Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Неспакойнае сэрца

Чалавек для чалавека: Малгажата Хмялеўская

09.12.2025 праглядаў 7 хвілін чытання
Чалавек для чалавека: Малгажата Хмялеўская

Гэтую надзвычай каларытную асобу часам называюць “генералам у хабіце”, яе можна ахарактарызаваць гучнымі, часта крытычнымі выказваннямі ў адрас польскага Касцёла, а ейны лад жыцця і метады працы могуць выклікаць спрэчкі. Сястра, якая жыве ў доме для бяздомных, заўзята курыць, часам брыдкасловіць і мае пяць прыёмных дзяцей — у тым ліку хлопчыка з аўтызмам, ужо шмат гадоў дапамагае тым, хто знаходзіцца ў вялікай патрэбе — вось адпраўная кропка гісторыі.


“Паверыла ў Евангелле, прыйшлося мяняць жыццё”

Малгажата Хмялеўская нарадзілася ў сакавіку 1951 года. Мае двух братоў. Яе бацькі ўдзельнічалі ў Варшаўскім паўстанні, а пасля вайны абое апынуліся ў Познані. Маці вывучылася на эканаміста, але працавала настаўніцай. Бацька быў лекарам. Як адзначае Малгажата, яе бацькі былі “веруючымі не практыкуючымі католікамі”.

Скончыла біялагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Пасля год працавала настаўніцай хіміі, знаходзілася ў духоўных пошуках.

“Увесь гэты год я сама шукала сябе, настаўнікаў і гуру ў мяне не было. Чытала і Каран, і будысцкія тэксты, але пазней натрапіла на Евангелле і паверыла ва ўсё, што там напісана. Пасля гэтага прыйшлося мяняць жыццё,” — кажа Хмялеўская ў адным з інтэрв’ю.


Малгажата працавала настаўніцай у спецыяльнай школе для дзяцей з адсталасцю разумовага развіцця, катэхеткай у душпастырстве сляпых у Варшаве. Збіралася далучыцца да Бенедыктынак, але на працягу некалькіх гадоў была ў кантэмплятыўным ордэне Малых Сясцёр Езуса, якія жывуць сярод самых бедных людзей, каб выказаць ім сваю салідарнасць. Нягледзячы на гэта, яны не вырашаюць праблем патрабуючых, іх пакліканне — малітва. І такое жыццё, напоўненае сузіраннем, адарванае ад канкрэтных дзеянняў, не адпавядала Малгажаце: жанчына хацела дапамагаць хворым, адхіленым, нікому непатрэбным не толькі малітвай, але і фізічнай прысутнасцю. У хуткім часе яна пакінула ордэн, але сваё служэнне для патрабуючых не спыніла: арганізавала дапамогу для жанчын з турмы на вуліцы Ракавецкай у Варшаве.


Хмялеўская ўспамінае пра гэты перыяд так: “Увосень 89-га мы з сяброўкай Тамарай паехалі ў французскі Лізьё — спалі з бяздомнымі ў прытулку, які месціўся ў доме святой Тэрэзы. У нас з сабой ні капейкі не было. На магіле святой, мы маліліся аб паштоўцы і доме. Навошта нам спатрэбілася паштоўка? Хацелі адправіць яе да нашага сябра Адама, якім апекаваліся ў Польшчы. Перад ад'ездам мы выдзелілі яму замену — ён быў чалавек і сляпы, і паралізаваны, цалкам залежны ад іншых — каб яго кармілі і пераварочвалі. А дом? Мы хацелі адкрыць яго для бяздомных жанчын. І вось у прытулку пачынаецца абед, у нейкі момант да нас падыходзіць адзін з жыхароў і кажа: «Мне няма чаго вам падарыць, таму я дам вам толькі паштоўку з Лізьё». Мы яшчэ не скончылі абедаць, як знаёмы з Польшчы пазваніў у прытулак з навіной: «Слухай, сёстры Змёртвыхпаўстанкі хочуць даць нам невялікі дом у Булавіцах каля Кентаў». На працягу некалькіх гадзін мы мелі і паштоўку, і дом, святая Тэрэза ўладзіла гэтыя справы”.

Каб зразумець, як лепш арганізаваць дом для бяздомных сястра пачала ездзіць па розных краінах і глядзець, як функцыянуюць такія ўстановы за мяжой. Аднойчы яна пазнаёмілася з сямейнай парай з Францыі, гэта былі генеральныя настаяцелі супольнасці “Хлеб Жыцця”, якая ўжо мела моцны досвед працы з бяздомнымі.



Пра “Хлеб Жыцця”

Мары-Анік перакананая каталічка. Паскаль Пінго мастак, хіпі, ужываў наркотыкі і алкаголь, жыў на вуліцы. Палітычна — левы, анархіст. Хрысціўся, але перарваў усе сувязі з Касцёлам.

Яны пазнаёміліся ў 1968 годзе і праз тры гады вырашылі ажаніцца. Каталік, у царкве — Паскаль рабіў гэта толькі, каб задаволіць жонку, але з часам перажыў навяртанне. Яны разам сталі захапляцца першымі хрысціянамі. Хутка пачалі жыць пад адным дахам з беднымі, бяздомнымі, хворымі і былымі прастытуткамі.

Так у 1976 годзе паўстала супольнасць, якая існуе і сёння, складаецца з кансэкраваных асоб і свецкіх жанчын і мужчын. Назва мае глыбокі сэнс: хлебам жыцця з’яўляецца Эўхарыстыя, з якой яны чэрпаюць матывацыю дапамагаць іншым. Супольнасць была зацверджана біскупам мясцовай дыяцэзіі Байё-Лізьё ў Нармандыі. Там і паўстаў першы дом для бедных.


Праз ініцыятыву Малгажаты “Хлеб Жыцця” “дайшоў” і да Польшчы — з’явіўся першы дом супольнасці, а сястра стала яе афіцыйнай прадстаўніцай. З цягам чаму з малюсенькай хаткі ў Булавіцах супольнасць вырасла да дзесяці дамоў, раскіданых па ўсёй краіне.

Крыху пазней Хмялеўская прыняла рашэнне распачаць навіцыят у супольнасці, затым склала першыя абяцанні і, нарэшце, у 1998 годзе — вечныя шлюбы ў Францыі.


Супольнасць працуе з беднымі, бяздомнымі і хворымі, а таксама адзінокімі маці, імкнучыся дапамагчы сваім падапечным вярнуцца да жыцця ў грамадстве. Супольнасць таксама падтрымлівае дзяцей і моладзь праз праграму стыпендый, кіруе майстэрнямі (вырабы выхаванцаў сястры Малгажаты можна набыць праз інтэрнэт), дзіцячым садком і грамадскім цэнтрам, а таксама арганізуе дапамогу для пракажоных і бедных у Афрыцы.

“Цякучасць жыхароў даволі высокая, таму што некаторыя людзі становяцца самастойнымі і з'язджаюць або, памірыўшыся з блізкімі, вяртаюцца дадому. Дапамога іншым патрабуе цярпення, безумоўнай любові, але часам таксама паслядоўнага захавання правіл і прынцыпаў. Бамжы не анёлы, яны крадуць, п'юць, уцякаюць з цэнтру і бадзяюцца па Польшчы, пакуль не скончацца грошы ці не пачнецца зіма, не хочуць ні працаваць, ні прыбіраць за сабой, ні плаціць сімвалічную арэндную плату, мяркуючы, што ўсё гэта могуць атрымаць бясплатна, таму што яны бяздомныя. Але ў нас ёсць і гісторыі са шчаслівымі канцамі”, — кажа сястра Малгажата, якая за 30 гадоў працы з беднымі і патрабуючымі сутыкнулася з тысячамі чалавечых гісторый. Ёсць сярод іх — па словах сястры — глыбока веруючыя людзі, якія, паміраючы, вераць, што Бог прыме іх такімі, якія яны ёсць. І ёсць тыя, хто знаходзіць свой прытулак у дамах супольнасці, працуе, клапоціцца пра іншых і змагаецца з сабой, каб пераадолець залежнасць.


Сястра ці не сястра?

Часам у людзей паўстае пытанне: “Кім ёсць сястра на самой справе?” Яна носіць незвычайны карычневы хабіт і завязвае белую хустку на галаву, жыве па-за манаскай супольнасцю і выхоўвае ўсыноўленых дзяцей, як такое магчыма? Справа ў тым, што сястра знаходзіцца не ў рэлігійнай кангрэгацыі ў традыцыйным разуменні гэтага слова, а ў каталіцкай супольнасці. “Хлеб Жыцця” — гэта аб’яднанне свецкіх людзей, што жадаюць дапамагаць людзям, якія жывуць у нястачы. Акрамя такіх людзей, як сястра, якія прысягаюць на цэлібат і носяць хабіт, у супольнасць таксама ўваходзяць сямейныя пары, якія даюць адпаведныя абяцанні. Нягледзячы на ​​тое, што “Хлеб Жыцця” не з’яўляецца рэлігійнай кангрэгацыяй, Малгажату Хмялеўскую ўсе называюць “сястрой”. Адзін з журналістаў наўпрост спытаў у яе, ці з’яўляецца яна манахіняй. Яна адказала, што адчувае сябе “свецкай асобай, якая асаблівым чынам прысвяціла сябе Богу праз абяцанні чысціні, беднасці і паслухмянасці”.


“Калі я выбірала цэлібат, то не чакала, што буду мець пяцёра дзяцей”

Сястра Малгажата фармальна з’яўляецца маці некалькіх дзяцей, якіх усынавіла, каб яны не апынуліся ў дзіцячым доме. Толькі дарослы Артур, хворы на аўтызм і эпілепсію, пакуль знаходзіцца пад яе апекай і выхоўваецца сястрой з самага маленства, усе астатнія ўжо выраслі, некаторыя маюць уласныя сем’і.

Сястра кажа, што ёй нескладана было прымаць рашэнні пра ўсынаўленне, бо яна вельмі сур’ёзна ставіцца да Евангелля і, калі Бог “ставіў” перад ёй дзяцей, то не магла зрабіць па-іншаму: “Гэта дзеці, якіх можна было аддаць у прытулак, а можна было таксама сказаць: «Добра, я паспрабую быць тваёй мамай, а ты паспрабуй быць маім сынам, дачкой, потым яшчэ адной дачкой...» Гэта не тое, што я лётала па свеце і шукала дзяцей. Наадварот, калі я выбірала бясшлюбнае жыццё, то не чакала, што іх у мяне будзе ажно пяць”.



Часта сястру папракаюць за тое, што яна паліць цыгарэты, у адным з інтэрв’ю яна кажа пра гэта так: “Няма апраўдання маёй залежнасці, хаця я спісваю яе на стомленасць. Часам кажу: «Калі б ты тры месяцы жыў з Артурам, то не толькі закурыў, але і піў, і прымаў наркотыкі». А я не п'ю і не прымаю наркотыкі. Вядома, я люблю Артура больш за жыццё, але часам гэта катанне на амерыканскіх горках. Калі коратка: у Артура аўтызм і эпілепсія, ён вельмі патрабавальны да догляду, за ім трэба ўвесь час сачыць і спаць побач. Так што «Радыё Марыя», якое з запалам слухае Артур ноччу адразу з трох радыёпрыёмнікаў, тут найменшая праблема”.


У сакавіку сястры Малгажаце споўнілася 74 гады, але “генерал у хабіце” не збіраецца ў адстаўку. Яна працягвае апекавацца Артурам, яго чатырма сабакамі, двума катамі, папугаем і рыбкамі, адказвае за дамы супольнасці, піша кнігі. Сястра пастаянна знаходзіцца сярод людзей. На пытанне, дзе яна бярэ сілы, адказвае так: “Часам, як усе ўцякаю ў цішыню і спакой. Магчыма, гэта прагучыць прэтэнцыёзна, але перадусім у малітве — знаходжанні з Богам”.


Між іншым, Хмялеўская была ўзнагароджана Медалём святога Георгія, ордэнам Ecce Homo, ганаровым знакам амбудсмена “За заслугі ў абароне правоў чалавека”, медалём “За заслугі перад Варшавай” і Камандорскім крыжам ордэна Polonia Restituta. Сястра з'яўляецца лаўрэатам прэміі “Totus”, прэміі міністра працы і сацыяльнай палітыкі, прэміі Тышнера і звання “Жанчына года”.




Цытаты ўзятыя з:

https://www.tygodnikpowszechny.pl/siostra-matka-corka-166855

Падзяліцца