Ці хрысціянін можа быць сумным? Перш за ўсё павінен быць праўдзівым. Гэта маё правіла. Калі табе сумна і больна – не прыкідвайся радасным і ўселюбячым, не крывадуш! Менавіта таму мяне раздражае, калі нехта з веруючых заахвочвае: давайце адзін аднаму паўсміхаемся, усе будзем радаснымі, вясёлымі і г.д. Калі не навучымся стаяць у праўдзе, а будзем прыкідвацца, то ніколі не зможам распазнаць сваёй хваробы. А сум – гэта сапраўды найчасцей духоўная хвароба. Толькі ад яе не трэба хавацца і апранаць штучныя маскі, а прызнацца і задумацца адкуль ён прыйшоў і як лячыцца... ПРА СУМ, У ЯКІМ НЯМА БОГА, І ПРА ЗДОЛЬНАСЦЬ СЛУХАЦЬ
Вось двое вучняў Езуса ішлі ў вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. І калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.
І Ён сказаў ім: Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою? І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: Ты, напэўна, адзіны, хто жыве ў Ерузалеме і не ведае, што ў гэтыя дні там сталася. І спытаў у іх: Што?
Яны сказалі Яму: Тое, што сталася з Езусам з Назарэту, які быў прарокам магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і правадыры нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, але не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі.
Тады Ён сказаў ім: О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу? І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.
І наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў яго, паламаў і даў ім. І тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?
І ў тую самую гадзіну яны ўсталі і вярнуліся ў Ерузалем, і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону. І яны расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба
(Лк 24, 13-35)
Умець слухаць
Гісторыя сустрэчы двух вучняў з Езусам па дарозе ў Эмаўс – гэта адна з самых каларытных і багатых евангельскіх гісторыяў. Калі асабіста перачытваю такія гісторыі, то часта нараджаецца чыста людзкое пытанне: ну што тут яшчэ новага можна адкрыць? Аказваецца, можна. Падчас адных духоўных практыкаванняў святар сказаў, што так званая гісторыя з Эмаўс – гэта навука весці размову і здольнасці слухаць. Для мяне гэта тэма была адкрыццём і таму хачу падзяліцца з вамі.
Перш за ўсё самыя сур’ёзныя адносіны нараджаюцца не ў натоўпе, а ў прыватнай размове. Як святар, я ўсё больш і больш асвабаджаюся ад ілюзіі, што амбона і мікрафон мяняюць людзей. Згаджаюся, што мяняюць, але далёка не ў такіх маштабах як бы гэтага хацелася. У мінулую нядзелю мне давялося пачуць выказванне аднаго вязня і ў мяне аж вушы трубачкай скруціліся (хаця многае ўжо чуў). Гэта быў чалавек, які каля года ходзіць на малітвы ў турме. Паводзіць сябе мірна, моліцца, маўчыць… У тым та ўся і справа – маўчыць!.. Ты прапаведваеш, глядзіш у гэтыя добрыя вочкі, глядзіш на гэту галаву, якая ківае ў знак згоды, і… застаешся сабой давольны. Праблема ў тым, што прапаведваеш толькі ты, а чалавечак так ніколі і не выказаўся на працягу года. А калі выказаўся, то са здзіўленнем разумею, што ён зусім не такі, якім я яго ведаў. Не, ён не стаў такім. Ён ім заўсёды быў. Толькі я гэтага не бачыў, бо не ставіў сабе мэты пачуць яго. Яго жорсткае выказванне – гэта скарэй мая праблема, бо нават не намагаўся зразумець гэтага чалавечка. Альбо другі прыклад. Памятаю як рыхтаваў да шлюбу адну маладую пару. Людзі адхадзілі на ўсе заняткі, не бунтаваліся, з усім згаджаліся, не было ніякіх пытанняў. Вось толькі пасля шлюбу я іх больш амаль не бачыў. Магчыма, такіх сітуацый можна было б пазбегнуць, калі б мы больш стараліся пачуць іншага чалавека, замест таго, каб “таўкаць сваё”. Такіх прыкладаў агромная колькасць. Мы дзівімся чаму нас не разумеюць і робяць усё зусім па іншаму. На самой справе, рэчаіснасць не мяняецца. Проста мы яе не бачым, калі гаворым толькі мы. Трыбуна з’яўяляецца месцам для папулістаў і тыранаў, а Евангелле прапаведвалася ў прыватных сустрэчах, таму што зло крыклівае, а Божае Царства расце нібы зерне.
Спадзяюся, цяпер вам зразумела чаму Езус збірае зусім невялічкую групу вучняў і ходзіць з імі дзень у дзень аж тры гады і чаму правацыруе вучняў з сённяшняга фрагмента на размову. Езус усё ведае, ведае памылкі вучняў, ведае і страх і слабую веру, а тым больш усё ведае што сталася “ў гэтыя дні”. Ён спецыяльна правацыруе іх на размову ў малым коле для таго, каб яны выказаліся. Гэта больш ім трэба.
Мы, канечне ж, далёка не ўсё ведаем пра чалавека. Таму нам яшчэ больш трэба вучыцца слухаць іншых, а не накідваць ім адразу свой пункт гледжання. Гэта вельмі цяжка, але ўсё больш і больш пераконваюся, што беды ў супольнасці (сям’я, малітоўная група, працоўны калектыў) нараджаюцца па прычыне маналогаў і няздольнасці прымаць адзін аднаго і слухаць. Зразумела, што цяжка слухаць, калі ты ўвесь час вучыў і гаварыў, але сітуацыя пачне змяняцца калі я буду ставіць сабе новую мэту – заткніся хаця б на хвіліну і паслухай іншага.
Сум – месца, дзе няма Бога
Езус хоча, каб вучні выказаліся, хоча іх пачуць і пачынае правакацыю з пытання: чаму вы сумныя?
Кожны ўрач перш чым лячыць павінен паставіць дыягназ, распазнаць хаця б агульны напрамак хваробы. Такім чынам доктар можа націскаць на розныя месцы цела і пытацца: тут вам забалела? Менавіта так робіць Езус. Ён пачынае ставіць дыягназ па назіранні. Вучні сумныя і гэта зацэпка.
Ці хрысціянін можа быць сумным? Перш за ўсё павінен быць праўдзівым. Гэта маё правіла. Калі табе сумна і больна – не прыкідвайся радасным і ўселюбячым, не крывадуш! Менавіта таму мяне раздражае, калі нехта з веруючых заахвочвае: давайце адзін аднаму паўсміхаемся, усе будзем радаснымі, вясёлымі і г.д. Калі не навучымся стаяць у праўдзе, а будзем прыкідвацца, то ніколі не зможам распазнаць сваёй хваробы. А сум – гэта сапраўды найчасцей духоўная хвароба. Толькі ад яе не трэба хавацца і апранаць штучныя маскі, а прызнацца і задумацца адкуль ён прыйшоў і як лячыцца.
Нехта сказаў, што хрысціянін не мае права на дыпрэсію, бо ў нас ёсць надзея і вера ў Бога, які ніколі не пакіне. Таму калі знікае вера – нараджаецца сум, які можа перарасці ў дыпрэсію. Паназірайце за сабой. Калі ў вас нараджаецца сум? Калі валяцца планы? Калі не ўдаецца? Калі прыйшло пачуццё самотнасці? Незразумення? Не падзякавалі? Не дацанілі? Некаму ўдзялілі больш увагі і нарадзілася зайздрасць? Калі ўзгадваю ўсе сітуацыі, калі я сумны, то ўсюды бачу духоўны корань. Найчасцей гэта альбо слабая вера ў любячага Айца, альбо мой эгаізм. Таму раблю выснову, што смутак сапраўды ў большасці не мае ў сабе Бога. Сумныя вучні ўцякаюць, бягуць з Ерусаліма. Сумны багаты хлопец адыходзіць ад Езуса, бо не можа адважыцца за ім пайсці.
Разважаючы на тэму смутку, знайшоў толькі два выключэнні (магчыма, іх больш), калі сум не звязаны на прамую з грахом. Першы выпадак, гэта калі сумуем па прычыне бяды бліжняга. Гэты смутак нараджаецца з любві. Менавіта таму Езус плача над Ерусалімам і Бог сумуе па нашых грахах. Другі выпадак падкінула мне надвор’е апошніх дзён. Калі ў пакоі +16, на вуліцы няма сонца, вільготна і вецер, то сум неяк сам па сабе прыходзіць. Гэта проста прырода. Хіба што невыпадкова, што паўночныя краіны (дзе ідуць дажджы і мала сонца) маюць найбольшы працэнт самагубства і дыпрэсіі (уключаючы Піцер).
У большасці ж аднак сум, як здаецца, гэта духоўная праблема і менавіта за яе чапляецца Езус. Чапляецца і прама ў дзясятку! У выніку размовы выплывае другая праблема, на многа больш сур’ёзная – “а мы спадзяваліся…”. Вучні адносна Езуса мелі свае планы. Трох гадоў навукі было мала, каб яны зразумелі. Альбо ўвогуле не разумелі, альбо баяліся пытацца і не палічылі гэта важным, альбо не хацелі разумець, альбо не прыйшоў на тое яшчэ час, бо зерне расце памалу. Так ці інакш, але праблема выйшла на верх, дзякуючы простай і шчырай размове.
КАБ СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ…
1. Спрабую лавіць магчымасці, каб пачуць майго бліжняга
2. Паназіраю за сітуацыямі калі мной апаноўвае сум і спрабую паставіць сабе дыягназ і прызначыць лячэнне (стаць у праўдзе, пакаянне-споведзь, малітва, здольнасць прызнацца да слабасцяў перад іншымі, навучыцца з сябе смяяцца)
ПРА СУМ, У ЯКІМ НЯМА БОГА, І ПРА ЗДОЛЬНАСЦЬ СЛУХАЦЬ (казанне 08.05.11))
- СЛОВА
- 4077