Уявіце сабе сям’ю, у якой пануе поўнае зло і беззаконне. Людзі ненавідзяць адзін аднаго, зайздросцяць, праклінаюць, п’юць, вядуць развязнае сэксуальнае жыццё. Груба кажучы, ім без розніцы, нават з кім спаць. Мужчына з мужчынам, бацька з дачкой, брат з сястрой і г.д. Жыццё абсалютна бесшабашнае. Людзі слухаюцца толькі сваіх сэксуальных інстынктаў, гоняцца толькі за багаццем і ўладай. Для такіх людзей не існуе ніякіх рамак. Усё дазволена. Сумленне не мучае, а Бог іх зусім не цікавіць. У такой сям’і нараджаюцца дзеці, якія вучацца ад бацькоў, глядзяць на іх і становяцца гэткімі самымі. Пасля нараджаюцца ўнукі, гэткія ж самыя, пасля праўнукі… Здаецца, нешта ж некалі павінна змяніцца, але нічога не мяняецца. Спадзяешся, што людзі неяк там адумаюцца… Пустэча...
Уявіце сабе сям’ю, у якой пануе поўнае зло і беззаконне. Людзі ненавідзяць адзін аднаго, зайздросцяць, праклінаюць, п’юць, вядуць развязнае сэксуальнае жыццё. Груба кажучы, ім без розніцы, нават з кім спаць. Мужчына з мужчынам, бацька з дачкой, брат з сястрой і г.д. Жыццё абсалютна бесшабашнае. Людзі слухаюцца толькі сваіх сэксуальных інстынктаў, гоняцца толькі за багаццем і ўладай. Для такіх людзей не існуе ніякіх рамак. Усё дазволена. Сумленне не мучае, а Бог іх зусім не цікавіць. У такой сям’і нараджаюцца дзеці, якія вучацца ад бацькоў, глядзяць на іх і становяцца гэткімі самымі. Пасля нараджаюцца ўнукі, гэткія ж самыя, пасля праўнукі… Здаецца, нешта ж некалі павінна змяніцца, але нічога не мяняецца. Спадзяешся, што людзі неяк там адумаюцца… Пустэча. Думаеш, няўжо іх нічога не кранае, няўжо не народзіцца ў гэтым родзе дзіця-выключэнне, якое прынясе змены? Чакаеш такога нараджэння, а яго няма… А цяпер уявіце, што з такой сям’і выходзяць новыя сем’і, пасля гарады, і нават цэлы народ. Нешта павінна змяніцца… Ты шукаеш у гэтым народзе хоць бы некалькі праведнікаў, хоць бы некалькі неабыякавых людзей… Ужо не ідзе нават гаворка пра вернікаў, якія служаць Богу і жывуць для Яго. Гаворка ідзе хоць бы аб праведных, шчырых, добрых людзях…

Думаю, у такой сітуацыі апынуўся Абрагам, які прасіў Бога, каб Ён не нішчыў Садома і Гаморы. Абрагам датаргаваўся да дзесяці праведнікаў. Бог абяцаў, што не знішчыць гарады, калі ў іх знойдуцца хаця б дзесяць праведнікаў!!! У выніку ж Божыя пасланцы амаль сілком выводзяць Лота, яго жонку і дзвюх дачок. Нават з гэтымі былі праблемы! Лот не спяшаўся выходзіць, марудзіў, а жонка азірнулася, бо цяжка ёй было пагадзіцца з тым, што павінна была пакінуць (Быцця 19,15-26). У выніку – толькі чатыры праведнікі і тыя пакалечаныя!

Мы кажам: нешта павінна змяніцца, Бог, пачакай, не карай, не нішчы… Але мінаюць гады, зло распаўсюджваецца, нікому нічога не трэба і нічога не мяняецца. Але хіба Усемагутны Бог не можа змяніць гэтую сітуацыю? Паспрабую тут нясмела заўважыць, што ўсемагутнасць Бога дзейнічае не ва ўсіх сферах нашага жыцця. Бог можа аздаравіць, учыніць цуд, адлупцаваць нас па адным месцы, прыпужаць. Але Ён не можа нас змусіць любіць Яго, слухаць, цікавіцца Ім, скарыцца перад Ім. Нават пасля канца свету, калі ўсе ўбачаць, хто тут Гаспадар, знойдуцца, магчыма, тыя, хто будзе спрабаваць Яго ненавідзець. І таму Хрыстос нічога не змог зрабіць з Юдам, фарысеямі. І таму да сённяшняняга дня існуюць дэманы.

Карацей, надыходзіць такі момант, калі пачынаеш разумець: усё, далей няма чаго чакаць. Для таго, каб зло не распаўсюджвалася, для таго, каб дзеці не мелі прыкладу азвярэлых бацькоў, трэба выразаць пухліну, трэба паліць і нішчыць, каб садзіць наноў. Мы, людзі, нават калі і разумеем, што так трэба рабіць, то ўсё роўна не ведаем, калі трэба гэта зрабіць. Адны не маюць цярплівасці, ім хочацца разборак як найхутчэй (у нэце бачыў здымак з надпісам на плоце: Сколько терпеть можно, Господи? Жги!). Іншыя ж, наадварот, адкладваюць і марудзяць, як Лот. Бог жа, у адрозненні ад нас, людзей, ведае, калі надыходзіць момант і трэба ісці агнём і мячом.

Некалі я баяўся і не разумеў гэтай тэмы, стараўся пазбягаць пытанняў пра Божы гнеў. Сёння я разумею, чаму быў патоп у часы Ноя, чаму быў агонь у Садоме і Гаморы, чаму Майсей павінен быў забіць тых, хто пакланяўся залатому цяльцу і г.д. Проста надыходзіць момант, калі сканчваецца час чакання і размоваў, а пачынаюць прамаўляць агонь і вада.

Аднак нельга не заўважыць, што Бог да апошняга моманту дае шанец. Ён чакае, заклікае, заахвочвае і сам выводзіць праведнікаў. Таму вернікаў не павінны палохаць Божая кара, катаклізмы ці проста смерць. Бог паклапоціцца пра нас так, як паклапаціўся пра Лота і Ноя.