На шляху веры нам усё хочацца знайсці нейкія падпоркі. Будучы ў пілігрымцы ў Святой Зямлі, калі экскурсавод прапанавала нам чарговы раз дакрануцца да “святых” камянёў у чарговым месцы, я нікуды не пайшоў. Яна спытала ў мяне, чаму я не хачу “набрацца энэргетыкі”. Я жартам адказаў, што стаміўся кланяцца камяням. Яна пасмяялася і сказала: “Да, костыли – для маловерных…”. Чамусьці мне гэтыя словы моцна запамяталіся. Сапраўды, для веруючага адзіным вуглавым камнем, на якім можна будаваць, на які можна абаперціся, ёсць Езус Хрыстус. Нам жа, часта з прычыны слабой веры або адсутнасці глыбокіх адносінаў з Хрыстом, усё хочацца шукаць іншыя апоры, усё хочацца знайсці нейкія там кастылі.
Бог зацікаўлены нашым духоўным ростам
Думаю, найперш варта звярнуць увагу на тое, што Бог зацікаўлены нашым духоўным ростам. Некалі я чуў у семінарыі ад некаторых багасловаў, што Бог і надалей стварае, ён увесь час родзіць. Асабліва гэта адносілі да Духа Святога, які ёсць вечна Жывой Вадой, што бурліць і не высыхае. Гэты характар Бога мы бачым з першых старонак Бібліі. Бог не мог проста жыць, нічога не робячы, ён стварае галактыку, нашу планету, жывёльны свет, чалавека…
Гэтую зацікаўленасць ростам і дынамікай Бог перадае людзям у наказе размнажацца. Заўважце, што гаворка ідзе не проста пра непазбежны факт (вам давядзецца размнажацца і нічога вы з гэтым не зробіце), а пра наказ ад Бога, Яго заданне. У размове з Абрагамам Бог кажа глядзець на зоркі ды на пясок і думаць пра тое, што такім шматлюдным будзе яго патомства. Таксама ў Егіпце Бог зацікаўлены, каб яго народ размнажаўся і быў здаровы. Менавіта таму Каталіцкі Касцёл вучыць, што маладыя сем’і, якія зачыненыя на дзяцей, на дар жыцця, пярэчаць планам Божым. Дабрабыт, кар’ера, любоў паміж мужам і жонкай – усё гэта добра, але недастаткова для сям’і паводле Божага плану. Бог хоча росту, памнажэння.
Пра неабходнасць росту мы чуем ад Божага Сына ў многіх прыпавесцях. Пра рост гарчычнага зерня, пшанічнага зерня, закваску цеста, плён вінаграднай лазы, разлічэнне слугаў за давераныя ім міны або таланты, і многія іншыя. Больш за тое, з гэтай тэмай росту звязана таксама тэма гневу Божага і пакарання за адсутнасць росту. Возьмем, напрыклад, пракляцце бясплённый смакоўніцы або пакаранне слугаў, якія не прычыніліся да росту маёмасці гаспадара. Многія прыпавесці паказваюць, наколькі Бог зацікаўлены ростам, памнажэннем і наколькі гэта важная тэма для нас.
Часам даводзіцца чуць погляды, што Бог амаль што абавязаны памнажаць наш матэрыяльны дабрабыт. Паколькі Ён зацікаўлены ростам, то нібыта і ростам нашых грошаў таксама. У Амерыцы і Еўропе ў пратэстанцкіх супольнасцях усё больш і больш становяцца прывабнымі бізнес-семінары, або семінары “поспеху” і г.д. Час ад часу такія прывабныя тэзы далятаюць і да нас. Асабіста я заўважаю, што сапраўды Бог зацікаўлены нашым дабрабытак (напрыклад, цудоўная лоўля рыбы, размнажэнне хлеба ці віна), але пры гэтым вельмі выразна бачныя тут Божыя мэты. Бог не размнажае хлеб толькі для таго, каб чалавек абагаціўся, але каб людзі “не заслаблі ў дарозе дадому” і таксама прадказвае Эўхарыстыю. Пасля цудоўнай лоўлі рыбы вучні, што праўда, пакінулі тую рыбу і нават сеткі і пайшлі за Хрыстом. Падобна пасля размнажэння віна вучні ўбачылі гэты цуд і паверылі ў Езуса, а не адкрылі краму з алкаголем. Таксама і ў нашым жыцці, па маім назіранні, Бог не робіць чалавека багатым толькі для самога багацця, ці каб парадаваць чалавека. У адной прыпавесці Бог называе чалавека неразумным за тое, што ён хацеў зберагчы сваё багацце і планаваў будаваць новыя засекі. Не так часта ў Бібліі можна сустрэць, каго Бог называе “неразумным”. Такім чынам, памнажэнне матэрыяльнага дабрабыту адбываецца з вельмі канкрэтнай Божай мэтай, а не для самога багацця. Гэта вельмі важна зразумець.
Мой асабісты вопыт паказвае, што калі ў Бога ёсць для нас заданне і мы гатовыя паслухмяна яго выконваць, то Бог дае і садзеянне, і людзей, і сродкі. Я зразумеў гэта, калі ствараў рэкалекцыйны дом, рамантаваў яго, але адначасна праводзіў рэкалекцыі, бо верыў, што гэтага хоча Бог. Уся справа, якая стаяла гадамі, адразу скранулася з месца. Падобным чынам было і з прыкасцёльным скверам. Калі гэты сквер заняў месца ў Божай візіі, калі трэба было даваць працу бяздомным, былым вязням ці проста бедным людзям, то адразу пайшла справа. Але яна стаяла на месцы да таго часу, пакуль здавалася, што сквер патрэбны адно для таго, каб радаваць вока.
Часам мы маем іншы падыход да справы маёмасці. Многім здаецца, што калі мець грошы, то ўжо куды іх падзець, не будзе праблем. Такая логіка, як мне падаецца, не шмат мае супольнага з Божай логікай. Неяк на пачатку майго святарства мне давялося атрымаць крыху больш ахвяраванняў. Нейкі час я не знаходзіў сабе месца, думаючы пра розныя варыянты, што ж зрабіць з гэтымі грашыма. У выніку я перакуліўся на машыне і ўсе тыя грошы аддаў потым на яе рамонт. Пасля гэтага я вельмі асцярожна стаўлюся да тэмы маёмасці і дабрабыту. Калі з’яўляюцца крыху больш грошай, то я не думаю па-чалавечы, што б мне купіць, але адразу ў малітве стараюся задаваць Богу пытанне, які Ён мае план на гэтыя грошы. Я веру, што Бог не дае нам абагаціцца для самога толькі абагачэння. Ён не хоча, каб мы былі незалежнымі і самадастатковымі. У Яго ёсць планы, а для іх рэалізацыі Ён дае людзей і сродкі.
Бог раздатчык
Адзін з вельмі важных прынцыпаў Божай логікі росту – быць раздатчыкам. Некаторыя мяркуюць, што ёсць нават такі дар ад Бога або від служэння. Пра яго ўзгадвае апостал Павел (Рым 12,8). Так ці інакш, але такога стаўлення чакае ад нас Бог. Калі грузам ляжаць грошы, вопратка, таленты і здольнасці – гэта бяда. Імі трэба дзяліцца, нават калі гэта і адзін талант ці грош удавы. Бог дае рост не для таго, каб мы збіралі ў склады, а для таго, каб мы пусцілі яго ў абарот, каб з гэтага росту скарысталіся не толькі мы, але і іншыя. Гэта вельмі глыбокая біблейская логіка.
Першы раз з гэтай тэмай я сустрэўся на зоне. Некаторыя веруючыя вязні бачылі сваё пакліканне і служэнне ў тым, каб раздаваць іншым. Яны, самі нічога ўдосталь не маючы, заўважылі, што калі сваім мінімумам падзяліцца з іншымі вязнямі (напрыклад, хворымі), то Бог пачынае памнажаць гэтыя дары. Мяне гэта вельмі ўражвала, бо нібыта пярэчыла ўсялякай чалавечай логіцы. Пасля я стаў бачыць падобных людзей і на свабодзе.
Часам даводзіцца сустракацца з веруючымі жанчынамі, якія прыносяць сваю вопратку ў касцёл для некага. З аднаго боку, гэта добра, але з іншага боку, калі добра падумаць, то чаму святар павінен ведаць бяздомных жанчын ці алкагалічак і раздаваць ім вопратку? Мы ўсе такіх жанчын можам сустрэць – каля крамаў, цэркваў, каля сметнікаў. Проста можна пацікавіцца, ці не мае такая жанчына патрэбы ў вопратцы. Можна пераламаць сябе і самому стаць раздатчыкам, а не чакаць, што гэта павінен зрабіць святар у касцёле. Бачу, што ў гэтым сапраўды крыецца нейкі важны Божы план.
Плён духоўны
Апроч матэрыяльнага плёну, бачных вынікаў рэлігійнай працы Бог чакае ад нас духоўнага плёну. І гэта сапраўды нашмат важней. Пераменены чалавек, у якім прабывае Святы Дух, зробіць у супрацоўніцтве з Богам нашмат больш, чым проста прыстойны і вельмі актыўны веруючы. І гэтая праца будзе грунтоўнай, сталай, трывалай.
Некалі мне перадалі прарочае слова адносна іншых рэчаў і іншай сітуацыі, але хачу яго часткова прачытаць, таму што ў ім ідзе размова пра плён, якога чакае Бог:
«Надо заниматься каждым человеком индивидуально. Не в количестве спасение, а в плоде. Во многих внутри разрушение; кто-то думает, что идёт верно, но это не так. Потерянные овцы. Чтобы их собрать в Духе, их сердца, необходимо сражение и индивидуальная молитва. Никто не сражается, потому что очень много гордости, духовной лени и эгоизма. Меня радует только усердие и плод. Всё остальное – украшение для людей… Молитесь, чтобы был Плод – Мой Дух, пребывающий в человеке. Забыли об этом».
Слова кажа, што плёнам ёсць Дух Святы, які жыве ў чалавеку, вучыць яго, кіруе ім. Не толькі бачныя вынікі працы, але , перш за ўсё, сама прысутнасць Духа Святога ў веруючым. Адназначна, што ідзе размова не толькі пра дары духоўныя, якія многія з нас здольныя і надумаць або падмануцца. Як жа зразумець, што ўва мне ёсць месца для Духа Святога? Думаю, што даволі трапным крытэрыем распазнання будзе павучэнне апостала Паўла:
А плод Духа – гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону. А тыя, хто належыць Хрысту, укрыжавалі цела разам з жаданнямі і пажадлівасцю (Гал 5,22-24).
Часам можна сустрэць вельмі актыўных рэлігійных людзей. Яны начытаныя, абазнаныя ў многіх справах і часта даказваюць усялякім коштам, што Бог праз іх дзейнічае, што Бог з імі размаўляе і г.д. Вось толькі чамусьці іншым з такімі людзьмі цяжка знаходзіцца і не па прычыне іхняй святасці, а таму. што яны могуць быць самаўпэўненымі, гнеўнымі, могуць лёгка асуджаць, дакучаць, нібы тыя тыя нахабныя мухі, адначасна ўсімі сіламі даказваючы, што імі кіруе Бог. Сустракаючыся з такімі людзьмі, таксама варта згадаць пра крытэрыі распазнання плёну Духа паводле апостала Паўла. Падумаць, ці ёсць тут супакой, лагоднасць, цярплівасць і г.д.
Ці я прыношу Богу плён? Які ён? Якога плёну чакае Бог? Ці бачу ўвогуле змены ў сваім жыцці? Можа так быць, што нехта моліцца менш, чым раней, але раней маліўся толькі з-за страху або традыцыі, а цяпер па любові, па жаданні сэрца, у барацьбе. Хаця малітваў менш, але гэта ўжо можна назваць плёнам. Паразважай і пашукай свой плён…
Тэма росту і памнажэння ў прыпавесці пра таланты
У часе падрыхтоўкі да “Вінаградніку” Госпад у малітве асаблівым чынам звярнуў маю ўвагу на ўрывак:
Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае (Мц 25,29).
Для таго, каб заглыбіцца ў гэтае слова і зразумець яго кантэкст, паспрабуем разабраць падрабязна прыпавесць пра слугаў і таланты.
************
Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін; кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў…
Разважаючы над гэтай прыпавесцю, варта звярнуць увагу на тое, што Гаспадар давярае слугам сваю маёмасць (25,14) і дае кожнаму па яго сіле. Прыкметна, што ляніваму слузе Гаспадар даў найменш, бо ведаў яго, але, разам з тым, дае яму шанец праявіць сябе. Цікава, што думаў той слуга? Можа чакаў, што яму больш давераць, можа крыўдаваў, што іншым далі больш? Але Гаспадар ведае свайго слугу, ведае, што яму больш нельга даверыць.
Асабіста я вельмі асцярожны і, на дадзены момант, ужо найменш веру ў хрысціянскія курсы лідараў, аніматараў і г.д. Часта бачыў, што на такіх курсах людзі да нечага рвуцца, а даверыць ім тым часам можна найменш. Часта застаюцца нявырашанымі нават асноўныя рэчы – амбіцыі, эмацыйныя раны, лянота і г.д. Раней я быў крыху другіх поглядаў. Здавалася, што трэба арганізаваць курс лідараў і сабраць усіх жадаючых, а нават неяк заахвоціць і тых, хто не надта хоча. Але пазней я ўбачыў, што Езус рабіў інакш. Ён сам выбраў вучняў, а не набраў дабравольцаў. Падобным чынам мяне некалі ўразіў падыход Ніккі Гамбла, заснавальніка курса “Альфа”. Ён пісаў, што духоўныя вынікі курсу залежаць ад першай каманды, якую ты сам павінен стварыць з духоўна правераных і сталых людзей, а не набіраць жадаючых.
Як думаеш, ці можна табе даверыць больш? Ці былі гісторыі, дзе ты апраўдаў Божы давер? У свеце існуе перакананне, што найперш ты працуеш на свой аўтарытэт, а пасля аўтарытэт працуе на цябе. Якім чынам гэтае назіранне можа адносіцца да цябе?
Чым ёсць гэты талант?
Адразу раіў бы не думаць пра таленты і здольнасці ў нашым разуменні. Вельмі часта, каментуючы гэтую прыпавесць, нам хочацца сказаць, што мы не маем права занядбаць нашыя таленты. Аднак у біблійным разуменні, хіба што, ідзе размова пра нешта іншае.
Чалавечыя таленты могуць быць ад нараджэння, а могуць быць набытыя, выпрацаваныя. І іх можа быць даволі шмат. Некаторыя людзі здольныя за жыццё памяняць адукацыю і месца працы нават некалькі разоў. Людзі часам могуць навучыцца зусім іншым, невядомым да гэтага часу рэчам. І цяжка сказаць, што такі чалавек будзе несці адказнасць перад Богам за ўсе свае таленты. Некаторыя сканчвалі мастацкія і музычныя школы і не станавіліся мастакамі ці музыкантамі. А часам чалавек мог быць найлепшым доктарам у рэгіёне, але ён прысвяціў сябе іншым рэчам. Здаецца, што ў дадзенай прыпавесці ідзе размова пра нешта большае, чым проста чалавечыя здольнасці і таленты.
Пытанне тут пра планы і жаданні Бога. Часта талентаў і магчымасцяў у чалавека шмат і яму даводзіцца нечым ахвяравацца дзеля Божых планаў. Так, напрыклад, апосталы адмовіліся ад супер рыбацкіх здольнасцяў, Мацьвей перастаў зарабляць грошы, Езус кінуў сталярскія справы, апостал Павел адмовіўся ад здольнасці быць добрым бацькам і мужам і г.д.
Чым жа ёсць згаданы ў прыпавесці талант?
Ян Златавусны і многія Айцы Касцёла кажуць, што талант – гэта Божае Слова, праўда, якую Бог Айцец даверыў нам праз Езуса Хрыста (Словы Пана – гэта чыстыя словы, срэбра, у горне ачышчанае ад зямлі і пераплаўленае сем разоў. Пс 12,7). Гэтую праўду трэба перадаць далей і яна будзе памнажацца. Абсалютна нельга затрымаць для сябе, бо так не спаўняецца Божы план.
Св. Геранім дадае, што гаворка ідзе пра евангелізацыю язычнікаў, з чым многія вернікі габрэі не згаджаліся. Вельмі цікавая і нечаканая для нас заўвага! Сапраўды, пра што Бог у нас можа пытацца – пра здольнасці, якія былі нам дадзеныя, але які мы не споўнілі на сто адсоткаў, ці пра тое, што не паказалі нашым блізкім Хрыста, не данеслі ім Добрую Вестку пра любоў Бога, пра збаўленне? Разважаючы над гэтым, я задаў сабе пытанні і хачу задаць іх вам: ці згодзімся мы з тым, калі разам з намі ў касцёле будуць сядзець тыя, хто не разумее па-беларуску (ці па польску), хоча маліцца па-руску альбо на якой іншай мове, хто будзе смярдзець перагарам, або не разумее самых простых хрысціянскіх сімвалаў і задае шмат пытанняў, або будзе ў наколках? За гэтымі вобразамі сапраўды можа ўтойвацца тэма “камфортнага” хрысціянства, калі мы бунтуемся, што наш Пан хоча прывесці тых, хто можа парушыць наш камфорт. Магчыма, у гэтым крыецца абвінавачванне слугі з вуснаў Гаспадара: нягодны слуга (рускі пераклад – “лукавый”).
Паспрабуй паразважаць пра адказнасць не столькі за твае здольнасці, колькі за скарб веры і Божага слова, які трэба перадаць далей і памножыць. Дзе твая тэрыторыя адказнасці, куды трэба закінуць зерне веры (сям’я, праца, знаёмыя)? Чаго ад цябе чакае Бог? За што будзе разлік?
**********
Па доўгім часе прыйшоў гаспадар слугаў гэтых і пачаў патрабаваць ад іх рахунку… А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў…
Важна тое, што Гаспадар чакае росту маёмасці, плёну, вынікаў, памнажэння. Нельга проста ператрываць. Тут сур’ёзная тэма абыякавасці. Яна не праходзіць перад Богам. Калі людзі кажуць: я нічога дрэннага не зрабіў, не прынёс шкоды, не забіў, не абакраў, то ў гэтым “нулявым” духоўным узроўні ёсць трагедыя, бо гэтую абыякавасць не талеруе Бог. Гэта думка прагучыць, у прынцыпе, і ў двух іншых прыпавесцях таго ж 25 раздзела Евангелля ад Мацьвея, якія кажуць пра Божы суд над чалавечым жыццём. “Неразумныя дзевы” таксама праявілі пасіўнасць і абыякавасць і не падумалі пра памнажэнне алею. Падобна гучыць тэма пасіўнасці ў чарговай прыпавесці, дзе Бог кажа, што Ён быў галодны, голы, хворы, у вязніцы, а веруючыя праявілі абыякавасць. Не, яны не рабілі нічога дрэннага, проста засталіся на сваім “нулявым” узроўні. На тым жа ўзроўні абыякавасці хацеў застацца наш слуга з прыпавесці пра таланты. Ён думаў, што для Бога дастаткова будзе, калі ён проста захавае талант, і аддасць тое, што атрымаў. Інакш кажучы, застанецца на тым жа ўзроўні, калі Гаспадар ад’язджаў у далёкі край. Аднак аказалася, што гэтая пасіўнасць абсалютна не задавальняе Бога. Ён называе пасіўнага слугу “нягодным і лянівым”.
Ці не жыву я па прынцыпе: ні халодны, ні гарачы (Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы! Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з Маіх вуснаў (Ап 3,15-16))? Г.зн. не раблю нічога дрэннага, але і карысці ад мяне мала, бо не раблю нічога добрага. Правер тэму жыццёвай і духоўнай ляноты
***************
Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось, вазьмі сваё”. Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: “Нягодны і лянівы слуга!...
Цікава, што першыя два слугі не абвінавачваюць Гаспадара. Абвінавачвае толькі трэці і Гаспадар яму не пярэчыць. Некаторыя тут бачаць г.зв. “страх недасканалы”, калі чалавек выконвае даверанае яму заданне не з любові да Бога, а ад страху перад пакараннем. Гэты страх няправільны, але дае свае вынікі і для некаторых нават абсалютна неабходны. Прафесар Лапухін звяртае ўвагу, што Гаспадар нібы згаджаецца са слугой, не пярэчыць яму. Лапухін лічыць, што тут ідзе размова пра аўтарытэт Бога як Створцы. Гэта Яго зямля, Яго людзі, Яго маёмасць, Яго планы і Яго суды. І нельга сказаць, што Ён на нешта не мае права, або робіць нешта несправядліва. Гэта Ён, а не людзі ўстанаўлівае права. І з гэтым трэба змірыцца, прыняць як нязменны факт (прырода). І гэты факт павінен уплываць на людзей. Подласць трэццяга слугі ў тым, што ён называе гэты факт, але не падпарадкоўвае сябе яму. Тут крыецца праўда пра тое, што Бог справядлівы і міласэрны адначасна. Справядлівасці Божай ніхто ніколі не адмяняў. Паколькі трэці слуга не просіць прабачэння, не перажывае пакаяння, але адначасна нібы вызнае праўду пра суд Божы, то ён і сустракаецца з Богам справядлівым і суровым.
Не выключана, што трэці слуга за агрэсіяй на Гаспадара хавае свой страх, сваё расчараванне сабой. Ён ідзе на разлік апошні, нібы плануючы як-небудзь выкрапацца з гэтай сітуацыі, апраўдаць сябе, а ў выніку подла атакуе Гаспадара, хаваючы за гэтай атакай сваю пасіўнасць. Магчыма, тут крыецца сэнс слова “лукавы”, што выкарыстана ў рускім перакладзе.
Ці няма ўва мне гэтай подласці, калі, хаваючы сваю пасіўнасць, абыякавасць, ляноту і адсутнасць духоўнага жыцця, я подла пачынаю абвінавачваць свецкія і дзяржаўныя ўлады, Касцёл, людзей вакол мяне?
***********
Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай
Таксама ў гэтай прыпавесці схавана тэма, што слуга Божы, паслухмяны Гаспадзіну, можа самае малое памножыць. Так зрабіла ўдава ў Сарэпце Сідонскай, так зрабіла ўбогая ўдава каля святыні. Чалавек часта апраўдвае сябе, што жыве не ў той дзяржаве, не там працуе, мае не тыя фінансы, не тое здароўе, не тую супольнасць вернікаў… І ў выніку не здольны памножыць самае малое, што найпрасцей памножыць – тое, што ёсць.
Вельмі трапна будзе на гэту тэму паразважаць над гісторыяй цудоўнага размнажэння хлеба. Езус не проста зрабіў цуд. Ён сказаў вучням сабраць хлеб і рыбу, пералічыць іх, пераканацца, што ў наяўнасці ў іх “мізэр” і пачаць дзяліцца гэтым “мізэрам”. А мог бы зрабіць усё інакш – проста зрабіць цуд, не ўцягваючы вучняў у гэта. Насамрэч, за тэмай размнажэння хлеба крыецца нешта вельмі важнае ў духоўным сэнсе. Цуд размнажэння робіць Бог, а не чалавек, але Бог вымагае дзяліцца не багаццем, а тым, што ёсць, бо не мы размнажаем, а Ён (дзяліцца часам, якога мала, здароўем, якога не хапае, матэрыяльнымі дабротамі і г.д.).
**********
Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае…
Па рознаму можна разумець гэтыя словы. Улічваючы, што гэтую прыпавесць Езус кажа габрэйскай эліце, можна здагадацца, што ідзе размова пра выбранства, якое прыме Касцёл, або, напрыклад, пагане-хрысціяне. З іншага боку, некаторыя звяртаюць увагу, што больш дакладна сэнс гэтага выказвання перадаў Лука: хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што, як здaецца яму, ён мае (Лк 8,18; рускі пераклад кажа: отнимется и то, что он думает иметь). Ідзе размова пра падман, калі чалавек думае, што ён нешта асягнуў, што
дайшоў да нейкага духоўнага ўзроўню або ведаў, што пануе і кантралюе сваё жыццё. Езус паказвае, што той, хто не ўдзельнічае ў выкананні Божага плану памнажэння, перажыве агромністае расчараванне – ён зразумее, што застаўся ні з чым, што яго планы былі проста ілюзіяй.
Гэты кульмінацыйны страшны момант не даводзілася мне перажываць, але бачыў у жыцці іншых. Напрыклад, нехта нібы верны веруючы, але не было ў яго адносінаў з Богам і ў хвіліны цяжкіх выпрабаванняў выплывала агрэсія, бунт на веруючых і Бога, асуджэнне, зайздрасць. А здавалася, што было такое духоўнае жыццё… Бачыў таксама, як проста рухнулі служэнні святароў ці нават біскупаў. А рухнулі, насамрэч, толькі ілюзіі, на якія многія загледзеліся.
Вера як аснова духоўнага росту
Пасля падрабязнага разбору прыпавесці, каторая адназначна нясе для нас шмат практычных тэмаў, звернем увагу на тое, што адзін з галоўных элементаў памнажэння – гэта вера і рызыка. Трэці слуга не гатовы быў не толькі працаваць, але і рызыкаваць. Яму здавалася, што без веры і рызыкі ён застанецца на тым самым духоўным узроўні, проста не будзе росту, але не будзе і стагнацыі. Аказалася, што гэта вялікі падман. Не рызыкуючы для спраў Божых, давяраючы толькі самому сабе, чалавек губляе ўсё.
З аднаго боку ў веры ёсць момант паслухмянасці Божаму Слову і, здаецца, што так прасцей (маю на ўвазе не толькі Біблію, але харызматычнае пазнанне, Божы сон і г.д.). Але, разам з тым, заўсёды павінен быць элемент дзіцячай веры, якая моцна рызыкуе. Езус не тлумачыў, як рыба або хлеб пачне множыцца, або як вада стане цвёрдай і будзе трымаць Пятра. Ім усім прыйшлося па-дзіцячы рызыкаваць з магчымасцю апынуцца ў пройгрышы. У гэтым была праблема трэццяга слугі. Ён хацеў быць упэўненым і не гатовы быў вучыцца рызыкаваць. А папярэднія, магчыма, гэта ўжо рабілі (можа нават абламваліся і цярпелі), і таму ім Бог давярае больш.
На шляху веры нам усё хочацца знайсці нейкія падпоркі. Будучы ў пілігрымцы ў Святой Зямлі, калі экскурсавод прапанавала нам чарговы раз дакрануцца да “святых” камянёў у чарговым месцы, я нікуды не пайшоў. Яна спытала ў мяне, чаму я не хачу “набрацца энэргетыкі”. Я жартам адказаў, што стаміўся кланяцца камяням. Яна пасмяялася і сказала: “Да, костыли – для маловерных…”. Чамусьці мне гэтыя словы моцна запамяталіся. Сапраўды, для веруючага адзіным вуглавым камнем, на якім можна будаваць, на які можна абаперціся, ёсць Езус Хрыстус. Нам жа, часта з прычыны слабой веры або адсутнасці глыбокіх адносінаў з Хрыстом, усё хочацца шукаць іншыя апоры, усё хочацца знайсці нейкія там кастылі.
Якія яны, нашыя кастылі?
Самаўпэўненасць
У прыпавесці пра малітву фарысея і мытніка, калі фарысей маліўся нібы і правільна, але адышоў без апраўдання ад Бога, крыецца тэма самаўпэўненасці. Гэты чалавек проста не бачыў праўды пра сябе, не бачыў усёй праўды, але быў свята перакананы ў сваёй праваце. За гэтым вобразам крыюцца не толькі фарысеі, але і лжэпрарокі, і тыя веруючыя, які прачыталі паўтары кнігі (а сярод іх, напрыклад, містыка св. Тэрэзы Авільскай) і ўпэўненыя, што яны пазналі духоўны свет. Тут будуць і тыя, хто пабываў пару разоў на харызматычных рэкалекцыях і думае, што ведае пра Бога ўсё і што ім таксама Бог дае прароцтвы. Тут і апостал Пётр, упэўнены ў тым, што ён лепшы за іншых і не здрадзіць Хрысту. Прыкметна, што часам Бог дапускае нават грэх, каб выбіць з пад нас гэтую падпорку самаўпэўненасці і каб мы вучыліся верыць больш Яму, а не сабе.
Упэўненасць у часе, у маёмасці
У Евангеллі чуем шмат прыпавесцяў пра слугаў (паннаў), калі Гаспадар не вяртаецца, або затрымліваецца і слугам пачынае здавацца, што ў іх шмат часу. Так мы адкладваем навяртанне і споведзь, так марнуем час перад інтэрнэтам, гонімся за кар’ерай і грашыма і г.д. У гэтай тэме месціцца цудоўная прыпавесць пра чалавека, які будуе склады для свайго ўраджаю. Што тут дрэннага? Здаецца, адэкватнае мышленне… Нібыта і так, але гэты чалавек быў упэўнены ў сабе, у сваім часе і ў маёмасці. Бог называе яго неразумным. Яго гаспадарчы спрыт, упэўненасць у часе і ўраджаі – гэта чарговы «кастыль», які не дазваляе даверыцца Богу.
Упэўненасць у другім чалавеку
Гэта вельмі распаўсюджаны «кастыль». Часта мы нават не заўважаем, як на яго пачынаем моцна спадзявацца. Многія з нас прыйшлі да глыбокай веры праз нейкага чалавека і нам пачынае здавацца, што калі яго не стане, можа рухнуць усё. Асабіста мяне вельмі ўразіла адно сведчанне на гэтую тэму. Адна пратэстанцкая супольнасць вельмі перажывала, калі памёр іх біскуп. Гэта быў чалавек веры і вялікага духоўнага вопыту, які дапамог многім. Здавалася, што пасля яго смерці ўсё будзе іншым, калі не рухне, то напэўна будзе не такім. Але да аднаго пастыра Бог прамовіў уначы праз сон. Ён убачыў ноччу скрыжаванне і светлафор, які кіруе машынамі. І раптам светлафор пагас. Здавалася, што заваз усе паразбіваюцца ў цемры. І тут нечакана стала ўзыходзіць агромністае сонца – светлафор ужо быў непатрэбны.
Вельмі часта мы таксама хапаемся за нашыя “ліхтарыкі і светлафоры”, забываючы, што Бог ёсць нашым сонцам і Ён нікуды не знікне. Асабіста я часта правакую вернікаў пытаннямі: што будзе, калі не стане “Вінаградніку”, калі мяне не стане ў Оршы, у Беларусі і г.д. Многім не камфортныя гэтыя разважанні, але гісторыя паказвае, што не стала хрысціянскай паўночнай Афрыкі, дзе так аддана некалі служыў св. Аўгустын, а там, дзе некалі апостал Павел засноўваў моцныя Касцёлы, сёння мусульманская Турцыя, і, тым не менш, Бог не стаў слабейшы. Касцёл і надалей жыве ў іншых месцах. Такіх прыкладаў можна множыць бясконца. Сэнс іх адзін – калі знікае чалавек, нават самы Божы, Бог нікуды не знікае, Ён і надалей дзейнічае. Вельмі небяспечна, калі чалавек становіцца для нас апорай. Чарговы і чарговы раз згадваю словы прарока Ераміі: пракляты кожны, хто спадзяецца на чалавека, а ад Госпада адварочвае сэрца сваё.
Спадзяванне на структуры Касцёла
Езус абяцаў: брамы пякельныя не перамогуць Касцёл. Але мы чуем пра адыход святароў, пра іх грахі, пра адыход натоўпаў веруючых, асабліва ў Еўропе. У свой час асабіста мне Бог паказваў: маліся і не здзіўляйся, што святары перажываюць крызіс. Я вельмі быў шчаслівы, калі даведаўся, што Папа Бэнэдыкт XVI напісаў свае меркаванні адносна сэксуальных скандалаў у Касцёле сярод духавенства. Між іншым, Папа звярнуў увагу на тое, што мы, веруючыя, самі стварылі амаль міфічны вобраз бязгрэшнага святара і ў яго паверылі. І зараз гэты “вобраз-кастыль” стаў падаць. Калі б мы ўважліва вывучалі Біблію, то ўбачылі б, што ад самага пачатку хрысціянства, сярод агромністай святасці і гераізму многіх веруючых, існавалі секты, ілжэпрарокі, часам неадпаведнае духавенства і г.д. Напрыклад, Апостал Ян піша свой другі ліст, які ўвайшоў у канон Новага Запавету між іншым таму, што яму супраціўляўся адзін з біскупаў і такім чынам зводзіў веруючых. Такія рэчы заўсёды былі, ёсць і будуць. Проста прыйшоў час, калі многім было больш камфортна абаперціся на “ідэальны кастыль” у выглядзе структураў Касцёла ці духавенства і перастаць шукаць Госпада, верыць Яму.
Рэлігійныя практыкі
У свой час мяне Бог вучыў, што Ён ёсць усюды. Спачатку я не разумеў, навошта Ён мне пра гэта нагадвае. Я і так ведаў, што Ён ёсць усюды. Але пасля я зразумеў у чым сутнасць. Мы прызвычаіліся да важнасці Святой Імшы, сакрамэнтаў, нейкіх малітваў. І часам нам здаецца, што самі практыкі нас уратуюць. Не трэба рызыкаваць, верыць, шукаць Яго… хопіць толькі схадзіць на Імшу, паспавядацца… Для некаторых гэтыя сапраўды важныя і істотныя рэлігійныя практыкі сталі адзінай апорай. Я здзіўляўся, калі сустракаў людзей, каторыя верна ўдзельнічалі ў гэтых практыках і нават чыталі Біблію, а разам з тым, я меў уражанне, што людзі так і не пачалі пазнаваць Бога. Часта мне хочацца сказаць, што Абрагам, Майсей, Ілля, Ян Хрысціцель – усе яны не былі нават ахрышчанымі, а змаглі даверыцца Богу, знайшлі Яго. Практыкі рэлігійныя, нават самыя важныя для нас, веруючых, на жаль, таксама могуць стаць “кастылямі”.
Зразумела, што ўсе гэтыя і іншыя падпоркі не грэшныя і не благія, але часам яны адводзяць нас ад галоўнай апоры – Бога. Тут добра нам падыходзіць прыпавесць пра дом на скале і на пяску. Усё добра, пакуль не падымецца вецер. І толькі ў выпрабаваннях мы бачым, што не на тое абаперліся, не таму давяралі. З аднаго боку гэтыя падпоркі ёсць і павінны быць, а з іншага боку яны і падманныя. Як разабрацца? Ігнацы раіць выхоўваць сябе да святой абыякавасці. Г.зн. ёсць засекі для збожжа – добра, няма – нічога страшнага. Дзіця жыве – цудоўна, а калі памерла – не катастрофа, бо гэта было не да канца маё дзіця. І так з усімі рэчамі. Асабіста я нібыта не адношуся абыякава да “Вінаградніку”, працую, стараюся, але і не памру, калі яго не будзе, буду ўкладвацца ў іншае… Нешта падобнае, здаецца, раіць і св. Павел: жанатыя няхай жывуць як не жанатыя, а тыя хто мае, як тыя, хто не мае (Таму тыя, хто мае жонак, няхай будуць як тыя, хто не мае. І тыя, хто плача, як тыя, хто не плача. І тыя, хто радуецца, як тыя, хто не радуецца. І тыя, хто купляе, як тыя, хто не набывае. І тыя, хто карыстаецца светам, няхай будуць як тыя, хто не карыстаецца, бо мінае вобраз гэтага свету. Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. 1 Кар 7,30-32)
Гэта “святая абыякавасць” выглядае неабходнай для таго, каб навучыцца давяраць адзінай апоры, не маючы да Яго прэтэнзій і не вымагаючы, каб было па-твойму. Гэта вельмі важна.
Біблія звяртае нашу ўвагу на многія гісторыі, дзе ў прыклад ставіцца вера і менавіта яна дае плён. Гэта і лоўля рыбы, і хаджэнне па водам, і наіўнае размнажэнне хлеба. Маем вельмі прыгожую малітву царыцы Эстэр: Пане, у мяне нікога няма апроч Цябе. Цар Давід ішоў на Галіафа ў імя Пана Магуццяў, а ў Псальмах напіша: бо не на лук свой я спадзяюся, або: адны спадзяюцца на меч, іншыя на калясніцы, а я на Пана. У гэтых прыкладах бачная тэма вызвалення ад падпорак чалавечых для росту веры ў Пана.
Якія чалавечыя падпоркі не дазваляюць мне вучыцца верыць майму Госпаду?Паразважай над названымі вышэй, спрабуй назваць свае…
Вера неабходная для духоўнага росту. Верыць Пану – не значыць, што ўсё павінна вырашыцца па-твойму. Удава з Сарэпты Сідонскай казала: з’ядзім і памром. Верыць Пану – гэта верыць Яму, Яго планам. Ягоным планам, а не нашым.
а. Аляксандр Жарнасек МІС