Тыдзень таму адзін з вязняў сказаў, што злы ледзьве не паставіў яго на калені, бо пачалася хвароба і яму падсоўвалі лекі. На маё пытанне, чаму ён адмовіўся ад лекаў, той адказаў: «Маё здароўе, жыццё і смерць у руках Божых, і я буду ў Імя Ісуса загадваць хваробе адысці ад мяне роўна столькі, колькі Бог будзе хацець трымаць мяне пры жыцці»... Я разумею, што многія могуць адчуваць, чытаючы такія гісторыі. У мяне ў сэрцы таксама круцілася: пратэстанцкія ідыёты, фундаменталісты, а цывілізацыя для каго? Праблема толькі ў тым, што я з цывілізацыяй глытаю “калёсы” ад прастуды, а мае “фундаменталісты” вераць Яму, могуць радавацца кожным днём, удзячныя Яму за кожную дробязь і Яго Імя не сыходзіць з іхніх вуснаў.
И сказали Апостолы Господу: умножь в нас веру. Господь сказал: если бы вы имели веру с зерно горчичное и сказали смоковнице сей: исторгнись и пересадись в море, то она послушалась бы вас. Кто из вас, имея раба пашущего или пасущего, по возвращении его с поля, скажет ему: пойди скорее, садись за стол? Напротив, не скажет ли ему: приготовь мне поужинать и, подпоясавшись, служи мне, пока буду есть и пить, и потом ешь и пей сам? Станет ли он благодарить раба сего за то, что он исполнил приказание? Не думаю. Так и вы, когда исполните все повеленное вам, говорите: мы рабы ничего не стоящие, потому что сделали, что должны были сделать (Луки 17,5-10).

Тыдзень таму паміж двума маімі “парафіянамі” з турмы адбылася Божая спрэчка. Адзін з іх казаў, што нашымі рукамі на зоне павінны адбывацца вялізныя цуды, якія былі ў жыцці Апосталаў, што мы павінны пераносіць горы, а ягоны апанент даказваў, што мы яшчэ не гатовы да гэтага — патрэбны час. Уявіце сабе, якім было маё здзіўленне, калі я адкрыў нядзельнае Евангелле… Па-праўдзе, найменш мне хочацца каментаваць гэты фрагмент, бо бачу, наколькі тут важна прыняць залатую сярэдзіну і не кідацца ў крайнасці. А знайсці гэтую сярэдзіну вельмі складана.

Крайнасць даслоўнага разумення

Езус абяцаў нам, што верай мы будзем пераносіць горы і дрэвы, але разам з тым казаў, што трэба вырваць вока, калі яно цябе спакушае. Паколькі вочы мы сабе не павырывалі, то нічога дзіўнага, што і горы стаяць на месцы. Даруйце за чорны гумар, але, можа, варта было б пачаць з вачэй?..

Крайнасць апраўдання сваёй слабой веры

Некаторыя, у сваю чаргу, схільныя Евангельскі радыкалізм злагодзіць усялякім коштам. Калі мы не можам прыняць навучанне Езуса, то спрабуем тады не падцягвацца да Евангелля, а наадварот: Евангелле дастасоўваем да сваёй слабасці і абмежаванасці. І такім чынам апраўдваем нашыя цялесныя пажаданні (похаці), прывязанасць да багацця і гэтага свету, нашую нікчэмную веру. Замест таго, каб стаць перад ПРАЎДАЙ, мы пачынаем даказваць сабе і іншым, што ў Беларусі вера расце, Касцёл развіваецца, людзі пазнаюць Бога і г.д. Даруйце, я ў такія байкі не веру.

Як шукаць адпаведную мяжу паміж крайнасцямі?

Апосталы просяць Езуса, каб Ён памножыў іхнюю веру. Чаму Ён гэтага не робіць (ва ўсялякім разе, гэта вынікае з дадзенага фрагмента)? Таму, што памнажаць няма чаго, і Езус хоча паказаць гэта сваім вучням: Калі б вы мелі веру хаця б, як маленечкае зярнятка, то было б што памнажаць, але вы не маеце нават і гэтага. Як гэта? Апосталы не маюць веры? А як жа з цудамі, якія адбываліся праз рукі Апосталаў? Евангеліст Лука паказвае, што Апосталы ўсё пакінулі і пайшлі “бамжаваць” за Езусам, Ён паслаў іх прапаведваць і аздараўляць хворых, выганяць бесаў, і ўсё гэта ўжо адбывалася. Апосталы і вучні вярталіся і распавядалі Яму пра цуды, якія дзеіліся праз іх паслугу. І што, гэта ўсё дзеілася без іх веры?

Адразу кажу, што, на жаль, не змагу паказаць мяжу паміж крайнасцямі. Адно спрабую хаця б крыху да яе наблізіцца, адыходзячы крок за крокам ад гэтых крайнасцяў.

Пачнём з пытання, навошта нам увогуле, дзеля чаго перасоўваць горы і вырываць з карэннямі дрэвы? Каб перад некім пакрасавацца сваёй сілай альбо прыставіць Бога да сцяны і змусіць, каб нам нешта даказаў? Гэтаксама і навошта аздараўляць хворых ды выганяць бесаў? Калі мне хочацца бачыць гэтыя знакі, то дзеля чаго? Хворыя і апантаныя ў выніку могуць вызваліцца ад сваёй нядолі, але гэта не значыць, што яны паклоняцца Богу і прымуць Яго ў сваё сэрца. Мы не ведаем свайго сэрца, а тым больш, сэрца іншага чалавека. Адкуль жа тады нашая ўпэўненасць, што цуд і фізічнае асвабаджэнне пойдзе яму на карысць? Адзін з вязняў нядаўна мне сказаў: «Я не ведаю, ці пісаць мне просьбу аб амністыі, бо не ведаю, кім я буду на свабодзе». Гэта горкая праўда пра нас і наш грэх. Мы ўжо столькі разоў абяцалі Богу, што будзем зусім іншымі, столькі разоў каяліся і спавядаліся! У святле ўсяго гэтага паглядзім на нашую веру. Мы просім Бога і крыўдуем альбо на Яго, альбо на сябе. Маўляў, чаму Ён не выслухоўвае? Альбо я маю слабую веру, а павінен жа адбыцца нібыта цуд.

Аднаго разу на малітве праслаўлення я закрыў вочы і з усёй сілай даволі доўга і шчыра прызываў Святога Духа. І тут чую каля мяне ціхі шэпт: «Я тут, Я тут…» Гэта была адна сястра, якую Бог паслаў, каб сказаць мне, што Ён сапраўды ёсць тут таму, што я Яго паклікаў, а не таму, што я паўгадзіны заклікаю Яго з усіх сілаў. Гэта быў урок пакоры. Бог чуе мае просьбы, Бог іх ведае і вымагае веры не ў тое, што павінна адбыцца (напрыклад, што хворы ўстане з ложка), а ў тое, што Ён, Айцец, які не пакладзе нам камень ці змяю, Ён пачуў маё сэрца і маю просьбу ў першую хвіліну.

У сённяшнім фрагменце Евангелля я ўбачыў вялікую пастку для вернікаў. Мы хочам паверыць у нашыя сілы (здольнасць аздараўляць, перасоўваць горы), а трэба паверыць ЯМУ. Адчуваю, што мяне больш пачынае прывабліваць вера Маці Тэрэзы ці Шарля дэ Фуко, якія пры жыцці не маглі бачыць плёну сваёй працы, хоць і моцна жадалі ўбачыць. Яны проста верылі ЯМУ, верылі, што так трэба — і... усё. Такая вера пужае. Яна не лагічная, сее страх і неспакой. Зразумела, што вера вялікіх евангелізатараў, вакол якіх збіраюцца сотні тысячаў людзей, прываблівае нашмат больш. Не хачу проціпастаўляць гэтых людзей. Кожны мае сваё служэнне, абы яно было ад Госпада.

Такім чынам, не варта, відаць, упадаць у крайнасць, калі мы прагнем бачыць славу, цуды, сілу, а не бачым і не думаем, што нешта тут не па-Божаму. А цяпер зірнем на іншую крайнасць. Многія кажуць: я даверыўся Богу, цуды мне не патрэбныя, слава таксама, я спрабую быць падобным да св. Шарля дэ Фуко, а не да “пратэстанцкіх харызматаў” і г.д. Цудоўна! Апраўдалі сваё маладушша, апусцілі рукі і ў беларускім духу прынялі постаць бясформенай амёбы! Не забывайма, браты і сёстры, што Езус асуджаў Апосталаў за малую веру і вельмі шмат разоў хваліў тых, хто моцна верыў Яму. Ён аздараўляў, гледзячы на веру хворых ці іх блізкіх. Такая вера таксама пужае. Напрыклад, кінуцца да Езуса, каб з верай дакрануцца да Яго вопраткі. У Дзеях Святых Апосталаў напісана, што хворых выносілі на дарогі, каб хоць бы цень Апостала Пятра прайшлася па іх — і яны аздараўляліся! Страшна ад такой веры? Не менш, чым ад веры Шарля дэ Фуко! Некалі я пачуў сведчанне а. Эміліана Тардыфа пра жанчыну, якую пасля малітвы за хворых не маглі вывесці са стадыёна і якая крычала, што не пойдзе адтуль, пакуль Бог не аздаровіць яе хворае дзіця. Яна праседзела адна на стадыёне да раніцы, і паралізаванае дзіця... устала… Пачуўшы гэтую гісторыю, я не хацеў яе нікому расказваць, бо мне раптам стала страшна, што нехта таксама можа мець падобную веру! Я зразумеў, што мне нават страшна з такімі людзьмі сустракацца. Калі ў мяне падымаецца тэмпература, то я бяру таблетку. Тыдзень таму адзін з вязняў сказаў, што злы ледзьве не паставіў яго на калені, бо пачалася хвароба і яму падсоўвалі лекі. На маё пытанне, чаму ён адмовіўся ад лекаў, той адказаў: «Маё здароўе, жыццё і смерць у руках Божых, і я буду ў Імя Ісуса загадваць хваробе адысці ад мяне роўна столькі, колькі Бог будзе хацець трымаць мяне пры жыцці». Аказваецца, гэты чалавек і яму падобныя, ужо шмат гадоў на зоне не прымаюць лекаў ні ад прастуды, ні ад грыпу. У турме няма ніякіх умоваў, закрытае памяшканне, вірусы валяць напавал амаль усіх, інфекцыя перадаецца ў адно імгненне, а яны ў Імя Ісуса… Я разумею, што многія могуць адчуваць, чытаючы такія гісторыі. У мяне ў сэрцы таксама круцілася: пратэстанцкія ідыёты, фундаменталісты, а цывілізацыя для каго? Праблема толькі ў тым, што я з цывілізацыяй глытаю “калёсы” ад прастуды, а мае “фундаменталісты” вераць Яму, могуць радавацца кожным днём, удзячныя Яму за кожную дробязь і Яго Імя не сыходзіць з іхніх вуснаў. Адзін з іх так мне некалі і сказаў: «Іншыя тэмы мяне не цікавяць і я нават не ведаю, пра што мне з няверуючымі размаўляць». Атрымліваецца, што я больш дастасаваны да гэтага свету, да гэтай цывілізацыі, а вось ён тут чужы, бо прывязаўся да зусім іншай, здавалася б, нерэальнай рэчаіснасці. Шчыра кажучы, хацелася б быць на тым, другім баку, сярод тых, хто больш верыць ЯМУ…

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…


Як я і казаў, дакладную мяжу я не магу паказаць паміж крайнасцямі веры і бязвер’я. Спадзяюся, што ў гэтых разважаннях мне ўдалося хоць бы крыху зменшыць паміж імі адлегласць. Якую практычную выснову зрабіць з гэтага тэксту? Неяк не магу ўявіць сабе пастанову: буду больш верыць. А можа гэта не выпадкова, што пасля тэмы вырывання дрэва з карэннем пачынаецца навучанне пра бескарыслівую службу? Можа замест таго, каб ставіць сабе мэты перакідваць горы, трэба проста паслужыць Богу, не чакаючы за гэта ўзнагароды ў выглядзе цудаў і знакаў? Приготовь мне поужинать и, подпоясавшись, служи мне, пока буду есть и пить, и потом ешь и пей сам. Спачатку паслужы, а толькі пасля (можа ў гэтым, а можа і ў вечным жыцці) сам насычайся…

Гэта толькі прапанова жыць Яго Словам на працягу тыдня:
як я магу паслужыць Богу, не спадзеючыся за гэта нічога атрымаць у гэтым жыцці?

а. Аляксандр