Прапаноўваю невялічкі план ранішняй малітвы, які я зрабіў на аснове кнігі “Утро с Богом” аднаго ангельскага місіянера “Утро с Богом”

Галоўная тэза: гэтак жа, як музычныя інструменты настройваюцца перад ігрой аркестра, а не пасля, так і ранішняя малітва рыхтуе нас да дня, які трэба перажыць.

1. Раніца не будзе перажытай з Богам, калі я буду позна класціся спаць. Засынаць трэба ў Яго супакоі і з думкай пра Яго;

2. Для таго, каб быць прытомным на ранішняй малітве і не праспаць яе, пажадана рабіць зарадку перад малітвай. Не засну таксама тады, калі змушу стаяць сябе на каленях падчас малітвы;

3. Трэба трымацца дакладнай дысцыпліны (рана кладуся, рана ўстаю, раблю зарадку);

4. Падрыхтаваць сябе да малітвы:
•Супакой цела (нішто мяне не можа адарваць ад малітвы (людзі, тэлефон), стараюся быць спакойны целам і дыханнем);
•Супакой розуму (супакойваем бурныя думкі ўсведамленнем таго, што я стаю перад Богам і з Ім хачу сустрэцца, уваходзім у Божую прысутнасць; часам трэба выказаць свае думкі Богу, агучыць іх нават уголас);
•Супакой духа (наш дух неспакойны калі маем шмат планаў, хоць нібыта і для Бога; трэба іх даверыць Духу Святому і перастаць хвалявацца за тое, што нешта пойдзе не так, трэба ўпакорыць сваё «я» і даверыцца Божай апецы);

5. Малітва праслаўлення. Паколькі напачатку можа быць цяжка, то можна стварыць сваю схему. Напрыклад, найперш некалькі псальмаў, пасля пару спеваў, пасля сваімі словамі. Схема толькі дапаможная, таму нельга яе трымацца ўвесь час і ўсялякім коштам. Малітва павінна быць шчырай і простай. Яна важная раніцай, але больш ёй трэба маліцца напрыканцы дня;

6. Малітва ахвяравання. Ахвяроўваю самога сябе Богу (душу, цела, думкі, розум, язык, вушы і г.д.). Трэба Яму пакарыцца і запрасіць у сваё жыццё як Гаспадара. Робім мы гэта не адзін раз у жыцці, а кожны дзень. Такі выбар павінен быць вельмі свядомы. Трэба, каб памерла маё “я”, а жыў Ён. Часта запал у жыцці вернікаў знікае па трох прычынах: 1) недахоп хрысціянскага асяроддзя і сапраўды веруючых сяброў; 2) недахоп рэлігійнага служэння (праца не для сябе, а для Бога і бліжняга); 3) няздольнасць выбіраць Бога і ахвяроўваць яму сваё жыццё кожны дзень занава;

7. Малітва за бліжніх. Стараюся з моцнай верай прынесці іх і іхнія справы Богу, які чуе і клапоціцца пра ўсіх нас;

8. Даць час на тое, каб пачуць Яго Волю. Для гэтага трэба : 1) быць гатовым выканаць усё, што Ён скажа; 2) задбаць пра цішыню, пакінуць клопаты, нікуды не спяшацца; 3) поўнасцю аддаць сябе на служэнне для Божага Валадарства.
Найперш думаем пра абавязкі, якія мяне чакаюць сёння. Пытаюся ў Яго пра сустрэчы, размовы, працу, адпачынак. Прыношу іх у веры Богу. Стараюся запісваць думкі ці вобразы, якія ўзнікаюць падчас гэтай малітвы і вяртаюся да іх на працягу дня. Важна выконваць Яго падказкі, бо калі не буду спаўняць ранейшыя натхненні, то, магчыма, не атрымаю новых. Лепш для такіх Божых падказак завесці нататнік.
Часам Бог дае падказкі праз вельмі нечаканыя думкі ці вобразы, а часам трэба шукаць адказу ў Бібліі, чытаючы біблейскія тэксты з сённяшняй Літургіі, ці фрагмент на выбар. Пры гэтым молімся аб пазнанні да Духа Святога;

9. Напрыканцы малітвы зноў уваходзім у супакой. Бог ведае мае абавязкі, усё, што мяне сёння чакае, ведае мае пытанні і хваляванні і ўсё бласлаўляе, а я з верай прымаю гэтае бласлаўленне. Нічога Яму не кажу, не пытаюся, не слухаю. Хачу проста насыціцца Яго прысутнасцю і супакоем. Чым больш мы пазнаем Бога, тым больш часу займае наш гэты апошні пункт малітвы.