Некаторыя жартавалі, што будзем разважаць пра ўзрост... Але ж не... Гэтым разам мы разважалі пра неабходнасць духоўнага абнаўлення і пра тое, што Бог стварае ўсё новае. Некалі на «Вінаградніку» ўжо была падобная тэма – «Стары і новы чалавек». У нечым крыху прыйшлося паўтарыца, але было шмат новага…
Каментар да прыпавесці пра мяхі
Яны сказалі Яму: «Вучні Янавы часта посцяць і моляцца, падобна і вучні фарысеяў, а Твае ядуць і п’юць». Езус адказаў ім: «Ці можаце прымусіць гасцей на вяселлі пасціць, калі з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, тады будуць пасціць у тыя дні». І расказаў ім прыпавесць: «Ніхто не разрывае новай вопраткі, каб прышыць лату да старой вопраткі. Інакш і новая парвецца, і да старой не падыдзе лата ад новай. І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш маладое віно парве мяхі і само выцячэ, і мяхі прападуць. Але маладое віно трэба наліваць у новыя мяхі. І ніхто, выпіўшы старога, не хоча маладога, бо кажа: “Старое лепшае!”» (Лк 5,33-39).
Найперш запрашаю паглядзець на вучэнне Хрыстова не як на навучанне пра пост – пасціцца, ці не, – а каб мы паспрабавалі ўспрыняць яго значна глыбей. Вучні Яна Хрысціцеля, якія выхаваліся ў ценю законаў Старога Запавету, падобна як і фарысеі, не могуць так лёгка прыняць свабоды, якую нясе Хрыстос. Шчыра кажучы, і хрысціянам гэтую свабоду часам цяжка прымаць. Апостал Павел піша, што свабода не вядзе нас да анархіі, да разбэшчанасці. Значыць, хрысціяне таксама яе не разумелі. Мы таксама вельмі часта, як той маятнік паміж мёртвым кансерватызмам, зборам правілаў і рэлігійным фармалізмам з аднаго боку і ліберальнай усёдазволенасцю з другога. Нехта трапна заўважыў, што вядомае выказванне св. Аўгустына «любі і рабі што хочаш» лепш не згадваць, бо яе ўсё роўна не правільна зразумеюць.
У прыпавесці пра мяхі Езус нагадвае пра сэнс малітвы і паста тады, калі апосталы будуць пазбаўлены бачнай прысутнасці Божага Сына. Тады свет гэтак моцна пачне ціснуць на іх, што не будзе ратунку і не будзе побач Езуса, за якім можна было раней схавацца. Вось тады трэба будзе і пасціцца, і маліцца, каб супрацьстаяць гэтаму свету. Езус, калі паслаў на першае заданне вучняў па двух, дазволіў ім хоць бы крыху адчуць, як яно ёсць, калі Яго няма побач. Тады вучні вярнуліся з задання і пачалі скардзіцца, што злы дух іх не слухаўся, а Езус сказаў ім, што духа трэба выганяць пастом і малітвай. Гэта быў мінімальны вопыт служэння, калі Езуса фізічна не было побач (Мк 9,28-29). Многія пры першых цяжкасцях, выпрабаваннях, спакусах або пачуцці пакінутасці Богам адразу расчароўваюцца і здаюцца. Такім чынам, сёння чалавек часта зусім не здольны да змагання і барацьбы. Як толькі гэтая тэма пачынае недзе з’яўляцца, чалавек адразу здаецца і шукае таго, хто зможа вырашыць праблему замест яго – хто за яго памоліцца, хто дасць адказы на ўсе пытанні. Святы Ігнацы Лаёла раіў, каб у хвіліны асаблівых выпрабаванняў ці спакусаў быць больш пільнымі ў малітве. Гэта значыць, што больш маліцца і пасціцца нам трэба не тады, калі ў нас усё добра атрымліваецца, а тады, калі адчуваем, што Езус нібы пакінуў нас на гэты час, і таму нам трэба больш праявіць стараннасці.
Менавіта такая сувязь прыпавесці пра мяхі і віно з пастом. Але паспрабуем паглядзець на гэту прыпавесць глыбей. Вельмі важна зразумець, што сімвалізуюць старыя мяхі, што хаваецца за гэтым вобразам?
А) Фарысеі і рэлігійны фармалізм
Прыпавесць пра старыя мяхі і новае віно мы часта разумеем як папрок фарысеям, або вучням Яна Хрысціцеля, якія задаюць гэтае пытанне. З аднаго боку, так яно і выглядае. Магчыма, тыя, хто пытаецца, перажываюць за распаўсюджванне лібералізму, за разлад дысцыпліны. Божыя людзі шмат моляцца і посцяцца, а вучні Езуса нават не адчуваць гэтага цяжару, не выконваюць духоўных правілаў. За гэтымі разважаннямі і пытаннямі крыецца не столькі клопат пра Божыя справы, колькі фармалізм: ёсць правіла і яго ўсе павінны выконваць!
У гэтым фармалізме многія з нас могуць убачыць сябе. Не было выразнага наказу ў Законе Майсея, колькі верніку трэба пасціцца. Ішла гаворка пра больш радыкальную пабожнасць нейкай групы людзей (вучні Яна). Ім здавалася, што так павінна быць у жыцці кожнага веруючага. Як жа проста ў гэтым усім можна знайсці сябе! У нашай марыянскай семінарыі была практыка штодзённай гадзіны Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту для ахвотных. Аднойчы адзін святар на казанні сказаў, што калі мы дзелім клерыкаў на лепшых і горшых у залежнасці ад таго, прыйшлі яны на Адарацыю ці не, то мы становімся падобнымі да тых, хто кажа: а чаму Твае вучні не посцяцца, як іншыя? Гэтае пытанне вельмі часта гучыць з нашых вуснаў: чаму ты не молішся пампейскую навэнну, чаму не паехаў на «Вінаграднік», чаму штодзённа не ходзіш на Святую Імшу, чаму не ходзіш на сустрэчу малітоўнай групкі, не ходзіш у пілігрымкі, чаму прымаеш Святую Камунію стоячы, чаму не кленчыш на малітве, як іншыя, і г.д. Заўважце, што ў гэтых пытаннях няма гаворкі пра адносіны з Богам, а толькі пра рэлігійныя практыкі. Можа быць, што ў чалавека больш глыбокія адносіны з Богам чым у нас, але нас цікавяць практыкі.
Даючы адказ, Езус паказвае, што з такім фармальным падыходам, мы не можам прыняць навізны Божага Валадарства, не прымем таго новага павеву, які прынёс Хрыстос. Такім чынам, стары мех – гэта рэлігійны фармалізм, гэта практыка для галачкі, для традыцыі, для групы веруючых. Паглядзіце, як яго шмат гэтага фармалізму! Калі нехта ахрышчаны, пашлюбаваны, аддаў дзяцей на катэхэзу, часта спавядаецца і ходзіць на нядзельную Святую Імшу, а нават актыўны ў парафіі – аб чым гэта нам гаворыць? Тое, што гэты чалавек вельмі моцна любіць Бога? Што ён – Яго верны вучань? Жыццё паказвае, што ўсё гэта можа быць усяго толькі рэлігійнай фармальнасцю. Самаранка, якая мела ажно пяць мужоў яўна не месцілася ў межах каталіцкай “правільнасці”, а аказалася, што яна была адкрыта на тую новую навіну, якую прынёс Хрыстос. І яна адразу ж стала місіянеркай, бо пабегла распавядаць пра Хрыста. Таму не будзем здзіўляцца таму, што часам людзі, якія жывуць не ў шлюбе, хто не можа спавядацца і не прымае Святую Камунію, могуць аказацца больш Божымі, чым мы. Не выпадкова Езус кажа фарысеям, што мытнікі і блудніцы апярэдзяць іх на шляху ў Божае Валадарства.
Я не апраўдваю людзкіх грахоў, але хачу паказаць небяспеку рэлігійнага фармалізму. Часам, калі людзі пытаюцца, як яны дакладна павінны тое альбо іншае рабіць, я з вялікай асцярожнасцю даю адказ, таму што магу вельмі лёгка накіраваць людзей на шлях фармалізму – на кожную сітуацыю свой канон. А гэты шлях можа адводзіць ад нечага вельмі важнага, ад вадзіцельства Святога Духа, каторы часам вучыць нас, здавалася б, у той самай або падобнай сітуацыі, паступаць па-рознаму, інакш.
Калі нараджаецца фармалізм? Ён нараджаецца з рэлігійных правілаў і законаў. Закон і любыя правілы выконваюць ролю выхаваўцы. Мы даём дзецям шмат правілаў, забараняем ім або дазваляем ім штосьці для таго, каб пасля чалавек навучыўся самастойна прымаць рашэнні, зрабіць крок далей. Таму Бог дае законы праз Майсея, але праз нейкі час павінен адбыцца наступны крок ужо сталага чалавека ў веры. Калі чалавек толькі прыходзіць да веры, мы вучым яго многім правілам. Цяжка чакаць ад такога нэафіта духоўнай сталасці. Правілы выконваюць сваю ролю, але да нейкага часу. Калі ж росту веры і адносінаў з Богам не адбываецца, то правілы, якія некалі былі праяўленнем жывой веры, пачынаюць станавіцца невыноснай фармальнасцю. У выніку мучаецца і сам чалавек, і людзі вакол яго.
У малітве і разважанні паспрабуй убачыць у сваім жыцці праяўленне духоўнага фармалізму ў дачыненні да сябе або да іншых
Б) Вучні Хрыста, як старыя мяхі
Найчасцей нам хочацца сказаць, што пад вобразам старога мяху ёсць кожны, хто па розных прычынах не прымае Евангелля Хрыста. Тут і рэлігійны фармалізм, і абыякавасць, і нявера, і г.д. Найменш мы думаем тады пра вучняў Хрыста. Але некаторыя каментатары і айцы Касцёла лічылі, што Езус мог гэтую прыпавесць казаць таксама пра сваіх вучняў. У тым сэнсе, што яны яшчэ слабыя для таго, каб пасціцца і маліцца, каб супрацьстаяць ворагу самастойна, з нейкім вопытам веры. Езус паказвае, што прыйдзе час і яны будуць здольныя да барацьбы, але не цяпер. Няздольнасць чуваць з Езусам на малітве ў садзе аліўным яскрава паказвае нам гэтую немач. Застаецца пытанне, ці вучні Яна Хрысціцеля, якія задаюць Езусу пытанне пра пост, былі здольныя да такой барацьбы? Магчыма, не, бо некаторыя з іх сталіся вучнямі Хрыста. Але Езус не працягвае гэтай тэмы.
Гэты нюанс адкрывае нам адну вельмі важную праўду. Бог ведае сэрца чалавека. Бог не дае звыш сілаў, дае ў адпаведны час, калі чалавек здольны прыняць. Апостал Павел піша карынцянам, што, нягледзячы на духоўныя дары, атрыманыя імі, яны яшчэ дзеці і не здольныя прымаць больш сур’ёзнай ежу, а харчуюцца толькі малаком. Калі б Бог не праяўляў асцярожнасць з намі, а паказваў бы нам усю праўду і даваў усё адразу, то мы не вытрывалі б і паўцякалі б ад Яго. Цікава, што вельмі часта злы дух менавіта так спакушае маладых у веры хрысціянаў, паказваючы ім, што вернасць Хрысту і Яго вучэнню ім не пад сілу, што яны не змогуць і лепш ім вярнуцца да старога жыцця. Гэта вельмі распаўсюджаная спакуса. Яе перажываюць часта маладыя ў веры хрысціяне, якія сутыкаюцца з першымі цяжкасцямі. Бог жа ўсё дае ў меру і ў свой час, не дае звыш нашых сілаў.
Евангеліст Лука паказвае нам, што не толькі мяхі парвуцца, але і новае віно павыцякае, і не будзе ніякай карысці. Магчыма, не раз я пра гэта кажу, але як жа гэта важна! У духоўным жыцці ёсць свае заканамернасці. Іх трэба талераваць, нельга іх абмінуць. Чарговы і чарговы раз пераконваюся, наколькі я наіўны. Як жа часта мне здаецца, што дастаткова толькі, каб мне растлумачылі, або я некаму ўсё параскладваю па паліцах – і ўсё будзе ў парадку. А аказваецца, што апроч нашага розуму і ведаў, ёсць духоўны вопыт. Гэта – перажытыя гісторыі, гэта – гады за плячыма. Калі за ведамі няма духоўнага вопыту, калі яны не ідуць поруч, то адбываецца надрыў “мяху” – і віно пачынае выцякаць.
Думаю, што многія вернікі маюць такі вопыт, калі нашыя веды і духоўны вопыт не ідуць поруч і адбываецца балючы надрыў. Напрыклад, я зусім нядаўна са здзіўленнем адкрыў, што тое, што я чытаў або чуў пра дар распазнання духаў, на практыцы зусім інакш выглядае, чым у галаве. Гэта не так і весела, насамрэч, як мне здавалася. Дзякуй Богу за тое, што Ён ведае, калі, каму і што паказваць і даваць, каб наш “мех” не разарвала. Мы таксама павінны быць асцярожнымі з тымі, хто ў веры яшчэ, як кажа апостал Павел, “немачны”. Калі будзем без разбору ім усё расказваць і ўсюды цягнуць за сабой, то “мяхі” таксама могуць парвацца. Святы Ігнацы разумеў гэта і таму пісаў, што не ўсім трэба праходзіць чарговыя тыдні духоўных практыкаванняў і не ўсім трэба тлумачыць некаторыя духоўныя правілы. Асабіста я, напрыклад, зразумеў, што далёка не ўсім трэба тлумачыць тэму духоўных дароў або чытаць каталіцкіх містыкаў.
Памаліся, паразважай і назаві тыя сітуацыі, калі твае веды не адпавядаюць духоўнаму вопыту, калі ты нібы і ведаеш, а зусім не маеш адпаведнай практыкі.
В) Ці можна прымусіць?
Асаблівым чынам хачу звярнуць увагу на словы Хрыста: Ці можаце прымусіць гасцей на вяселлі пасціць? Думаю, што многія са мной згодзяцца, што вельмі часта нам хочацца іншых прымусіць быць веруючымі, прыстойнымі, добрымі і г.д. Але праўда такая, што прымушаць мы можам толькі дзяцей і то да нейкага ўзросту. На дарослага ж чалавека ёсць розныя рычагі ўплыву, ды найчасцей яны звязаныя са страхам ці пагрозамі. Але дакладна, што нельга прымусіць чалавека больш верыць, пазнаваць Бога, любіць Яго ці павялічыць духоўны вопыт. Таму Езус сваім адказам нібы тлумачыць нам: гэта не лагічна – прымушаць пасціцца, калі госці гуляюць на вяселлі, бо ўсяму свой час…
Задай сабе пытанне,як часта табе хочацца прымушаць да чагосьці іншых?
Неабходнасць абнаўлення ў Святым Духу
У прыпавесці пра віно і мяхі Езус паказвае, што часам рамонт нічога не дасць, бо павінны адбыцца радыкальныя змены. На нейкім этапе можна было прышыць лату і гэты рамонт, магчыма, даваў свае вынікі, але можна дайсці да такога этапу, калі такія рамонты нічога не даюць і трэба новы мех. Бог хоча даць нам вельмі шмат, але трэба быць гатовым прыняць усё гэта, менавіта таму неабходны рамонт або абнаўленне.
Гэты вобраз асабіста для мяне больш зразумелы на прыкладзе рамонту машыны. Часам гэтых рамонтаў становіцца так шмат, што ты пачынаеш думаць пра неабходнасць ужо не рамантаваць, а мяняць машыну на новую альбо больш новую. Гэтыя змены каштоўныя, малапрыемныя, звязаныя з рызыкамі, але часта проста неабходныя.
І хоць прыпавесць кажа пра неабходнасць новага меху для віна, то важна разумець, што за гэтым вобразам хаваецца не абсалютнае знішчэнне свайго папярэдняга жыцця, а згода на радыкальныя змены. Езус не сказаў апосталам, што іх рэлігійны вопыт нічога не варты. Езус уваходзіць у духоўны вопыт Ізраіля, у традыцыі, якія складваліся стагоддзямі. Ён святкуе Пасху, моліцца ў сінагозе, цытуе Стары Запавет, адзначае шабат і іншыя рэлігійныя святы. Божы Сын не перакрэслівае гэты вопыт, але паказвае, што ёсць абсалютная неабходнасць у радыкальных зменах.
Такія змены мы часта называем рэформай. У багаслоўі мы чуем паняцці “новае нараджэнне”, “нараджэнне з вышыні”, нехта кажа пра “хрост у Святым Духу”. У Каталіцкім Касцёле існуе такое паняцце як “абнаўленне ў Святым Духу”. Часам мы чуем: “Аднова харызматычная”. Некаторыя багасловы часоў Другога Ватыканскага Сабора падкрэслівалі, што “аднова харызматычная” не з’яўляецца рухам ці нейкай касцёльнай арганізацыяй, як многія думаюць, паколькі кожны рух мае структуры і заснавальнікаў, а “Аднова” іх не мае. Гаворка ідзе пра ўнутраную глыбокую змену або рэформу, якую перажывае чалавек пасля сустрэчы са Святым Духам. Менавіта таму назва “аднова харызматычная” неадпаведная, бо людзі засяроджваюцца на духоўных дарах, якія могуць атрымаць ад Духа Святога, а гаворка ідзе не пра дары (харызматы), а пра тыя агромністыя перамены, якія адбываюцца ў чалавеку праз дзеянне Святога Духа. Часам бывае, што людзі атрымліваюць ад Бога харызматы, а ўнутраны і духоўны працэс абнаўлення застапарыўся. А часам наадварот – чалавек не мае надзвычайных дароў, але ён да глыбіні абноўлены ў Святым Духу, ён стаў іншым.
Гэты працэс абнаўлення ў Святым Духу мае агромністае значэнне ў духоўным жыцці, і ён не звязаны ні з рухам, ні з нейкай спецыяльнай пабожнасцю. Часам яго перажывае чалавек, які вёў грэшнае жыццё і толькі-толькі прыйшоў да веры. Але вельмі часта абнаўленне перажываюць людзі веруючыя, чыя вера стала сухой, бясплоднай, з’явілася шмат рэлігійнага фармалізму, а замест любові да Бога і захаплення Ім прыйшло шмат мёртвых рэлігійных традыцый.
Абнаўленне ў Святым Духу – гэта вялізны падарунак ад Бога і шанец для нас. Як правіла, яно адбываецца не адзін раз. Апостал Павел заклікае: напаўняйцеся Святым Духам (Еф 5,19). Многія багасловы звяртаюць увагу, што гаворка ідзе не пра адно напаўненне Духам Божым, а пра досвед, які перыядычна павінен паўтарацца. Мы бачым гэта ў жыцці апосталаў. Яны перажылі Пяцідзесятніцу, але пасля асаблівая прысутнасць Духа Святога перажывалася імі некалькі разоў. У багаслоўі гэта называецца “малым спасланнем Святога Духа”.
Дзеля чаго трэба гэтае абнаўленне і чаму яно павінна паўтарацца час ад часу? Справа ў тым, што мы надта проста чарсцвеем і становімся нежывымі. Зямля, якая перыядычна не атрымлівае вільгаці, пачынае станавіцца сухой і трэскаецца. Гэтак і з намі. Нават калі мы верна выконваем нейкія рэлігійныя правілы, але не абнаўляемся Жывой Вадой, кім ёсць Святы Дух, мы становімся сухімі і бескарыснымі. Заўважце, што зямля нікуды не знікае, проста без вады ад яе мала карысці. Аднойчы мяне вельмі ўразіла адна песня, дзе аўтар спяваў, што для некага людзі дзеляцца на разумных і неразумных, на багатых і бедных, на здаровых і хворых, а для яго існаваў толькі адзін падзел – жывыя і мёртвыя. Сустракаючыся з рознымі вернікамі, я пачаў назіраць, што мяне таксама хвалюе гэтае пытанне – ці ёсць у чалавеку хаця б крыху жыцця ад Духа Святога. І справа не ў актыўнасці чалавека, не ў яго дзейнасці, харызматах ці пабожнасці. Абнаўленне ў Святым Духу закранае чалавечае жыццё нашмат глыбей. Апостал Павел піша, што абнаўленне ў Духу прыносіць канкрэтныя вынікі, ён пералічвае тое, што дае нам Святы Дух. Гэта – любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць (гл.Га 5,22-23). Не ведаю, ці ўсё апостал пералічыў, але у чалавеку, які перажыў абнаўленне ў Духу Святым, часта сапраўды бачная любоў, радасць, супакой. Гэта тое, што кідаецца ў вочы.
Такім чынам, абнаўленне ў Святым Духу тычыцца не знешніх формаў малітвы (праслаўленне або паднятыя рукі), гэта таксама і не новая пабожнасць. Дух Святы мяняе ўсяго чалавека – яго пабожнасць, погляды на жыццё і на гэты свет, яго думкі, мары, адносіны з людзьмі і з Богам. Абнаўленне ў Святым Духу закранае ўсяго чалавека.
Людзі, якія перажывалі абнаўленне ў Святым Духу, пачыналі інакш пакланяцца Богу, інакш спяваць. Бачу, што малітва праслаўлення для многіх сталася такім знешнім знакам абнаўлення – нешта новае, жывое. Аднак, да свайго расчаравання, я пачаў назіраць у Беларусі нейкі безлад. Ужо неаднойчы давялося бачыць, як малітвай праслаўлення называлі ўсялякую спробу пабегаць з мікрафонам па сцэне або “адарвацца” на інструментах. Мне даводзілася бачыць тое, што я б ніколі не назваў малітвай праслаўлення. Ішла гаворка хутчэй пра нейкі новы стыль каталіцкіх дыджэяў або завадзілаў натоўпу. Чалавек, які сам не перажыў духоўнага ўнутранага абнаўлення, а толькі знешне спрабуе заахвочваць моладзь да спеву, – ніколі толкам не зразумее, што значыць – праслаўляць Бога за Яго дабрыню і міласць. Ён не разумее, навошта гэта рабіць і як гэта рабіць. У выніку атрымліваецца не праслаўленне Бога, а музычная “паказуха”. І гэта адразу бачна.
Такім чынам, асабліва хачу звярнуць увагу на тое, што духоўнае абнаўленне тычыцца розных сфераў нашага жыцця, а не толькі малітвы.
Абнаўленне розуму
Езус у прыпавесці пра сейбіта кажа, што калі не разумеем слова, то прыходзіць вораг і вырывае пасеенае Богам. Менавіта таму, паколькі абнаўленне павінна датычыць не толькі знешняй формы пабожнасці, а ўсяго чалавека, мы павінны разумець агромністае значэннне абнаўлення нашага розуму, нашага мыслення.
І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае (Рым 12,2).
Нам трэба абнавіць наш розум, каб пазнаць, што думае наш Бог. Апостал Павел піша: каго мы слухаемся, таго мы і рабы (Рым 6,16-17). На наш розум уплывае наша гісторыя, сям’я і продкі, асяроддзе, гэты свет, культура, мода і г.д. Мы слухаем усе гэтыя галасы. Часта нават не задумваемся, адкуль у нас такія ці іншыя думкі, погляды, прагненні, мары. Часта мы наіўна думаем, што ўсё гэта наша, а насамрэч вельмі часта гэта чужы голас, які мы свядома або несвядома слухалі, прынялі, якому паверылі. У большасці мы не задумваемся пра тое, наколькі мы залежныя. Многія палітычныя рэжымы, такія як фашызм ці камунізм, лічылі галоўнай мэтай – запанаваць над розумам чалавека. Але панаваць над розумам чалавека найперш хоча князь гэтага свету – сатана. Паверце, што гэта вельмі сур’ёзная тэма! І ў выніку гэтых шматлікіх варожых галасоў у нашым розуме і памяці мы становімся нібы чужымі перад Богам, мы пачынаем не разумець, што думае наш Створца і Збаўца. Гэта духоўная бітва за чалавечы розум і сэрца ідзе ад самага пачатку грэхападзення.
Ищите Господа, когда можно найти Его; призывайте Его, когда Он близко. Да оставит нечестивый путь свой и беззаконник - помыслы свои, и да обратится к Господу, и Он помилует его, и к Богу нашему, ибо Он многомилостив. Мои мысли - не ваши мысли, ни ваши пути - пути Мои, говорит Господь. Но как небо выше земли, так пути Мои выше путей ваших, и мысли Мои выше мыслей ваших (Іс 55,6-9).
Скарыць свой разум перад Богам, пачаць думаць так, як думае Ён – гэта цэлы духоўны працэс, каб зразумець, як думае Бог.
Цялеcны ж чалавек не прымае таго, што ад Духа Божага. Бо гэта для яго глупства, і ён не можа спазнаць, таму што гэта разумеюць духоўна. А духоўны чалавек можа разважаць пра ўсё, пра яго ж не можа разважаць ніхто. Бо хто пазнаў розум Пана, каб павучаць Яго? Мы ж маем розум Хрыстовы (1 Кар 2,14-16).
Пазнаваць, што думае Госпад, ачышчаць свой розум ад чужых галасоў і падпарадкоўваць яго Божым думкам – гэта вельмі прыгожы этап духоўнага жыцця, які патрабуе адпаведнага намагання. Як гэта адбываецца? Найперш праз глыбокае пазнаванне Бібліі, разважанне над Божым словам і праз малітву. Таксама вельмі важны ўласны духоўны вопыт і вопыт іншых. Аднак тут трэба быць вельмі асцярожным, таму што тое, што Бог паказваў некаму, яшчэ не азначае, што гэта трэба табе, або што гэты нехта не памыляўся. Часам духоўны вопыт іншых можа нам нават перашкаджаць. Таксама наш духоўны вопыт можа быць ілжывым, паколькі на наш розум і дух уплывае не толькі Бог, але і нашыя эмоцыі, і злы дух. Тут трэба шмат пакоры, асцярожнасці, трэба мець страх Божы, павінна быць паслядоўнасць, адпаведныя крокі ў духоўным жыцці. Думаю, вельмі трапнымі будуць тут словы Носкава: Не осуждай меня, Господь, за то, что Именем Твоим я называл совсем иное. Канечне, хацелася б нам мець матэматычную ўпэўненасць у духоўным вопыце, але Богу больш даспадобы шалёная вера Абрагама.
Бог думае не так, як чалавек…
Працягваючы разважаць над абнаўленнем розуму, хачу падзяліцца некаторымі прыкладамі, якія паказалі мне, што Бог сапраўды не думае так, як думаем мы. Гаворка пойдзе пра мой духоўны досвед, які вынікае з пэўных перажытых гісторый, і таму я прымаю іх з верай, але гэта не азначае, што і ўсе таксама абавязаныя верыць.
- На сённяшні дзень сямейная тэматыка вельмі важная для Бога. У сям’і перадаецца вера. Ад сям’і залежыць будучыня грамадства і Касцёла. На жаль, многія хрысціяне не маюць прыкладаў, што значыць быць мужам і жонкай, татам і мамай згодна з Божым замыслам. Многія маладыя вернікі да шлюбу маюць сэксуальны вопыт не таму, што яны такія дрэнныя, а таму, што ніхто іх у сям’і не падрыхтаваў да выхаду ў свет. Часта мы чуем у Касцёле пра клопат аб манаскіх і святарскіх пакліканнях, а сямейная тэматыка, на жаль, мала абмяркоўваецца. Як правіла, яна ўзнікае тады, калі пачынаюцца праблемы. Гэтая тэма проста ляжыць аблогам, і яна адна з самых гарачых перад Богам.
- Сёння агромністая зацікаўленасць псіхалогіяй. Не хачу памяншаць яе ролі, але Бог паказваў мне, што многія пытанні, якімі займаецца псіхалогія, належаць да духоўнай сферы, і таму людзі часта безвынікова шукаюць адказы на свае праблемы.
- Зразумеў, што ў пілігрымцы найбольш важны той чалавек, з якім ты ідзеш, нават больш, чым тое, куды ідзеш і што спяваеш. Таму часта мае значэнне сам факт, што людзі ідуць, моляцца, разважаюць над Божым словам, спавядаюцца, размаўляюць. Але, разам з тым, у Бога ёсць паняцце святасці і намоленасці месца. Бог даў мне зразумець, што такімі месцамі з’яўляюцца Росіца і Орша. Паверце, гэтае разуменне вынікае не з таго, што я працую ў Оршы і не з-за майго марыянскага “патрыятызму” да Росіцы. Мае чалавечыя думкі ў гэтым плане вельмі нават адрозніваліся ад Божых.
- Не разумею чаму, але для Бога і надалей важна, каб у нейкім месцы стаяла святыня. Гэта часам пярэчыць чалавечай логіцы, асабліва калі няма, здавалася б, вялікай душпастырскай патрэбы.
- Нельга кідацца ратаваць усіх, хто просіць помачы. Для Бога важна сэрца чалавека – ці ён шукае Яго, ці перажывае пакаянне, ці спрабуе нешта з сабой рабіць. Таму не з усімі трэба сустракацца і не за ўсіх маліцца. Часта гэта вельмі некамфортна – па-чалавечы спрабаваць тлумачыць, чаму ты не можаш чалавеку дапамагчы. Бог вучыў мяне маліцца найперш не паводле просьбы чалавека, а каб тое, што Божае, стала на першае месца (бо часам просьбы неблагія, але яны выключна чалавечыя).
- Малітва і Божае слова ў многіх выпадках нашмат больш важныя для Бога, чым наша знешняя актыўнасць. Мне Бог паказваў, што калі я мала разважаю над Божым словам і менш малюся, я слабну духоўна і наступствы становяцца адчувальнымі. Сіла Божага слова не толькі ў ведах. У ім ёсць духоўная сіла, Божая прысутнасць. Асабіста мне гэта нават цяжкавата зразумець па-чалавечы, таму што хочацца думаць, што наша знешняя актыўнасць прыносіць больш вынікаў.
Не праведнасць, а давер да добрага Айца
Адзін з важных момантаў абнаўлення нашага мыслення – гэта разуменне праўды, што перад Ім мы не можам выслужыцца, улагодзіць Яго, уратаваць саміх сябе… Гэта вельмі распаўсюджаная памылка. Бог патрабуе веры, а нам усё хочацца нешта Яму даказаць. А што тычыцца веры, то пра яе дбаем няшмат – усё шукаем упэўненасці. Езус кажа ў размове з Нікадэмам: Дух вее дзе хоча і не ведаеш куды ідзе. Абнаўленне дае давер Богу і здольнасць рызыкаваць. Некалі мне наіўна здавалася, што верыць Богу проста. Аказалася, што для веры трэба ўнутранае абнаўленне. Верыць не толькі ў існаванне Бога, але верыць Богу як добраму Айцу можна толькі ў Духу Святым. Многія не могуць прыняць гэтага. Яны па-чалавечы думаюць, што Ён суровы, пакарае, не клапоціцца пра нас, не прабачыць. Гэтыя сцены няверы можна адолець толькі сілай Святога Духа, а не рэлігійнымі тэхнікамі і чалавечымі разважаннямі. У адной гісторыі Бог неяк паказваў мне: гавары ёй толькі пра любоў Бога і нічога больш, бо без гэтага яна больш нічога не пачуе і не будзе здольная прыняць.
Перашкоды абнаўлення
Неразуменне таго, што Бог чыніць усё новае
Гэта вельмі важна прыняць для нашай тэмы. Таму асаблівым чынам кладу на гэта націск. Абнаўляць нашыя “старыя мяхі” трэба не для таго, каб дайсці да хрысціянскага ідэалу або стацца бязгрэшным. Вельмі хачу, каб мы зараз не ўвайшлі ў маралізатарства і духоўную “самашліфоўку”. Абнаўленне павінна быць, таму што Бог прыносіць “новае віно”, Ён стварае ўсё новае, а мы павінны быць гатовыя да гэтага Божага плану, які робіць усё новае.
Той, хто сядзеў на троне, сказаў: «Вось чыню ўсё новае». І дадаў: «Напішы, што словы гэтыя верныя і праўдзівыя» (Ап 21,5).
Гэтыя словы з Апакаліпсіса паказваюць нам характар Бога і Яго прыроду. Ён увесь час стварае. Многія багасловы ўжываюць паняцце, што Бог надалей нараджае. Гэта бясконцы працэс. Нам трэба быць да гэтага гатовымі. Мы сустракаемся з тымі рэчамі, якіх раней не было. Езус распавядае нам пра новую дзяржаву, якая называецца Божым Валадарствам. Прарок Ісая кажа, што ў гэтай дзяржаве будзе супакой, не будзе войнаў, агрэсіі, фізічная праца заўсёды будзе даваць бачныя вынікі, будзе даўгалецце, а супакой будзе такі, што нават жывёльны свет не будзе мець агрэсіі:
Ибо вот, Я творю новое небо и новую землю, и прежние уже не будут воспоминаемы и не придут на сердце. А вы будете веселиться и радоваться вовеки о том, что Я творю: ибо вот, Я творю Иерусалим веселием и народ его радостью. И буду радоваться о Иерусалиме и веселиться о народе Моем; и не услышится в нем более голос плача и голос вопля. Там не будет более малолетнего и старца, который не достигал бы полноты дней своих; ибо столетний будет умирать юношею, но столетний грешник будет проклинаем. И будут строить домы и жить в них, и насаждать виноградники и есть плоды их. Не будут строить, чтобы другой жил, не будут насаждать, чтобы другой ел; ибо дни народа Моего будут, как дни дерева, и избранные Мои долго будут пользоваться изделием рук своих. Не будут трудиться напрасно и рождать детей на горе; ибо будут семенем, благословенным от Господа, и потомки их с ними. И будет, прежде нежели они воззовут, Я отвечу; они еще будут говорить, и Я уже услышу. Волк и ягненок будут пастись вместе, и лев, как вол, будет есть солому, а для змея прах будет пищею: они не будут причинять зла и вреда на всей святой горе Моей, говорит Господь (Іс 65,17-25).
Рыхтуючыся да мінулага курса “Эмаўс” я звярнуў увагу на тое, як апостал Павел цытуе Стары Запавет, тлумачачы дар моваў (1 Кар 14). Але гэтая цытата не шмат даказвае, яна тычыцца зусім іншай тэмы. Усё проста. Справа ў тым, што ў Старым Запавеце не было дару моваў, Дух Святы так сябе яшчэ не праяўляў. Не было ўваскрасення, не было перамянення на гары Табор, не было Зачацця без удзелу мужчыны, не было мэтанакіраванай евангелізацыі паганскіх народаў. Уявіце, што было б, калі б апосталы не былі здольныя прыняць таго новага, што прынёс ім Езус!
Езус прыносіць шмат новага: адмяняе развадныя лісты, адмяняе права кроўнай помсты, адмяняе клятвы, за Ім ходзяць жанчыны (і гэта не стыль хіпі), Ён есць з мытнікамі, дазваляе дакранацца да сябе блудніцам, ідзе да самаранаў і паганаў, благаслаўляе дзяцей, прыносіць Новы Запавет (гл. Габр 8,7-13). Мы сёння не звяртаем на гэтыя рэчы ўвагі, але для многіх габрэяў ўсё гэта веяла такім мадэрнізмам і лібералізмам, што яны ненавідзелі Хрыста, ім здавалася, што праз гэтае “новае” Ён нішчыць іх веру.
Аднойчы я пачуў фразу: «У гэтым свеце Духа Святога ўсё больш і больш». Думаю, што гэта праўда. І гэта нягледзячы на тое, што наш свет грэшны цяпер, як, магчыма, ніколі раней. Гаворка тут не пра тое, што свет становіцца больш праведным і годным дзеяння Бога. Не, на гэта не выглядае. Але Бог робіць усё новае, усё больш і больш.
Калі мы не разумеем гэтага творчага характару Бога, калі не гатовыя да зменаў у грамадстве, народзе, у нашым асабістым жыцці, то мы не зможам прыняць удзелу ў абнаўленні, якое нясе Бог.
Аднойчы я сказаў аднаму чалавеку: “Бог можа даць табе новае жыццё”, на што пачуў адказ: «Дзякуй, я не хачу ніякіх зменаў, мяне ўсё задавальняе». Калі мы ставім такія кропкі, то духоўнага абнаўлення не будзе і мы раней ці пазней засохнем. Падабаецца нам гэта ці не, але Бог робіць усё новае.
Хачу тут сказаць пра адну небяспеку. Ёсць людзі, якія ганяюцца за нечым новенькім, шукаюць сенсацый, кантраверсій, увесь час правакуюць. Насамрэч, тут мы назіраем тады не духоўнае абнаўленне, а глыбокія духоўныя праблемы неспакойнага чалавечага духа. Такія людзі самі ствараюць для сябе ўсё новае, не могуць заглыбіцца ў штосьці, не маюць сталасці і паслядоўнасці. Гэта праблема. Важна зразумець, што гэта не мы шукаем нечага “новенькага”, а прымаем тое новае, што робіць Бог. Для гэтага трэба шмат пакоры перад Богам, патрэбны страх Божы, духоўны досвед і асцярожнасць. Думаю, што як найбольш адпаведнай тут будзе прыпавесць пра мудрага чалавека, які дастае рэчы старыя і новыя. Сапраўды, патрэбна мудрасць і распазнанне, каб убачыць, які духоўны вопыт і надалей актуальны, а што новае трэба прыняць з Божай рукі.
Калі мы не гатовыя да зменаў, да таго новага, што гатовы даць нам Бог – гэта вялікая духоўная праблема, якая не дазваляе нам перажываць абнаўлення ў Святым Духу. Ходзячы па калядзе, я меў магчымасць убачыць шмат вясковых хатаў, дзе столькі староцця, столькі бруду, што часам здзіўляешся, як тут могуць жыць людзі. І пытанне не ў беднасці. Некаторыя жывуць вельмі сціпла і бедна, але там прыбрана, акуратна, чыста. Пытанне не ў адсутнасці грошай, а ў няздольнасці згадзіцца на змены. Усе гэтыя старыя газеты на сценах, замусоленыя абрусы, смярдзючыя анучы ў кожным куце – гэта няздольнасць да зменаў. Думаю, што тут вялікая духоўная праблема. Гэта выразны вобраз, які паказвае, як выглядае ўнутраны стан чалавека, які не гатовы да зменаў у сваім жыцці, а таму і не бачыць цудаў ад Бога. Часам мне вельмі хацелася сказаць чалавеку: «А вы не думалі, што ў вашым жыцці ўсё можа быць інакш, па-новаму, вы не хацелі б нешта змяніць?». Але разам з гэтым жаданнем выразна адчуваў, што чалавека ўсё задавальняе… Я адчуваў сябе нібы Марфеус з “Матрыцы”, які прапануе дзве таблеткі. Пасля адной ты вяртаешся ў сваё старое жыццё і нічога не мяняецца. Пасля другой пачынаецца зусім іншае жыццё, поўнае невядомага.
Заўважце, што прапанова Езуса пакінуць чаўны, працу, сям’ю, багацце, дзяржаву – гэта не што іншае як прапанова зрабіць крок у напрамку да новага жыцця з Богам. Гаворка не пра тое, што вучні Езуса жылі вельмі грэшна. Тут не пра грэх гаворка, а пра тое новае, што чыніць Бог.
Падумай, ці былі такія гісторыі, калі Бог паказваў, што Ён думае не так, як думае чалавек? Як успрымаў ты гэта? Ці гатовы ты прымаць тое, што Ён усё робіць новае?
Пажадлівасці і грахі
Адна з прычынаў няздольнасці перажываць абнаўленне ў Святым Духу – гэта чалавечая пажадлівасць, альбо похаць. Тут вядзецца не толькі сэксуальнасць, але пра жаданне, каб было па-мойму, каб дагаджаць сабе, а не Богу. У прыпавесцях Езус шмат кажа пра слугаў. Гэта важны евангельскі вобраз. Божы чалавек клапоціцца не пра свае справы, а пра справы Бога. Тэма, насамрэч, даволі банальная, мы часта яе чуем, але ў ёй хаваецца аснова духоўнага жыцця. Чалавек, які не распачаў барацьбу са сваімі пажадлівасцямі і не шукае, як дагадзіць і паслужыць Богу, духоўна не развіваецца і не перажывае абнаўлення. Мы можам гэтую праўду ведаць і шмат пра яе разважаць, але калі я ўвесь час тапчуся вакол самога сябе – ніякага духоўнага абнаўлення не адбываецца. Няхай папярэджаннем аб тым, наколькі гэта сур’ёзна, будуць словы Езуса, якія Ён сказаў Пятру:
Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае! (Мц 16,23).
Да пажадлівасцяў можна аднесці і сэксуальнасць, і нашыя планы, і амбіцыі, і ляноту, і тыя прыемнасці ды моду, якую падсоўвае нам гэты свет.
Адкажы сабе, ці твае разнастайныя пажадлівасці не з’яўляюцца галоўнай прычынай адсутнасці духоўнага абнаўлення?
Як адбываецца абнаўленне?
Найперш – гэта дзеянне Святога Духа. Абнаўленне нельга проста вымаліць ці заслужыць. Калі Бог бачыць, што мы гатовыя прыняць “новае” з Яго рукі – Ён дае. Такое абнаўленне можа быць на прыватнай малітве, на малітоўнай сустрэчы, можа адбыцца пасля размовы або сустрэчы з Божым чалавекам. Яно можа адбыцца ў любы час і на любым месцы, паколькі аўтарам гэтага абнаўлення ёсць Бог, а не чалавек. Важна, аднак, звярнуць увагу, што духоўнае абнаўленне ў Святым Духу прыносіць нам не палёгку на кароткую хвіліну, а трывалыя змены на многія гады ці нават на ўсё жыццё. Яго немагчыма зблытаць з часовым эмацыйным перажываннем ці мімалётнай думкай. Духоўнае абнаўленне нібы пячатка ад Духа Святога, пра якую нельга забыцца або сцерці. Яно можа адбывацца некалькі разоў, але заўсёды пакідае значны след, плён Святога Духа, пра што пісаў апостал Павел.
Аляксандр Жарнасек, МІС