Адпачынак ("ВІНАГРАДНІК")
- "ВІНАГРАДНІК"
- 3911
Прапаноўваю нейкую частку тэмы, якая прагучала на апошняй сустрэчы "ВІНАГРАДНІКУ" ў Оршы. Тэма адпачынку з'яўляецца ў нейкім сэнсе працягам тэмы размеркавання часу і вызначэння мэтаў.
а. Аляксандр
Правіла першае: адпачынак – гэта не сімуляцыя ад працы, а збіранне новых сілаў
Адпачынак абавязкова павінен быць! Незалежна ад таго, колькі каму год, у якіх абставінах жыве чалавек і дзе працуе. Нават калі па хаце топаюць маленькія дзеці, а трэба ж яшчэ накарміць сям’ю і прыбрацца ў кватэры, то варта вырашыць, калі знайсці неабходны час для адпачынку, але знайсці яго абавязкова трэба! Калі наш адпачынак – гэта толькі сон, то гэтага мала. Недахоп адпачынку адаб’ецца ў стомленасці, на здароўі, альбо нават у дыпрэсіі ці злосці на ўсіх навокал. Народы Азіі, якія славяцца сваёй працавітасцю, часта спяць гадзіну ўдзень, каб пасля з новымі сіламі далей працаваць.
Правіла другое: паведаміць іншым пра твой адпачынак
Пасля таго, як ты ўжо вызначыш сабе час на адпачынак, варта максімальна паведаміць пра гэта тым, з кім жывеш і працуеш. Ідэальна, канечне, не атрымаецца, але трэба ўчыніць усё магчымае.
Правіла трэццяе: адпачынак – справа індывідуальная
Ніхто вам не можа сказаць, як вам трэба адпачываць. Калі нехта адпачывае на лыжах, то гэта не значыць, што я таксама гэтак адпачну. Таму калі я іду з некім адпачываць, а ў выніку атрымалася, што ён адпачнуў, а я яшчэ больш замучыўся, то, зразумела, што такі «адпачынак» не мае ніякага сэнсу. Трэба знайсці сваю нішу, і толькі для гэтага можна спрабаваць розныя прапановы, каб пасля на нечым затрымацца.
Адпачынак разам ці па-асобку?
Больш складаная справа супольнага адпачынку ў сям’і. З аднаго боку, муж павінен дазволіць адпачываць жонцы так, як ёй падабаецца, а з іншага боку трэба знайсці той від адпачынку, які задавальняе два бакі. Асноўнымі тут будуць два правілы: 1) не асуджай і не смейся з адпачынку бліжняга; 2) адпачынак грунтуецца на слове «хачу», а не «павінен».
Правіла чацвёртае: адпачываць штодзённа і што-нейкі час
Запланаваны адпачынак на кожны дзень і раз на нейкі перыяд (раз на тыдзень, месяц, год). павінен быць рэальным для нас, каб не расчароўвацца ў выпадку арганізацыйных няўдачаў.
Адпачынак штодзённы
Маецца на ўвазе таксама адпачынак раз на тыдзень, але які не трывае больш чым адзін-два дні. Яго дзелім на актыўны (фізічная праца, спорт, паход, адпачынак у гарах) і пасіўны(прагулка, вязанне, «мыльныя оперы», музыка або проста бяздзеянне). Актыўны адпачынак дзеліцца на інтэлектуальны (сур’ёзная літаратура і фільмы «артхаус», красворды, лагічныя гульні, дыспуты) і фізічны (спорт, уборка, рамонты). Усе гэтыя віды адпачынку важныя для розных людзей. Толькі трэба захаваць прынцып процілегласці. Напрыклад, калі я на працы шмат думаў, то няма сэнсу дома адпачываць пры сур’ёзнай кнізе. Больш карысці дасць, напрыклад, лёгкі фільм ці нейкі серыял, а часам нейкія дробныя фізічныя працы дома. І гэтак далей. Калі ж удзень шмат размаўляў з людзьмі – пабудзь у адзіноце, калі быў у адзіноце – паразмаўляй, калі сядзеў – прайдзіся, калі шмат рухаўся – проста пасядзі. Некаторыя раяць рабіць 5-10-хвілінныя перапынкі па прынцыпе процілегласці кожную гадзіну (падобна, як было ў школе). Лепш частыя і кароткія адпачынкі, чым рэдкія і доўгія. Гэта тычыцца таксама выездаў. Лепш паехаць некалькі разоў на год на некалькі дзён, чым раз на год на месяц. Тут таксама трэба прыслухоўвацца да нашага арганізму і рабіць адпаведныя высновы. Калі пачнеш адчуваць, што твой адпачынак аддаляецца ад слова «хачу» і «люблю», то гэта першы знак, што трэба шукаць новыя формы адпачынку.
Адпачынак раз або два разы на год
Гаворка ідзе пра адпачынак, які трывае ад тыдня да месяца. Некаму лепш гэты час перажыць адразу. Іншым трэба падзяліць яго на два-тры перыяды. Асноўныя правілы: 1) змяніць абстаноўку і пакінуць клопаты і працу – г. зн. трэба некуды выехаць і найлепш на прыроду. Трэба пастарацца, каб клопаты не злавілі цябе праз тэлефон ці візіт знаёмых; 2) паклапаціцца, каб іншыя задбалі пра твой адпачынак (не мучылі рамонтамі, падрыхтоўкай ежы, уборкай і г.д.); 3) запланаваць, каб у гэты часе рабіць тое, што сапраўды любіш і пра што доўга марыў і чакаў; 4) пакінуць сабе памяткі пра адпачынак (здымкі, сувеніры), каб пасля падчас цяжкой працы вяртацца да прыемных успамінаў.
Правіла пятае: вызначыць свой рытм працы і адпачынку
Нехта найбольш працуе раніцай, а ўвечары няздольны да працы (большасць людзей), таму што кожны з нас мае ўласны рытм працы. Гэтаксама ёсць рытм сну, рытм адпачынку, час на гарбату і на прагулку. Некалькі дзён можна назіраць і запісваць па гадзінах свой рытм, каб з ім пазнаёміцца і лепш сябе пазнаць. Наш арганізм сам дасць нам адпаведную падказку. Мы можам доўга спаць і будзем ляніцца працаваць найчасцей не таму, што такі наш арганізм, але таму, што збіты рытм працы нашага арганізму і мы проста-напраста стамляемся. Раніцай цяжка ўстаць толькі тым, хто сядзіць перад экранам пасля 23.00, хто падае спаць ад стомы, хаця павінен быў пачаць адпачываць ранней, чым прыйдзе стома, хто не мае часу памыцца перад сном, прыняць душ, прагуляцца, праветрыць пакой ці проста спакойна пасядзець.
Правіла шостае: умець «пераключыцца»
Большасць людзей пасля цяжкога працоўнага дня не могуць «пераключыцца» на адпачынак і надалей думаюць пра працу і праблемы. Напрыклад, едучы ў метро, ідучы па вуліцы, чакаючы аўтобуса, спажываючы вячэру ці, нават, кладучыся спаць. У выніку, калі мы павінны лавіць кожную вольную хвіліну для адпачынку, мы і надалей працягваем «працаваць» у нашай галаве.
Стварыць уласны “абрад пераключэння”
Для таго, каб навучыцца «пераключацца», можна паспрабаваць стварыць уласны «абрад пераключэння». Найперш трэба пастарацца пагадзіцца з тым, што трэба закончыць працу і вярнуцца да яе толькі на наступны дзень. Пасля трэба ўчыніць нейкі знешні чын для таго, каб фізічна адчуць, што праца скончана і каб нічога ўжо не нагадвала пра яе. Напрыклад, варта прыбраць працоўнае месца, або падрыхтавацца да працы на наступны дзень, або прыняць душ і перапрануцца і г.д.
Лавіць кожную хвіліну адпачынку
Калі чалавек робіць такое «пераключэнне», то важна навучыцца кантраляваць сябе і не вяртацца думкамі да працы. Напрыклад, калі п’еш гарбату, то смакуй яе смак, калі едзеш, то глядзі на людзей, любуйся прыродай, калі мыешся, то атрымлівай асалоду ад самога працэсу і г.д. Трэба навучцца карыстацца кожнай хвілінай адпачынку, бо калі вернешся з працы, то дома цябе чакаюць іншыя абавязкі.
«Ад адпачынку адпачнём»…
Адпачынак прыносіць нам радасць, палёгку, дае новыя сілы. Калі ж пасля нашага «адпачынку» мы адчуваем, што стаміліся, або што ён не даў нам чаканых вынікаў, то гэта азначае, што яўна тут нешта не працуе. Ёсць некалькі вядомых ілюзій, якія выглядаюць як адпачынак, а на самой справе яшчэ больш стамляюць:
шопінг – хаджэнне па крамах (базары) па выхадных, або «лётанне» па горадзе ў пошуках таннейшага на пару рублёў тавару;
алкаголь – без яго ў нас не абыходзіцца, як правіла, ні на адным адпачынку. У нейкім сэнсе, што праўда, алкаголь крыху здымае напругу псіхічную і фізічную (раслабляе мышцы), але ўсё ўпіраецца ў межах дазволенага (сярэдняя норма 30-40 г. гарэлкі на дзень на чалавека), не кажучы ўвогуле пра тэму залежнасці і сузалежнасці;
тэлевізар – сапраўды можа быць адпачынкам пры ўмове, што чалавек глядзіць некалькі сваіх любімых праграмаў і без цяжкасці ўключае ды выключаю «скрыню» тады, калі яны ідуць. Калі ж ты проста шчоўкаеш пультам наўзгад, то тэлевізар наадварот становіцца прычынай стомы і стрэсу;
кампутар і інтэрнэт – небяспека падобная, як і ад тэлевізара. Можа быць адпачынкам пры ўмове, што ты ведаеш чаму, тут сядзіш і можаш без цяжкасцяў выключыць кампутар у адпаведны час. Зусім асобнай праблемай з’яўляецца ЗАЛЕЖНАСЦЬ ад віртуальнага свету (гульні, форумы, сацыяльныя сеткі і г.д.).