Эўхарыстычныя цуды
Езус не проста так чыніць цуды. Езусу патрэбна наша вера. Езусу баліць, калі мы не верым. Адной законніцы, якая захварэла на смяротную хваробу і ўрачы давалі ўжо кароткі час на гэтым свеце, Езус сказаў: дазволь Мне аздаравіць цябе… Езус хоча, каб мы дазволілі Яму дзейнічаць у нашым жыцці. Езус хоча быць з намі і таму застаўся з намі ў Эўхарыстыі, прынізіў сябе, каб стаць нашым братам.
Эўхарыстычныя цуды
Эўхарыстычныя цуды

Цуды здараліся найчасцей тады, калі нехта перажываў сумнівы веры ў прысутнасці Езуса пад постацямі, гэта значыць у выглядзе хлеба і віна. У Касцёле Каталіцкім такіх цудаў каля ста трыццаці. Адзін з першых вядомых цудаў адбыўся ў VIII ст. у Італіі ў адным кляштары, дзе манах пачаў сумнявацца, што Езус сапраўды прыходзіць на алтар. У моманце чарговых сумніваў падчас перамянення хлеб у яго руках стаўся Целам, а віно ператварылася ў Кроў. Цела і Кроў Госпада па сённяшні дзень знаходзяцца ў гэтым горадзе у рэліквярыі. Медыцынскі сучасны аналіз паказаў, што Цела з’яўляецца фрагментам тканак сэрца, а Кроў мае групу АВ.

Падобныя цуды здараюцца і ў наш час. У 1984 годзе падчас удзялення Святой Камуніі «хлеб» у руках Папы Рымскага Яна Паўла ІІ ператварыўся ў Цела. Папа Рымскі з вялікай пашанай і хваляваннем удзяліў Камунію кірэянцы і паблагаславіў яе.

Часам падобныя цуды здараліся і з тымі, хто дапускаў грэх святатацтва і выкрадаў Святую Камунію. Людзі прымалі Цела Хрыста, але не спажывалі, а трымалі Яго дома. Яны рабілі гэта з цікавасці, або па прычыне нейкіх магічных рытуалаў. Напрыклад, каб муж перастаў здраджваць жонцы, альбо каб хлопец пакахаў дзяўчыну. У гэтых выпадках «хлеб» таксама перамяняўся ў Цела Хрыста. Такія гісторыі былі ў XI – XIII ст. у Італіі і Германіі.

Часта цуд перамены здараўся з прычыны святароў, якія нядбайна адпраўлялі Імшу і разлівалі «віно», што станавілася Кроўю. У Італіі была гісторыя, калі святар, спяшаючыся да хворага, паклаў Святую Камунію паміж картак у малітоўніку. Цела Хрыста стала крывавіць. Адна з такіх картак гэтага малітоўніка ёсць і сёння.

Цуды здараліся таксама і іншыя. Людзі бачылі, як Гостыя асаблівым чынам свяцілася, іншым разам у ёй бачылі вобраз мужчыны або хлопчыка. Адна з такіх Гостый з лікам твару Хрыста захоўваецца па сённяшні дзень. Былі таксама асаблівыя аздараўленні, звязаныя з Эўхарыстыяй. Напрыклад, адзін святар аслеп і не мог больш адпраўляць Імшы. На малітве ён выпрасіў цуд, і яму вяртаўся зрок толькі падчас адпраўлення Святой Імшы.

Асабліва ўражваюць цуды, калі людзі не маглі спажываць нічога, апроч Святой Камуніі, і жылі так шмат гадоў. Першая такая гісторыя была запісана ў XIII ст. і апавядала яна пра дзяўчынку, якая была спаралізавана і доўгія гады штодзённа спажывала толькі Цела Хрыста. Ужо пры жыцці да гэтай дзяўчынкі ішлі пілігрымы, а пасля смерці Касцёл прызнаў яе благаслаўлёнай. У XV ст. адзін былы швейцарскі жаўнер распачаў самотнае манаскае жыццё. Ён пражыў каля 20 год, не спажываючы ні ежы, ні вады, а толькі раз у месяц манах спажываў Святую Камунію. У нашыя часы найбольш вядомая француская містычка Марта Робэн (1902 – 1991), якая, будучы спаралізаванай, нічога не магла есці і 51 год спажывала толькі Святую Камунію.

Здараліся таксама цуды, калі некаторым вернікам, якія вельмі хацелі, а не маглі прыняць Святую Камунію, Бог дзіўным чынам удзяляў сваё Цела. Так здарылася са св. Станіславам Косткам, які захварэў, а сям’я, у якой ён затрымаўся, была пратэстанцкай і не згаджалася, каб прыйшоў святар са святымі сакрамэнтамі. Тады Станіслаў пачаў маліцца і яму аб’явілася св. Барбара ў прысутнасці анёлаў, якая прынесла Святую Камунію. Неверагодная гісторыя адбылася з 11-гадовай дзяўчынкай, якая хацела прыняць Святую Камунію, а не магла з прычыны хваробы. Раптам над яе ложкам з’явілася Гостыя. Калі гэта ўбачылі сёстры-манахіні, яны паклікалі святара, які ўзяў Гостыю рукой і ўдзяліў хворай, пасля чаго дзяўчынка адразу памерла.

Эўхарыстычныя цуды Езус Жывы сёння

Акрамя Марты Робэн, пра якую ўжо згадвалася, вельмі ўражваюць гісторыі цудоўнага дзеяння Езуса ў Эўхарыстыі.

У Руандзе (цэнтральная Афрыка) у 1994 г. адбылася грамадзянская вайна паміж двумя плямёнамі, якая забрала некалькі мільёнаў чалавек. Калі вайскоўцы і паліцыянты даведаліся, што ў касцёле хаваецца паўтысячы людзей, яны селі на машыны і паехалі, каб забіць іх. Ім насустрач выйшаў святар, які спрабаваў спыніць узброенага маёра. Афіцэр прыгразіў, што калі святар не адыдзе, ён яго застрэліць. Святар вярнуўся ў касцёл, дзе людзі маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і сказаў: «Езу, гэта твае людзі. Калі Ты нас абароніш, мы абяцаем адараваць Цябе кожны дзень». Пасля гэтай малітвы здарыўся цуд і жаўнеры ад’ехалі, хаця ў іншых падобных сітуацыях яны заганялі людзей у касцёлы і растрэльвалі або закідвалі гранатамі. Ад гэтага моманту сярод людзей пачаўся асаблівы культ міласэрнага Езуса ў Эўхарыстыі. Пасля заканчэння вайны ў гэтай парафіі распачаліся малітвы аб аздараўленні эмацыйных пасляваенных ранаў. На малітву прыйшла адна дзяўчынка, на вачах якой забілі бацьку, адрэзалі яму палец і яе змусілі яго з’есці. Пасля гэтага яна нічога не магла есці і нават не магла глядзець на людзей, якія ядуць. Падчас малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамантам яна атрымала аздараўленне, а пасля паехала ў турму, дзе знаходзіўся забойца яе таты і сказала яму, што прабачае і што хоча, каб той стаў яе братам.

Іншы цуд для нашых часоў адбыўся ў Польшы ў Сакулцы, на мяжы з Беларуссю. Камунікант, які выпаў з рук святара, паклалі ў ваду, каб ён растварыўся. Праз некалькі дзён з’явілася чырвоная пляма, якая не растваралася. Медычны аналіз паказаў, што гэта Кроў Сэрца, якое перажывала агонію. Ад гэтага моманту ў Сакулку едуць дзесяткі тысяч пілігрымаў.

Для веры…

Езус не проста так чыніць цуды. Езусу патрэбна наша вера. Езусу баліць, калі мы не верым. Адной законніцы, якая захварэла на смяротную хваробу і ўрачы давалі ўжо кароткі час на гэтым свеце, Езус сказаў: дазволь Мне аздаравіць цябе… Езус хоча, каб мы дазволілі Яму дзейнічаць у нашым жыцці. Езус хоча быць з намі і таму застаўся з намі ў Эўхарыстыі, прынізіў сябе, каб стаць нашым братам.

Эўхарыстычныя цуды