўсё і адразу і мы не гатовыя чакаць, падобна як не хоча чакаць наша цывілізацыя.

Не так даўно пачуў вельмі цікавы прыклад. Аказваецца, небяспечнымі для льва ворагамі з'яўляюцца шакалы. Леў здольны перамагчы вялікага звера пры ўмове, што барацьба будзе кароткай. Леў не вытрымлівае, калі яго доўга нехта вымотвае, так як гэта робяць шакалы.

Нешта падобнае адбываецца з намі. Мы гатовыя кінуцца «на ўра», але не хочам дабівацца мэтаў крок за крокам і таму часта здаёмся. Што з гэтым рытмам рабіць? Думаю, што вельмі важна прыняць сур'ёзнае для сябе рашэнне: я не згаджаюся на шалёны рытм маёй цывілізацыі, я не павінен усё ведаць, усё ўмець, усюды паспяваць і ўсім дагаджаць. Вельмі карыснай тут будзе хрысціянская антрапалогія, якая спрабуе адказаць на пытанне, кім ёсць чалавек і што служыць насамрэч чалавеку.

- страх

Іншая перашкода ў чаканні – гэта страх. Гэта ён падганяе нас прымаць неабдуманыя рашэнні і падказвае, што так мы скарацім нашае цярпенне, а, на самой справе, мы часта яго толькі павялічваем.

Вельмі цікава гэты момант малюецца ў прыпавесці пра таланты (Мц 25,14-31). Гаспадар давярае сваім слугам сваю маёмасць (таланты) і выязджае ў далёкую краіну. І тут распачынаецца чаканне. Слугі павінны не проста чакаць свайго Гаспадара, а павінны чакаць Яго, выконваючы давераныя ім заданні. Адзін з іх не здольны быў чакаць і Евангелле падае нам прычыну: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю” (Мц 25,24-25). Ім кіруе страх. Прычым страх нелагічны, падманлівы, які вынікае з няведання свайго Гаспадара. Гаспадар не быў жорсткі. Іншыя ж слугі не асуджаюць Яго за гэта, яны прабываюць у радасці разам з Ім, яны ўдзельнічаюць у Яго справах. Прэтэнзіі мае толькі трэці слуга. Ёсць розныя меркаванні наконт кораня гэтага страху. Адны лічаць, што ён баяўся самога Гаспадара, іншыя кажуць, што ён не верыў, што, ужываючы давераны яму дар, можна прыдбаць, а не страціць. Так ці інакш, ім кіраваў страх. Але не толькі. Гаспадар называе яго лянівым слугою. Страх нарадзіў ляноту. З гэтым страхам трэба было змагацца, нешта рабіць, але слуга аказаўся лянівым.

Падобным чынам страх не дазваляе многім чакаць.

Вельмі часта менавіта страх перад самотнасцю, страх перад невядомай будучыняй, страх перад каментарамі родных і сябровак правакуе дзяўчат да непрадуманага выбару свайго мужа. Адны “выскокваюць” маладымі замуж і як найхутчэй. Іншыя доўга чакаюць і калі ўжо нарэшце знаходзіцца хоць нехта на даляглядзе – хапаюцца за таго, які ёсць, абы толькі быў хоць які. Ствараючы сям’ю, маладыя людзі павінны прааналізаваць свае рэлігійныя перакананні, праблемы сэксуальнага жыцця, выхавання дзяцей, уплыву бацькоў і асяроддзя, адносіны да фінансаў, іх павінна хваляваць тэма паслухмянасці, падпарадкавання, вернасці, тэма алкаголю, характараў і г.д. Як правіла, сустракаюцца людзі амаль з розных планетаў, за каторымі схавана гісторыя іх сямей, іх продкаў, іх звычаяў. Усё гэта трэба вырашаць і сур’ёзна ўнікаць ва ўсе гэтыя пытанні, але страх згубіць гэтага “адзінага” і страх перад адзінотай штурхае часта на неабдуманыя крокі. Зразумела, што такі саюз, як правіла, становіцца хворым, а часам нават нікчэмным.

4Ёсць яшчэ адна цікавая евангельская гісторыя на тэму страху – бура на возеры (Мц 8,23-27). Калі вада стала напаўняць човен праз берагі, вучні запанікавалі і пачалі крычаць. У выніку Езус супакоіў буру, але асудзіў вучняў за паніку і за няверу. Асабіста для мяне гэта вельмі складаны тэкст для разумення, таму што незразумела, як павінны былі паводзіць сябе вучні. Зразумела, што не павінны былі скласці рукі і чакаць, што ўсё само сабой неяк там павінна вырашыцца. Ды і Езус не асуджае іх за тое, што яны махалі вёсламі, а за паніку. Цікава, што вучні не прасілі Езуса дапамагчы ім веславаць ці папраўляць парус. Яны чакалі ад Яго іншага ратунку, чакалі цуду. Магчыма, тут корань крытыкі Езуса. Калі яны вераць у Яго Божае паходжанне і ў Яго сілу і спадзяюцца на цуд, то чаму тады панікуюць? Сапраўды, цяжкі тэкст. Так ці інакш, напэўна гэта гісторыя моцна адбілася ў памяці апосталаў. І сутнасць яе ў тым, што Езус папракае сваіх вучняў за паніку, за страх, у чым крыецца нявера.

Чарговая выснова для нашай тэмы ў тым, што каб навучыцца чакаць, трэба навучыцца не дазваляць сваім страхам і пачуццю няверы кіраваць сабой. Як гэта рабіць? Езус дае адказ у вельмі падобнай гісторыі (Мц 14,22-33). Калі Пётр ішоў па вадзе і ўбачыў вецер, стаў тануць. Да гэтага моманту ён глядзеў не на вецер і ваду, а на Хрыста. Перамагаць страх – значыць навучыцца глядзець на Хрыста: чытаць Яго Слова і выконваць Яго, звяртацца да Яго ў самай простай малітве (Езу, давяраю Табе) ці нават проста прызываючы Яго Імя, прабываць на Адарацыі і г.д.

- похаці, эмоцыі

Адназначна, што адна з галоўных прычынаў няздольнасці чакаць – гэта страх, але хачу звярнуць увагу на тое, што таксама іншыя некантраляваныя пачуцці і эмоцыі таксама не дазваляюць нам чакаць. Гэтыя эмоцыі нараджаюць похаці, падкармліваюць наш эгаізм. Напрыклад, гнеў, сэксуальныя жаданні, зайздрасць, ганарыстасць, сварлівасць і іншыя. Гэтыя эмоцыі таксама робяць чалавека нецярплівым і яму хочацца дабівацца “свайго”, а не чакаць правільных нейкіх рашэнняў.

У чарговай прыпавесці пра чаканне Езус паказвае ізноў гаспадара і слугаў (Лк 12,41-48). Адзін са слугаў не проста не змог дачакацца Гаспадара. Езус кажа, што слуга пачаў “біць слугаў і служанак, есці, піць і ўпівацца”. Інакш кажучы, ім авалодалі эмоцыі і жывёльныя інстынкты.

- нявырашаныя справы

Яшчэ ў адной прыпавесці пра чаканне Езус паказвае вобраз слугаў, якія павінны быць падперазаныя і з лямпамі ў руцэ (Лк 12,35-40). Слуга, каторы насіў доўгую вопратку, якая нагадвала наш халат, не мог добра выконваць свае абавязкі, калі не быў падперазаны. Гэтая вопратка папросту запляталася яму ў нагах. Некаторыя даследчыкі Бібліі (напрыклад, Феафілакт Балгарскі) бачаць у гэтым вобразе наступны глыбокі сэнс. Езус кажа пра такое чаканне, калі ты ў адзін момант гатовы кінуцца паслужыць свайму Гаспадару. Такое чуванне і служэнне становіцца немагчымым, калі ў цябе ёсць нявырашаныя справы. Не выпадкова ў Евангеллі ад Лукі гэтая прыпавесць стаіць пасля навучання Хрыста пра тое, што не трэба занадта клапаціцца пра матэрыяльны дабрабыт. Езус вучыць нас таксама пра іншыя перашкоды: прывязанасць да родных, да багацця, да гісторыі, мінулага. Усе гэтыя нявырашаныя справы стаяць на перашкодзе чування і служэння Госпаду.

5Іншы вобраз гэтай прыпавесці – ліхтары. Феафілакт Балгарскі каментуе, што святло з’яўляецца сімвалам свядомага і лагічнага служэння. Перш чым служыць Богу, трэба разумець, што ты павінен рабіць, ведаць, аб чым Ён цябе просіць. Тут мала проста добрага жадання і хвіліннага памкнення. Трэба нам разважаць над Пісаннем, старацца зразумець, што казаў Хрыстос. Іншыя ў гэтым вобразе бачаць вызваленне ад граху. Паколькі Хрыстос ёсць святлом і праўдай, а грэх ёсць цемрай, то перш чым служыць Богу, трэба распазнаць свой грэх, пакаяцца і прыняць Хрыста як адзінае святло. Так ці інакш, лямпа ў руках сімвалізуе распазнанне і цвярозы, свядомы выбар Бога.

 

Вартасць чакання

- дзеля служэння

Прыпавесць пра падперазаных слугаў са светачамі ў руцэ (Лк 12,35-40) апроч перашкодаў у чаканні паказвае нам таксама сам сэнс чакання. Слугі чакаюць вяртання Гаспадара для таго, каб паслужыць Яму. Магчыма, тэма служэння Богу для многіх з нас “заезджаная”, але калі задумацца глыбей, то яна актуальная. Многія гатовыя “служыць Богу” аніматарствам, лідарамі, праводзіць малітву заступніцкую, навучаць, евангелізаваць натоўпы і быць для “навічкоў” настаўнікамі. Аднак яны ж на практыцы не гатовыя нават спытацца ў бяздомнага пра яго жыццё, пра яго праблемы, не гатовыя адведваць хворых ці старэйшых людзей, не гатовыя служыць сваёй сям’і, сваім дзецям, ахвяруючы ім час. Пры такім раскладзе натуральна ўзнікае пытанне: пра якое служэнне мы гаворым і што за ім крыецца?

- дзеля распазнання харызматаў

Ужо ў кнізе Другазаконня мы чуем адзін з галоўных крытэрыяў распазнання прарочага дару. Калі слова, якое сказаў прарок споўнілася, значыць гэта прарок ад Госпада, калі не – гэта ілжэпрарок.Іншы крытэрый паказвае нам Езус сваім навучаннем. Бог з тымі, хто не толькі слухае Слова, але і выконвае Яго, хто верны Богу. Езус прадказваў, што з’явяцца ілжэпрарокі, якія многіх людзей звядуць цудамі і сенсацыямі. Нешта падобнае мы чуем было з варажбітамі фараона, якія рабілі цуды, падобныя да Майсеявых. Адзіны крытэрый распазнання – гэта ведаць асобу такога прарока, як ён жыве, якія яго адносіны з Богам, наколькі ён Яго любіць і наколькі верны. Зразумела, што для распазнання прарочага дару і іншых харызматычных дароў паводле гэтых двух крытэрыяў трэба час. Толькі час пакажа, ці слова спаўняецца і толькі час можа паказаць, як чалавек жыве і якія ў яго адносіны з Богам.

Для многіх гэтае чаканне становіцца цяжкім. Зразумела, што нам нібы дзецям хочацца адразу кінуцца на тое, што яркае і каляровае. Гэтак людзі і кідаюцца на ўсё звышнатуральнае, не даючы час на распазнанне. З гэтага нараджаюцца часта агромныя праблемы і самападманы.

6У гэтай няпростай тэме існуе адзін нюанс. А што з тымі прароцтвамі, каторыя не споўніліся пры жыцці прарока? Напрыклад, прарокі, якія прадказвалі прыход Месіі, памерлі не дачакаўшыся Яго. Што ў такім выпадку? Мой вопыт паказвае, што, як правіла, Бог дазваляе, каб надзвычайныя дары правяраліся ад самага пачатку. Напрыклад, Езус чыніць цуды аздараўлення і людзі пачынаюць Яму верыць. А пасля Езус прадказвае Свой другі прыход, канец свету, Апошні Суд і г.д. Усяго гэтага ніхто не бачыў, прароцтва яшчэ не споўнілася, але ўжо ёсць шмат аргументаў, каб гэтаму верыць. Менавіта так распазнаюцца духоўныя дары, такія, як прароцтва і іншыя.

Езус кажа: па плёнах пазнаеце іх. А плён трэба чакаць, трэба даць на яго час.  Гэтае распазнанне і чаканне адназначна адбываецца на ўзроўні веры, а, значыць, і рызыкі. Многія з нас хацелі б мець больш упэўненасці, больш адназначных правілаў, але, на жаль, па-за межамі веры і рызыкі распазнанне духоўных справаў не адбываецца.

- дзеля ўмацавання веры

Як гэта не дзіўна гучыць, але цяжкае для час чаканне – гэта часта шанец духоўнага росту, умацавання ў веры. Часам здаецца, што Бог нібы недзе затрымліваецца і не спяшаецца дзеля таго, каб мы яшчэ крыху прабывалі ў чаканні. Нібы гэтак, як і з бурай на возеры. Апосталы адплылі на чаўне, вецер пачаў узнімацца, а Езуса ўсё не было. І вось у самы пік буры Ён крочыць па возеры…

У Бібліі маем шмат такога роду прыкладаў. Гэта і бясплоднасць Абрагама і Сары, бясплоднасць Захарыя і Альжбеты, выратаванне народа праз царыцу Эстэр (ужо стаяла нават дрэва, на якім павінны былі павесіць яе апекуна Мардахея) і г.д. Асаблівым чынам хачу вылучыць гісторыю Марыі і Язэпа. Чытаем у Евангеллі, што калі Язэп зразумеў, што Марыя цяжарная і прыняў рашэнне аддаліць яе, у гэтую хвіліну прыйшоў анёл. Можна сказаць, што прыйшоў нібы да Абрагама, каторы ўжо ўзняў руку з нажом над сваім сынам. Недзе я пачуў прыгожы каментар, што Бог часам прыходзіць без пяці дванаццаць. І ў гэтым ёсць глыбокая Божая логіка.

Канечне, не магу сваю асабістую практыку і блізка раўняць з узгаданымі біблейскімі гісторыямі, але я ў сваім жыцці перажываў нечым падобныя гісторыі. Напрыклад, у навіцыяце, калі я моцна раздумваў над сваім пакліканнем, шмат размаўляў з духоўным кіраўніком, маліўся аб распазнанні ўжо даволі шмат гадоў, у пэўны момант падчас ігнацыянскіх рэкалекцый я падумаў, што ўсё ж памыліўся з выбарам і павінен адысці з кляштару. Мне было цяжка прыняць гэтае рашэнне, але я сам сабе сказаў, што пасля рэкалекцый я скажу магістру навіцыята, што адыходжу. У той самы дзень, калі я прыняў гэтае рашэнне, вечарам падчас малітвы я атрымаў Слова ад Госпада: Чакай Госпада, набярыся адвагі і чакай Госпада. Гэта быў верш з 27-га псальму. Пазней менавітаі гэтыя словы я змясціў на сваім прыміцыйным 7абразку. Можна сказаць, Бог прыйшоў у апошнюю хвіліну. Мае праблемы не вырашыліся, я зноў маліўся, зноў распазнаваў і мучыўся. Але я ведаў, што мне трэба чакаць, што Ён сказаў мне чакаць. І так я мучыўся далей са сваёй няўпэўненасцю. Яшчэ мяне непакоіла тое, што падчас дыяканскіх пасвячэнняў я некалі пачуў сказ: паколькі я ўпэўнены, што Бог мяне выбраў. Гэта фраза так мне ўбілася ў памяць, што я сказаў сабе, што не змагу скласці вечныя шлюбы або прыняць пасвячэнняў, пакуль не атрымаю такой упэўненасці. Не думаю, што мой падыход да справы быў правільны, але я чакаў і мучыўся. І вось надышоў па канонах час, калі я мог прасіць аб дазволе скласці вечныя шлюбы. Мы павінны былі пісаць просьбы ў сярэдзіне вясны, а на пачатку вясны я перажыў абнаўленне Духам Святым і ў выніку я ўжо не меў ні страхаў, ні сумніваў. Пасля доўгіх гадоў мучэння ад страхаў (прыблізна каля 8-9 гадоў), Бог усё вырашыў у адно імгненне. Можна сказаць, Ён прыйшоў да мяне ў апошнюю хвіліну другі раз. Але гэты перыяд чакання быў для мяне зусім нялёгкім і вельмі доўгім.

Як гэта ні дзіўна, але пасля таго, як Бог прыходзіць у апошнюю хвіліну, ты асаблівым чынам пачынаеш гэта любіць. Бо Ён стаў для мяне Тым, хто не пакінуў, Хто трымае руку на пульсе і вучыць давяраць Яму.

 

Чаканне мусіць быць актыўным

Адна з самых вялікіх праблемаў у чаканні, апроч тых, пра якія мы ўжо разважалі, пасіўнасць і лянота. Чаканне не можа быць пасіўным. Нельга думаць, што ўсё само сабой неяк там вырашыцца. Я не чакаў, склаўшы рукі, 9 гадоў. Для мяне гэта быў час майго богашукання, шматлікіх размоваў, слёзаў, многіх малітваў, майго цярпення. У прыпавесці пра таланты Гаспадар асуджае слугу за тое, што ён лянівы, што проста можа й чакаў вяртання, але нічога не зрабіў. Апосталы, чакаючы Духа Святога, пачалі збірацца разам, маліліся, хаваліся ад ганіцеляў, рызыкавалі сваім жыццём. Гэта не было чаканне перад кампутарам у інтэрнэце. У Пасланні да Габрэяў мы чытаем важныя словы:

“Жадаем, каб кожны з вас да канца засведчыў такую самую руплівасць у дачыненні да паўнаты надзеі, каб вы не разленаваліся, але наследавалі тых, хто праз веру і доўгацярплівасць атрымлівае ў спадчыну абяцанні” (Габр 6,11-12).

 а.Аляксандр Жарнасек, марыянін

8