У псіхалогіі тэма асабістых межаў вельмі папулярная. Але мы ставім перад сабой задачу разабрацца ў ёй па-хрысціянску. Наша задача – зрабіць з сябе не байца, які любому дасць адпор, бо навучыўся выстройваць межы. Такіх людзей у свеце дастаткова. Яны самаўпэўненыя, часта эгаісты, часта пагарджаюць і выкарыстоўваюць іншых, часам могуць здабыць многае, што ім хочацца, і любым коштам. Такія людзі добра разбіраюцца ў сваіх асабістых межах. Яны лёгка могуць адкінуць любога чалавека, уключаючы мужа, дзяцей ці бацькоў, калі толькі адчуюць, што нехта з іх пагражае іхнім асабістым межам, іхняму асабістаму камфорту.
Зразумела, што нас, вернікаў, цікавіць зусім іншы падыход да тэмы асабістых межаў. Пра гэта мы казалі на мінулым “Вінаградніку”, і цяпер толькі нагадваем сутнасць нашых разважанняў. У хрысціянстве за тэмай асабістых межаў утоена зусім іншая праблема. Мы часта перакананыя, што трэба быць для ўсіх добрым, ахвярным, трэба ўсё цярпець (уключаючы здзекі), трэба ўсім дапамагаць і г.д. А ў выніку ў некаторых з нас у саміх жыццё робіцца невыносным, бо мы становімся ўжо не гаспадарамі свайго жыцця. І праблема ў тым, што гэтым гаспадаром становіцца не Бог, а іншыя людзі, часта неадэкватныя, бязбожныя, подлыя. Гэта іншая крайнасць. І менавіта для таго, каб не стаць марыянеткай у варожых руках, хрысціянін павінен адкрыць для сябе і зразумець тэму асабістых межаў, захоўваючы пры гэтым усе хрысціянскія перакананні і ідэалы, такія як ахвярнасць, служба, любоў і г.д.
Нас, веруючых, павінна хваляваць тэма не пра тое, як пабудаваць асабістыя межы і бараніць сябе, а пра тое, як гэта зрабіць па-Божаму, згодна з Божай воляй, з Яго вучэннем. Менавіта таму на нашым чарговым “Вінаградніку” мы паспрабуем больш заглыбіцца ў нашую тэму ў кантэксце біблійнага вучэння.
Нараджэнне звера
Якія наступствы таго, калі мы не ўмеем ставіць мяжу ў адносінах з іншымі людзьмі?
З аднаго боку, мы тады правакуем некага стаць агрэсарамі адносна нас. Канечне, гэта нібы і не наша віна, што нехта робіцца агрэсарам, але мы, самі таго не жадаючы, правакуем праблему. Калі можна правесці паралель, то гэта так, калі б ты даваў алкаголіку бутэльку. Нібыта і не твая праблема, але гэта ты падліваеш алей у агонь. Нясталыя і немаральныя людзі (няверуючыя), калі бачаць некага прыніжаным, у нейкім сэнсе атрымліваюць задаваленне. Зразумела, што гэта паталогія і ў ёй нават прысутнічае немалая доля духоўнага зла. Думаю, такіх людзей менавіта гэткім чынам спакушаюць духі. Яскравым прыкладам тут можа быць сексуальнае насілле ў той ці іншай форме. Ніколі нармальны чалавек не зразумее, як такое некаму можа падабацца, а за ўсім гэтым часта стаіць нават цэлая індустрыя і агромністыя грошы. Задаваленне з ролі “агрэсара” хворае, але яно часта ў той ці іншай форме праяўляецца. Для некага гэта сексуальная сфера, для іншых скандалы, эксплуатацыя ў сферы працы, фінансаў, у сферы асабістага жыцця. Я ведаў гісторыю, калі, напрыклад, хлопцу падабалася, што ягоная дзяўчына, ад яго залежная, эмацыйна мучаецца. Гэты хлопец часта знарок рабіў дзяўчыне балюча. Яму гэта падабалася. Гэта яго праблема? Канечне, яго, але дзяўчына, не ўмеючы ставіць межы, тым самым правакавала ў ім усё большага і большага звера. Часта сярод падлеткаў і школьнікаў можна заўважыць здзек з інвалідаў, з непрыгожых (на іхнюю думку) дзяўчат, эмацыйна закрытых дзяцей. Адкуль гэта ўсё? Здавалася б, наадварот, павінна нарадзіцца спачуванне, жаданне дапамагчы. Але замест гэтага часта бачым агрэсію і бесчалавечныя паводзіны. Здавалася б, чалавеку, які не ўмее казаць “не”, трэба дапамагчы, аберагаць (так я часта і раблю), а многія хочуць гэтую слабасць бясконца і бязлітасна выкарыстоўваць. Альбо іншы прыклад. Чалавек дазваляе сябе выкарыстоўваць на працы, а дырэктару хочацца гэта рабіць усё больш і больш. Часам я бачыў сітуацыі, калі такія “агрэсары” нават пачынаюць не любіць сябе за тое, што становяцца такімі агрэсарамі, перажываюць за гэта, але занадта слабыя і ўжо не могуць не карыстацца магчамасцю, каб дамінаваць над некім.
Мы разважаем тут пра немаральных і няверуючых людзей, але, думаю, што і многія вернікі могуць прызнацца, што час ад часу ў іх таксама ўзнікае жаданне панаваць над некім і быць большым ці меншым “агрэсарам”. Адназначна, гэта духоўная сфера. Думаю, што яна крыецца нават у граху першародным, калі Бог кажа Адаму, што ён пачне панаваць над сваёй жонкай. Такім чынам, калі мы не ўмеем ставіць межы, то ў нейкім сэнсе вызваляем у іншым чалавеку дзікага звера.
З іншага боку, калі мы не ставім межы, то мы часам самі пачынаем станавіцца адначасна і ахвярай і агрэсарам. Чалавек, які доўга церпіць здзек, у пэўным моманце можа проста сарвацца, можа махнуць на ўсё рукой, стаць абыякавым, пачаць ненавідзець сваё жыццё, іншага чалавека, гэты свет і нават Бога. І тады, з аднаго боку, ты нібыта пацярпелы, а з іншага боку, ты гатовы ўсіх пакусаць.
Калі разважаю пра гэта, то ўзгадваю евангельскія гісторыі пра суд над Езусам. Зразумела, што Езус умеў ставіць межы, але напрыканцы свайго зямнога жыцця Ён амаль пасіўна стаіць перад катамі, моўчкі выслухоўвае абвінавачванні, маўчыць, калі Яго б’юць і плююць на Яго. Было ўсяго толькі адно выключэнне, калі Езус сказаў жаўнеру: чаму ты Мяне б’еш? Адназначна, што Езус свядома дазваляе парушаць Яго асабістыя межы, бо прыйшоў на тое час. Тут усё пад кантролем Божага Сына. Але мяне здзіўляе іншае. Чаму ў катаў не нараджаецца спачуванне да безабароннага і нявіннага Чалавека? Наадварот, яны нібы зрываюцца з ланцуга. Вось Евангельскі прыклад духоўнай заканамернасці, што калі мы не ўсталёўваем межы, то ў іншым чалавеку можа ажыць дзікі звер.
Памаліся і паразважай, ці з’яўляліся ў табе жаданні быць агрэсарам? Ці можаш сказаць, што гэты “звер” таксама часам жыве і ў табе? Паспрабуй убачыць, як ты дазваляеш іншым быць агрэсарам з прычыны таго, што ты сам не ўмееш ці баішся ставіць межы.
Цаніць самога сябе
Чалавек найперш павінен адкрыць сваю асабістую вартасць, свае мары, вызначыць мэты, свае духоўныя і душэўныя патрэбы і г.д. Інакш кажучы, трэба раскрыць сваю асабовасць, сваю чалавечнасць. Для гэтага трэба адказаць сабе на пытанне, ці з’яўляецца маё дабро для мяне больш важным, чым дабро іншага чалавека. Ідзе размова пра любоў да сябе, пра твае духоўныя і душэўныя патрэбы.
Такі адказ даюць у псіхалогіі. Зразумела, што нам, веруючым, ён зусім не пасуе і мы пад ім не хочам падпісацца, бо тут пахне эгаізмам і мы задаем пытанне: дык а дзе альтруізм, дзе ахвярнасць і г.д.? Думаю, што ідзе размова пра разумныя межы, пра мудрасць у гэтай тэме. Думаю, што ўвага псіхолагаў вельмі важная, толькі нельга яе браць як непарушальнае правіла, нельга глядзець на яе праз шкло фундаменталізму, бо так сапраўды можна стаць самалюбным эгаістам. Але гэта ўвага пераклікаецца з галоўнай Божай запаведдзю любіць Бога, а бліжняга як самога сябе. Нельга палюбіць бліжняга і нават быць ахвярным для яго, калі ты толкам не адкрыў і не палюбіў самога сябе. Гэтая тэма пераклікаецца для мяне з назвай кнігі пратэстанцкага пастыра Рыка Рэнэра “Похитители мечты”. Калі мы самі не ведаем сваіх глыбокіх мараў і прагненняў, то іншыя імі проста завалодаюць, а мы станемся нявольнымі рабамі.
Разумею, што мы разважаем тут над складаным пытаннем і таму хачу выкарыстаць яшчэ адзін аргумент. Колькі вы ведаеце сузалежных, якія, коштам свайго асабістага псіхічнага і фізічнага жыцця кідаліся ратаваць сваіх родных? А каму з іх гэта сапраўды ўдалося?.. Думаю, што наша сумная беларуская рэчаіснасць гаворыць сама за сябе. Гэтая агромністае войска “Чып і Дэйлаў” так і не ўратавалі сваіх блізкіх, а ў дадатак змарнавалі і сваё асабістае жыццё. Менавіта таму ў групах самапомачы для сузалежных найперш звяртаюць увагу не на мужа ці бацьку, які п’е, а на сваё асабістае жыццё.
Паколькі праблема “агрэсара” і парушэння межаў заўсёды актуальная ў жыцці сузалежных, то некаторыя раяць найперш адказаць на пытанні пра твае асабістыя правы, якія часта выкарыстоўваюцца ў працы з сузалежнымі. Вось прапанова некаторых такіх праблемаў, над якімі варта паразважаць, а потым і прымяніць у жыцці:
- Я маю права быць шчаслівым;
- маю права сказаць, што адчуваю сябе да нечага не гатовым;
- маю права выкарыстоўваць сітуацыі, месцы або людзей, якія дапамогуць мне ўладкаваць жыццё;
- маю права змяніць свае перакананні і погляды;
- маю права памыляцца і не выконваць чужых надзей;
- маю права пакінуць кампанію тых людзей, якія мяне прыніжаюць (гэтае права ёсць нават у сямейным жыцці, хоць тут усё больш складана і далёка не заўсёды трэба карыстацца гэтым правам);
- маю права давяраць сваёй інтуіцыі, сваім рашэнням;
- маю права выказваць свае пачуцці ў адпаведны час і месцы пры ўмове, што яны не дэструктыўныя (напрыклад, я закахаўся і мне на ўсё начхаць; я камусьці зайздрошчу; я кагосьці альбо сябе ненавіджу);
- маю права на здаровы вобраз жыцця, нават калі ніхто з маіх блізкіх так не жыў і не жыве;
- маю права знайсці сваё месца ў гэтым жыцці…
Вельмі часта калі мы адчуваем, што нехта забірае ў нас адно з гэтых правоў, то, магчыма, і адбываецца парушэнне нашых межаў.
Зразумела, што для веруючага чалавека, апроч нашых асабістых правоў, на нас мае права Бог. Ён можа дазволіць многае, і таму я дазваляю Яму быць Гаспадаром майго жыцця. Гэта Ён мае права даць мне іншае жыццё, адрознае ад таго, пра якое я марыў, умяшацца ў мае перакананні і паламаць іх, паламаць мае хворыя рашэнні і г.д. У тым праяўляецца мая духоўная сталасць калі, я дазваляю Богу, майму Госпаду, Гаспадару і Творцу майго шчасця і майго жыцця парушаць мае асабістыя межы. Бог гэта можа, і я згаджаюся на тое. Але гэта ўжо зусім іншая сітуацыя. Я сам адчыняю перад ім свае межы. Калі веруючы гэтага не робіць, то Ён пачынае бачыць у Богу такога самага “агрэсара”, як і ў іншых людзях. Можа таксама здарыцца, што некаторыя людзі, як пасланцы Божыя, як прадстаўнікі Бога, парушаюць мае асабістыя межы. Але, зноў жа, я дазваляю ім гэта рабіць, так, як дазваляю Богу. Гэта адбываецца, напрыклад, тады, калі трэба падпарадкаваць сябе нейкім рашэнням Касцёла, з якімі я асабіста не згаджаюся.
Паспрабуй шчыра адказаць сабе на гэтыя пытанні. Як ты змагаешся за гэтыя правы ў штодзённым жыцці?
Як распазнаць, калі парушаюцца нашы межы?
Мы ўжо разважалі пра тое, што часта мы адчуваем дыскамфорт ад нейкага чалавека, нас непакояць характэрныя пытанні, прысутнасць гэтага чалавека ў нашым асабістым жыцці і г.д. Вядома, наяўнасць такога дыскамфорту можа быць розная, але часта ў ім тоіцца праблема парушаных асабістых межаў.
Рыхтуючы гэты “Вінаграднік” я зразумеў, што часта мне таксама даводзіцца адстойваць свае межы, напрыклад, тады, калі людзі хочуць сустрэцца, паразмаўляць, чакаюць ад мяне адказаў, рашэння праблемаў і г.д. Часта людзі зусім не вінаватыя, што яны парушаюць мае межы. Некаторыя са страхам пытаюцца: калі вам можна патэлефанаваць? Праблема не столькі ў тым, а якой гадзіне мне тэлефануюць, а ў тым, што я дазваляю да мяне датэлефанавацца тады, калі заняты, калі не павінен гэтага дазволяць. Гэта мая тэрыторыя межаў. Часам нехта перашкаджае маім важным заняткам, уцягвае ў непатрэбныя на дадзены момант справы. Але, зноў жа, гэта мая праблема. Бо я дазволіў сябе “уцягнуць”. Зразумела, што часам у мае планы ўрываецца чалавек нахабны, эгаістычны, бескультурны і парушае мае межы, але часам іншы чалавек проста не ведае ды і не павінен ведаць, што ў мяне можа быць нешта там больш важнае за яго справы і праблемы.
Я тут кажу пра тое, як мне часам даводзіцца змагацца за свае межы, але ў кожнага свая тэрыторыя змагання. Нехта бароніцца перад чалавечай цікаўнасцю, нехта перад кантролем над сваім жыццём з боку членаў сям’і або сябра ці сяброўкі, нехта перад выкарыстаннем на працы і г.д. У кожнага свае тэрыторыі змагання за межы, і мы пра гэта крыху казалі на мінулым “Вінаградніку”. Паколькі некаторыя ўдзельнікі прасілі больш падрабязна разабраць асобныя прыклады, то паспрабую гэта зрабіць, хоць для гэтага давядзецца крыху паўтарацца.
Межы твайго часу
Бог так стварыў чалавека, што кожны з нас мае час на працу, на адпачынак і на асабістыя заняткі. Бачу, што вельмі часта існуе распаўсюджаная праблема, калі парушаюцца межы нашага асабістага часу. Ёсць шмат прыкладаў, калі людзей такім ці іншым чынам змушаюць працаваць звыш нормы, дапазна, у выхадныя, без належнага месячнага адпачынку, даючы працу дадому (настаўнікі) і г.д. У нас вельмі распаўсюджаная гэта праблема і часам не паламаеш сістэму. У гэтым выпадку асэртыўнасць можа быць на ўзроўні гераізму, але задайце сабе пытанне: іншых таксама на працы выкарыстоўваюць гэтак жа, як і вас, ці некаму ўсё ж атрымліваецца адстаяць свае правы? Калі так, то вашыя межы парушылі як бонус і “сістэма” тут не пры чым, бо ў некага атрымліваецца адстойваць свае межы і ў “сістэме”, а ў вас не.
Вельмі часта чую, як бабулі распавядаюць, што дзеці прывезлі ім глядзець унукаў нечакана, без папяраджэння і ў нядзелю. Або нечакана ў хату ў нядзелю заваліліся госці. У выніку такая бабуля не змагла пайсці на Імшу. Калі такія гісторыі здараюцца час ад часу ці нават рэгулярна, то адназначна тут адбываецца парушэнне межаў бабулі, прытым, што гэтыя парушэнні вядуць да цяжкага граху, таму што бабуля не пайшла на Імшу. Тут павінна прагучаць элементарнае пытанне: хто сказаў, што бабулю можна так выкарыстоўваць, нават не дамаўляючыся з ёй? Яна таксама мае свае справы, свой рытм жыцця і з гэтым трэба лічыцца, трэба многія рэчы планаваць загадзя. Але праблема тут не толькі ў дзецях, але і ў бабулі, якая не ўмее сказаць сваё “не”, не ўмее адстойваць свае межы.
Межы нашага часу парушаюцца, калі мы не ўмеем адключыць тэлефон ці вайбер і нам да позняга вечара нехта піша або тэлефануе, калі ў кватэры родныя слухаюць музыку або глядзяць тэлевізар, а нам хочацца спаць.
Запрашаю задумацца над некаторымі евангельскімі гісторыямі, калі Хрыстос спакойна прымае рашэнні як гаспадар свайго часу. Мы часта чуем, як Ён аддаляецца ад людзей, нягледзячы на тое, што Яго шукаюць, што патрабуюць Яго помачы. Тым не менш, Ён часам проста аддаляецца, бо Яму трэба памаліцца, пабыць аднаму, адпачыць або проста прапаведаваць у іншых месцах.
Езус, убачыўшы вакол сябе натоўп, загадаў пераплыць на другі бераг (Мц 8,18).
На досвітку, устаўшы вельмі рана, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Услед за Ім пайшоў Сымон і тыя, хто быў з ім. А калі знайшлі Яго, сказалі Яму: «Усе шукаюць Цябе!» Ён адказаў ім: «Пойдзем куды-небудзь у блізкія паселішчы, каб Я і там прапаведаваў, бо дзеля гэтага Я прыйшоў» (Мк 1,35-38).
Чуткі пра Яго яшчэ больш распаўсюджваліся, і вялікае мноства людзей сыходзілася, каб слухаць Яго і атрымаць аздараўленне ад сваіх немачаў. А Ён адыходзіў у пустынныя месцы і маліўся (Лк 5,15-16).
І, нягледзячы на тое, што Езус так спакойна дазваляў сабе адыходзіць і “хавацца” ад людзей, якія Яго так шукалі, разам з тым мы чытаем, што Ён мог дазволіць некаторым людзям нібы “прымусіць” затрымаць Яго:
Ён сказаў ім: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце». Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што ім не было нават калі паесці. Таму адплылі яны ў пустыннае месца на чоўне адны. Калі ўбачылі, што яны адплылі, шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра, і пачаў іх многаму вучыць (Мк 6,31-34).
Устаўшы, Езус адышоў у межы Тыра. Увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ведаў пра гэта, але не змог утаіцца. Бо жанчына, у якой была апанаваная нячыстым духам дачка, адразу пачула пра Яго, прыйшла і ўпала да Ягоных ног. А была гэтая жанчына язычніцай, родам сірафініцыянка. Яна прасіла Яго выгнаць злога духа з яе дачкі. Ён адказаў ёй: «Дай спачатку насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам». Яна ж адказала Яму, кажучы: «Пане, але і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ў дзяцей». Тады Ён сказаў ёй: «Дзеля гэтых слоў ідзі, злы дух выйшаў з тваёй дачкі». Калі яна прыйшла ў свой дом, убачыла, што злы дух выйшаў, а дачка ляжыць на ложку (Мк 7,24-30).
Межы нашага прыватнага жыцця
Вельмі часта гэтыя межы парушаюцца асабліва ў нас, жыхароў былога СССР. Мы казалі мінулы раз пра гэтае дзіўнае жаданне беларусаў плаціць вялізныя грошы за кватэру ў Мінску, дзе ты не маеш свайго панадворка, дзе цябе ўсе чуюць, дзе ты на сваёй кухні ведаеш, што твой сусед ужо, напрыклад, пакурыў, дзе пасля 22.00 нельга смяяцца і трэба размаўляць амаль шэптам і г.д. А хто не сутыкаўся з нахабнымі пытаннямі людзей пра тваю сям’ю, працу, заробак, пра твайго хлопца, мужа, дзяцей, пра твой адпачынак за мяжой?!. Гэтыя пытанні часта злуюць нас, бо ў іх мы адчуваем, як хтосьці беспардонна парушае нашыя межы.
Часам нас вельмі злуе, калі нехта распавядае іншым пра цябе тое, на што ты не даваў згоды. Можа быць, што проста ты не папярэдзіў, што гэта асабістае і не трэба пра гэта нікому распавядаць, а можа быць, што і прасіў памаўчаць, а чалавек не прыдаў гэтай просьбе асаблівага значэння. Часам можна назіраць, як браты, сёстры ці бацькі распавядаюць нешта пра дзяцінства дачкі альбо сына, а па твары дачкі ці сына выразна бачна, што яны не давалі дазволу раскрываць іхнюю асабістую гісторыю.
У Евангеллі мы бачым, што Езус мае свае асабістыя сакрэты і не хоча, каб пра іх ведалі ўсе.
Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Пётр сказаў Яму: «Ты — Хрыстус». Тады Ён забараніў ім, каб нікому не казалі пра Яго (Мк 8,29-30).
Выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею, але Езус не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, што Яго заб’юць, і што забіты ўваскрэсне праз тры дні (Мк 9,30-31).
Таксама мы шмат разоў бачым, як Езус не дае адказу фарысеям, хоць тыя пытаюцца. Часам Ён адказвае пытаннем на пытанне, часам проста змушае іх замоўкнуць.
Межы ў сямейных адносінах
Межы прыватнага жыцця вельмі часта парушаюцца ў сям’і паміж бацькамі і дзецьмі. Мы гэта называем канфліктам пакаленняў. Ідзе размова пра бясконцыя балючыя гісторыі, калі бацькі (найчасцей, маці) ўмешваюцца ў сям’ю сваіх дзяцей, спрабуюць кіраваць, распараджацца, як сваёй уласнасцю, даваць парады ці нагаворваць. Часта за гэтым крыецца непрыняцце новага члена сям’і. Часам з вялікім здзіўленнем даводзілася мне назіраць, як саракагадовыя мужчыны, нібы тыя шасцігадовыя пацаны, павінны былі штодзённа даваць справаздачу перад сваёй мамай за пражыты дзень.
Зразумела, што будаванне межаў у сям’і зусім інакш выглядае, чым у адносінах з іншымі людзьмі. Там ты можаш дазволіць у выпадку неабходнасці проста адвярнуцца ад чалавека, які рэгулярна парушае твае асабістыя межы і ў гэтым няма ніякага “крыміналу”, а ёсць цвярозы падыход. У сям’і ж ты часта не можаш адвярнуцца ад мужа, сына ці бацькоў. Тым не менш, тэма межаў тут існуе і яна нават больш важная чым са “знешнімі” людзьмі. Але гэта крыху іншыя межы. Сям’я нам найбольш ярка паказвае, наколькі неабходна вучыцца вызначаць свае межы і прымаць чужыя на самай ранняй стадыі, на стадыі закаханасці ці знаёмства з чалавекам, на стадыі выхавання, на стадыі будавання адносінаў з родзічамі.
У Евангеллі няшмат маем прыкладаў пра асабістыя межы ў сямейных адносінах і, тым не менш, гэтыя прыклады ёсць і яны даволі гучныя, у нейкім сэнсе, на слыху сярод веруючых. Чаго вартая гісторыя пра дванаццацігадовага Езуса ў святыні, калі чуем:
«Чaгo ж вы шукaлі Мяне? Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?» Aле яны не зрaзумелі таго, што Ён скaзaў iм (Лк 2,49-50).
Таксама крыху дзіўныя адказы Езуса Марыі:
Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна». Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая». Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Яна 2,3-5).
Калі Ён прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім. І нехта сказаў Яму: «Вось Маці Твая і браты Твае стаяць звонку і хочуць пагаварыць з Табою». А Ён адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: «Хто маці Мая і хто браты Мае?» І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці» (Мц 12,46-50).
У Евангеллі мы чуем, як родзічы Езуса правакуюць Яго ўчыніць цуды, як яны не верылі Яму, часам сумняваліся. Езусу даводзілася заняць адносна іх адпаведную пазіцыю, каб не павесціся на іх асабістыя праблемы. Магчыма, што менавіта добра пабудаваныя межы паміж Езусам і Яго братамі прычыніліся да таго, што хаця б адзін з іх (Якуб) стаў хрысціянінам і, больш за тое, нават бікупам Ерусаліма, мучанікам за веру і аўтарам знакамітага Паслання ў Новым Запавеце.
Межы твайго асабістага распазнання. Што з’яўляецца дабром?
У пытаннях для сузалежных пра правы, між іншым, гучыць тэма, што чалавек мае права на сваё жыццё, на свае мары, на сваё шчасце. Ідзе размова пра тое, што даросламу чалавеку нельга наказаць, дзе яму трэба жыць, дзе працаваць, дзе вучыцца і з кім ствараць сям’ю. Канечне, можна і трэба часам даваць парады, слухаць розныя галасы, але ніхто, нават бацькі, не маюць права тут рэалізоўваць свае жаданні і сваю візію жыцця. Калі гэта адбываецца, то адбываецца парушэнне асабістых межаў з вельмі балючымі наступствамі.
У Евангеллі мы сустракаем шмат гісторый, калі Езус прымае нейкія рашэнні, не хвалюючыся пра тое, што нехта пачне зайздросціць, нехта не зразумее і г.д. Ён выбірае вучняў, якіх сам хоча. Можам толькі здагадвацца, колькі пытанняў магло ўзнікнуць сярод тых, хто не знайшоўся ў групе дванаццаці. Езус сам вырашае, калі пачаць казаць вучням пра сваю смерць і ўваскрашэнне. Бярэ на гару Перамянення толькі траіх вучняў. Чаму траіх? А што з іншымі? Горшыя? А як яны сябе пры гэтым адчуваюць? Не бачна, каб Езуса асабліва турбавалі гэтыя пытанні. Ён проста робіць тое, што павінен рабіць, што лічыць правільным. Вось яшчэ некалькі гісторый:
Калі Ён сядаў у човен, апанаваны злым духам прасіўся ў Яго застацца з Ім. Але Ён не дазволіў яму і сказаў: «Вярніся да свайго дому і да сваіх і раскажы ім усё, што Пан учыніў табе і як змілаваўся над табою». Той адышоў і пачаў абвяшчаць у Дэкаполісе ўсё, што ўчыніў яму Езус, і ўсе здзіўляліся (Мк 5,18-20).
У тую гадзіну Ён узрадаваўся ў Духу Святым і сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць» (Лк 10,21-22).
Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: «Пане, а што з ім?» Езус адказаў яму: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною» (Ян 21,21-22).
Сказаў ёй Езус: «Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага» (Ян 20,17).
Вядома, мы можам сказаць, што Езус – Бог, што Ён мае права прымаць самастойна такія рашэнні, бо Ён бязгрэшны, бо Ён не памыляецца, чаго не скажаш пра нас. Гэта праўда. І менавіта таму мы павінны ўспрымаць навучанне Бога як таго, хто не памыляецца, а навучанне людзей як тых, хто можа памыляцца таксама, як і мы, а то нават і больш.
А з іншага боку, мяне асабіста вельмі ўражвае, як Езус ставіцца да асабістага выбару чалавека. Гэта мы часта думаем, што маем права кіраваць іншымі людзьмі і нават не пытаемся ў іх, ці яны згодныя з гэтым і ці яны хочуць гэтага. Езус жа, як бачна з Евангелля, кіруе тымі, хто дазволіў сабой кіраваць, і вучыць тых, хто згадзіўся быць навучаным. У Евангеллі вельмі шмат гісторый, калі Езус не ламае чалавека праз сілу, не пераступае яго асабістых межаў, нават калі гэтыя чалавечыя межы вядуць да згубы. Класічны прыклад – гісторыя з Юдам, калі Божы Сын правакуе апостала адумацца, але не змушае яго, а прымае яго трагічнае рашэнне. І такіх гісторый даволі шмат:
Увесь горад выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў. Увайшоўшы ў човен, Ён пераправіўся на другі бераг і прыйшоў у свой горад (Мц 8,34 – 9,1).
Тады вучні падышлі і сказалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?» А Ён сказаў у адказ: «Усялякая расліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе вырвана з каранямі. Пакіньце іх, яны — сляпыя павадыры сляпых. Калі сляпы вядзе сляпога, то абодва ўпадуць у яму» (Мц 15,12-14).
Выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім, патрабуючы ад Яго знаку з неба, каб выпрабаваць Яго. Але Ён уздыхнуў у духу сваім і сказаў: «Чаму гэтае пакаленне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: не будзе дадзена знаку пакаленню гэтаму». Пасля Ён пакінуў іх, зноў сеў у човен і адплыў на другі бок (Мк 8,11-13).
Межы нашага духоўнага жыцця
У Евангеллі ёсць даволі шмат ускосных прыкладаў, пра якія мы ўжо згадвалі, калі Езус мае свае асабістыя сакрэты і нікому пра іх не распавядае. Гэта Ён вырашае, каму і што казаць, каму даваць якія заданні, калі распавядаць пра сваю смерць і ўваскрасенне. Мы бачым, што Езус кажа пра свой другі прыход, пра суд Божы, але гэта не зусім тыя інфармацыі, якія мы часта хочам пачуць. Свае асабістыя духоўныя сакрэты маюць і многія Божыя людзі – Марыя, апосталы, старац Сімяон, прарочыца Ганна. Апостал Павел ускосна ўзгадвае пра многія аб’яўленні, якія атрымаў ад Пана, але без асаблівых падрабязнасцяў. І нам застаецца толькі здагадвацца, што яго пасля навяртання асабіста сам Уваскрослы Хрыстос вучыў праз містычныя аб’яўленні на Аравійскай пустыні, што Павел мог мець стыгматы і г.д.
Мы павінны разумець, што ў жыцці веруючага чалавека ёсць такія тэмы, пра якія будзе ведаць толькі Бог, або толькі некаторыя самыя блізкія і давераныя людзі. Часам нам хочацца па-чалавечы расказаць многае, часам іншыя людзі хочуць ад нас нешта выцягнуць, але ўсе мы адначасна адчуваем, што ёсць такія духоўныя пытанні, пра якія не трэба распавядаць усім толькі таму, што гэта ім цікава.
Калі твае межы не парушаюцца, але ты сам разумееш, што іх трэба будаваць
Межы ў адносінах да аўтарытэту
Мы разважалі мінулым разам пра тое, што часам размова ідзе не пра тое, што нехта парушыць твае межы, але ты і сам зацікаўлены ў тым, каб захаваць адпаведную дыстанцыю для таго, каб не страціць большага дабра. Так адбываецца ў тым выпадку, калі чалавек для цябе з’яўляецца аўтарытэтам, ці начальнікам і ты не хочаш, каб ён стаў проста сябрам. Альбо ты пачынаеш разумець, што нядобра пераходзіць са святаром ці біскупам на “ты”. І гэта тычыцца не толькі духоўных. Гэта тычыцца таксама адносінаў з начальнікамі, дырэктарамі, чыноўнікамі. Не толькі таму, што з іх боку можна нечага там дрэннага спадзявацца. Проста табе лепш, каб начальнік заставаўся начальнікам, а не таварышам.
Межы ў адносінах з гэтым светам
У Евангеллі мы чуем даволі шмат фрагментаў, калі Езус наказвае з пэўнай дыстанцыяй ставіцца да язычнікаў, самаранаў, да няверуючых ці нават і да веруючых, якія свядома трываюць у граху. Гэтае навучанне не надта прыемнае для нас, бо нам часта так хочацца быць добрынькімі для ўсіх, каб нас усе прымалі і любілі. І тым не менш, Хрыстос кажа нам вучыцца захоўваць гэтыя межы. Магчыма, не таму, што гэтыя людзі, зноў жа, нешта зробяць для нас, а таму, што ёсць нябачны духоўны ўплыў зла, і калі мы не будзем чуваць над гэтым, калі самі не задбаем пра нашыя межы і не прыслухаемся да навучання Хрыста, то ў выніку могуць быць балючыя наступствы. Запрашаю, каб мы пачулі і задумаліся над гэтым вучэннем Хрыста:
Не давайце сабакам таго, што святое, і не кідайце пярлінаў вашых перад свіннямі, каб яны не патапталі іх сваімі нагамі ды, вярнуўшыся, не разарвалі вас (Мц 7,6).
Асцерагайцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай вопратцы, а ў сярэдзіне — ваўкі драпежныя. Па іхніх пладах пазнаеце іх (Мц 7,15-16).
Езус жа сказаў ім: «Глядзіце, асцерагайцеся фарысейскай і садукейскай закваскі». Тады зразумелі, што Ён казаў ім асцерагацца не хлебнай закваскі, а фарысейскага і садукейскага вучэння (Мц 16,6.12).
І тады, калі хтосьці скажа вам: “Вось, тут Хрыстус, вось, там”, — не верце. Бо паўстануць фальшывыя месіі і фальшывыя прарокі і будуць чыніць знакі і цуды, каб увесці ў зман, калі ўдасца, выбраных. А вы сцеражыцеся. Я прадказаў вам усё (Мк 13,21-23).
Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў свайго брата. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася кожнае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы Касцёлу. Акалі і Касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік (Мц 18,15-17).
Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!» (Мц 16,23).
Калі ж вас нехта не прыме, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне супраць іх (Лк 9,5).
Як адрозніць асабістыя межы ад эгаізму і пыхі?
Найперш трэба аддзяліць спачуванне ад нашых асабістых межаў. Гэта нармальна, калі мы некаму спачуваем або спрабуем дапамагчы і нам гэта чагосьці каштуе. Але калі ў выніку гэтага спачування нам самім ужо даўно няма жыцця і радасці, то гэта яскравы прыклад таго, што межы даўно ўжо парваныя. Часта гэтую праблему мы сустракаем у сузалежных людзей. Гора таты альбо мужа, ці сына, які п'е, настолькі становіцца асабістым горам жанчыны, што яна ўжо даўно быццам і не жыве. Гэта класічная сузалежнасць, якая ў псіхалогіі называецца сімбіёз (адзінства).
Я часта задаваў сабе пытанне, як з гэтай праблемай спраўляюцца псіхатэрапеўты, а асабліва псіхіятары? Вядома, што мяне гэтае пытанне цікавіла ў кантэксце майго святарскага служэння. Я зразумеў, што яны дапамагаюць сваім пацыентам, спачуваюць ім, могуць праяўляць любоў і дабрыню, але самі ўсё ж не атаясамліваюцца з імі. Няма гэтага эмацыйнага сімбіёзу і суперажывання, ёсць вельмі выразная мяжа паміж доктарам і пацыентам. Калі б так не было, то псіхіятар сам мог бы хутка стаць пацыентам. Менавіта таму людзі з праблемамі сузалежнасці не могуць выконваць такой працы ці служэння.
Нас, хрысціянаў, вядома, хвалюе пытанне, дзе ў нашай тэме пра асабістыя межы ёсць месца для ахвярнасці? Думаю, што цудоўным адказам з'яўляюцца словы Хрыста:
За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго (Яна 10,17-18).
Паспрабуем паразважаць над гэтымі, такімі важнымі словамі. Яны кажуць нам пра агромністую духоўную сталасць Хрыста. Ён гаворыць тут як гаспадар свайго жыцця, які сам прымае рашэнне, калі Яму быць ахвярным і калі аддаць сваё жыццё. Інакш кажучы, Ён ведае свае асабістыя межы, а калі нехта і будзе парушаць гэтыя межы, то не таму, што так атрымалася альбо чалавек аказаўся занадта нахабным, але таму, што Хрыстос пагадзіўся і дазволіў некаму парушыць Яго межы. Уражвае, што з гэтым звязана любоў Айца Нябеснага. Хрыста не прымушаюць да ахвярнасці, Ён сам становіцца ахвярным тады, калі ў гэтым ёсць неабходнасць. І менавіта ў гэтым праяўляецца любоў Божага Сына да чалавецтва і любоў Бога Айца.
Калі я ведаю свае межы, то змагу быць ахвярным, бо гэта я вырашаю, каму аддаць свой час, здароўе альбо грошы. Больш за тое, гэта я магу вырашыць, ці аддаць сваё жыццё на смерць, ці не. Так зрабіў Хрыстос і многія мучанікі. Мы бачым, што Езус доўгі час не дазваляе сябе арыштаваць. Габрэі не змаглі скінуць Яго са скалы ў Назарэце (Лк 4,28-30), альбо пабіць камянямі на свяце (Ян 8,59). Езус цудоўным чынам, спакойна быццам знікае. Але прыйдзе час, і Ён дазволіць зрабіць гэта. Нешта падобнае адбываецца і з апосталамі Паўлам і Пятром. Столькі разоў Бог цудоўным чынам ратуе іх ад вязніцы і смяротнага пакарання, але прыйдзе час, і апосталы, можна сказаць, самі добраахвотна дазволяць сябе арыштаваць і забіць. Таму, думаецца, калі ты не цэніш свайго жыцця, калі не ўмееш бараніць сваю чалавечую годнасць, свае асабістыя межы, то і ахвярным ты таксама не станеш. Калі ты адчуваеш сябе нявольнікам абставінаў, калі табой кіруюць і маніпулююць людзі, то тут і блізка не можа ісці гаворка пра ахвярнасць свабоднага чалавека. Тут гаворка пра раба, які дазволіў іншым быць рабаўладальнікамі.
Будаваць межы з першых хвілінаў
Вельмі распаўсюджаная спакуса ў тым, каб сказаць: мне не дазваляюць вызначыць мае межы, іх не шануюць, я жыву ў Беларусі, мы жывем у іншы час і г.д. Але варта памятаць: адказнасць за тваё жыццё і твае межы нясуць не іншыя, а ты сам. Гэта ты дазваляеш парушаць свае межы, а не іншыя пераступаюць іх. Агромністае значэнне мае ўсведамленне таго, што мая адказнасць – гэта мая адказнасць, а іншы адказвае за самога сябе. Я магу яму дапамагчы, магу штосьці параіць, магу маліцца за яго, але не магу прыняць адказнасць дарослага чалавека на самога сябе.
Вельмі распаўсюджаная памылка ў тым, што мы не ўдзяляем увагі ўсталяванню нашых межаў у першыя хвіліны кантакту з незнаёмым чалавекам, а пасля гэтыя межы ўсё складаней і складаней пабудаваць. Важна навучыцца распазнаваць, калі твае межы парушаюцца ўпершыню, калі адбываюцца пачатковыя парушэнні. Калі няма такога распазнання, то парушэнне тваіх межаў станецца паталогіяй, а ты будзеш марыянеткай у чужых руках. Пазней жа з гэтай паталогіі выйсці будзе вельмі складана. Нам часта падаецца, што ўсё павінна складвацца неяк само-сабой і натуральна, а ў выніку часам мы збіраем плён парушаных межаў. Пра нашыя межы трэба памятаць у першыя хвіліны размовы і знаёмства, а нават лепш яшчэ да самой сустрэчы.
Аляксандр Жарнасек МІС