БиблияФарысеі ставяць чужаложніцу пасярэдзіне. Усе збіраюцца вакол яе, паказваюць пальцамі. Гэта вобраз “нашай” праведнасці. Чалавек стаіць у цэнтры, а іншыя вакол яго. Можа быць, што яго асуджаюць і паказваюць пальцамі на тое, што ён парушыў Закон, а можа быць, што ён стаіць у цэнтры і паказвае іншым сваю праведнасць. У любым выпадку гэта замкнёнае кола і людзі апроч сябе нікога больш не бачаць. Яны з той ці іншай прычыны паказваюць адзін на аднаго пальцамі, яны залежныя адзін ад аднаго, яны ў рабстве ад сваёй жа праведнасці. Такі вобраз “нашай” праведнасці. Праведнасць ад Бога іншая...

 

 

Так говорит Господь, открывший в море дорогу, в сильных водах стезю, выведший колесницы и коней, войско и силу; все легли вместе, не встали; потухли как светильня, погасли. Но вы не вспоминаете прежнего и о древнем не помышляете. Вот, Я делаю новое; ныне же оно явится; неужели вы и этого не хотите знать? Я проложу дорогу в степи, реки в пустыне. Полевые звери прославят Меня, шакалы и страусы, потому что Я в пустынях дам воду, реки в сухой степи, чтобы поить избранный народ Мой. Этот народ Я образовал для Себя; он будет возвещать славу Мою

(Исаи 43,16-21)

Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, майго Пана. Дзеля Яго я ўсё страціў і лічу смеццем, каб набыць Хрыста і апынуцца ў Ім не са сваёю справядлівасцю, якая паходзіць з Закону, але з тою, якая паходзіць з веры ў Хрыста, са справядлівасцю ад Бога, заснаванай на веры, каб пазнаць Яго і моц Ягонага ўваскрасення і саўдзельнічаць у цярпеннях Ягоных, прыпадабняючыся да Ягонай смерці, каб нейкім чынам дасягнуць уваскрашэння з мёртвых. Не тое, каб я ўжо атрымаў гэта і ўжо стаў дасканалым, але я імкнуся атрымаць тое, дзеля чаго мяне здабыў Хрыстус Езус. Браты, я не лічу, што ўжо атрымаў гэта, але толькі забываю тое, што за мною, і сягаю да таго, што наперадзе. Паводле мэты імкнуся да ўзнагароды высокага паклікання Божага ў Хрысце Езусе.

(Філіпянаў 3,8-14)

Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў прыйшоў у святыню, і ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве і, паставіўшы яе пасярэдзіне, сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужаложстве. У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?» Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». І зноў, схіліўшыся, пісаў на зямлі. Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. Езус выпрастаўся і сказаў ёй: «Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?» Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «I Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы».

(Яна 8,1-11)

1Дзве праведнасці

Апостал Павел кажа, што ёсць дзве праведнасці – наша ўласная, якая паходзіць ад спаўнення адпаведных рэлігійных правілаў, і праведнасць ад Бога, якая залежыць ад нашай веры.

Апынуцца ў Ім не са сваёю справядлівасцю, якая паходзіць з Закону, але з тою, якая паходзіць з веры ў Хрыста, са справядлівасцю ад Бога, заснаванай на веры

Спрабуем апісаць нашу ўласную праведнасць. Найперш зазначым, што яна не да канца нашая, паколькі гэта праведнасць залежыць ад таго, ці ты спаўняеш Закон, дадзены Богам, ці не. Такім чынам, не чалавек выдумаў гэтую праведнасць. У Евангеллі мы чытаем як габрэі хочуць забіць грэшную жанчыну за грэх чужалоства. Але гэтае пакаранне не яны прыдумалі, яно было дадзена Богам праз Майсея на гары Сінай. Добра падумаўшы, яны верныя рэлігійнаму правілу, якое даў ім Бог, і як людзі рэлігійныя робяць нібыта ўсё правільна.

Чаму ж тады гэтую праведнасць, паводле Закона Майсея, апостал называе “нашай праведнасцю”? Таму што яна залежыць ад нашых высілкаў, яна незалежная ад Бога. Ты атрымаў заданне (правіла) і проста павінен яго выконваць. Бог нібы знаходзіцца недзе збоку, а ты сам па сабе ідзеш, верна выконваючы Яго правілы. У выніку такой праведнасці чалавек размінаецца з Богам. Нашыя шляхі не перасякаюцца.

Апостал Павел дакладна ведае гэтую “нашую” праведнасць. Ён верна выконваў Закон, усе правілы. Пра сябе ён скажа, што апераджаў у запале выканання рэлігійнага Закону многіх сваіх суайчыннікаў. Аднак Бог, па сваёй міласці, паказаў Яму ўтопію “нашай” праведнасці: “Павел, чаму ты Мяне гоніш?”. Гэтымі словамі Езус паказаў, што “наша” праведнасць здольная гнаць і пераследваць Бога. Вельмі дзіўны і страшны парадокс. Апосталу Паўлу Бог дазволіў зразумець гэты парадокс. Аказваецца, акрамя “нашай” праведнасці, ёсць праведнасць ад Бога, якая будуецца на нашай веры. Пра што ідзе размова?

2Праведнасць ад Бога палягае не толькі на тым, што ты тупа выконваеш даверанае табе заданне ці нейкае правіла, а перш за ўсё шукаеш Яго. Калі і выконваеш Яго Закон, то толькі таму, што Ён так сказаў. Аднак хто зказаў, што Ён, Творца Закону, наш Айцец, не можа ўносіць праўкі, нешта дапаўняць, нешта адмяняць? Не Закон з’яўляецца вартасцю сам па сабе, а Ён.

Такім чынам праведнасць ад Бога палягае на веры, на пошуках Бога. Гэта зусім іншая праведнасць. З праведнасцю ад Бога ты становішся як Абрагам, які зноў гатовы вырушыць у шлях, або як дзева, якая не можа заснуць, бо чакае вяртання свайго Жаніха. Ты ўвесь нас на чамаданах. Апостал Павел гэта вельмі добра зразумеў, і таму ён піша, што за найбольшаю вартасць для сябе вызнае пазнаванне Езуса Хрыста.

Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, майго Пана. Дзеля Яго я ўсё страціў і лічу смеццем, каб набыць Хрыста.

Прычым гэтае пазнаванне і пошук датычыць не толькі таго, што выгадна чалавеку. Для Паўла выжны Хрыстос як уваскрослы, так і ў цярпенні. Для Яго вартасць мае сам Хрыстос, а не толькі дараванае нам ўваскрасенне. Павел гатовы не толькі жыць у надзеі на ўваскрасенне, але таксама і цярпець з Хрыстом. І менавіта таму для такой праведнасці патрэбна вера.

Пазнаць Яго і моц Ягонага ўваскрасення і саўдзельнічаць у цярпеннях Ягоных, прыпадабняючыся да Ягонай смерці, каб нейкім чынам дасягнуць уваскрашэння з мёртвых.

 

Дзве праведнасці ў нашым жыцці

Паверце: калі б я не бачыў, наколькі гэта важна для нас, то не ўзяўся б пісаць гэтыя разважанні.

 

3Такія розныя грэшнікі

Калі я чарговы раз сустракаюся з сітуацыяй, што вернік пачынае жыць у цяжкіх грахах, то зноў і зноў задаю пытанне, як так сталася і чаму? Часам бачу, што гэта слабасць, грэх, над якім цяжка запанаваць. Чалавек змагаецца, мучаецца, але нешта не атрымліваецца. У мяне, як правіла, да такога чалавека няма прэтэнзій, няма асуджэння. Гэта як алкаголік, які нечакана сарваўся і не можа выйсці з запояў, хоць гэта Божы і парадачны, і працавіты чалавек. Нягледзячы на яго грэх, я бачу ў яго жыцці Божую руку, за такога брата ў бядзе хочацца маліцца.

Аднак ёсць іншыя сітуацыі. Нехта трапляе ў пастку цяжкіх грахоў, аднак, у яго ўсё адбылося так лёгка і так проста, што міжволі складваецца ўражанне, што гэта не проста слабасць, а нейкі дзіўны падман. Прычым падманутымі аказаліся і гэты чалавек, і ты. Калі я чую, што трэба маліцца за авечак, якія згубіліся, то складваецца ўражанне, што ёсць катэгорыя авечак, якая толкам і не знайшлася, а значыць, што і не магла згубіцца. Канечне, складана разабрацца ў цяжкіх гісторыях, але за некаторых вернікаў, якія зноў пачалі жыць у смяротных грахах, мне проста цяжка маліцца за іх навяртанне. Я не мог нават сабе адказаць, ці гэта загінуўшыя авечкі. З часам я зразумеў, што трэба маліцца не столькі за навяртанне, колькі за духоўны голад, каб яны адчулі наколькі ім не хапае Хрыста, каб яны захацелі пазнаць Яго. Такім чынам пачынала прыходзіць разуменне, што ёсць такія авечкі, якія толкам і не былі каля Іх Пастыра.

Сёння, гледзячы на гэтае дзіўнае маё назіранне, ці на нейкі духоўны вопыт, я разумею, што другая група грэшнікаў, пра якую распавядаю, гэта хрысціяне, якія жылі пераважна сваёй праведнасцю. Яны да пэўнага часу не рабілі нічога страшнага. Большасць з іх былі, або нават і засталіся вельмі актыўнымі ў жыцці касцёльнай супольнасці. Знешне такое жыццё выглядае прывабным, а такія хрысціяне нават з’яўляюцца ўзорам для многіх. Цяжка тут убачыць нейкі падман. Але калі ў такім жыцці забракне асабістага пазнання Езуса Хрыста, то гэтая праведнасць можа разляцецца ў адно імгненне. І ў выніку ўсе вакол аказваюцца падманутымі.

 

Асуджэнне

Неаднойчы даводзілася быць сведкам як вернікі асуджалі тых хрысціянаў, якія чарговы раз траплялі ў пасткі граху. Напрыклад, многія з радасцю прымаюць як вязень перажывае навяртанне, але калі, пасля такога навяртання, ён зноў трапляе ў турму, то стаўленне да яго рэзка мяняецца, у многіх нараджаецца асуджэнне. Тое ж самае часта бачыў у адносінах да алкаголікаў, наркаманаў. Зразумела, што нельга талераваць грэх і брата, які грашыць, трэба заклікаць да пакаяння, а, магчыма, нават абмежаваць з ім адносіны. Аднак, у кантэксце нашай тэмы, узнікае пытанне – якая праведнасць намі кіруе – ад Бога ці наша? Калі “наша”, то ўсё зразумела – чалавек парушыў правіла і павінна быць адназначная рэакцыя. Людзі бізнэса часта кажуць, што іх можна падмануць толькі адзін раз. У нейкім сэнсе гэта характар “нашай” праведнасці. Аднак, калі ідзе размова пра праведнасць ад Бога, то трэба задаць пытанне, як Бог глядзіць на гэтага грэшніка? Ідзе размова не столькі пра канкрэтнае правіла, якое прымяняецца ў любых сітуацыях, а менавіта пра дадзеную сітуацыю і пра дадзенага грэшніка. Для таго, каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ведаць Сэрца Бога, трэба ведаць Яго.4

«Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужаложстве. У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?»

Паводле правілаў і Закону, яўную грэшніцу павінны былі каменаваць, аднак Езус меў зусім іншую думку. Фарысеі не маглі ведаць Сэрца Езуса, бо жылі толькі праведнасцю Закона, а не шукалі Яго. Менавіта таму тыя правільныя хрысціяне, якія не шукаюць Бога, не могуць зразумець Яго Сэрца і думак і ім застаецца толькі асуджаць ды каменаваць. Задайце сабе правакацыйнае пытанне: што б вы адчувалі, калі б Езус размаўляў не з вамі, а, напрыклад, з вашымі ворагамі, бамжамі, п’яніцамі, гультаямі, забойцамі, або… з нацыстамі?…

 

5Бог заўсёды новы

Напачатку я ўзгадваў, што гэта Бог праз Майсея даў такі суровы Закон, які наказваў або дазваляў каменаваць людзей. Для разумення гэтага нюансу найперш трэба ўсведаміць праўду, што Бог для нас, людзей, будзе заўсёды іншы, заўсёды новы. Мяне вельмі ўразіла сведчанне адной дзяўчыны, якая пасля свайго навяртання, ідучы шляхам веры з гарачым сэрцам, на пытанне, якім ты бачыш Бога, адказала: Ён для мяне кожны дзень іншы. Гэтак жа адзін з харызматычных лідараў некалі сказаў, што памазанне Духа Святога заўсёды новае і іншае.

Цяжка гэта зразумець людзям, якія вывучылі адпаведныя правілы і лічаць, што яны ўсё зразумелі і ўсё добра ведаюць. Гэта людзі з катэгорыі “нашай праведнасці”. Яны баяцца нечага новага, нечага іншага, баяцца рызыкаваць. Яны спадзяюцца толькі на сябе і для іх чужым будзе вопыт веры Абрагама. Такія людзі прывыкаюць да свайго гняздзечка, ім не хочацца нічога мяняць. Таму яны не згаджаюцца шукаць Госпада, бо проста баяцца іншага.

Што вынікае з таго, што Бог заўсёды, для нас, людзей, іншы? Перадусім тое, што Ён з рознымі пакаленнямі гаворыць па-іншаму, так, каб нам было зразумела. Ён меў свой падыход да Абрагама, але іншы да Майсея. Калі Бог дазволіў каменаваць, або разводзіцца, то толькі таму, што на той час іншай мовы людзі проста не маглі разумець. Але прайшоў час і Бог можа размаўляць з людзьмі зноў па-іншаму. Для таго, каб пачуць Яго мову для мяне сёння, для майго пакалення, трэба не толькі захаваць нашу традыцыю, але перш за ўсё, навучыцца Яго шукаць, Яго Сэрца. Гэтыя пошукі з’яўляюцца характэрнай рысай Божых людзей. Абрагам, Майсей, Давід, Осія, Данііл, Апосталы і іншыя – усе яны павінны былі сустрэцца з нечым новым. Людзі, якія спадзяюцца толькі на сваю праведнасць, а не шукаюць Бога, не ідуць шляхам веры, дзе трэба навучыцца хадзіць па вадзе, ніколі не зразумеюць, што Бог увесь час прыносіць нам нешта новае. Ён нязменны, але ў адносінах да людзей Ён увесь час новы і іншы. Такім чынам, чалавек будзе пазнаваць Яго вечна і такое пазнаванне ніколі не скончыцца.

Можна сказаць, што праведнасць паводле Закону была голасам Бога на адпаведны час. Гэта было самае лепшае, што магло быць, аднак гэтага аказалася не дастаткова. Прайшоў час, і Бог пачаў паказваць нешта новае, большае – праведнасць паводле веры. Менавіта таму мы не адмаўляем Закон Майсея, але разумеем яго інакш, па-новаму.

Вот, Я делаю новое; ныне же оно явится; неужели вы и этого не хотите знать?

Гэтыя Божыя словы мы чуем з вуснаў прарока Ісаі. Прыняцце новага, гэтак жа як і пошукі, заўсёды звязаныя з рызыкай. Трэба шмат мудрасці і пакоры. Аднак без гэтага нам не абысціся.

 

6Выйсці з замкнёнага кола

На заканчэнне хачу падзяліцца маім разуменнем вельмі прыгожага евангельскага вобразу.

Фарысеі ставяць чужаложніцу пасярэдзіне. Усе збіраюцца вакол яе, паказваюць пальцамі. Гэта вобраз “нашай” праведнасці. Чалавек стаіць у цэнтры, а іншыя вакол яго. Можа быць, што яго асуджаюць і паказваюць пальцамі на тое, што ён парушыў Закон, а можа быць, што ён стаіць у цэнтры і паказвае іншым сваю праведнасць. У любым выпадку гэта замкнёнае кола і людзі апроч сябе нікога больш не бачаць. Яны з той ці іншай прычыны паказваюць адзін на аднаго пальцамі, яны залежныя адзін ад аднаго, яны ў рабстве ад сваёй жа праведнасці. Такі вобраз “нашай” праведнасці.

Праведнасць ад Бога іншая. Езус разганяе гэтых людзей, разрывае кола. Ён не кажа грэшніцы: не перажывай, нічога страшнага не сталася. Езус не бароніць яе граху. Ён лечыць. Ён разрывае замкнёнае кола. І застаецца толькі Ён і грэшніца, якая глядзіць на Яго аднаго… Яна шукае…