Пра важнасць асабістага выбару (казанне, 25.08.13)
Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?... Мы часта наіўна думаем, што вера нашых бліжніх залежыць ад таго, як мы за іх молімся, як мы ім даказваем праўды веры і г.д. Такая вось своеасаблівая залежнасць ад людзей. Праўда, Езус кажа нам, каб мы былі святлом для іншых і прыкладам, але нідзе Ён не сказаў нам, каб мы змушалі іншых глядзець на гэта нашае «святло». Логіка Божая зусім іншая. Ты, чалавеча, галоўнае свяці, ты сам старайся, ну а каму трэба, той убачыць. Гэта ўжо не ад цябе залежыць, а ад Госпада і ад іншага чалавека. Вось чаму Езус не адказвае на такія хвалюючыя нас пытанні. Больш за тое, Евангелле кажа нам, што Езус у той час, калі Яму задаюць гэтае пытанне, ішоў у Ерузалем. Гэта была Яго вузкая брама, гэта была Яго вайна і ніхто за Яго гэтага не вырашыць і нікога сілком Ён за сабой не пацягне. Вучні разбягуцца, Ён іх не зможа стрымаць, а пасля кожны з іх у Духу Святым прыме сваё асабістае рашэнне, і ў выніку яны зноў збяруцца.
Пра важнасць асабістага выбару (казанне, 25.08.13)
У той час:
Накіроўваючыся ў Ерузалем, Езус праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў.
І нехта сказаў Яму: Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?
Ён жа сказаў ім: Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць.
Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы па-за домам, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: Пане, адчыні нам. Але Ён скажа ў адказ: Не ведаю вас, адкуль вы.
І пачнеце казаць: Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты. Але Ён скажа вам: Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць.
Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе — выкінутых вон. І прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня, і сядуць за стол у Валадарстве Божым. І вось будуць апошнія, якія стануць першымі, і будуць першыя, якія стануць апошнімі.
Лк 13, 22–30


Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?

Чаму Езус не адказвае на гэта пытанне? Не кажа ні пра колькасць збаўленых, ні пра час, калі прыйдзе апошні момант. Ён не дае нават неабходных прыкладаў. Адзінае, да чаго заахвочвае Езус – імкніцеся прайсці праз вузкую браму. Езус запрашае нас да намаганняў. Адна з самых вялікіх спакусаў – глядзець і раўняцца да іншых. Магчыма, мы б супакоіліся, калі б Езус сказаў: не перажывай, ты лепшы за іншых, ёсць нашмат горшыя за цябе, ты будзеш збаўлены. Але Езус так не кажа і ніколі не скажа, таму што мы апусцім рукі і ўсё. Евангельская і Божая логіка зусім іншая: імкніся, змагайся, не спыняйся, не глядзі ні на каго. Незалежна ад таго, ці мы ўжо даўно з Госпадам, ці толькі пачынаем свой шлях, наказ ад Госпада адзін і той жа для ўсіх – умкніся ўвайсці вузкай брамай. Богу, відаць па ўсім, больш важны не столькі вынік нашай працы, колькі нашае намаганне. Я ўсё больш і больш пераконваюся, што сапраўды вельмі шмат залежыць не ад таго, у якім асяроддзі і акалічнасцях жыве чалавек, хоць гэта, канечне, важна, а найперш, ці прагне чалавек жыць з Богам, ці ён гатовы дабівацца і змагацца.

Мы часта наіўна думаем, што вера нашых бліжніх залежыць ад таго, як мы за іх молімся, як мы ім даказваем праўды веры і г.д. Такая вось своеасаблівая залежнасць ад людзей. Праўда, Езус кажа нам, каб мы былі святлом для іншых і прыкладам, але нідзе Ён не сказаў нам, каб мы змушалі іншых глядзець на гэта нашае «святло». Логіка Божая зусім іншая. Ты, чалавеча, галоўнае свяці, ты сам старайся, ну а каму трэба, той убачыць. Гэта ўжо не ад цябе залежыць, а ад Госпада і ад іншага чалавека. Вось чаму Езус не адказвае на такія хвалюючыя нас пытанні. Больш за тое, Евангелле кажа нам, што Езус у той час, калі Яму задаюць гэтае пытанне, ішоў у Ерузалем. Гэта была Яго вузкая брама, гэта была Яго вайна і ніхто за Яго гэтага не вырашыць і нікога сілком Ён за сабой не пацягне. Вучні разбягуцца, Ён іх не зможа стрымаць, а пасля кожны з іх у Духу Святым прыме сваё асабістае рашэнне, і ў выніку яны зноў збяруцца.

Мы так часта ўзгадваем святую Моніку, якая дваццаць гадоў малілася і вымаліла ласку навяртання для свайго сына Аўгустына. Мы прымаем гэтую праўду і нас тут, як правіла, ніколі нічога не здзіўляе. І толькі сёння раніцай я падумаў, а хто сказаў, што Аўгустын прыйшоў да веры сілай малітвы яго маці? Не хачу памяншаць заслугі святой Монікі, але ці не спяшаемся мы з высновамі? Не ведаем, ці маліўся хто за навяртанне апостала Паўла альбо святога Ігнацыя Лаёла, а Бог дакрануўся да гэтых людзей. Гэта агромная таямніца, але бачу, што асноўнае залежыць асабіста ад чалавека, наколькі ён шукае Госпада асабіста. Я перакананы, што малітвы святой Монікі не мелі б ніякага значэння, калі б яе сын Аўгустын недзе там глыбока ў сэрцы не шукаў Бога. Не ўсё так проста ў дадзенай тэме. Я яшчэ больш пераканаўся ў важнасці выбару кожнага з нас асабіста, калі размаўляў з дзяўчынай, якая пасля трох гадоў апантання злымі духамі ўрэшце атрымала ад Госпада вызваленне. І гэта адбылося не падчас экзарцызму. Гэта сталася падчас асабістай малітвы. Не памяншаю ролю экзарцызмаў і малітваў на працягу трох гадоў, але ўсё ж вызваленне прыйшло, калі былі прынятыя асабістыя рашэнні ў веры. Гэта і ёсць твая вузкая брама, і ніхто апроч цябе і за цябе праз яе не пройдзе.

Адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць

Рускі пераклад кажа «делатели неправды». Крыху іншы сэнс. Усялякая няпраўда, усялякі падман не ад Бога. Зло не нараджаецца адразу вялізным. Таксама і грэх не становіцца вялікім невядома адкуль. Усё пачынаецца з дробных падманаў. Перш за ўсё мы падманваем саміх сябе, мы апранаем маскі, хаваемся, апраўдваемся, не можам назваць рэчы сваімі імёнамі. З гэтага ўсё пачынаецца. Няпраўда мае розныя абліччы. Можна пра гэта шмат разважаць. Але ў кантэксце нашага Слова хачу звярнуць увагу на адну рысу няпраўды: гэта той момант, калі нашая вузкая брама становіцца даволі шырокай, а мы кажам, што гэта нармальна альбо проста апраўдваем сябе ды прызвычайваемся да «цёпленькага» ды ўтульнага жыцця. Калі жыццё верай нам не каштуе, калі яно сталася простым, калі брама аказалася не такой і вузкай, то гэта сведчыць аб адным: мы альбо не пазналі хрысціянства, альбо яго згубілі.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

1) У шчырасці сэрца прыгадай людзей, якіх ты не можаш даверыць Госпаду. Падумай, ці няма тых, каго ты спрабуеш прапіхнуць праз вузкія брамы, не разумеючы, што гэта павінен быць іх выбар. Паразмаўляе пра гэта з Госпадам;
2) Ці можаш сказаць пра самога сябе, што сапраўды ты імкнешся ісці вузкай брамай? Калі можаш, то ўяві, што ты размаўляеш з Богам і скажы Яму пра гэта ў шчырасці сэрца.
3) Папрасі і паразважай з Госпадам, дзе яшчэ ў тваім жыцці праўляецца няпраўда.


Пра важнасць асабістага выбару (казанне, 25.08.13)