1

Прынята лічыць, што заснавальнікам тэалогіі вызвалення з’яўляецца дамініканец з Перу айцец Густаво Гут’еррэс, які ў 1968 г. выдаў кнігу “Тэалогія вызвалення”. Аўтар лічыў, што дадзеная тэалогія павінна стаць вынікам ІІ Ватыканскага Сабору і Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Лацінскай Амерыкі ў Мэдэлін. Іншым заснавальнікам дадзенай плыні з’яўляецца францішканін Леанардо Боф. Абодвух святароў яднала тое, што яны вучыліся ў Еўропе і дасведчылі галечы звычайных людзей, жывучы сярод найбольш убогіх.

 

 

Тэалогія вызвалення прапаведвае наступныя тэзісы. Па-першае, нельга гаварыць пра Евангелле абстрактна. Яно павінна практычна праяўляцца ў жыцці лацінаамерыканскага чалавека, які жыве ў абсалютнай галечы і чакае вызвалення. Па-другое, тэалогія прапаведуе вечнае збаўленне, але Добрая Навіна Езуса павінна перажывацца таксама тут на зямлі, у салідарнасці з беднымі і ў працы над тым, каб гэты свет стаўся больш людзкім. Яшчэ адзін тэзіс кажа, што збаўленне павінна адбыцца ўжо тут, у гэтым жыцці, калі знікне несправядлівасць, варожасць і грамадская няроўнасць. Па-трэццяе, інструментам тэалогіі вызвалення з’яўляецца марксізм, паколькі ён ёсць голасам беднага чалавека.

Адзінай тэалогіі вызвалення няма. Касцёл дапускае і падтрымлівае дадзеныя тэзісы апроч таго, што датычыць марксізма. Святы Ян Павел ІІ быў асабіста вельмі цесна звязаны з тэмай тэалогіі вызвалення. Лічыцца, што ён стаўся галоўным ворагам дадзенага напрамку. Перш за ўсё ён ведаў, чым з’яўляецца марксізм на практыцы, паколькі быў палякам. Папа ведаў, што гэта рамантычная ўтопія, якая нясе спусташэнне і нянавісць. Вызваленне павінна адбывацца, але не коштам прыніжэння і знішчэння іншага чалавека, да чаго заахвочваў Маркс. Гісторыя паказала, што камуністычныя партызаны, якія былі ў Лацінскай Амерыцы, не паспрыялі вызваленню, а наадварот, прывялі да больш жорсткіх рэжымаў, якія задушылі ўсялякія кволыя праяўленні дэмакратыі ў Лацінскай Амерыцы.

2Крытычны падыход Папы Рымскага да тэалогіі вызвалення прычыніўся да таго, што многія біскупы Лацінскай Амерыкі сталі прасіць аб афіцыйным асуджэнні дадзеных поглядаў. У 1983 г. з’явілася інструкцыя Кангрэгацыі Навукі і Веры, якая адназначна асудзіла тэалогію вызвалення. У выніку многія каталікі перажылі сапраўдны шок, паколькі ў Амерыцы былі дзесяткі тысяч супольнасцяў, якія лічылі сябе прыхільнікамі дадзенай тэалогіі. Больш за тое, паўстала пытанне пра вялізныя грамадскія сацыяльныя і харытатыўныя праекты. У выніку ўзніклых непаразуменняў выйшла другая інструкцыя, якая спрабавала нібы абараніць некаторыя тэзісы, асуджаючы разам з тым элемент марксізма. Гэтую інструкцыю апрацоўвала некалькі знакамітых дзеячоў Касцёла ў супрацоўніцтве з тэолагамі, а асабліва езуітамі, сярод якіх быў Хо́рхэ Ма́рыё Берго́льё, будучы Папа Францішак. Дакладнае даследванне справы паказала, што няма адзінай тэалогіі вызвалення. Напрыклад, у Нікарагуа яе вызнаўцы амаль не гаварылі пра Хрыста, а верылі толькі ў свае сілы і ў сваю барацьбу. У той жа час у Аргенціне былі вялікія хрысціянскія рухі рабочых, і тут тэалогія была цалкам згодная з навукай Касцёла. У Бразіліі ўсё было перамешана. У выніку другая інструкцыя Кангрэгацыі Навукі і Веры асудзіла марксістскую тэалогію вызвалення, назвала і падтрымала напрамкі, згодныя з навукай Касцёла, і паказала тыя элементы, якія з’яўляюцца сумніўнымі і патрабуюць ачышчэння. Між іншым, ачышчэння патрабавалі погляды Густаво Гут’еррэс ОР, які праз нейкі час адрокся ад элементаў марксізму і сказаў, што гэта еўрапейская культура і навука ў еўрапейскіх універсітэтах паўплывала на прысутнасць радыкальных марксістскіх поглядаў. З часам ён стараўся больш пазнаваць сваю культуру, культуру індзейцаў. Быў вядомы такі факт. Калі святы Ян Павел ІІ наведваў індзейцаў, а журналісты вельмі хацелі пачуць з вуснаў а. Густаво нешта крытычнае ў адрас Папы, той сказаў, каб дазволілі яму перажываць сапраўды вялікае свята разам з яго народам, чым быў візіт Папы Рымскага.

Вялікай надзеяй для вызнаўцаў тэалогіі вызвалення была “Салідарнасць” у Польшчы. Найперш гэта быў рух, які змагаўся за правы бедных і працоўных, і гэты рух быў не камуністычны, а хрысціянскі, які прапаведваў салідарнасць, а не барацьбу класаў і насілле. Больш за тое, гэты рух цешыўся вялікай падтрымкай Яна Паўла ІІ. У выніку “Салідарнасць” не споўніла тых надзеяў, якія на яе ўсклалі, але прычынілася да крыху іншага мышлення ў сферы барацьбы ў Лацінскай Амерыцы. Вернікі сталі больш звяртаць увагу на пашану да чалавечых правоў, а не рэвалюцыйныя перавароты. Цікавы факт, што за перыяд пантыфікату Яна Паўла ІІ не толькі знік камунізм у Польшчы. У Лацінскай Амерыцы з большага пацярпелі паражэнне як марксістскія партызанскія арміі, так і ваенныя дыктатуры правых сілаў. Гэтыя два крайнія палітычныя напрамкі будаваліся на знішчэнні свайго праціўніка, а не на пашане да правоў чалавека.

3Самая вялікая праблема тэалогіі вызвалення была ў тым, што яна была далёка не тэорыяй. Агромністая колькасць духоўных змагаліся са зброяй у руках за правы бедных. Многія святары прабывалі ў баявых атрадах камуністычных партызанаў. Многія духоўныя асобы актыўна пачалі займацца палітыкай. Найбольш вядомыя былі два браты – святары Эрнэсто і Фэрнандо Кардэнал, якія ў 1979 г. сталіся міністрамі ў Нікарагуа. Між іншым, Эрнэсто Кардэнал з’яўляецца адзіным тэолагам, які публічна быў асуджаны за свае погляды падчас пілігрымкі Яна Паўла ІІ ў Нікарагуа ў 1983 г. Быў ён вядомы таксама адкрытай крытыкай Ватыкана і падтрымкай марксізма. Называў ён сябе “рэвалюцыянерам Хрыста” і казаў, што адкрыў погляды Маркса, дзякуючы Евангеллю. Гэтыя погляды прычыніліся да таго, што касцёл у Нікарагуа быў вельмі падзелены, а Імша, якую адпраўляў Папа, хутчэй нагадвала маніфестацыю рэвалюцыянераў. Падчас Імшы народ выкрыкваў розныя лозунгі, так што Папа нават павінен быў крыкам супакойваць людзей.

Не толькі ў Нікарагуа, але і ва ўсёй Лацінскай Амерыцы тэалогія вызвалення прынесла шмат спусташэння. Адзін з яе заснавальнікаў Леанардо Боф кінуў святарства, манаства і ўвогуле хрысціянства. Пачаў займацца рэлігіямі Ўсходу, а на тэрыторыі свайго кляштару пакінуў багатую вілу. У Бразіліі вернікі перажылі моцнае расчараванне, што вылілася ў масавыя пераходы ў пратэстанцкія супольнасці, а асабліва ў крайнія радыкальныя харызматычныя групы.

 

4

5

6