Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Неспакойнае сэрца

Аднавіць сцены, каб аднавіць сябе

Анастасія Філіповіч
Анастасія Філіповіч
04.03.2026 праглядаў 5 хвілін чытання
Аднавіць сцены, каб аднавіць сябе

Высока ў гарах Ваклюза, за дваццаць кіламетраў ад бліжэйшага аўтобуснага прыпынку, схавалася маленькая каменная вёска. Тут няма інтэрнэту, няма мабільнай сувязі, няма антыдэпрэсантаў. Але ёсць авечкі, козы, пякарня, сталярная майстэрня і капліца, дзе двойчы ў дзень жыхары збіраюцца ў поўнай цішыні.


Гэта вёска Бердзін — месца, якое вось ужо амаль паўстагоддзя робіць тое, што здаецца немагчымым: вяртае да жыцця людзей, ад якіх адмовіўся свет. Узнікшая тут супольнасць “Аўчарня «Бердзін»” прымае людзей, якія выйшлі з турмы і патрабуюць дапамогі, наркаманаў і алкаголікаў, якія не могуць справіцца са сваёй залежнасцю.


Усё пачалося ў 1966 годзе, калі Анры Катта, паспяховы рыэлтар, які марыў купіць сабе вялікі ўчастак на Лазурным Беразе, разам са сваёй жонкай усынавіў шасцярых дзетак з Канады. Для сям’і гэта было сапраўднай радасцю, прадчуваннем звычайнага сямейнага шчасця. Здавалася, што ўсё складваецца найлепшым чынам. Але нечакана гэтае шчасце знікае, таму што адзін з усыноўленых дзяцей гіне ў аўтакатастрофе. Такая падзея стала сапраўдным нервовым узрушэннем для Анры, што прывяло да сямігадовай дэпрэсіі. Ён не быў веруючым чалавекам, хоць выхоўвалася ў езуіцкім асяроддзі. Паколькі Анры жыў у матэрыяльным дабрабыце, ён стаў абыякавым да любых рэлігій, лічыў веру “слабасцю для жанчын”. Але сустрэча з Госпадам змяніла яго жыццё.


Як апавядае сам Анры, гэта не было чымсьці надзвычайным. Хутчэй, гэта адбылося як у тым фрагменце Бібліі, дзе Бог аб’яўляецца не ў віхуры ці землятрусе, а ў ціхім ветры. Сустрэча здарылася на авеню Фрыдланд у Парыжы. Анры не мог стрымаць слёз ад чарговага ўсведамлення, што згубіў сваё дзіця. Як сапраўдны мужчына, ён не хацеў, каб хтосьці ўбачыў яго ў такім стане, таму шукаў дзе схавацца. Бліжэйшымі адчыненымі дзвярыма былі дзверы ў капліцы. Ён увайшоў туды, стаў на калені, але не маліўся. Плачучы, ён адчуў, быццам Нехта абняў яго далікатнай рукою, моцна прытуліў і даў супакой у сэрцы. З капліцы Анры Катта выйшаў новым чалавекам.


Пазней Анры зразумеў, што хоча перадаваць тую любоў, якую атрымаў ад Бога, іншым людзям. Праз гэтае здарэнне ён адкрыў сваё пакліканне — дапамагаць людзям, асабліва моладзі з маргінальнага асяроддзя, былым зэкам, бяздомным. Анры Катта вырашыў споўніць памкненне свайго сэрца і купіў занядбаную сядзібу памерам 85 гектараў. Так і пачалася прыгожая гісторыя супольнасці “Аўчарня «Бердзін»”.


Зараз за месца адказвае Жазіян Сен-П’ер, гэтую справу ёй даручыў Анры. Яна паходзіць з сям’і фермераў. Жазіян заўсёды знаходзілася ў пошуках сэнсу, не выносіла думак пра працу дзеля грошай. Евангельскія ідэі знаходзілі ў ёй водгук, нягледзячы на нерэлігійнае выхаванне. Да вёскі Бердзін два гады працавала валанцёрам у Бразіліі з адзінокімі жанчынамі і дзецьмі. Яе муж, Жан-П’ер, — урач агульнай практыкі, які забяспечвае медыцынскую дапамогу ў супольнасці. Ім абодвум ужо за 70, але яны застаюцца сапраўдным маторам і матывацыяй для людзей, якія шукаюць падтрымкі і дапамогі.


За ўвесь час існавання праз “Аўчарню” прайшло больш за тысячу чалавек. Пастаянна тут жыве каля 80-100 чалавек. Членамі супольнасці становяцца толькі тыя, хто сам мае вопыт маргінальнага мінулага.


Іх місія — прымаць людзей у вельмі складаных жыццёвых сітуацыях, каб дапамагчы вярнуцца да жыцця і знайсці ў ім сэнс. У аснове ляжыць простая, але дзейсная ідэя: аднаўленне праз працу. Разбураныя сцены вёскі становяцца метафарай разбураных жыццяў. Падымаючы камяні і аднаўляючы будынкі, людзі аднаўляюць саміх сябе.


Чалавек, які прыбыў у “Аўчарню”, атрымлівае каля тыдня на адаптацыю, а пасля выбірае занятак па душы. Варыянтаў шмат: праца на ферме (авечкі, козы, свінні, куры), у сыраварні, пякарні, на гародзе і ў цяпліцы, у сталярнай і ганчарнай майстэрнях, на нарыхтоўцы і продажы дроў, на блышыным рынку (продаж старых рэчаў). Прадукцыю прадаюць на чатырох штотыднёвых рынках. Гэта забяспечвае 60% усяго бюджэту.


Тут выкарыстоўваецца прынцып свабоды праз дысцыпліну. Строгія правілы існуюць не для пакарання, а для стварэння “разрыву” з ранейшым дэструктыўным асяроддзем. Першыя шэсць месяцаў — ніякіх выхадаў за тэрыторыю абшчыны. Забароненыя мабільныя тэлефоны і інтэрнэт. Дазволеныя толькі лісты. Праз два месяцы можна запрасіць сям’ю ці сяброў. Пасля шасці месяцаў — першы адпачынак, але па вяртанні абавязковы тэст на наркотыкі.


На тэрыторыі ёсць агульная сталовая, бібліятэка, спартыўны зал. Па нядзелях арганізуюць выезды (летам — на возера). Праводзяцца тэатральныя і пісьменніцкія майстэрні. Улетку праходзіць фестываль “Эсціваль дэ Бердзін”, адкрыты для публікі.


Галоўныя прынцыпы “Аўчарні”:



Сільвен, 43 гады, дзеліцца тым, як трапіў сюды і перажываў першыя дні ў “Аўчарні”:


“Трэба сказаць, што раней я ўжываў усё, што мог знайсці: алкаголь, канабіс, гераін... Пачаў курыць траўку ў 12 гадоў. На нейкі час я змог перастаць ужываць наркотыкі, тады працаваў вадзіцелем-экспедытарам. Страціў працу — гэта каштавала мне дома і сям’і. І ў выніку я зноў сарваўся. Аднойчы, будучы ў стане наркатычнага ап’янення, я разбіў вітрыну крамы адзення і пайшоў пешшу з манекенам. Суддзя пасмяяўся з мяне, я атрымаў паўтара месяца турмы. Пачуў пра вёску Бердзін, і вось... Першыя тры дні мяне ванітавала тым, што я еў. Усё цела балела. Было вельмі цяжка”.


“Тут мы не выбіраем адзін аднаго, — кажа адзін з падапечных. — Мы вымушаны жыць разам, з нашымі асаблівасцямі і ранамі”. І гэты спосаб мыслення працуе ўжо амаль 50 гадоў.



Пры падрыхтоўцы тэксту былі выкарыстаны наступныя крыніцы:

https://reporterre.net/La-ferme-qui-guerit-des-addictions

https://berdine.fr/vivre-a-berdine/vie-quotidienne/


Падзяліцца