Такія розныя сябры Бога (казанне, 15.09.13)
Нехта трапна сказаў, што сяброў мы пазнаем не толькі ў бядзе, але таксама па тым, ці здольныя яны шчыра радавацца разам з намі нашым поспехам...

Такія розныя сябры Бога (казанне, 15.09.13)
У той час:
Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі.
Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасцю і прыйдзе дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку.
Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.
Ці якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запаліць свечкі і не пачне вымятаць дом і пільна шукаць, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, пакліча сябровак і суседак ды скажа: цешцеся са мною, таму што я знайшла згубленую драхму.
Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.

Лк 15, 1–10

Радавацца з тымі, хто радуецца

Нехта трапна сказаў, што сяброў мы пазнаем не толькі ў бядзе, але таксама па тым, ці здольныя яны шчыра радавацца разам з намі нашым поспехам.

Вакол Езуса збіраюцца грэшнікі, але не проста грэшнікі. Ёсць вялікая розніца паміж проста грэшнікамі і тымі грэшнікамі, якія шукаюць нейкага выйсця. У дадзеным выпадку ідзе гаворка пра людзей, якія самі прыходзяць, каб паслухаць Езуса. Ніхто іх не змушае, не агітуе. Яны самі прыходзяць. Фарысеям гэта не падабаецца. Па-першае, яны не бачаць таго працэсу зменаў, які распачаўся ў сэрцах грэшнікаў. А па-другое, як кажуць нам далейшыя прыпавесці, яны не здольныя радавацца за іншых. Яны не могуць быць шчаслівымі разам з авечкай, якая знайшлася, а таксама разам з Пастырам, які радуецца, бо знайшоў авечку. Фарысеі здольныя радавацца толькі сваімі асягненнямі. Яны не бачаць нікога вакол сябе і таму не могуць быць сябрамі Бога, не могуць радавацца разам з Ім.


Праведнікі на пустыні

А цяпер звернем увагу на дзевяноста дзевяць справядлівых авечак, якія засталіся на пустыні. Яны засталіся без Бога. Бог некуды адышоў. Яны адчуваюць сябе самотнымі, пакінутымі, пакрыўджанымі. А можа яны нават зайздросцяць, бо Пастыр пакінуў іх і радуецца недзе там з адной бесталковай? Думаю, што не. Гэта мы найчасцей пачынаем у такія моманты енчыць і наракаць, што з намі дрэнна абыйшліся. Гэтыя ж авечкі так не робяць. Не енчаць, не панікуюць, не разбягаюцца. Бегчы ім няма куды, бо толькі іхні Пастыр ведае, куды ім ісці, і таму ім трэба проста Яго дачакацца. Ды і, думаю, што выць ім няма калі. Яны занятыя іншай справай. Я ўпэўнены, што яны перажываюць за свайго Пастыра і думаюць пра авечку, якая згубілася. Яны думаюць пра іншых, а не пра сябе. У гэтым і ёсць іх праведнасць – думаць пра іншых. Таму і святы Язэп названы праведнікам, хоць ён не патрабаваў справядлівага разбірацельства, чаму гэта раптам ягоная Марыя сталася цяжарнай. Праведнасць яго хавалася ў тым, што ён думаў пра дабро для Марыі, а не пра чалавечую справядлівасць.

Людзі, якія ўсялякім коштам хочуць прабываць у пазітыўных эмоцыях ад прысутнасці Бога і не згаджаюцца на варыянт «стаяння ў пустыні» на самоце, пакуль Пастыр некуды адлучыўся, не з’яўляюцца праведнымі авечкамі са статка пад назвай «99». Гэта людзі, якія і надалей зацыкленыя толькі на сабе і на тым, што адбываецца вакол іх.

Крык загубленай авечкі

Некалі я вельмі добра зразумеў, што для таго, каб цябе з багны выцягнуў Пастыр, трэба вельмі гучна закрычаць. Трэба прызнаць сваю трагічную сітуацыю, скарыцца, скінуць з сябе карону і не чакаць, пакуль па цябе нехта прыйдзе, а самому моцна-моцна пачаць крычаць. Сёння ў Евангеллі мы чытаем, што да Езуса прыходзілі грэшнікі. Не Езус бегаў за імі, а яны самі прыйшлі. Яны і надалей грэшнікі, але махнулі на свае кароны ганарыстасць і пыху, на позіркі і каментары людзей і прыйшлі да Яго. Гэта быў іхні крык.

Ніколі не забуду словы адной верніцы, якая замест таго, каб кінуцца ратаваць авечку, якая гінула, сказала: «Вось калі добра абкрывавішся, тады і будзеш гатовая прыняць дапамогу ад Бога».

Далёка не ва ўсіх авечак, што ўжо гінуць, вылятае з сэрца гэты крык. А ён насамрэч проста неабходны.

Такія розныя сябры Бога

Дык хто ж гэтыя сябры Бога? Мне так некалі хацелася, каб Ён мяне так назваў! Сёння ў Евангеллі я бачу розных сяброў. Адны з крыкам прыбеглі да Яго, бо ўжо не бачаць іншага выйсця. Іншыя прабываюць на самоце і нібы без Бога, але не панікуюць, бо ведаюць і вераць, што Ён вернецца. Яны больш чакаюць Яго і таму не столькі звяртаюць увагу на свае перажыванні. Яшчэ іншыя радуюцца любымі асягненнямі свайго Пастыра ды вяртанню загубленых авечак. Сябры Бога розныя. Кожны з нас можа стаць Яго сябрам.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

Узгадай апошнія гісторыі, калі хтосьці дзяліўся з табой сапраўды Божымі асягненнямі. Ці радаваўся ты з гэтым чалавекам? Калі не – аддай Богу гэтую праблему ў малітве і старайся больш цікавіцца гэтым чалавекам.

Ці радуешся ты, калі чуеш, як вялікі грэшнік перажыў навяртанне? Альбо часцей асуджаеш, зайздросціш, не верыш?

Ці здольны ты чакаць Бога незалежна ад сваіх перажыванняў, чакаць у самотнасці на пустыні?

Ці ўмееш прасіць помачы ў Бога (у людзей), ці толькі спадзяешся на свае сілы, або чакаеш, што нехта пачне з табой «гуляцца»?