Якія ў нас нараджаюцца пачуцці, калі мы чуем пра грошы, фінансы, пра ахвярнасць? Як правіла, нараджаецца страх і неспакой, што нехта спрабуе паквапіцца на маю прыватнасць, на частку майго жыцця, на нешта маё асабістае. Асабіста я такса не вельмі люблю такіх тэмаў. Не люблю, калі мне хтосьці кажа, а яшчэ нашмат больш не люблю сам казаць пра фінансы іншым. Таму стараюся такіх тэм не кранаць. Аднак у нашай размове націск будзе зроблены на штосьці іншае. Гаворка найперш пойдзе пра тое, што гэта Бог сам шчодры, гэта Ён гатовы на ахвяры. А наша шчодрасць і ахвярнасць – вынік таго, што мы хочам быць да Яго падобнымі, хочам быць з Ім заадно.
Цяжкая тэма для беларусаў
Безумоўна, тэма ахвярнасці, шчодрасці, фінансаў няпростая для ўсіх людзей, але чамусьці для беларусаў яна нейкая асаблівая. Такое адчуванне, што закранаючы гэтыя тэмы, ты дакранаешся да нечага вельмі прыватнага, нібы ў некага нешта забіраеш. Нам цяжка нават разважаць пра тое, што мы некаму нешта павінны даць. І справа тут не толькі ў саміх грашах, а і проста ў павіннасці, у ахвярнасці. Многія беларускія каталікі думаюць, што нехта павінен ахвяравацца ў Польшчы на адпачынак для нашых дзяцей, нехта павінен нам будаваць касцёлы, рамантаваць іх і г.д. У многіх парафіях вельмі складана растлумачыць вернікам, што касцёл – гэта супольная справа саміх вернікаў, дзе часам трэба папрацаваць, часам пакінуць тут свае грошы, часам падзяжурыць, прыбраць ці ахвяраваць вопратку для бедных і то добрую вопратку, а можа нават і самому схадзіць да іх, да бедных, да хворых. Мы ўсё думаем, што гэта нехта там павінен рабіць (дзяржава, святар), а нас гэта не датычыць. Зразумела, што ў кожнага з нас розная жыццёвая сітуацыя, розныя заробкі, здароўе, колькасць вольнага часу, эмацыйная сітуацыя на працы, дома і г.д. Часам таксама не трэба так лёгка весціся на ідэі і агітацыю святара, бо гэтыя ідэі могуць быць не дакладна абгрунтаваныя, або святар проста нават не разумее, у якім стане знаходзіцца народ, часам не хоча гэтага разумець. Сапраўды, гэта ўсе розныя сітуацыі і выключэнняў тут шмат. Але калі гэтыя “выключэнні” становяцца асноўнай масай і яны ёсць усюды – то гэта дыягназ. Асабіста я даўно зразумеў, што мне нашмат прасцей зрабіць штосьці самому ў касцёле, або самому шукаць грошы, каб аплаціць выкананую працу, чым прасіць вернікаў праявіць шчодрасць у ахвяраванні іх часу і іх магчымасцяў. Не ведаю, можа гэта такія негатыўныя наступствы дзевяностых, калі палякі і немцы актыўна дапамагалі Касцёлу на Беларусі, які аднаўляўся пасля эпохі камунізму? Можа нас так раздурылі, што мы пачалі думаць, што нехта нам павінен, а мы нікому нічога не павінны? З аднаго боку здаецца, што гэта праблема беларускіх каталікоў, а з іншага боку бачна, што гэта праблема і ўсяго грамадства.
Калі мы рамантавалі аршанскі касцёл, тут працавалі два пратэстанты, якія са здзіўленнем пыталіся ў мяне, чаму мы не можам сабраць брыгаду каталікоў нават з іншых парафій, каторыя зробілі б рамонт. Яны расказалі мне, што у іх Царкве біскупу трэба толькі прыняць рашэнне, што будаваць і што рамантаваць, і кожная парафія штогод гатовая была даваць некалькі працаўнікоў для супольнай справы. Слухаючы іх, мне здавалася, што я чую прапанову з Марса.
Цікава, што, з аднаго боку, мы кажам пра беларускую гасціннасць, а, з іншага боку, хіба што нідзе няма столькі зайздрасці, колькі ў нашым грамадстве. Паверце, што зайздрасць – гэта агромністая праблема нашага грамадства! Напрыклад, дзе яшчэ так нахабна могуць пытацца, колькі ты зарабляеш? А многія нават баяцца расказваць, што ў іх усё добра, каб не назбіраць вакол сябе грамаду зайздросных ворагаў. Часам нехта нават выдумвае “беды” і бядоліць над сваім лёсам, абы не сустрэцца з зайздрасцю іншых. Людзі зайздросцяць усяму – фінансам, здароўю, цвярозаму мужу, добрым дзецям, добрай працы і г.д.
Магчыма, многія з нас не маюць і не мелі такіх праблемаў з зайздрасцю, а бачым яе толькі вакол нас. Але для нас важна зразумець, адкуль бярэцца зайздрасць. Яе корань – у нашым эгаізме і няздольнасці ахвяраваць сябе іншым. Зайздрасць нібы пераконвае, што табе нехта нешта павінен, але не ты. Зайздрасць нараджаецца з адсутнасці шчодрасці і ахвярнасці. Часам мы некаму нешта там і зробім, але чакаем потым узнагароды, удзячнасці. Мы часта не можам ахвяравацца вось проста так, ні за што.
У прыпавесці пра згубленую драхму Езус кажа, што жанчына, знайшоўшы манету, склікае сябровак, каб тыя парадаваліся разам з ёй. Калі я бачу, як у наш прыкасцельны сквер прыязджаюць вяселлі на фотасесію, то часам думаю, колькі сябровак маладой так шчыра радуюцца за яе і разам з ёй?
Калі мы ўсё гэта ведаем, калі перажываем і нават спавядаемся з пыхі і з зайздрасці, то што нам з усім гэтым рабіць? Нашыя грэшныя эмоцыі часта з’яўляюцца вынікам таго, што мы не выхаваныя да шчодрасці і ахвярнасці. Менавіта таму разважаць над гэтай тэмай нам проста неабходна.
Наследваць шчодрасць Бога
Бог не вымагае ад нас нейкіх нарматываў толькі таму, што Яму так хочацца. Бог хоча, каб мы былі да Яго падобнымі, бо мы створаны на Яго вобраз і падабенства. Інакш мы проста не зможам з Ім быць разам у Божым Валадарстве. Крыху гэта дзіўна гучыць, але нам трэба наследваць Бога, быць такімі, як Ён. І гэта трэба зразумець. Паспрабуем паглядзець, што нам на гэтую тэму кажа Святое Пісанне і сам Бог.
Наследваць Бога
Дык вось, наследуйце Бога, як дзеці ўмілаваныя, і паступайце ў любові, як і Хрыстус палюбіў нас і аддаў сябе за нас як дар і ахвяру Богу на прыемны пах (Еф 5,1-2).
Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны (Лк 6,36).
Як паслухмяныя дзеці, не дастасоўвайцеся да пажадлівасцяў, якія вы мелі раней, у час вашага няведання, але на ўзор Святога, які паклікаў вас, самі станьце святымі ва ўсіх паводзінах вашых. Бо напісана: «Будзьце святымі, таму што Я святы» (1 П 1,14-16).
Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе. Ён, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей (Філ 2,5-7).
Гэтыя тэксты паказваюць нам, што Бога трэба наследваць у любові, у міласэрнасці, у аддзяленні ад пажадлівасцяў (перш за ўсё ідзе размова пра сэксуальнасць, але пажадлівасць – гэта таксама зайздрасць, упартасць, ганарыстасць, непрабачэнне і г.д.), а нават можна мець тыя самыя думкі і жаданні, якія меў Хрыстос. Менавіта ў гэтым ёсць самая глыбіня разумення Новага Запавету, асабліва Евангелля. Веруючы чалавек чытае і разважае над Божым Словам не для ведаў, а для таго, каб пачаць думаць так, як думаў Хрыстос, часам думаць па аналогіі, падобна да Яго. Асабіста я называю гэта здольнасцю чуць голас свайго Пастыра, пра што казаў Езус: Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною (Ян 10,27). Зразумела, што мы дакладна ніколі не станемся такімі як Бог, але чытаючы, разважаючы і выконваючы на практыцы Яго слова, мы пачынаем разумець Яго Сэрца, пачынаем думаць, як Ён, і пакрысе самі становімся да Яго падобнымі. Гэта наследванне Бога не толькі частковае, яно прысутнічае ва ўсім Яго слове. Менавіта у гэтым схаваны глыбокі сэнс слова “крочыць за Хрыстом”. Гэта не проста хадзіць за Ім, чакаючы чарговых цудаў ці перажыванняў. Гаворка тут ідзе пра тое, каб ісці за Ім крок у крок, нібы паўтараючы Яго крокі. Менавіта так трэба разумець, што вучні пайшлі за Ім. Менавіта ў гэтым глыбіня словаў «Будзьце святымі, таму што Я святы». Слова “святы” з габрэйскай мовы даслоўна азначае “рэзаць, аддзяляць адно ад другога”. Бог не падобны на гэты свет, Ён зусім іншы. Ідучы крок за крокам за Езусам, мы становімся іншымі, чужымі для гэтага свету. І ў гэтым ёсць святасць.
Шчодрасць Бога
Пасля таго, як мы зразумелі ці нагадалі сабе, што Бога трэба наследваць, можна глыбей засяродзіцца над адной рысай Бога, якой таксама трэба нам вучыцца – Бог шчодры.
Паспрабуем адказаць, што значыць – быць шчодрым. Ліванскі паэт і філосаф Джэбран Халіль Джэбран пісаў: “Быць шчодрым – значыць, даваць больш, чым ты можаш; быць ганарлівым – значыць, браць менш, чым табе трэба”. Гэтая думка як найбольш трапная, хоць і не зусім пасуе да Бога, паколькі ў Бога магчымасці абсалютна неабмежаваныя. Тым не менш, шчодрасць Бога ў тым, што Ён дае нашмат больш, чым мы заслугоўваем або вартыя. Бог нічога нам не абавязаны, нічога нам не павінен, нават калі нам і здаецца інакш. Мы не маем права ад Яго нечага патрабаваць, бо не заслужылі, не запрацавалі, не стаім з Ім нароўных. І ў гэтым сэнсе Бог дае больш, чым можа нам даць, у гэтым Яго шчодрасць.
Менавіта так разумеючы шчодрасць Бога, запрашаю паразважаць некалькі тэкстаў Пісання:
Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным. У Ім мы маем адкупленне Ягонаю Крывёю, дараванне правінаў паводле багацця ласкі Ягонай, якою шчодра адарыў нас ва ўсялякай мудрасці і разуменні, дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі, паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў у Ім для спаўнення паўнаты часу, каб аднавіць усё ў Хрысце: тое, што на нябёсах і на зямлі. У Ім мы былі выбраны і прадвызначаны згодна з намерам таго, хто ўсё здзяйсняе паводле пастанаўлення сваёй волі, каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі для хвалы Ягонай славы. У Ім і вы, калі пачулі слова праўды, Евангелле пра збаўленне вашае, і паверылі, былі пазначаныя пячаццю абяцанага Духа Святога, які ёсць задаткам нашай спадчыны дзеля адкуплення Ягонага набытку, для хвалы Ягонай велічы (Эф 1,3-14).
Апостал Павел піша, што Бог выбраў нас перад стварэннем свету, прадвызначыў да ўсынаўлення, адарыў нас ласкай без нашых заслугаў, прабачыў нам грахі, выкупіў з рабства д’ябла праз Кроў свайго Сына, даў пазнаць сваю волю, намеры свайго сэрца, паказаў праўду праз Евангелле і пазначыў пячаткай Святога Духа. Усё гэта Ён не быў абавязаны рабіць. Усё гэта вынікае з Яго дабрыні і шчодрасці. Больш за тое, за ўсё гэта Бог заплаціў агромністую цану – пакутніцкаю смерцю Яго Сына. І ўвогуле, тое, што Бог глядзіць на гэты свет, на нас, самалюбівых, зласлівых, подлых, якія так часта ўсім незадаволеныя, і кругом вакол сябе бачаць толькі вінаватых – усё гэта паказвае на тое, што Ён згадзіўся акунуцца ў наш сімуродны сметнік і нават невядома дзеля чаго. Мы ж нічога Яму за гэта не дадзім. Усё гэта сведчыць пра тое, што Бог дае звыш меры, дае шчодра. Апостал піша, што Бог дае нам больш, чым мы думаем ці нават марым.
А таму, хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім або пра што думаем, Яму хвала ў Касцёле і ў Хрысце Езусе ва ўсе пакаленні ад веку да веку. Амэн (Эф 3,20-21).
Нічога дзіўнага, што ў сэрцы Божых пакорных людзей нараджаецца здзіўленне: хто ж мы такія, што Ты нам так шмат даеш і ўдзяляеш сваю ўвагу:
Не анёлам Бог падпарадкаваў будучы свет, пра які мы кажам. Наадварот, хтосьці засведчыў дзесьці, кажучы: «Чым ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты клапоцішся аб ім? Ты ўчыніў яго мала меншым ад анёлаў; славаю і пашанай увянчаў яго, усё паклаў пад ягоныя ногі» (Габр 2,5-8).
Школа чалавечай шчодрасці
Разумеючы сэнс і вартасць наследвання Бога, а таксама разумеючы тое, што Бог шчодры, паспрабуем паразважаць, як нам, людзям, навучыцца быць шчодрымі. У чым гэтая шчодрасць павінна праяўляцца і што пра яе кажа нам Хрыстос?
Ворагі шчодрасці
Евангельская логіка паказвае, што вельмі часта для таго, каб нечаму навучыцца, або каб будаваць нешта новае, трэба адрачыся ад ілжывых ведаў, якія мы некалі прыдбалі, або разбурыць старое для будовы новага. Гэтая логіка гучыць у прыпавесцях пра новае віно і старыя мяхі, пра новую лату і старае сукно, у выказванні Езуса, што трэба нарадзіцца занава, а таксама ў духоўным вобразе Новага Ерузалему, які будуецца на руінах старога. Паколькі мы не малыя дзеці, якія толькі пазнаюць свет ці нешта спрабуюць рабіць, а дарослыя людзі, якія за плячыма маюць жыццёвы досвед, веды і перакананні далёка не заўсёды Божыя, то нам і прыходзіцца бурыць і выракацца старога дзеля таго, каб узнікла нешта новае.
Стараючыся выхаваць у сабе Божую рысу шчодрасці, трэба ўбачыць, што нам перашкаджае ў гэтым працэсе. Гэтыя перашкоды можна назваць адным словам – багацце. І можна сказаць, што багацце ў шырокім значэнні – гэта грошы, але таксама чалавечыя планы, тое, чаго мы дабіліся сваімі сіламі, прызнанне сярод іншых, наш аўтарытэт, грамадская пазіцыя, перакананні, чалавечыя прывязанасці і г.д.
Пасля сустрэчы з багатым хлопцам Езус кажа: як цяжка багатаму ўвайсці ў Божае Валадарства! (Мк 10,16-27). Гэтыя словы Настаўніка шакавалі апосталаў, павінны шакаваць і нас. Езус паказвае небяспеку і не жартуе. Не трэба нам з гэтае прычыны панікаваць і станавіцца бедным, вядома ж, не! Але трэба ўсур’ёз разважаць над тым, што хацеў сказаць нам Божы Сын.
У прыпавесці пра зерне Езус кажа, што клопат гэтага свету і яго багацці робяць сэрца чалавечае бясплодным і Божае зерне не прарастае. Гэтае папярэджанне таксама трэба ўспрымаць усур’ёз.
У Дзеях Апостальскіх мы чытаем, як Ананія і Сапфіра затаілі ад апосталаў грошы з продажу і былі пакараныя Богам. Гэтая гісторыя ўсіх шакуе. Многія людзі ўтойваюць свае даходы, каб не плаціць падаткаў дзяржаве. Ці можна тут праводзіць паралель? Біблія паказвае нам, што першахрысціянскія супольнасці жылі праўдзіва, не хаваючы адзін ад аднаго нічога, не падманваючы адзін аднаго. У тым жыцці была агромністая простасць і свабода, якой іх вучыў Святы Дух. І тут з’яўляюцца людзі, якія нібыта і вераць, але пачынаюць падманваць і камбінаваць. Заўважце, што ніхто не змушаў іх прадаваць усю маёмасць і ўсе грошы аддаваць апосталам. Але Ананія і Сапфіра спрабуюць пасеяць у тым, што рабіў Святы Дух, падман. І за гэта яны былі пакараныя. Што ж імі кіравала? Адназначна – прывязаннасць да багацця.
У прыпавесці пра добрага самараніна мы чытаем, што пацярпеламу чалавеку не дапамог ні святар, ні левіт. Чаму? Бо яны маглі згубіць свой статус у грамадстве, сваё нематэрыяльнае багацце. Менавіта таму многія былі шакаваныя, што Езус дакранаецца да пракажонага, гаворыць з грэшнікамі, ідзе ў дом да мытніка, дазваляе блудніцы абмываць сабе ногі і г.д. Гэтымі гісторыямі Ён мог згубіць павагу і прызнанне сярод людзей, сярод эліты таго грамадства.
Яшчэ мы чуем прыпавесць пра тое, як у чалавека ўрадзіў ураджай і ён пачынае разважаць нібыта абсалютна лагічна – трэба пабудаваць новыя засекі, каб зберагчы зерне (Лк 12,16-21). На ягоным месцы так зрабіў бы кожны з нас. Але Бог называе гэтага чалавека неразумным, бо той пачынае спадзявацца не на Бога, а на зерне і на свае засекі. Ён думае, што жыццёвы супакой дасць яму менавіта засек і яго зберажэнні. І Бог асуджае гэтага па-чалавечы нібыта разумнага, гаспадарлівага чалавека. У гэтай прыпавесці хіба што найбольш выразна гаворыцца пра небяспеку багацця. Пагоня за ім спрабуе зрабіць нас самадастатковымі, самаўпэўненымі, незалежнымі ад Бога, а насамрэч робіць нас залежнымі ад сябе, ад самога багацця ў шырокім разуменні. І ў гэтым падман. І невыпадкова Бог нас папярэджвае:
Калі багацце памнажаецца, не прывязвайце да яго сэрца (Пс 61,11).
Такім чынам, рознага роду багацці часта не дазваляюць нам праяўляць шчодрасць і евангельскую велікадушнасць. Нашмат цяжэй рызыкаваць, калі табе ёсць што губляць. Не выпадкова “Начныя снайперы” спяваюць: «больше не осталось ничего – теперь мне путь свободен». Езус кажа пра сябе: лісы маюць норы і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву (Лк 9, 58).. Таксама пра Яго чытаем: Ён, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей (Флп 2,5-7). Гэтая свабода, між іншым, дазваляе Яму быць велікадушным. Пасля гэта зразумее і апостал Павел, калі напіша, што для таго, хто хоча служыць Госпаду, лепш не мець жонкі. Павел не кажа пра адзіны варыянт, але кажа, што так прасцей будзе для службы.
Паспрабую яшчэ паказаць небяспеку багацця ў шырокім значэнні, каб мы не думалі, што гэта звязана толькі з нашымі заробкамі. Напрыклад, я не магу сабе дазволіць прыняць у наш рэкалекцыйны дом бяздомных, бо інакш не змагу тут прымаць людзей на рэкалекцыі. Тут будзе смярдзець, нешта будзе псавацца, нехта ў некага нешта скрадзе і г.д. Магчыма, для некага з вас гэта і не было б перашкодай, але большасць пасля такіх прыгодаў дзесяць раз падумае, ці ехаць на рэкалекцыі ў Оршу. І нібыта не зусім тут гаворка пра багацце, бо я ламаю галаву, як утрымаць дом, як рамантаваць і аплочваць камуналку і г.д. Але, разам з тым, тут прасвечваецца тэма багацця, якое не дазваляе быць шчодрым і велікадушным. Гэтак жа большасць з вас не прыме да сябе ў дом чалавека з вуліцы і будзе мець тысячу аргументаў, чаму нельга так зрабіць. Але за ўсімі гэтымі аргументамі будзе таіцца праблема багацця ў шырокім значэнні. Святы Францішак мог сабе дазволіць пацалаваць пракажонага. Чаму? Таму, што меў шмат любові, быў містыкам, меў веру і г.д. Але, разам з тым, ён не меў ні дому, ні сям’і і прыняў рашэнне быць цалкам свабодным ад багацця.
Яшчэ адна гісторыя. Зазвычай я не падвожу людзей, якія галасуюць пры дарозе, але аднойчы мне было шкада аднаго мужчыну і я яго ўзяў у свой чысценькі “Ярыс”. Гэта быў бедны чалавек, магчыма, алкаголік або бяздомны і мая машына яшчэ доўга пасля гэтага чалавека выветрывалася. Уявіце, якія былі пасля мае думкі і эмоцыі. А што было б, каб я ехаў на старых, смярдзючых, іржавых “Жыгулях”? Я ўпэўнены, што мне было б непрыемна, але я напэўна не перажываў бы. І такія прыклады можна множыць. Нам шкада новых шпалераў, якія могуць парваць дзеці ці каты, шкака новай машыны, мы дзесяць раз падумаем, ці падняць нам п’янага, калі мы ў чыстай вопратцы і г.д. Біблія вучыць нас даваць першыя месцы ў святыні бедным, а не знатным і багатым. Калі я чытаў гэтыя словы, то мне хацелася сказаць, што не хачу будаваць касцёлаў ці ўзначальваць касцёльныя ўрачыстасці, бо на ўрачыстым пасвячэнні касцёла трэба будзе на першыя рады пасадзіць спонсараў, чыноўнікаў і знатных гасцей. Статус, этыкет, культура, чалавечая ўдзячнасць становяцца тымі багаццямі, якія не дазваляюць нам выконваць Божае слова. Магчыма, там, у натоўпе ў касцёле будзе стаяць жанчына, якая, па мерках Езуса, нібы ўдава перад Ерусалімскай святыняй, дала больш, чым многія багацеі. Езус менавіта на гэту ўдаву звярнуў увагу. Думаю, што Ён запрасіў бы на першае месца яе, але голас гэтага свету, які гучна гучыць таксама і ў Касцёле, падказвае нам нешта іншае…
Думаю, мне не трэба кожнаму з вас адказваць, што трэба рабіць у тых, ці іншых сітуацыях. Мне хочацца паказаць, як багацце ў шырокім значэнні гэтага слова не дазваляе нам быць велікадушнымі і шчодрымі. Якое ж выйсце? Кожны з нас, калі сустракаецца з небяспекай багацця, павінен сам перад Госпадам пачаць задаваць нязручныя пытанні: «Госпадзе, што мне рабіць? Як бы Ты зрабіў на маім месцы?». Калі цябе непакояць алкаголікі і бяздомныя, то, магчыма, не трэба іх прымаць у дом, але пацікавіцца, ці ёсць у горадзе прытулак для такіх людзей, ці ёсць валанцёры, ці не аддаць туды ежу і вопратку, якую можна сабраць нават са знаёмых. Калі такіх месцаў няма, можа менавіта табе трэба паклапаціцца, каб іх арганізаваць? Калі ты не можаш пасадзіць банкіра каля бяздомнага, то можа трэба падумаць, каб для бедных арганізаваць пір, а банкірам даць іх цацкі? Гэта не зусім па Божаму слову, але хаця б спроба наблізіцца да таго, што нам кажа Хрыстос. Насамрэч, варыянтаў шмат, толькі трэба пажадаць у малітве і разважанні разам з Госпадам дакрануцца да праблемы багацця і шчодрасці.
Вучыцца быць шчодрым
Пасля таго, як мы зразумеем і пачнем перамагаць тое, што нас абцяжарвае, трэба набірацца вопыту ў тым, каб раздаваць дары людзям і Богу, каб быць шчодрым. Гэта асобны крок і часта тут трэба сябе пераламаць, хоць гэта ўжо будзе прасцей, калі мы распазнаем ворага ў розных нашых багаццях.
Найперш нам трэба пагадзіцца з тым, што быць шчодрым рызыкоўна. Бо цябе могуць падмануць, выкарыстаць, параніць, могуць дурыць доўгі час і можаш улезці ў няпростыя гісторыі, ці нават проста людзі не ацэняць таго, што ты робіш, не падзякуюць за тваё дабро. З такімі стратамі трэба прымірыцца, без іх не абыдзецца. Канечне, не трэба быць наіўным і сляпым, многія гісторыі трэба распазнаваць і на малітве шукаць адказы, але страты непазбежныя. Асабіста я лічу, што вернікі не маюць абавязку ахвяроўваць грошы толькі таму, што пра гэты кажа святар. Бо нават у гэтым выпадку тыя грошы могуць быць змарнаваныя, калі, напрыклад, святар уявіў сябе добрым арганізатарам і будаўніком, а насамрэч, ён такім не з’яўляецца. Часам тут трэба мудрасць і распазнанне для саміх вернікаў, але ты ніколі на сто адсоткаў усіх сітуацый не праверыш. Часам можаш не ведаць рэальных патрэбаў, бо святар не лічыць, што ўсё ўсім трэба расказваць. Тут ёсць месца для памылак і стратаў, але ёсць месца і для велікадушнасці. Таму кожны сам павінен у гэтым разабрацца.
Гэтак жа і з тымі, хто просіць на вуліцы. Вельмі падобная схема. Тут ёсць месца і для промаху, але і месца для любові. Аднойчы я прынў у наш дом былога вязня. Ён быў добрым веруючым. Некаторыя рэчы рамантаваў, нават зусім някепска рабіў есці (магчыма, лепш, чым нават некаторыя жанчыны), я ведаў шмат пра яго жыццё, пра яго мінулае, і тое, што я прыняў яго, не было наіўным і выпадковым рашэннем. Але я не ведаў толькі адной рэчы – не ведаў, што ён гуляў у калоніі на інтарэс. Аднойчы я даў яму грошы на акно ў падвал і ён прайграў іх у казіно, пасля ўцёк ад сораму і прыслаў мне з Расіі ліст з тлумачэннямі. Канечне, я моцна перажываў і быў расчараваны і сабой, і ім, і сітуацыяй. Я распавёў гэтую гісторыю нашаму правінцыялу, які даў мне вельмі мудрую параду: лепш трапляць у так я гісторыі, чым тваё сэрца сталася б каменным і нячулым. І я ўдзячны яму за гэту мудрасць.
Такіх гісторый было шмат. Аднойчы я “ратаваў” нібыта нованавернутага хрысціяніна з ісламу, які ўцякаў ад шарыяцкага суда родзічаў. Іншы раз купляў нейкі незразумелы посуд. Іншы раз клапаціўся аб жанчыне, якая шукала жылля. Іншы раз прыйшлося выслухоўваць былога беднага “снайпера”, якія ўцякаў нібыта ад ФСБ. Гэтыя ўсе гісторыі сканчваліся для мяне правалам. А да таго ж яшчэ шмат гісторый з вязнямі, алкаголікамі і бяздомнымі. З аднаго боку, гэтыя гісторыі навучылі мяне асцярожнасці, далі пэўную цвярозасць, а з іншага боку, я разумею, што велікадушнасці і шчодрасці не навучышся без такіх гісторый. Часам я бачыў, што людзі, магчыма, мяне дураць, але разам з тым разумеў, што ім трэба даць шанец і паказаць на Хрыста, распавесці пра Яго, паказаць, што я дапамагаю ім у Імя Хрыста.
Бог узнагароджвае за шчодрасць
Шчодрасць і велікадушнасць, нягледзячы на страты і рызыкі, дазваляюць нам быць падобнымі да Бога, дазваляюць удзельнічаць у Яго радасці, Яго любові. Можна сказаць, што гэта ўзнагарода Бога за нашу шчодрасць.
Ва ўсім я паказаў вам, што, так працуючы, трэба дапамагаць слабым, памятаючы словы Пана Езуса, якія Ён сказаў: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!” (Дз 20,35).
Хто сее скупа, той скупа і пажне, а хто сее шчодра, той шчодра і пажне. Няхай кожны дае, як вырашыць у сваім сэрцы, а не са шкадаваннем ці з прымусу, бо радаснага даўцу любіць Бог. Бог мае моц узбагаціць вас усякаю ласкаю, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсялякія добрыя справы (2 Кар 9,6-8).
У Бібліі мы бачым шмат прыкладаў, калі Бог абяцае ўзнагароду і ўзнагароджвае за чалавечую велікадушнасць.
І пачаў Пётр казаць Яму: «Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою». Езус адказаў: «Сапраўды кажу вам, няма нікога, хто б пакінуў дом свой, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, ці дзяцей, ці поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля, і не атрымаў бы ў сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, братоў, сясцёр, маці, дзяцей і палёў сярод пераследу, а ў будучым веку — жыццё вечнае (Мк 10,28-30).
Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана (Лк 6,38).
Бог шчодра ўзнагародзіў Тобія за тое, што той, насуперак людзям і іх меркаванням, а нават пад пагрозай смерці, хаваў памерлых. Гэтага чалавека сустракае цярпенне ў выглядзе хваробы вачэй і неразумення з боку жонкі, але ў выніку Бог вылечвае хваробу і шчодра благаслаўляе сям’ю Тобія.
Нечым падобная таксама гісторыя Ёва, які казаў пра сябе: Странник не ночевал на улице; двери мои я отворял прохожему (Ёва 31,32).
Убогая ўдава з Сарэпты Сідонскай адважылася аддаць прароку Іллі апошні хлеб, рызыкуючы сваім жыццём і жыццём свайго сына, а ў выніку і хлеб не скончыўся сярод паўсюднага голаду, і Бог уваскрасіў рукамі прарока яе памерлага сына (3 Цар 17,8-24).
Добрым прыкладам з’яўляецца таксама Лот, які прыняў у свой дом таямнічых мужчын, ставячы пад пагрозу сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх, а ў выніку аказалася, што гэта былі анёлы, якія прыйшлі ратаваць Лота і яго сям’ю ад вогненнай кары Божай.
Ну і канечне, самай яркай з’яўляецца гісторыя Абрагама, які праз сваю гасціннасць прыняў у свой дом Бога. І хаця апостал Ян кажа нам, што не ўсіх трэба прымаць у свой дом (Кожны, хто выходзіць наперад і не трывае ў вучэнні Хрыста, не мае Бога. Хто ж трывае ў вучэнні, той мае і Айца, і Сына. Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтага вучэння, не прымайце яго ў дом і не вітайце. Хто прывітае яго, той удзельнічае ў яго дрэнных справах (2 Ян 9-11)), то, аднак, Абрагаму і Лоту выйшла на добрае рызыкаваць у сваёй велікадушнасці. Зрэшты, двое вучняў Езуса, уцякаючы ў вёску Эмаўс, запрасілі таямнічага Вандроўніка застацца з імі на начлег, а аказалася, што запрасілі самога Бога.
Канечне, нельга рабіць простай заканамернасці, што калі я праяўляю шчодрасць, то Бог мне нешта за гэта дасць у гэтым жыцці. Думаю, што ні Абрагам, ні Лот, ні Тобій не чакалі ўзнагароды за сваю дабрыню. Думаю, што яны проста былі велікадушнымі, не за ўзнагароду. Але і велікадушным стаў для іх Бог.
Гэтую Божую шчодрасць, які ўзнагароджвае чалавека за яго шчодрасць, я бачу ў многіх гісторыях. Спачатку я бачыў гэта ў рамонце нашага аршанскага касцёла і дома. Калі ўзнікла выразная патрэба, што трэба інвеставаць свае сілы ў тое, каб тут збіраліся людзі на рэкалекцыйныя курсы, то Бог стаў проста благаслаўляць рамонтам. Памятаю як адзін святар казаў мне, што не трэба пачынаць рамонт касцёла, пакуль не скончылі рамонт дома. А я не мог зразумець, навошта гэты дом, калі мы не зможам маліцца ў вялікай зале касцёла. І калі я рызыкаваў працягваць рамонт касцёла, то ўбачыў як Бог шчодра пачаў благаслаўляць. Але найперш мне трэба было пачаць праяўляць сваю шчодрасць – даваць сілы, нервы, здароўе на курсы, шукаць неабходныя сродкі, каб была магчымасць збірацца і г.д.
Пасля я гэтую Божую логіку вельмі выразна ўбачыў і праз наш касцёльны сквер. Амаль што ўсе працы тут звязаныя з тым, што з’яўляліся алкаголікі, бяздомныя альбо былыя вязні, якім трэба было даць працу. Найперш проста для таго, каб яны не сланяліся бяз толку па горадзе і не пілі, але паспрабавалі самі запрацаваць на свой хлеб. Часам гэтую працу яны выконвалі не належным чынам, часам псавалі, часам падманвалі, кідалі, ашуквалі і г.д. Па-чалавечай логіцы, за тыя сродкі, якія я інвеставаў у такіх “прафесійных работнікаў”, можна было наняць фірму і зрабіць усё да толку. Але я пачаў бачыць, што ў гэтым жаданні – дапамагчы такім людзям – ёсць вялікае Божае благаслаўленне. Многія працы і ў скверы не былі б зробленыя, калі б не было ў розныя часы гэтых людзей. Часам нават даводзілася наймаць фірму, каб выканала частку працы для таго, каб мой такі ненадзейны кантынгент мог далей працаваць. У гэтым я таксама бачу агромністую Божую шчодрасць за тую мінімальную шчодрасць, якую давялося праявіць мне. Словам, Бог благаслаўляе шчодрую руку. Але каб пераканацца ў гэтым, мала прыехаць на “Вінаграднік” і праслухаць канферэнцыі на гэтую тэму. Мала і прачытаць тэкст у інтэрнэце. Трэба як мінімум рызыкнуць практыкаваць шчодрасць у сваім жыцці.
а.Аляксандр Жарнасек МІС