Говард Пітман служыў у паліцыі Новага Арлеана 26 гадоў, ён таксама быў пастарам у адной са шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў да сваёй смерці ў жніўні 1979 года. Ён памёр ад разрыву анеўрызмы аорты і ўнутранага крывацёку, але Бог даў яму другі шанец на жыццё. Пасля гэтага Говард праслужыў Госпаду яшчэ амаль 40 гадоў да сваёй другой смерці 13 сакавіка 2019 года.
Ніжэй прыведзены пераклад урыўкаў сведчання пастара Пітмана, у якіх задакументаваны яго досвед клінічнай смерці. Там Говард дзеліцца сваімі перажываннямі ў момант смерці, калі яго дух пакінуў цела і ён перайшоў у іншы свет.

«Калі анёлы паднялі мой дух з цела, яны перанеслі мяне на Другое Неба. Не трэба было пакідаць бальнічную палату, каб патрапіць туды. Мы апынуліся там, прайшоўшы праз міжпрасторавую сцяну. Праз гэтую сцяну плоць не можа прайсці, толькі дух. Пасля гэтага я апынуўся ў зусім іншым свеце, далёкім ад усяго, што калі-небудзь сабе ўяўляў. Гэты свет быў месцам, населеным духоўнымі істотамі, колькасць якіх была велізарная. Гэтыя істоты былі дэманамі, або палымі анёламі, і былі прадстаўлены тысячамі розных абліччаў і формаў.
Я ўсведамляў, што падарожнічаю ў гэтым духоўным свеце пад абаронай Святога Духа, і што анёлы, якія суправаджаюць мяне, рухаюцца пад такой жа абаронай.
Я быў глыбока расчараваны тым, што мае спадарожнікі не павялі мяне да Трэцяга Неба, дзе знаходзіўся Бог. Замест гэтага мы рушылі ў супрацьлеглым кірунку, каб я змог даведацца шмат новага пра дэманаў.
Я ўбачыў, што існуе мноства розных відаў дэманаў. Кожны з іх быў яўлены мне ў форме, якая ўказвае на вобласць яго кампетэнцыі, і неўзабаве я выявіў, што ў свеце дэманаў няма такога паняцця, як "універсальны спецыяліст". Кожны дэман — эксперт канкрэтнай вобласці, у якой ён дасягнуў поспеху.
Анёл сказаў мне, што на Другім Небе няма ні кроплі кахання. Ого! Ці можаце вы ўявіць сабе ўсіх гэтых дэманаў, якія служаць гаспадару, якога яны не любяць, і гаспадара, які кіруе істотамі, якіх ён не любіць? У царстве Сатаны дзейнічаюць толькі дзве эмоцыі — нянавісць і страх. Любові там няма, зусім няма.
Я пачаў разважаць над тым, якім быў бы наш фізічны свет, званы Першым Небам, без любові. Калі б Бог не прынёс Сваю любоў у наш свет, мы б жылі ў атмасферы поўнай яе адсутнасці, падобна Другому Небу.
Затым анёлы сказалі, што хочуць паказаць дэманічную актыўнасць у навакольным свеце. Мяне вывелі з бальніцы на вуліцы горада прама праз цагляную сцяну. Я быў уражаны, назіраючы за дзейнасцю людзей у фізічным свеце. Падчас займання штодзённымі справамі, яны і не падазравалі, што іх праследуюць істоты з духоўнага свету. Я быў зусім ашаломлены і ў жаху глядзеў на дэманаў усіх формаў і абліччаў, якія свабодна перамяшчаліся сярод людзей.
Пасля гэтага анёлы павялі мяне ў бок Трэцяга Неба, і я нарэшце акунуўся ў шчасце. Менавіта сюды ўвесь гэты час я і хацеў патрапіць.
Раптам мы апынуліся ў цудоўным месцы. Яно прыгадвала тунэль, дарогу ці даліну, выпраменьвала яркае святло і было цалкам акружана нябачным шчытом. Я ведаў, што гэты шчыт — абарона Святога Духа.
Па гэтым тунэлі ішлі людзі. Я спытаў у аднаго з анёлаў, хто яны. Ён адказаў: "Гэта святыя, якія вяртаюцца дадому". Кожнага з іх суправаджаў як мінімум адзін анёл-ахоўнік, а некаторых мноства анёлаў.
Калі святых дапускалі на нябёсы, я заўважыў дзіўную рэч: ім дазвалялася ўваходзіць у вароты толькі па адным. Калі апошні з пяцідзесяці святых уступіў на Трэцяе Неба, я таксама пачаў уваходзіць, але анёл-суправаджальнік спыніў мяне. Ён сказаў, што калі я ўвайду, то не змагу выйсці, і што давядзецца заставацца там. Я запярэчыў: "Але калі я не змагу выйсці, то маё цела памрэ!" Маё фізічнае жыццё, нават у той момант, было важнейшым за ўсё астатняе. Анёл загадаў мне ўстаць збоку ад брамы і выказаць сваю просьбу. Ён запэўніў мяне, што Бог пачуе і абавязкова адкажа.
Я смела паўстаў перад тронам і пачаў з напаміну Богу пра тое, якое вялікае жыццё любові, пакланення і ахвярнасці я пражыў дзеля Яго. Я нагадаў Яму, што зараз знаходжуся ў бядзе, і што толькі Ён можа дапамагчы падоўжыць маё фізічнае жыццё. Бог захоўваў поўнае маўчанне, пакуль я гаварыў. А калі скончыў сваю прамову, то пачуў рэальны, моцны голас Бога — Ён адказваў мне.
Калі Бог пачаў расказваць, якім жыццём я на самой справе жыў, Яго гнеўны тон проста збіў мяне з ног. Ён указаў, што мая вера мёртвая, а справы прыкрыя і што я працаваў дарма. Брыдка жыць такім жыццём і яшчэ ганарыцца ім.
Мне цяжка было паверыць, што Бог гаворыць са мной такім чынам! Я быў служыцелем гадамі. Думаў, што пражыў жыццё, прыемнае Яму. Калі Ён пералічваў мае грахі, я быў упэўнены, што мяне пераблыталі з кімсьці іншым. Немагчыма было паверыць, што Ён казаў пра мяне! Усе гэтыя гады я думаў, што шчыра служу Богу! Цяпер жа Ён казаў мне, што тое, што я рабіў, я рабіў толькі дзеля сябе, каб супакоіць сваё сумленне. Па сутнасці, я стаў богам для сябе самога. Калі Гасподзь адкрыў мне сапраўдныя матывы, я ўпершыню ясна ўбачыў, наколькі мёртвыя мае справы. Ён сказаў, што такі лад жыцця непрымальны для сапраўднага хрысціяніна.
Гутарка скончылася гэтак жа раптоўна, як і пачалася. Мне не далі ні затрымацца, ні нават задумацца над тым, што сказаў Бог. Анёлы перанеслі мяне ў бальнічную палату, дзе ляжала маё цела. Ачуняўшы, я люта запярэчыў анёлам: "Не! Не! Бог не адказаў мне на маю просьбу! Калі ласка, забярыце мяне назад!"
Вярнуўшыся на Трэцяе Неба, я апынуўся ў тым самым месцы, дзе раней выказаў сваю просьбу. На гэты раз я быў далёка не такі смелы і памятаў, што гэта гнеў Божы прымусіў мяне замаўчаць. Я нясмела пачаў агучваць сваю просьбу зноў.
На гэты раз Бог не збіў мяне з ног, а дазволіў выгаварыцца. Ён больш не звяртаўся да мяне гнеўна, але пачаў адказваць тонам, поўным спагады.
Я сказаў: "Айцец, калі Ты выканаеш маю просьбу, абяцаю Табе, што ў наступны раз я зраблю лепш".
Гасподзь адказаў мне: "Говард Пітман, ты казаў гэта і раней". Яму не трэба было паўтараць усе мае абяцанні, я і сам усё добра памятаў. Нейкім чынам мне ўдалося парушыць іх усе. Не маючы больш слоў, я ўпаў на калені перад Ім. Усё, што я мог зрабіць — толькі пагадзіцца. Я ведаў, што калі ў гэты момант Ён выправіць мяне ў бездань пекла, гэта будзе справядліва.
У той момант Ён не патрабаваў правасуддзя, але праявіў да мяне міласэрнасць. Заслона ўпала з вачэй, і мая душа раптам напоўнілася святлом. Бог звяртаўся да мяне, як сапраўдны Айцец і быў ужо не далёкім Богам, але праўдзівым любячым Айцом. Тым, хто ўмілаваў мяне так моцна, што пакінуў усё Сваё тварэнне, каб разабрацца са мной, блудным сынам.
Упершыню я зразумеў, кім Ён з'яўляецца на самай справе — маім сапраўдным айцом і самым лепшым сябрам. Калі гэта ўсведамленне затапіла душу, то прыйшоў пакутлівы смутак. Я зразумеў, што праз непаслушэнства раніў свайго Айца. Я раптам зразумеў, што Яму таксама балюча. Богу было балюча, таму што мне было балюча. Усявышні Бог, Творца, Айцец усяго не дазволіў мне пакутаваць у адзіноце, а рабіў гэта разам са мной.
Да гэтага часу я раптам усвядоміў, што маё жыццё не такое ўжо і важнае. Мяне найбольш хвалявала тое, чаго хацеў Айцец, Яго воля. Менавіта тады Ён вярнуў мне маё фізічнае жыццё.
Цяпер, калі блудны сын вярнуўся, Айцец мог гаварыць. Ён расказаў, у чым заключаўся сэнс майго падарожжа на Нябёсы, і што ў Яго ёсць пасланне, якое трэба перадаць людзям на Зямлі.
Цяпер я паўтару вам усе пяць пунктаў, якія Бог даручыў данесці да гэтага свету.
Пункт нумар адзін: Большасць людзей, якія лічаць сябе хрысціянамі, па сутнасці, займаюцца самападманам. Яны гавораць пра Езуса і "гуляюць" у царкву, але не жывуць гэтым. Такое "цёплае" хрысціянства вельмі небяспечнае.
Пункт нумар два: Д'ябал — наш галоўны вораг і ён нічога не робіць без плана. Сатана працуе з кожным чалавекам у індывідуальным падыходзе.
Пункт нумар тры: Калі вы атрымалі дары ад Бога, то павінны адказна выкарыстоўваць іх. Немагчыма сведчыць праўдзіва, калі не жыць хрысціянскай верай увесь час, дваццаць чатыры гадзіны ў суткі, сем дзён у тыдзень. Тым, хто бярэ на сябе большую адказнасць (прапаведнікі, выкладчыкі, кіраўнікі і г. д.), давядзецца і за большае адказаць.
Пункт нумар чатыры: Чалавецтва бачыць усе прыкметы апошніх дзён і надыходзячага Суда, але адмаўляе, што гэта можа адбыцца. Яно не верыць у хуткае прышэсце нашага Госпада і не рыхтуецца да гэтай сустрэчы.
Пункт нумар пяць: Хрышчэнне Святым Духам. Многія людзі, паверыўшы ў вялікую хлусню сатаны, які запэўнівае, што з імі ўсё ў парадку, ходзяць у царкву па нядзелях і нават наведваюць службы пасярод тыдня, але ў астатні час бяруць ад жыцця ўсё, што толькі могуць.
Мы павінны зрабіць Госпада сваім Богам, а не проста называць Яго такім. Праслаўляць Бога вуснамі, а не сэрцам — непрымальна».
Пры падрыхтоўцы тэксту былі выкарыстаны наступныя крыніцы:
https://drrichardkent.org/books/beyond-the-final-frontier/the-story-of-howard-pittman-btff/