СЛОВА ДЛЯ ЕВАНГЕЛІСТАЎ...
- СЛОВА
- 4437
Некалі я сказаў сабе, што для мяне не мае значэння, як Бог гаворыць – мне асабіста ці праз іншага чалавека, праз сучасную кнігу ці праз Біблію. Самае галоўнае – ведаць, што гэта гаворыць менавіта Ён. І яшчэ вельмі важна — прыняць гэтае Слова.
У сераду я адпраўляў Імшу і чытаў першае чытанне: “Так сказал Господь: если ты обратишься, то Я восставлю тебя, и будешь предстоять пред лицем Моим; и если извлечешь драгоценное из ничтожного, то будешь как Мои уста. Они сами будут обращаться к тебе, а не ты будешь обращаться к ним” (Ерамія 15,19). Да мяне вельмі рэдка прамаўляе Слова Бога падчас Святой Імшы. Зазвычай я малюся, разважаю, або пакрысе, слова за словам «разжоўваю» біблейскі фрагмент, каб Слова сталася жывым. Гэтым разам было інакш. Я нічога не перажываў, не меў адметных пачуццяў, нікога не бачыў і не чуў. Я проста зразумеў, што гэты фрагмент Бібліі скіраваны проста да мяне. Ён — ад Бога, і ён вельмі важны.
У той самы дзень да мяне прыехала адна жанчына, і я ў кантэксце нашай размовы проста не мог не пераказаць сваімі словамі тое, што Бог паклаў мне на сэрца. Пасля было яшчэ некалькі гісторыяў, калі я чытаў людзям гэтае Слова, а яны не разумелі і прасілі, каб я “разжаваў” Яго для іх сваімі словамі. Я выконваў іхнюю просьбу, і фрагмент станавіўся для іх жывым… Не ведаю, ці трэба гэта некаму, але я вырашыў, можа, банальна і наіўна “разжаваць” дадзенае Слова Бога для наведнікаў сайта. Веру, што гэты ўрывак асабліва будзе кранацца людзей з пакліканнем апосталаў і евангелістаў, тых, чыё сэрца неспакойнае ад думкі, што ёсць яшчэ людзі, якія не сустрэліся з Богам. Дык вось, «разжоўваю»:
ТАК КАЖА БОГ: калі ты навучышся аддзяляць САМАЕ ВАЖНАЕ І ГАЛОЎНАЕ ад таго, што малаважнае (“суета”), то твае вусны стануцца МАІМІ, Я САМ БУДУ ГАВАРЫЦЬ ПРАЗ ЦЯБЕ. Табе не трэба будзе шукаць людзей, бегаць за імі і злавацца, што ніхто цябе не слухае і не разумее, а ты так шмат добрых і Божых рэчаў хочаш ім сказаць. Толькі навучыся аддзяляць, і людзі самі прыдуць да цябе, бо Я БУДУ ІХ ЗБІРАЦЬ…