ЛЮБОЎ – ПАЧАТАК УСЯГО (казанне, 13.05.12)

Чалавека «завабіць» у касцёл можна рознымі рэчамі – ведамі, гарбатай, гітарай, кампаніяй, пілігрымкамі, патрыятызмам, сенсацыямі, пачуццёвымі перажываннямі і г.д. Нехта прыйдзе ў святыню, бо яго напаткала бяда, але бяда некалі можа вырашыцца… Затрымацца ўсур’ёз пры Богу чалавек можа толькі па адной прычыне – калі пачне Яго любіць.
ЛЮБОЎ – ПАЧАТАК УСЯГО (казанне, 13.05.12)
Калі Пётр уваходзіў, Карнэлій выйшаў насустрач і, упаўшы да ног, пакланіўся яму. Пётр падняў яго, кажучы: Устань, я таксама чалавек.
Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: Сапраўды, разумею, што Бог не зважае на асобу, але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва.
Калі Пётр казаў яшчэ гэтыя словы, Дух Святы сышоў на ўсіх, хто слухаў слова. І вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі разам з Пятром, здзівіліся, што дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў. Бо чулі, як тыя размаўлялі на розных мовах і славілі Бога.
Тады сказаў Пётр: Ці можа хто забараніць хрысціцца тым, хто, атрымаў Святога Духа, як і мы? І загадаў ахрысціць іх у імя Езуса Хрыста.
Потым яны прасілі яго застацца на некалькі дзён.

Дз 10, 25–26. 34–35. 44–48


Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.
Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён Сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.

1 Ян 4, 7–10

У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.
Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.
Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

Ян 15, 9–17
ЛЮБОЎ – ПАЧАТАК УСЯГО (казанне, 13.05.12)

Памятаю як некалі адзін святар, што працаваў у Расіі, апавядаў пра раcчараванні ў евангелізацыі. Нібыта цікавыя сустрэчы рабіў, нібыта моладзь прыходзіла, нібыта ў іх былі пытанні і чыталі шмат кніг, а пасля… проста зніклі. Моладзь накарміла свой розум і адышла…

Чалавека «завабіць» у касцёл можна рознымі рэчамі – ведамі, гарбатай, гітарай, кампаніяй, пілігрымкамі, патрыятызмам, сенсацыямі, пачуццёвымі перажываннямі і г.д. Нехта прыйдзе ў святыню, бо яго напаткала бяда, але бяда некалі можа вырашыцца… Затрымацца ўсур’ёз пры Богу чалавек можа толькі па адной прычыне – калі пачне Яго любіць.

Доўгі час мне чамусьці здавалася, што гэта банальная тэма для дзяўчатак, і таму я не прыдаваў ёй належнай увагі. Мяне пераконвалі лагічныя аргументы, вабіў рэлігійны патрыятызм, пачуццё адказнасці і доўгу, пасля прыцягвалі цуды і яўнае знешняе дзеянне Бога. Але калі аднойчы ў нашай харызматычнай малітоўнай групе мяне спыталі, ці дасведчыў я любові Бога, а пастараўся ўвогуле на гэтае пытанне не адказваць. Мне здавалася, што з такімі пытаннямі не да мяне. Не мог таксама адказаць і на тое, ці люблю я Яго. Мне чамусьці здавалася, што гэта тэма не настолькі важная.

Ужо пасля, праз некалькі год Бог паказаў мне, што без досведу любові Бога і без адказу на гэтую любоў, пры Богу немагчыма застацца. Гэтая любоў найважнейшая. Яна – сэрца нашых адносінаў з Ім. Усё пачынаецца і сканчваецца вакол гэтай любові, бо “Бог ёсць Любоў” (1 Ян 4,8).

Прыемны Яму той, хто Яго баіцца-любіць

Ёсць два віды страху. Адзін з іх нам добра вядомы. Вось што пра Яго кажа апостал Ян:

У любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх, бо страх ёсць з-за боязі перад пакараннем; хто баіцца, той недасканалы ў любові.(1 Ян 4,18).

Іншы страх называецца дарам богабаязі. Гэта нешта іншае. Гэта дар, падарунак ад Бога, нейкая асаблівая здольнасць. Нехта трапна сказаў: гэта – калі баішся і хочацца баяцца. Гэты страх вынікае з любові. Ты любіш і баішся пакрыўдзіць Таго, каго любіш. Нехта баіцца грашыць, бо баіцца кары. А іншы баіцца грашыць, бо не можа рабіць балюча Таму, каго любіць.

Думаю, што менавіта такі страх быў у жыцці язычніка Карнэлія. Ён не шмат ведаў, яму было патрабнае навучанне Пятра. Але Пётр не скончыў яшчэ вучыць, а Бог ужо пачаў дзейнічаць: сышоў Дух Святы, і Карнэлій са сваімі бліжнімі пачаў гаварыць на іншых мовах. Не спатрэбіліся лагічныя аргументы і мудрыя кнігі для таго, каб Бог пачаў дзейнічаць. Ён проста любіў Бога, хаця да канца яшчэ не ведаў, хто Ён такі. І Бог сам прыйшоў да Карнэлія. Прыйшоў, бо той любіў…

ЛЮБОЎ – ПАЧАТАК УСЯГО (казанне, 13.05.12)
Трываць у любові

Часам людзі пытаюцца: што зрабіць, каб дасведчыць Яго любові, што зрабіць, каб вярнуць яе? Любоў Божая дармовая. Нельга яе заваяваць, нельга выслужыць, нельга быць добрым, каб яе атрымаць. Бог любіць – і ўсё. Гэта Яго прырода. Ён не можа па-іншаму. Ён любіць нават тых, каго мы ненавідзім або абыходзім бокам. Ён любіць усіх, і Яго любоў дармовая. Яна падарунак. Яна заўсёды ёсць. Толькі трэба пажадаць яе прыняць.

У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён Сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя (1 Ян 4,10)

Хрыстос вучыць нас не таму, як нам знайсці гэтую любоў, а як у ёй вытрываць, як ад яе не адпасці, як не заглушыць:

Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.


Вернасць Яго Слову, запаведзям, Яго навучанню з’яўляецца гарантам таго, ці вытрываем мы ў Яго любові. Гэта – канкрэтны шлях. Гэта – канкрэтны адказ. Як толькі гэты свет пачынае ў нас прамаўляць гучней за Бога, так мы адразу пачынаем губляць Яго любоў.

Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас

Я некалі думаў, як зрабіць, каб чалавек адчуў Божую Любоў і пайшоў за Ім? З аднаго боку трэба маліцца. Паверце, Бог паказаў мне, што гэта значыць, калі ты молішся з верай. Я бачыў, як пасля такой малітвы веры аб дары Божай Любові на калені ўвесь у слязах упаў чалавек, які сядзеў за забойства і які не ведаў, аб чым я ў тыя хвіліны маліўся. Канечне, я пасля маліўся падобным чынам яшчэ шмат разоў і ніхто больш у слязах на калені не падаў, але Бог у той момант паказаў мне, што аб дары любові трэба маліцца з верай.

Гэта адзін шлях прыняцця Божай любові. Іншы шлях – сведчанне. Той, хто дасведчыў Божай любові, будзе здольны ёй падзяліцца. І тут не столькі важныя веды і аргументы. Аднойчы я ўзяў з сабой на харызматычныя малітоўныя сустрэчы аднаго клерыка з майго навіцыяту. На той сустрэчы прамаўляла і сведчыла адна дзяўчына. Канферэнцыя, шчыра кажучы, у яе не атрымалася. Нават цяжка было зразумець, пра што яна, бедачына, хацела сказаць. Але пасля яна пачала сведчыць пра сваё навяртанне і скончыла словамі: «Ён вас любіць, Ён вас моцна ўсіх любіць, каб вы толькі ведалі, як моцна…» Яна казала гэта шчыра, ад усяго сэрца. Мой сябра выйшаў з залы са словамі: «Я ніколі не чуў, каб хтосьці так моцна гаварыў пра Божую Любоў…» Той, хто сам дасведчыў Божай Любові, здольны перадаць Яе іншым. Той, што дазволіў любіць сябе, здольны любіць іншых. Менавіта пра гэта кажа Хрыстос:

Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай. Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.

Езус дасведчыў Любові Айца, вытрываў у ёй, бо застаўся верны запаведзям Айца. А цяпер Ён здольны перадаць і перадае гэтую любоў вучням. Яны таксама павінны вытрываць і пасля перададуць Божую Любоў братам і сёстрам.

Любіць і быць любімым

Часам людзі кажуць, што дасведчылі Любові Бога, але пасля некуды нешта ўцякло… У любові трэба найперш вытрываць, а пасля ёю падзяліцца. Мала толькі адчуваць любоў Бога, трэба навучыцца любіць Яго і людзей. А гэта не заўсёды пачуцці, і таму не заўсёды так весела.

Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

Памаліся-паразмаўляй з Богам пра Яго любоў да цябе і пра тваю вернасць і любоў да Яго і да бліжніх.

ЛЮБОЎ – ПАЧАТАК УСЯГО (казанне, 13.05.12)