1Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў». А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву». Тады сказаў другому: «Ідзі за Мною». Але той адказаў: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго». А Ён сказаў яму: «Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае». Яшчэ іншы сказаў: «Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі». А Езус сказаў яму: «Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага» (Лк 9,57-62).

Згаданы тут фрагмент з Евангелля апавядае нам пра людзей, якія маюць жаданне ісці за Хрыстом, але па розных прычынах не ідуць. Паміж іх пабожнымі прагненнямі і рэалізацыяй ляжыць прорва. Чаму так дзеіцца? Хрыстос дае нам адказ у кароткай прыпавесці, узятай з жыцця простых людзей. Чалавек, які ідзе за плугам, павінен глядзець наперад, каб добра ўзараць зямлю, у якую ўпадзе Божае зерне. Калі не сачыць за плугам, ён пойдзе верхам альбо ўбок і зерне не прарасце. Трэба шмат пільнасці, засяроджанасці, увагі. Але іх няма з-за таго, што чалавек азіраецца. Азіраецца на што? Адказаў можа быць шмат. Нехта напісаў, што чалавек адводзіць свой позірк ад Хрыста на зямныя рэчы, ад духоўных жаданняў да цялесных, ад паслухмянасці веры да чалавечай мудрасці і разліку, ад Божых Запаведзяў да правілаў гэтага свету, ад прыкладу Хрыста да прыкладаў людзей гэтага свету. Думаю, што такі пералік можа быць нашмат большы. Напэўна трэба звярнуць увагу на тое, што згаданыя людзі не ідуць за Хрыстом не таму, што маюць цяжкі грэх. Ім перашкаджаюць, здаецца, простыя жыццёвыя, нават банальныя рэчы. Менавіта таму мы таксама паспрабуем шырэй паглядзець на нашую тэму. Наш позірк адварочваецца назад з-за граху, асяроддзя, успамінаў, цяжкіх перажыванняў, набытага жыццёвага вопыту.

Хрыстос не кажа нам, што азіраючыся, мы робім нешта кашмарнае. Проста мы тады не надаемся да Божага Валадарства. Рускі пераклад ужывае слова «благонадёжность». Інакш кажучы, Бог чакае, што зерне павінна ўзысці, вырасці, прынесці плён. Бог разлічвае, што мы падрыхтуем глебу для Божых планаў. Азіраючыся ж назад, мы проста становімся ненадзейнымі перад Богам. На нас тады нельга разлічваць. А гэта ўжо гучыць нашмат сур’ёзней.

 

2Вяртанне да граху

Недахоп рашучасці выбару

Чалавек, які хоча парваць са сваім грахом, павінен зрабіць рашучы выбар. Вельмі часта гэтай рашучасці і не хапае, а намі кіруюць эмоцыі, уплыў людзей або акалічнасцяў і г.д. Чалавек можа плакаць з прычыны свайго граху перажываць за грэх, спавядацца, але праз нейкі час можа да таго ж граху вярнуцца. Ці гэтае пакаянне было несапраўдным? Не сказаў бы… Проста не было рашучасці і адназначнасці. Дзяўчына можа перажываць за свой грэх нечысціні, але дастаткова будзе памірыцца са сваім хлопцам або закахацца чарговы раз, і грэх вяртаецца. Проста ў часе яе пакаяння не было ўмоваў да граху, а тут яны з’явіліся.  Праблема ў тым, што проста няма рашучасці параваць з грахом.

Адна жанчына мела шмат праблемаў. Аказалася, што яна некалі займалася акультнымі практыкамі, звярталася да “бабак” і г.д. Пазней яна пакаялася, шкадавала за ўсё гэта, зразумела свае памылкі. Тым не менш, праблемы духоўнага плану зусім не скончыліся. Падчас малітвы Госпад паказаў прычыну гэтага – яна не мела рашучасці ў разрыве з грахом. Спачатку я не разумеў гэтага. Пры чым тут якая рашучасць, калі яна ўжо паспавядалася? Пасля зразумеў, што калі б ёй паказалі “бабку”, якая на сто адсоткаў дапамагла б ёй і не было б наступстваў гэтых практык у зямным жыцці, то яна спакойна згадзілася б на такую “помач”.

Такім чынам, адсутнасць цвёрдага выбару, рашучасці часта вяртае нас у тыя самыя грахі, нягледзячы на нашыя часам слёзныя пакаянні.

Настойлівасць важная не толькі ў сферы грахоўнай. Яна важная таксама ў сферы прыняцця рашэнняў. Без яе чалавек таксама ўвесь час азіраецца. Напрыклад, нехта выходзіць замуж ці жэніцца, але яго рашэнне не было станоўчым. У хуткім часе такі чалавек пачынае азірацца і думаць пра магчымыя лепшыя варыянты – пра лепшага мужа, пра манаства, святарства і г.д. Гэта адбываецца часам і з тымі, хто стаў манахам ці святаром, некаторыя таксама ўвесь час азіраюцца і не могуць ісці наперад. У сваёй мудрасці Касцёл дае нам час на прыняцце перад Богам рашэння, на малітву, разважанне, але надыходзіць такі момант, калі гэтае рашэнне трэба прыняць і прыняць канчаткова. Пасля яго ўжо азіранне не мае ніякага сэнсу і яно становіцца проста катастрафічным. Нават калі нехта і памыліўся па-чалавечы з прынятым рашэннем, то з гэтымі памылкамі трэба навучыцца жыць, шукаючы любові Божай і давяраючы Яму. Безупыннае ж азіранне назад становіцца яшчэ горшай памылкай.

Цікава, што ў жыцці людзей, якія не маюць адказнасці за свае рашэнні, увогуле цяжка казаць пра правільныя ці няправільныя рашэнні. Яны ўвесь час азіраюцца, увесь час задаюць пытанне: а што калі б было па-іншаму?... Здаецца, што гэта глыбейшая праблема за няправільнае тое ці іншае рашэнне. Псальм 14 кажа нам, што з Госпадам будзе жыць той, хто нават калі дае нявыгадную для сябе прысягу (прымае дрэннае рашэнне), будзе яе выконваць (Пс 14,4). Зразумела, што гаворка ідзе не пра грэшнае абяцанне, а пра памылковае.

Дарэчы, святы Антоні Егіпецкі лічыў, што прыпавесць гаворыць пра таго, хто не ўпэўнены ў сваім рашэнні і пачынае за яго шкадаваць. Асабіста мяне Бог вучыў, што нават калі ў цябе і з’яўляюцца думкі ці эмоцыі, каб пабядоліць над сваімі рашэннямі і выбарамі, то нельга іх выказваць, а нават жартаваць на гэтую тэму. Гэтае навучанне даў мне Госпад, паказваючы, што я не павінен шкадаваць за сваё рашэнне не ўжываць алкаголю праз усё жыццё.

    заданне падумацьУ малітве распазнай, ці ў тваім жыцці і ў тваіх рашэннях ёсць цвёрдасць.

 

3Асяроддзе, якое змушае азірацца

Іншая прычына, якая змушае нас азірацца на грэх, – наша асяроддзе. Апостал Ян у першым Пасланні вельмі моцна просіць вернікаў, каб яны не мелі нічога супольнага з гэтым грэшным светам. Здавалася б, а што тут такога? Я нічога дрэннага не раблю. Яны сабе, а я сабе… Аднак практыка паказвае, што калі няма гэтага выразнага аддзялення, то грэшны свет зацягвае нас нібы тое балота, а мы нават гэтага і не надта заўважаем. Не выпадкова Бог забараняў ізраільскаму народу пакідаць на тэрыторыі дзяржавы старых ідалаў, браць нават залатыя талісманы, жаніцца з язычніцамі. Бог загадвае нават пыл атрасаць, вяртаючыся ад язычнікаў у свой край.

У прыпавесці пра скарб у полі Езус паказвае, што мала толькі думаць пра сам скарб (Божае Валадарства, рашучае пакаянне), але трэба найперш купіць поле, дзе гэты скарб ляжыць, што азначае, задбаць пра асяроддзе.

Асабіста я гэтую тэму называю “незачыненымі форткамі”. У маленстве я часта чуў гісторыі, як людзі зачынялі дзьверы, але пакідалі адчыненымі форткі, а пасля праз іх у хату залазілі злодзеі. Так часта адбываецца і ў нашым жыцці. Нехта разумее, што трэба разарваць грэшныя адносіны з тым альбо іншым чалавекам. Разрыў нібы адбываецца. Але застаецца нумар у тэлефоне або кантакт у сацыяльных сетках. Гэта і ёсць тыя форткі, праз якія зло зноў можа ўварвацца ў жыццё.

Адзін былы вязень некалі сведчыў мне, што, нягледзячы на пакаянне і шчыры жаль, ён вяртаўся да граху. Пасля ён зразумеў, што было гэтай “форткай”. Блакнот з многімі адрасамі і тэлефонамі, які давялося спаліць. Для таго, каб зачыніць “форткі”, я раіў бы людзям нішчыць старыя пісьмы, фотаздымкі, часам мяняць працу. Для некага такой “форткай” з’яўляецца бутэлька спіртнога, якая стаіць дома. Нібыта чалавек ужо і не п’е, але навошта тады стаіць бутэлька?

Асяроддзе, якое змушае нас вяртацца да граху – гэта як рэчы, так і людзі. Узгадаем, што менавіта з прычыны прысутных гасцей цар Ірад прымае рашэнне забіць Яна Хрысціцеля. Вельмі важная гісторыя пададзена нам пра знішчэнне Садомы і Гаморы. Найчасцей мы кажам, што гэта былі страшна грэшныя гарады, а адзіны там праведнік быў Лот са сваёй сям’ёй. Ну, выключэннем можа лічым жонку Лота, якая, насуперак наказу анёлаў, абярнулася ў бок палаючых гарадоў і стала саляным слупом. Але калі ўважліва прачытаць усю гэтую гісторыю, то можа аказацца, што не зусім яны там былі і праведнікі. Мужы дачок Лота не паверылі ў кару Божую, жонка абярнулася, дочкі Лота пасля выхаду з Садомы і Гаморы дадумаліся пераспаць са сваім бацькам. Ды і сам Лот, як кажа Біблія, не спяшаўся з выхадам. Яго нібы нешта трымала. Біблія кажа, што Бог вывеў Лота за руку нібы прымусам па вялікай міласці да яго, а таксама з прычыны Абрагама, які так прасіў Бога за гэтыя гарады (гл. Быц 19,15-33).

Чаму вучыць нас гэтая гісторыя? Яна паказвае, што жывучы сярод зла, вельмі цяжка застацца верным Богу і ісці наперад. Усю сям’ю Лота нібы нешта змушае азірацца. Зразумела, што мы, вернікі, не можам схавацца на Марсе, але мы павінны памятаць, які ўплыў на нас аказвае грэшны свет і павінны праяўляць асаблівую асцярожнасць, увесь час мы мусім чуваць. Магчыма, многія з вас заўважылі, што не мы, вернікі, змяняем свет ці ўплываем на яго, але вельмі часта гэты свет змяняе нас. Гэта як багатыя і распусныя Садома і Гамора паступова засмоктвалі Лота і яго сям’ю так, што Богу давялося іх вырываць адтуль. Трэба нам рабіць высновы.

заданне падумаць

Паразважай пра ўплыў асяроддзя і гэтага свету на цябе.

 

 

 

4Вяртанне праз успаміны

Божы наказ пра памяць

Найперш хочацца сказаць, што памяць і ўспаміны не з’яўляюцца нечым дрэнным. Больш за тое, Бог наказвае нам і вучыць нас памятаць пра важныя падзеі, узгадваць пра іх і пераказваць наступным пакаленням. Менавіта таму Бог вучыць Майсея:

Только берегись и тщательно храни душу твою, чтобы тебе не забыть тех дел, которые видели глаза твои, и чтобы они не выходили из сердца твоего во все дни жизни твоей; и поведай о них сынам твоим и сынам сынов твоих, -  о том дне, когда ты стоял пред Господом, Богом твоим, при Хориве, и когда сказал Господь: собери ко Мне народ, и Я возвещу им слова Мои, из которых они научатся бояться Меня во все дни жизни своей на земле и научат сыновей своих (Втор 4,9-10).

Если спросит у тебя сын твой в последующее время, говоря: "что [значат] сии уставы, постановления и законы, которые заповедал вам Господь, Бог ваш?" то скажи сыну твоему: "рабами были мы у фараона в Египте, но Господь вывел нас из Египта рукою крепкою; и явил Господь знамения и чудеса великие и казни над Египтом, над фараоном и над всем домом его пред глазами нашими (Втор 6,20-22).

Езус сказаў апосталам, што прыйдзе час і Дух Святы будзе нагадваць усё тое, што казаў Хрыстос. Менавіта так паўсталі Евангеллі, ды і ўвогуле ўся Біблія. Гэта не проста нормы, як жыць. У ёй знаходзіцца мноства фактаў Божага дзеяння. Дзякуючы таму, што Дух Святы нагадаў, а людзі сталі запісваць, мы маем магчымасць і надалей чуць голас Божага Сына і быць навучанымі Богам. Памяцьі напамін у духоўным жыцці мае вялікае значэнне. Асабіста я вельмі цаню тое, што важныя для мяне рэчы, якія рабіў ці казаў Бог, яны запісаныя. Гаворка тут не пра пабожныя разважанні, а пра факты той ці іншай Божай прысутнасці. Наіўна думаць, што памяць нас не падвядзе. Часам многія перажываюць сумнівы ў веры, калі табе здаецца, што ты ўсё сабе выдумаў, а можа ўсяго гэтага і не было… Думаю, што гэта злы спрабуе сціраць у нашай чалавечай памяці Божыя рэчы. Мне часам пачынала здавацца, што ў мяне і не было такіх страхаў у жыцці, ад якіх вызваліў мяне Бог. Мне здавалася, што можа я многае сабе надумаў. Але калі адчыняю свае старыя запісы ці апісанні, то сумнівы хутка развейваюцца, бо памяць нібы ажывае. Таму многім бы раіў важныя для сябе духоўныя рэчы запісваць ці хоць бы неяк пазначаць.

Что слышали мы и узнали, и отцы наши рассказали нам, не скроем от детей их, возвещая роду грядущему славу Господа, и силу Его, и чудеса Его, которые Он сотворил. Он постановил устав в Иакове и положил закон в Израиле, который заповедал отцам нашим возвещать детям их, чтобы знал грядущий род, дети, которые родятся, и чтобы они в свое время возвещали своим детям, - возлагать надежду свою на Бога и не забывать дел Божиих, и хранить заповеди Его, и не быть подобными отцам их, роду упорному и мятежному, неустроенному сердцем и неверному Богу духом своим (Пс 77,3-8).

Менавіта таму Бог наказвае ізраільцянам святкаваць Пасху. Справа не проста ў абрадах і традыцыі. Справа ў тым, каб памятаць, каб не забываць, каб пераказаць гэтыя факты наступным пакаленням. Менавіта таму тэма святкавання – гэта найперш тэма фармацыі пакаленняў. Нават у свецкім жыцці мы бачым, як ідзе барацьба за дзяржаўныя святы і розныя помнікі. Чаму? Бо яны нагадваюць пра факты гісторыі і пры ўмелым выкарыстанні фармуюць грамадства.

Нам варта памятаць пра дабро, якое для нас зрабіў Бог. Святы Ігнацы Лаёла раіць, што ў хвіліны выпрабаванняў (пакінутасці) трэба ўзгадваць, што некалі так не было, што Бог даваў суцяшэнне праз тое дабро, якое рабіў у жыцці чалавека, а значыць можа даць яго зноў.

заданне падумацьЦі ўзгадваеш пра важныя моманты Божай прысутнасці ў жыцці? Ці дзелішся гэтымі момантамі з бліжнімі (з дзецьмі, сям’ёй)? Ці не варта пачаць запісваць важныя падзеі?

5Успаміны пра грэх

З аднаго боку памяць пра старое грахоўнае жыццё мае свае плюсы. Чалавек тады менш паддаецца самалюбству і не ўзносіцца ў гардыні, перажыўшы цяжар граху не будзе наіўным, праявіць большую асцярожнасць, часткова ведае тактыку ворага, а значыць, можа пазбегнуць духоўных падзенняў, можа падзяліцца сваім балючым вопытам з іншымі для перасцярогі іх ад зла і г.д. У Бібліі мы чытаем, што таму, хто любіць Бога, усё садзейнічае на дабро. Бог сапраўды з найгоршых сітуацый здольны зрабіць дабро. Думаю, што ні апостал Пётр не забыўся пра сваю здраду, ні Павел не забыў пра тое, як ён нішчыў хрысціянаў. І гэта безумоўна паўплывала на іх духоўны рост.

Але, з іншага боку, вельмі часта злы нагадвае нам пра нашыя грахі, каб пасеяць паніку, страх, нелюбоў да сябе, няверу ў Божую любоў і прабачэнне. Успамін пра балючае грэшнае мінулае часта не дазваляе ісці наперад. Адназначна, што ў гэтым асуджэнні ёсць стратэгія ворага і вельмі сур’ёзная. Што з усім гэтым рабіць?

Бо калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за нашае сэрца і ведае ўсё. Умілаваныя, калі сэрца нашае не асуджае нас, то мы маем адвагу перад Богам. Аб чым ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем запаведзі Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца (1 Яна 3,20-22).

Гэты няпросты тэкст апостала Яна па рознаму тлумачаць. Адны кажуць, што калі сэрца нашае нас асуджае, то тым больш будзе асуджаць Бог. Але іншыя каментуюць, што сэрца наша можа быць хворае і яно не заўсёды дае правільныя падказкі. Напрыклад, часам эмацыйныя перажыванні мы ўспрымаем як Божае натхненне, часам сэрца настолькі прызвычайваецца да граху, што больш не бачыць зла, а часам гэтае сэрца не ведае любові Бога, баіцца Яго і ўвогуле мала з Ім знаёмае. І тады гэтае сэрца можа мучыць чалавека за грахі, хаця Бог даўно ўжо не асуджае, або можа спрабаваць пераконваць чалавека, што Бога трэба пакарыць сваёй ідэальнасцю, бязгрэшнасцю, беспамылковасцю і г.д. Зразумела, што чалавеку не ўдаецца гэтага дасягнуць і сэрца пачынае асуджаць яшчэ больш – ты няварты Божай любові. Гэтае асуджэнне сэрца вынікае з частковай незнаёмасці Бога і, само сабой, што злы аказвае ўплыў на такое хворае і зраненае сэрца.

Апостал Ян кажа, што Бог большы за нашае сэрца. І, заўважце, самаасуджэнне сканчваецца тады, калі нараджаецца адвага перад Богам і мы пачынаем смела ў веры да Яго звяртацца.

Такім чынам, як супрацьстаяць стратэгіі ворага, які нас асуджае? Перш за ўсё, трэба моцна стаяць у веры, што Бог мне прабачыў (пры ўмове, канечне, што я пакаяўся і дайшоў да споведзі). Духоўная барацьба. Памяць, думкі, эмоцыі гоняць нас у адзін бок, а ты, насуперак ім усім павінен моцна вызнаваць у веры: Бог мне прабачыў і кропка. Разумеючы, што гэтае “самаасуджэнне” ёсць атакай д’ябла, трэба ў малітве ў Імя Езуса Хрыста выракацца грэшных думак і атакаў. Гэта не проста разважанні. Трэба сапраўды маліцца, а то нават і ў голас: “У Імя Езуса Хрыста я выракаюся цябе, злы дух самаасуджэння, я забараняю табе дзейнічаць у маім жыцці, я не прымаю тваіх думак і перажыванняў, я вызнаю веру ў тое, што Бог са мною і што Ён мне прабачыў” і г.д. Часам такую малітву трэба паўтараць некалькі разоў, часам шмат дзён ці нават месяцаў. Усё гэта мае сэнс толькі тады, калі мы разумеем, што ідзе размова пра духоўную барацьбу і духоўную атаку ворага. Таксама важна памятаць, што ні ў якім выпадку нельга капацца ў гэтых думках самаасуджэння, разбірацца чарговы раз у іх, разважаць і г.д. Бог, прабачаючы грэх, больш не ўзгадвае пра яго. Ён дазваляе нам пісаць на новай паперы нашую гісторыю, таму такое “капанне” часта не ад Яго. Паўтаруся, што само сабой ідзе размова пра сітуацыю, калі чалавек глыбока і шчыра раскаяўся на споведзі за ўчынены грэх і атрымаў адпушчэнне граху.

У сувязі з тым, што вера мае агромністае значэнне, хачу сказаць, што асабіста я вельмі крытычна стаўлюся да пабожнай практыкі г.зв. “генеральнай споведзі”. Калі яна мае значэнне і павінна адбыцца? Калі папярэдняя споведзь ці споведзі былі не адпаведныя. Напрыклад, калі чалавек утаіў грэх, або многіх грахоў проста не ведаў доўгія гады, або спавядаўся агульна, не называючы грэх канкрэтна па імені, або так вызнаваў грэх, каб святар не зразумеў, пра што ідзе размова. Так ці інакш, ідзе размова пра споведзі, каторыя былі або маглі быць у нейкім сэнсе святатацкімі. Калі ж споведзі былі абсалютна адэкватнымі, а чалавеку проста дрэнна са сваімі ўспамінамі і яму хочацца чарговы раз гэта вызнаць ці проста пагаварыць, то, на маю думку, такія “генеральныя споведзі” не толькі не маюць сэнсу, але нават шкодныя. Чаму? Бо чалавек спрабуе праз іх супакоіць свае эмоцыі, свой душэўны стан, замест таго, каб вучыцца стаяць у веры пра Божую міласэрнасць, любоў і прабачэнне. Вызнаючы чарговы раз свае старыя грахі, чалавек часта супакойвае свае эмоцыі толькі на кароткі час, але зусім не адбываецца кроку веры, няма духоўнага росту і сітуацыя ў корані не мяняецца. Нехта, каментуючы логіку “генеральнай споведзі”, сказаў, што мы азіраемся назад нібы ў люстэрка ў машыне, дзеля таго, каб ехаць наперад. Параўнанне прыгожае, канечне, вось толькі пытанне ці сапраўды пасля таго чарговага “азірання” удаецца ехаць наперад.

заданне падумацьЦі маеш вопыт стаяць у веры насуперак сваім перажыванням і думкам? Калі не, то паспрабуй гэта рабіць у простай малітве, згаданай вышэй.

 

6Успаміны пра цяжкія перажыванні

Падобна як і з памяццю пра грахі, тут ёсць свае плюсы. Цяжкія перажыванні (напрыклад, хвароба, аварыя, смерць блізкай асобы, развод і г.д.) – гэта заўсёды вопыт, які нечаму нас вучыць, ад нечага перасцерагае. У прынцыпе любы самы балючы вопыт можа быць для нас жыццёвым урокам і выпрабаваннем веры, якая можа ўмацавацца.

Але вельмі часта гэтыя перажыванні і ўспаміны нясуць спусташэнне. Канечне, мы часта задаем пытанне: чаму Бог дазваляе памятаць балючае, чаму не забірае, ці выпадкова не вучыць Ён чаму-небудзь? Не бяруся адказваць на гэтыя пытанні, але хочацца многім параіць элементарнае духоўнае правіла многіх святых і праведнікаў. Бог нясе супакой, радасць (часам ціхую радасць), дае надзею, заўсёды паказвае выйсце, бо Ён – святло. Калі пры нашых успамінах пра балючыя перажыванні і блізка нічога з гэтага няма, то асабіста ў мяне вельмі вялікія сумнівы, ці такая памяць пра балючае ёсць у Божых планах. Зразумела, што цяжкі вопыт нагадвае пра сябе ведаць і часта любы ўспамін балючы. Не думаю, што можна на сто адсоткаў цяжкія перажыванні выцерці з памяці. Але разам з болем ад успаміну павінен быць усё ж і спакой, і нейкае выйсце, святло. У чалавека ёсць сілы, ён можа пра гэта гаварыць, пад ім не хістаецца зямля. У такім выпадку можна казаць, што ўспаміны засталіся нібы плямы пасля ранаў, але ўсё ж ёсць спакой, яны не перашкаджаюць жыць далей і верыць Богу. Думаю, грэх апостала Пятра ці Паўла назаўсёды застаўся ў іх памяці балючым рэхам, але яны спакойна маглі пра гэта ўзгадваць проста як пра факт свайго мінулага.

Калі мы разумеем, што балючыя ўспаміны не ад Госпада, не ў Яго планах, то як супрацьстаяць ім? Веру, што наш Бог – гэта Пан гісторыі і будучыні. Ён не мае ні пачатку ні канца, а значыць, Ён мае ўплыў на нашу будучыню, але і на мінулае. У сувязі з гэтым напэўна ёсць сэнс маліцца ў інтэнцыі аздараўлення памяці. Веру, што пасля малітвы наша памяць можа і не анулюецца, але ўспаміны не будуць такімі спусташальнымі і балючымі.

Яшчэ адну параду, як веру, я атрымаў ад Госпада зусім нечакана. Давялося мне прачытаць вынікі даследванняў пра жанчын, якія перажылі роды. Аказалася, што для любой жанчыны роды – гэта натуральна вельмі цяжкае перажыванне, якое застаецца ў памяці. Многія жанчыны адразу пасля родаў маюць думкі, што яны ніколі больш не будуць нараджаць. Але праз большы ці меншы перыяд пераважная большасць згаджаецца на роды, хоць усе і памятаюць пра боль, які перажывалі. Навукоўцы тлумачаць гэта тым, што сам арганізм жанчыны ў працэсе эвалюцыі залечваецца фізічна і псіхічна, каб быць гатовым на чарговы высілак. Калі я гэта чытаў, то, канечне ж, згадаў словы Езуса:

Жанчына, калі нараджае, смуткуе, бо прыйшла яе гадзіна. Калі ж народзіць дзіця, ужо не памятае з радасці пра боль, бо чалавек нарадзіўся на свет. Так і вы цяпер смуткуеце, але Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас. У той дзень вы ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца (Ян 16,21-23).

Езус кажа, што жанчына забываецца пра боль, таму што ў выніку нараджэння дзіця прыходзіць радасць, якая выцясняе боль з памяці жанчыны. Падобным чынам сустрэча з дарагім, любімым Уваскрослым Езусам павінна зацьміць апосталам памяць пра любыя перажыванні і боль.

Езус, наш Лекар, хоча даць нам адну параду. Мы забываемся пра боль, калі на даляглядзе нашага жыцця з’яўляецца нашмат большая радасць. А большая радасць, між іншым, у тым, калі мы не бярэм для сябе, а стараемся даваць (Дз 20,35). У гэтым праяўляецца любоў. Менавіта таму людзям, якія моцна клапоцяцца пра сябе, самалюбным, каторыя не ўмеюць любіць іншых, не ўмеюць цікавіцца іншымі, такім людзям вельмі балюча, ім не хапае радасці, бо не ўмеюць любіць. А калі прыходзіць боль, то ў самалюбстве і эгаізме ён  становіцца проста невыносным, яго няма чым замяніць. Думаю, што для некага гэта могуць быць важныя высновы і парады. Калі нават нехта і не мае радасці, якая была б мацнейшай за балючыя ўспаміны, то можна мэтанакіравана заняцца гэтай тэмай. Можна пачаць шукаць гэтую радасць, большую за боль, прасіць Бога, каб даў яе, паказаў, можна спрабаваць адкрываць сваё пакліканне ад Бога, якое дае радасць, знайсці занятак, працу ад Бога, якая дае радасць і сэнс. Па маіх сціплых назіраннях за сабой і іншымі, многія духоўныя праблемы вырашаюцца тады, калі чалавек пачынае працаваць і калі ў гэтай працы бачыць значна большы сэнс, чым толькі грошы.

заданне падумацьШто ў тваім жыцці прыносіць радасць і спакой? Іх крыніцай ёсць Бог, ці пажадлівасці  гэтага свету?

 

7Фантазіі і мары

Гэтая тэма звязана з успамінамі, якія могуць перарасці ў фантазіі, а яны часта звязаныя як з мінулым, так і з будучым. Толькі ў дадзеным выпадку, большы націск ідзе не на балючыя ўспаміны, а на прыемныя. Гэтыя ўспаміны правакуюць нас марыць, каб нешта добрае паўтарылася, або каб адбылося нешта падобнае. Так габрэі на пустыні пачынаюць узгадваць пра тое, што ім у Егіпце было не так і дрэнна:

Мы помним рыбу, которую в Египте мы ели даром, огурцы и дыни, и лук, и репчатый лук и чеснок (Ліч 11,5).

Такім чынам, азіранне назад, найчасцей на прыемныя ўспаміны, уводзіць нас у сферу мараў і фантазій, якія, само сабой, мілыя і прыемныя. Многія скажуць вядомыя прымаўкі: «марыць не шкодна – марыць карысна», «кепскі той салдат, які не марыць быць генералам» і г.д. Але ці сапраўды мары карысныя, ці карысныя яны для духоўнага жыцця? Такім чынам мы дакранаемся іншай важнай формы “азірання назад” – гэта тэма мараў.

Многія праваслаўныя, услед за Ігнаціем Бранчанінавым кажуць, што ў маарах крыецца зло, паколькі яны ўводзяць чалавека ў «прелести», што азначае самападман. Для многіх гэтая тэма сталася настолькі важнай, што яны часам і не ведаюць пра што ідзе размова, але штосьці вось чулі пра нейкія там «прелести». Паспрабуем разабрацца…

Перш за ўсё трэба сказаць, што за паняццем мараў крыецца шмат розных рэчаіснасцяў. Адна рэч, калі мараць дзеці. У гэтым няма нічога дрэннага, і мы нават самі часта правакуем іх да фантазій. Але калі кажам пра дарослага чалавеку «фантазёр», то гэта не ўспрымаецца кампліментам. Максім Вызнаўца пісаў, што ўсе рэчы былі створаныя Богам як добрыя і яны не могуць быць злымі, але злым можа стацца карыстанне гэтымі рэчамі.

Найперш прыгледзімся, што добрага ў марах. Некалі мяне закранула кніга  «Похитители мечты». Аўтар пісаў пра тое, што Бог дае нам мары, а злы дух зацікаўлены ў тым, каб планы Божыя, якія пасеяліся ў нашых марах, не споўніліся. Ён спрабуе выкрасці гэтыя мары з нашага розуму, падсоўваючы суровую рэальнасць, а таксама часта выкарыстоўвае для гэтага нашу сям’ю, родных, асяроддзе. Гэту тэму можна зразумець на прыкладзе ўваскрашэння. Суровая рэальнасць смерці, могілак, цела, якое распадаецца, слёзы родных, іх адчай спрабуюць “апусціць нас на зямлю”, але мы, хрысціяне, стараемся глядзець вышэй, далей, стараемся думаць пра жыццё вечнае, пра Божае Валадарства. Іншым прыкладам можа быць Неемія, які, будучы яшчэ на выгнанні, пачынае думаць пра адбудову святыні і Ерусаліма. І гэтыя мары былі нічым іншым як Божым натхненнем. У свецкім жыцці неабходнасць мараў таксама бачная. Студэнт, які не можа ўявіць перспектывы сваёй працы ў будучым, не зможа старанна вучыцца і вымагаць ад сябе. У духоўным жыцці мы таксама нічога з сабой не зробім, калі не будзем глядзець наперад, уяўляць нейкія перспектывы. У гэтым сэнсе мары мабілізуюць нас, абуджаюць нашыя жыццёвыя і духоўныя сілы. Але гэтыя мары павінны быць рэальнымі, канкрэтнымі, за імі стаіць праца і вынікі.

Цяпер паглядзім на мары і фантазіі, ад якіх нас асцерагаюць многія духоўныя настаўнікі і нават Божае Слова:

Не мудруйце празмерна, але наследуйце пакорных. Не лічыце сябе мудрымі (не высокомудрствуйте, но последуйте смиренным; не мечтайте о себе) (Рым 12,16)

Цікава, наколькі па-рознаму пададзена ў рускім перакладзе і беларускім. Нашыя фантазіі сапраўды звязаныя з розумам, з празмернымі думкамі пра сябе. Гэта здольнасць чалавечага розума так мадыфікаваць рэальнасць, што чалавек пачынае жыць у іллюзіі. Напрыклад, дзяўчына марыць пра “прынца на белым кані”, а сама так не з кім і не паспрабавала нават пазнаёміцца. Нехта марыць пра вялікія грошы і бізнэс, а сам і блізка не выхоўвае ў сабе працавітасць і адказнасць. Іншыя мараць пра духоўныя ўзроўні і, само сабой, нічога для гэтага не зрабілі. Такім чынам, мары і фантазіі могуць загнаць нас у такі свет ілюзій, які абсалютна не адпавядае рэчаіснасці. Ну і зразумела чаму гэтыя мары настолькі небяспечныя. Асабліва ў жыцці духоўным, дзе сапраўды ёсць шмат магчымасцяў надумаць сабе многае. Духоўныя настаўнікі пісалі пра небяспеку мараў, калі не было яшчэ інтэрнэту. Сёння гэтая небяспека памножылася. Чалавек у сацыяльных сетках лёгка можа стаць супергероем у сваіх выказваннях, меркаваннях, рэлігійных поглядах. Людзі сапраўды шмат цікавага пішуць, толькі часта гэта ўсё віртуальная рэальнасць і фантазіі. Хрысціянскія блогеры пішуць пра прыгажосць Бога, перадаюць адзін аднаму хрысціянскія кліпы, але не знойдуць час на прыватную малітву, чытанне слова Божага ці евангелізацыю. У нейкім сэнсе, з праблемай “віртуальнай рэальнасці” сустрэўся ўжо святы апостал Павел. Яго некаторыя пачалі абвінавачваць, што ён у жыцці не такі й суровы, як гэта выглядае з яго пасланняў. І Павел павінен быў тлумачыцца: калі я прыйду да вас, то ўбачыце, што я ў жыцці такі ж самы, як і ў пасланнях.

8Ёсць яшчэ адна форма небяспечных фантазій. У рускай мове яна называецца «мнительность». Па беларуску яно перакладаецца як “недаверлівасць”, але гэта слова не зусім адпавядае. Раней мне здавалася, што ідзе размова пра залежнасць ад думак іншых. Аказалася, што гэта паняцце нашмат глыбейшае. Ідзе размова пра страхі, якія шмат надумваюць у нашай галаве, падкідваюць чорныя і страшныя фантазіі. І, між іншым, мы часам надумваем тое, што пра нас могуць падумаць і пачынаем баяцца гэтых думак. Такім чынам «мнительность» таксама звязаная з нашымі фантазіямі. І хто з нас не ведае як гэта ўсё мучае і як небяспечна?! Хопіць толькі сыночку ці дачушцы не адказаць на званок мамы, як у галаве многіх мамаў адразу ж малююцца самыя чорныя сцэнарыі. Адкуль яны бяруцца? Часам з цяжкіх перажытых гісторыяў, а часам з набытай здольнасці фантазіраваць і няўмення жыць дадзенай хвілінай.

Не так даўно давялося мне перажыць прыклад такой «мнительности». Невядомы мне чалавек прынёс пакет рэчаў і пакінуў на кухні. Што можна падумаць пра гэту сітуацыю? Для большасці нічога дрэннага. А ў маёй галаве нарадзіліся думкі, што гэта бяздомны, які хоча пасяліцца ў нас, або вязень, які таксама нешта там камбінуе. Адкуль гэта? Бо такія выпадкі ўжо былі. І ў мяне нават думкі не было, што гэта проста нехта прыйшоў ахвяраваць вопратку для бедных. Гэтая гісторыя паказала мне пра вялікую патрэбу абнаўлення чалавечага розуму, пра што піша апостал Павел (Рым 12,2).

Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што праблема фантазій і мараў нараджаецца тады, калі мы няўмела, без карысці, а толькі для эмацыйнага самазадавалення пачынаем азірацца назад, у нашу гісторыю і марым, каб яна паўтарылася. Менавіта таму некаторыя псіхолагі фантазіраванне называюць “успамінамі пра будучыню”.

заданне падумацьПаспрабуй разабрацца ў сваіх фантазіях і марах. Якія з іх Божыя, а якія толькі іллюзія, што адводзіць ад рэальнасці жыцця і рэальнай працы над сабой?

 

Набыты жыццёвы досвед (вяртанне Пятра і апосталаў)

Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі (Ян 21,1-3).

Вельмі кранальны момант. Пётр пасля ўсіх балючых падзеяў, пасля сенсацыі ўваскрашэння Хрыста, адчувае сябе разгубленым. Яны зноў разам, але сярод іх няма Хрыста. І тут раптам вопыт трох гадоў хаджэння за Хрыстом нібы на хвіліну знікае. Пётр у сваёй разгубленасці не ведае, што рабіць і вяртаецца да таго, чым займаўся да сустрэчы з Езусам, што добра ведаў. Заўважым, што менавіта ў гэты момант прыходзіць Хрыстос, і яны адварочваюцца ад свайго старога, хоць і нядрэннага занятку.

Асабіста для мяне гэта вельмі важны ўрывак, які паказвае, што Бог робіць усё новае, а мы, па-чалавечай прыродзе, хочам трымацца за тое, што праверана, што добра вядомае. Менавіта таму многія з нас так любяць людзкія і рэлігійныя традыцыі. Бо там усё вядома. Адысці ад свайго нават някепскага жыццёвага і духоўнага досведу і не азірацца для таго, каб прыняць нешта новае з рукі Божай, можна толькі ў сіле Святога Духа.

а. Аляксандр Жарнасек МІС

9