Калі я быў падлеткам, то, вядома, і блізка не разумеў, навошта так шмат чытанняў у Пасхальную Вігілію. Яны чыталіся на польскай мове, у сцюдзёным касцёле, а, гэта значыць, што я не меў ніякіх шанцаў да свядомага ўдзелу ў літургіі. Ды і, думаю, нават калі б яны былі па-беларуску, не шмат бы гэта змяніла. Бо спаць хочацца, а чытанняў так шмат, касцёл халодны – і гэтым усё сказана. Адзіным ратункам былі малітвы паміж чытаннямі, калі трэба было падняцца і зрабіць дадатковы рух, каб хаця б крыху абудзіцца. Дык які ўсё ж сэнс гэтых чытанняў, што так мучаюць не толькі малых, але і многіх дарослых?
Калі я быў падлеткам, то, вядома, і блізка не разумеў, навошта так шмат чытанняў у Пасхальную Вігілію. Яны чыталіся на польскай мове, у сцюдзёным касцёле, а, гэта значыць, што я не меў ніякіх шанцаў да свядомага ўдзелу ў літургіі. Ды і, думаю, нават калі б яны былі па-беларуску, не шмат бы гэта змяніла. Бо спаць хочацца, а чытанняў так шмат, касцёл халодны – і гэтым усё сказана. Адзіным ратункам былі малітвы паміж чытаннямі, калі трэба было падняцца і зрабіць дадатковы рух, каб хаця б крыху абудзіцца. Дык які ўсё ж сэнс гэтых чытанняў, што так мучаюць не толькі малых, але і многіх дарослых?

Яны паказваюць прысутнасць Бога ў гісторыі чалавецтва. Больш за тое, калі іх уважліва прааналізаваць і суаднесці са сваім жыццём, то можна сказаць, што гэтыя чытанні паказваюць развіццё адносінаў паміж нашай уласнай душой і Богам.

Першае чытанне: Бог творыць толькі дабро
(Быцця 1,1–2,2)

Біблія апавядае нам пра стварэнне сусвету. Усё, што стварыў Бог, было вельмі добрым. Бог творыць выключна дабро!!! Бог стварае з любові. Такая Яго прырода – любіць. Для таго, каб любіць, трэба мець некага, з кім я змагу падзяліцца сваёй любоўю. Так муж кахае сваю жонку, бацькі любяць дзяцей, нехта – сяброў. Самі паразважайце – навошта бацькам дзеці? Гэта ж дадатковыя клопаты, праблемы, а часам нават пагроза для жыцця жанчыны. І ўсё ж, бацькі хочуць мець дзяцей, бо хочуць падзяліцца сваёй любоўю (ту гаворка ідзе, вядома, не пра тую сітуацыю, калі з’яўляюцца дзеці, каб атрымаць льготны крэдыт на кватэру). Менавіта так дзейнічае Бог. Ён стварае свет для таго, каб з некім падзяліцца сваёй любоўю. Калі гэтага «некага» няма, то любоў ператвараецца ў эгаізм. Менавіта так зграшыў сатана і першыя людзі. Яны больш сталі дбаць пра сябе, хацелі быць незалежнымі, самастойнымі. Грэх эгаізму пускае карані і ў іншых грахах – нянавісць, непрабачэнне, гнеў, зайздрасць, сэксуальная развязанасць, аборты, магія і акультызм, хцівасць на грошы і нават грэх самагубства. Галоўная прычына гэтых і іншых грахоў – нявера ў тое, што Бог хоча для мяне толькі дабра і ад Яго паходзяць найлепшыя парады, бо ўсё, што Ён стварыў, было вельмі добрым.

Другое чытанне: выхаванне даверу
(Быцця 22,1-18)

Пасля граху Адама і Евы людзі глабальна перасталі давяраць Богу, перасталі бачыць Яго дабро. Пра гэта нам апавядаюць гісторыі з Каінам, Ноем, Вавілонскай вежай. Урэшце Бог вырашае выправіць памылку чалавецтва. Ён хоча паказаць людзям, што Яму можна давяраць, што ад Яго паходзіць толькі дабро, нават калі па-людзку ўсё выглядае інакш. Менавіта пра гэта распавядае нам гісторыя з Абрагамам і яго сынам Ісаакам. Бог вучыць гэтага чалавека давяраць Яму, нягледзячы ні на што. Здзіўляе тое, што Бог не вучыць, як Яму пакланяцца, складаць ахвяры, будаваць святыні. БОГ ВУЧЫЦЬ ДАВЯРАЦЬ. Гэтая навука правяраецца ў жыцці кожнага з нас, калі паўстае пытанне, пайсці яму ў нядзелю на Імшу ці паехаць на дачу, альбо адпачыць, паспаць. Правяраецца, калі трэба адмовіцца ад сэксуальных адносінаў да шлюбу, хаця часта не надта зразумела чаму. Правяраецца, урэшце, калі трэба спаўняць шмат правілаў-прыказанняў, а не ведаем навошта. Правяраецца, калі ў цяжкіх момантах нашай гісторыі трэба ўбачыць Бога, які не адвярнуўся і не пакінуў мяне. Усё гэта зліваецца ў адно пытанне: ЦІ ТЫ МНЕ ВЕРЫШ?

Абрагам са свай жонкай Сарай не маглі мець дзяцей. Бог падараваў ім жыццё насуперак усялякай людзкой логіцы. Гэта было першае навучанне – давяраць больш Яму, чым сваёй логіцы. Цяпер Бог дае другую навуку – нягледзячы ні на што, працягвай давяраць.

Многім з нас Бог некалі дапамог, але ці на доўга гэтага хапае? На жаль, як правіла, мы ўстаем на ногі і пачынаем зноў спадзявацца на свае сілы і забываемся пра Яго.

Трэццяе чытанне: я ў гэтым свеце не адзін
(Выхаду 14,15–15,1)

Бог выводзіць народ з рабства. Хто з нас, веруючых, не дасведчыў у сваім жыцці, як Бог выводзіць з бяды? Аднак тут нешта большае. Даследчыкі Бібліі кажуць, што толькі на пустыні людзі сталі адчуваць сябе Божым Народам. Да гэтага часу кожны быў сам па сабе. На пустыні адбываўся цэлы выхаваўчы працэс. Бог зноў жа выхоўваў у людзях давер і менавіта таму (на дзіва ўсім) народ не такую і вялікую адлегласць ішоў ажно сорак гадоў. Калі раней Бог выхоўваў давер у Абрагама, то цяпер Ён робіць тое ж самае з вялікай групай людзей. Многія думаюць, што Богу можна пакланяцца дома, не ходзячы ў святыню, не сустракаючыся з людзьмі, бо так прасцей. Я і мой Бог у маім сэрцы, а іншыя – толькі перашкода. Трэццяе чытанне вучыць нас, што на шляху верніка абавязкова павінен стаць іншы чалавек альбо група вернікаў. Я нясу адказнасць не толькі за сябе, але і за іх. Паверце, што такі Божы чалавек, як Маісей ці Аарон, прайшлі б пустыню намшмат хутчэй. Але ў Бога былі іншыя планы.

На пустыні народ пазнаў таксама, што ўсе беды не толькі ў палітычнай уладзе (фараон), а перш за ўсё – у ім самім. На пустыні народ убачыў, што недавер і абыякавасць да Бога нараджае сапраўдныя беды.

Чытанні прарокаў: рабства, якое не скончылася
(Ісаі 54,4–14; Ісаі 55,1–11; Варуха 3,9–15.32–4,4; Езэкііла 36,16-28)

Прарокі пішуць кожны ў сваім часе. Егіпецкага рабства ўжо няма, пустыню перайшлі, зямлю абяцаную здабылі, а беды ўсё ж не скончыліся. І не маглі скончыцца. Бо Егіпет быў толькі знешняй формай рабства. Яго не стала, аднак, людзі не перасталі быць рабамі. І не перастануць імі быць, пакуль не зразумеюць, што ў Богу – маё шчасце і маё дабро, бо ўсё, што Ён творыць – добрае. Калі мы гэтага не зразумеем, не навучымся Яму давяраць, пакуль Ім усур’ёз не зацікавімся (не толькі з нагоды святаў), датуль будзем заставацца рабамі страху, самотнасці, бессэнсоўнасці, нелюбві. Менавіта такую думку я бачу ў гэтых чытаннях. Бог кажа праз прарокаў: Я вас люблю, паверце, даверцеся Мне, калі гэтага не зробіце, то і надалей будзеце нешчаслівымі, і надалей будзеце рабамі.

Новы Запавет: сяброў не кідаюць
(Рымлянам 6,3–11; Мацьвея 28,1–10)

Адзін мой знаёмы выехаў жыць на Захад. У хуткім часе нашыя кантакты абарваліся. Думаеце, што калі б гэта быў мой найлепшы і сапраўдны сябра, то так бы сталася? Ён добры чалавек, але не самы блізкі. Самы блізкі чалавек зрабіў бы мне візу, купіў білет, запрасіў бы у госці і г.д. Менавіта таму нам так хочацца, каб нашыя блізкія сябры недзе там прабіліся па жыцці (у грашах, палітыцы), бо і нам нешта там перападзе. Ну, бо адна рэч калі міліардэрам стане нехта там з Брэста, а другая рэч, калі ім стане мой найлепшы сябра, з якім я прабываў гадамі.

З аднаго боку нас павінна ўражваць Ўваскрасенне Езуса, а з іншага боку... а што нам з гэтага будзе? Асабіста мяне больш захапляе радасць жанчын. Яны кідаюцца ў ногі, абдымаюць Яго, бягуць, нібыта баяцца, але радасць б’е з іх ключом. Нават думкі такой няма, што Езус забудзецца пра іх, што не забярэ з сабой. А найбольш радасці мне дае той сказ, дзе Езус сваіх вучняў называе братамі. Вось гэта сіла! Няўжо пра брата і сябра можна забыцца? Ніколі!!! Ён ніколі не забудзецца пра іх і не пакіне! Паверце: зусім інакш Уваскрасенне Езуса перажылі фарысеі, людзі, што былі абыякавыя да Яго смерці, жаўнеры, якія вартавалі грабніцу, а нават і тыя, якіх Ён аздаравіў, але якія Ім не зацікавіліся, не пасябравалі. Я ўпэўнены, што іх перажыванні былі зусім іншыя. Вось чаму так важна мець з Ім цесныя, жывыя, сяброўскія адносіны, а не толькі ўспамінаць пра Яго час ад часу.

КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…

Запрашаю кожнага з вас знайсці сваю гісторыю ў гэтых Біблейскіх чытаннях.