Часам людзі наіўна думаюць, што можна проста стаяць збоку каля Бога і проста назіраць, не прымаючы ніякіх рашэнняў. Менавіта. Нам здаецца, што калі мы не прымаем адказнага рашэння, то ўсё стаіць на месцы і нічога не мяняецца. Няпраўда! Калі мы не прымаем адказнага рашэння, то гэта таксама нашае рашэнне: мы не стаім на месцы, мы вырашаем нічога не мяняць... Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы як Ён канаў: І. Сапраўды Чалавек гэты быў Сынам Божым (Мк 15,39)
Госпад глядзіць на сэрца
Напэўна, шмат чаго можна казаць пра апошнія хвіліны жыцця Езуса, але мне на сэрцы адбіўся вобраз рымскага сотніка, які стаіць пад крыжам. Разважаючы над тэкстам Евангелля, я ўбачыў, што яго асоба не выпадковая. Веру, што Дух Святы звярнуў маю ўвагу на гэтага чалавека. Толькі ён кажа: Сапраўды, чалавек гэты быў Сынам Божым. Чаму іншыя не зрабілі такой высновы, хаця былі сведкамі смерці Езуса, чулі тыя самыя словы, бачылі тыя самыя знакі? І ўвогуле, чаму так дзеіцца ў жыцці: розныя людзі чуюць і бачаць адно і тое ж, але адзін сапраўды бачыць, верыць, яго сэрца пачынае гарэць, а іншы застаецца сляпым. Я разважаў над гэтай гісторыяй і ўнутрана перажываў вялікае хваляванне, таму што разумеў: вобраз сотніка пад крыжам гаворыць аб нечым вельмі важным.
За некалькі дзён да ўкрыжавання, калі Езус уязджаў у Ерузалем, Яго сустракалі велізарныя натоўпы, кідалі вопраткі пад ногі і крычалі «Гасанна». На занятках па рэлігіі дзеці ў мяне запыталі: «Навошта кідаць вопратку пад асла?» Даследчыкі Бібліі кажуць, што так віталі імператараў. А слова гасанна азначае збаў нас. Гэта таксама звычай прывітання імператара. Езуса вітаюць як лідэра, кіраўніка, свайго цара. Людзі спадзяваліся, што Ён, які ўваскрасіў нядаўна Лазара, здольны рашыць іхнія многія праблемы. Яны бачылі ў Ім палітычнага лідэра. Яны мелі адносна Яго канкрэтныя планы. Вось толькі праз пару дзён аказалася, што Езус не спаўняе людзкіх чаканняў – Яго забіваюць. Менавіта таму гэтых натоўпаў няма пад крыжам, і Езуса ніхто не бароніць. Не выключана, што некаторыя з тых натоўпаў, якія нядаўна віталі Яго, цяпер стаялі ды здзекваліся з Яго, альбо проста збоку назіралі.
Якая розніца паміж веруючым натоўпам і язычнікам (а для габрэяў – бязбожнікам) сотнікам-афіцэрам? Розніца будзе бачнай, калі пачаць адказваць на пытанне: навошта я іду за Богам, дзеля чаго? Хтосьці толькі знешне пакланяецца Богу, ён нібыта і ідзе за Ім, а на самой справе шукае сваёй выгады. Бог патрэбны яму для чагосьці, а вось Ён сам… Ён сам не патрэбны. Бог – як падтрымка маіх поглядаў, як рашэнне маіх праблемаў, як аздараўленне маіх хваробаў і г.д. Знешне можа быць усё прыгожа: прыгожая і доўгая малітва, вернасць рэлігійным правілам, глыбокія разважанні… Вось толькі без любові да Яго… Усё – для мяне самога, мяне, любімага… Калі такі чалавек сустракае Бога бездапаможнага, пабітага, голага, бяздомнага і беднага, то пачынае адварочвацца, бо яму патрэбна была Божая сіла, а не сам Бог. Як у гэтым свеце няма месца для калекаў, так няма яго і для бездапаможнага Бога таксама. А знешне ўсё нармальна, знешне чалавек можа выглядаць цалкам рэлігійным. Якая розніца паміж сотнікам і натоўпам? Сотнік шукаў Бога сэрцам, а натоўп ішоў за Ім, чакаючы ад Яго вырашэння сваіх праблемаў. Бог жа ведае сэрцы і шмат дае тым, хто Яго шукае па шчырасці свайго сэрца. Сёння я, магчыма, як ніколі разумею, што калі не чую Бога, то не таму, што Ён маўчыць, а таму што жаданні майго сэрца не дастаткова гарачыя. Веру, што Бог сапраўды шмат дае тым, хто шукае Яго ўсім сэрцам.
Но Господь сказал Самуилу: не смотри на вид его и на высоту роста его; Я отринул его; Я [смотрю не так], как смотрит человек; ибо человек смотрит на лице, а Господь смотрит на сердце (1 Цар 16,17)
этот народ приближается ко Мне устами своими, и языком своим чтит Меня, сердце же его далеко отстоит от Меня, и благоговение их предо Мною есть изучение заповедей человеческих (Ісаі 29,13)
Да Бога нельга быць абыякавым
Такое адчуванне, што сама прысутнасць Бога пачынае дзяліць людзей на два лагеры: за Яго і супраць Яго. Кажу не пра Яго навуку і погляды, а толькі пра саму прысутнасць. Яго нараджэнне падзяліла свет на тых, хто аддае Яму пашану (пастухі, язычнікі-мудрацы) і тых, хто Яго ненавідзіць (Ірад, духоўныя лідэры народу). І напэўна невыпадкова евангеліст Мацьвей падкрэслівае, што разам з Ірадам устрывожыўся ўвесь Ерузалем (Мц 2,3). Тое ж самае адбываецца падчас мукаў і смерці Хрыста. Ніхто не можа быць абыякавым. Нельга апынуцца недзе пасярэдзіне, нібы ў вакууме. У любым выпадку ты займаеш нейкую пазіцыю – з Ім, альбо без Яго.
Хто не са Мной, той супраць Мяне; і хто не збірае са Мной, той раскідае (Мц 12,30)
Часам людзі наіўна думаюць, што можна проста стаяць збоку каля Бога і проста назіраць, не прымаючы ніякіх рашэнняў. Менавіта. Нам здаецца, што калі мы не прымаем адказнага рашэння, то ўсё стаіць на месцы і нічога не мяняецца. Няпраўда! Калі мы не прымаем адказнага рашэння, то гэта таксама нашае рашэнне: мы не стаім на месцы, мы вырашаем нічога не мяняць!
Адна веруючая дзяўчына на маё пытанне, чаму яна жыве без шлюбу, адказала мне: «Гэта вельмі адказнае рашэнне і я не гатова да яго». На што я адказаў:«А жыць у граху з хлопцам не было тваім адказным і смелым рашэннем?» Дзяўчына была вельмі здзіўленая, бо жыццё з хлопцам пачалося неяк само па сабе, яна нібыта не вырашала гэтага… Сатана так задурманіў ёй розум, што яна, уявіце, не бачыла таго, што прыняла рашэнне адысці ад Бога. Мы заўсёды прымаем нейкія рашэнні. А ў адносінах да Бога яны альбо вядуць нас да Яго, альбо аддаляюць. Іншых варыянтаў няма. Гэтак жа, як пасля смерці ты маеш толькі два варыянты: рай альбо пекла (чысцец усё роўна вядзе ў рай).
Гэтую тэму Бог аднойчы адкрыў мне, паказваючы мой грэх і прызываючы да пакаяння. Ён даверыў мне адно заданне, а ў мяне не надта пайшла тая справа, і я проста яе пакінуў, ведаючы, што мае абавязкі выканаюць іншыя. І так сталася. Я не прымаў рашэнняў, што адыходжу ад Яго, не бунтаваўся, не даказваў. Я проста нічога не рабіў, а павінен быў… Так бывае: здаецца, ты нічога ажно такога дрэннага не робіш, ты проста спыніўся і не пайшоў далей. Падкрэсліваю: ты не пачаў нішчыць, праклінаць, ламаць… ты проста спыніўся. Нібыта затрымаўся на месцы. Бог жа паказаў мне, што я зграшыў супраць Яго, бо зрабіў вялікую памылку.
Перад Богам нельга затрымацца. Ты альбо ідзеш за Ім, альбо аддаляешся.
Хто не са Мной, той супраць Мяне (казанне, 01.04.2012)
- СЛОВА
- 3507