У духоўным жыцці людзі нярэдка трапляюць у пастку дзвюх крайнасцяў. Першая сцвярджае, што чым больш чалавек пакутуе, тым бліжэй ён да Бога і тым больш «духоўных узнагарод» атрымае ў будучыні. Другая крайнасць схіляе да думкі, што блізкасць да Бога павінна прыносіць спакойнае і беспраблемнае жыццё, а любое цярпенне з’яўляецца прыкметай слабай веры.
Абодва гэтыя погляды здаюцца зусім рознымі, але ў іх аснове ляжыць адна і тая ж памылка. Яе рашэнне заключаецца ў тым, каб глядзець на пытанне цярпення не як на пошук «залатой сярэдзіны» паміж дзвюма крайнасцямі, а як на выхад на якасна новы, вышэйшы ўзровень. На гэтым узроўні ў цэнтр увагі ставіцца не ўласны боль і не асабісты камфорт чалавека, а Любоў.
Чаму боль сам па сабе не з’яўляецца «духоўнай валютай»
Ніводзін чалавек у здаровым розуме не адчувае задавальнення ад болю. Калі душу раздзірае, напрыклад, страта блізкага, першай натуральнай рэакцыяй становяцца пратэст і пытанне: «Чаму? За што?» У сваім апостальскім лісце Salvifici Doloris святы Ян Павел ІІ адзначае, што чалавек заўсёды ўваходзіць у цярпенне з гэтымі ці падобнымі пытаннямі, такім чынам спрабуючы знайсці ў ім сэнс.
Аднак на гэтым этапе часта адбываецца падмена паняццяў. Імкнучыся супакоіць сябе, людзі пачынаюць рацыяналізаваць уласны боль. Узнікае думка, што пакуты самі па сабе робяць чалавека падобным да Езуса і гарантуюць узнагароду ад Бога. Часам гэта даходзіць да пераканання, што чым больш чалавек сабе адмовіць і чым цяжэйшы крыж на сябе ўскладзе, тым больш прыемнасці зробіць Богу.
У такім выпадку варта спыніцца і задаць сабе пытанне: у якога Бога я веру? Кніга Мудрасці выразна сцвярджае, што Бог не стварыў смерці і не цешыцца з пагібелі жывых (Мдр 1, 13). Калі прыпісваць цярпенню самастойную каштоўнасць — нібыта Бог радуецца чалавечаму болю або патрабуе пакут як платы за свае ласкі, — фарміруецца скажоны вобраз Бога. Такога Бога-садыста можна баяцца, перад Ім можна дрыжаць, але Яго немагчыма шчыра любіць.
Сам па сабе боль — гэта толькі нервовы імпульс або наступства зла і граху ў свеце. Ён не з’яўляецца «духоўнай валютай». Калі чалавек ахвяруе Езусу свой галаўны боль ці іншую хваробу, яны не знікаюць фізічна і не ператвараюцца ў містычную прыемнасць. Хвароба не перастае быць хваробай. Розніца заключаецца толькі ў тым, застаецца чалавек у гэтым болі ў адзіноце, ці пражывае яго разам з Тым, Хто сам прайшоў праз самую глыбокую цемру.
Крыж як інструмент, а не мэта
Калі пакуты самі па сабе не з’яўляюцца мэтай, узнікае пытанне, чаму ў хрысціянскай традыцыі так шмат гаворыцца пра крыж і выпрабаванні. Для больш дакладнага разумення гэтай тэмы варта адрозніваць розныя прычыны, па якіх у духоўным жыцці з’яўляецца цярпенне.
Боль як пабочны эфект аздараўлення. Гэта нагадвае сітуацыю з жывёлінай, якая трапіла ў пастку. Каб вызваліць яе, ратавальніку даводзіцца дакранацца да раны і выцягваць жалеза, што прычыняе моцны боль. Падобным чынам стаматолаг лечыць зуб, выклікаючы дыскамфорт, але яго мэта — не боль пацыента, а яго здароўе. У духоўным жыцці Бог часам дапускае цяжкія сітуацыі не дзеля пакарання, а таму, што толькі так чалавек можа вызваліцца ад сваіх ілюзій, залежнасцяў і ўнутраных «пастак».
Аскеза, якая нараджаецца з любові. Сапраўдная аскеза заўсёды згарманізаваная з любоўю, і для таго, хто адкрыў гэтую любоў, вырачэнне становіцца натуральнай і відавочнай рэччу. Калі чалавек трымае пост або адмаўляецца ад пастаяннага чытання навін, ён робіць гэта не таму, што ежа ці інфармацыя з’яўляюцца злом. Проста становіцца зразумела, што гэтыя рэчы займаюць месца, якое належыць Богу і блізкім, таму чалавек свядома вызваляе прастору для больш важных спраў.
Трэніроўка волі. Як спартсмен адчувае стому і боль у мышцах падчас падрыхтоўкі да марафону, так і хрысціянін часам добраахвотна бярэ на сябе пэўны высілак, каб загартаваць волю і не быць залежным ад уласных капрызаў.
Наступства вернасці Евангеллю. Езус не заклікаў вучняў спецыяльна шукаць пакут. Аднак Ён папярэджваў, што жыццё паводле логікі Евангелля — гатоўнасць прабачаць, сумленнасць, адмова ад пагоні за багаццем, уладай і выгадай — не заўсёды будзе выклікаць адабрэнне гэтага свету, які жыве паводле іншых законаў. У гэтым выпадку крыж з’яўляецца не мэтай, а цаной вернасці.
Хрысціянскі мысляр Клайв Стэйплз Льюіс у кнізе «Праблема болю» (The Problem of Pain) заўважыў, што Бог шэпча чалавеку ў яго радасцях, гаворыць у сумленні, але крычыць у болі, бо менавіта боль з’яўляецца Яго рупарам, каб абудзіць глухі свет. Аднак і ў разуменні Льюіса боль не мае каштоўнасці сам па сабе. Ён толькі дапамагае чалавеку пазбавіцца ад самаўпэўненасці і вярнуцца да Стварыцеля.
Малітва як сустрэча, а не сеанс рэлаксацыі
Сёння ўсё часцей сустракаецца супрацьлеглая спакуса — духоўнасць камфорту і дабрабыту. Пры такім падыходзе адносіны з Богам зводзяцца да пошуку пастаяннага спакою і радасці. Калі на сэрцы трывога, злосць ці смутак, чалавек пачынае маліцца з чаканнем, што Езус імгненна зніме гэты цяжар і верне душэўны баланс. Тут крыецца вельмі тонкая падмена: Бог ператвараецца ў інструмент для забеспячэння ўласнага псіхалагічнага камфорту. Аднак сапраўдныя адносіны з Ім не павінны зводзіцца толькі да задавальнення эмацыйных патрэб чалавека, бо вера часам вядзе праз пустыню і нявызначанасць, дзе могуць адсутнічаць хуткія і прыемныя адчуванні.
Безумоўна, клопат пра эмацыйны стан і пошук душэўнай раўнавагі з’яўляюцца важнымі і патрэбнымі рэчамі. Праблема пачынаецца тады, калі псіхалагічны дабрабыт становіцца галоўным крытэрыем праўдзівасці веры. Калі адзінай мэтай становіцца пазбяганне дыскамфорту, чалавек губляе здольнасць сустракацца з рэальнасцю, якая бывае складанай і балючай.
У выніку і пабожны мазахізм, і імкненне да духоўнага камфорту маюць адзін і той жа корань — духоўны нарцысізм. У абодвух выпадках у цэнтр ставіцца сам чалавек і яго ўласныя адчуванні. У першым выпадку ён вымярае сваю святасць тым, наколькі моцна яму баліць, а ў другім — тым, наколькі добра і гарманічна ён сябе адчувае.
У якасці прыклада можна паразважаць на досведам святой Тэрэзы ад Езуса (Авільскай). Усё жыццё яна пакутавала ад моцнай рассеянасці на малітве, параўноўваючы сваё мітуслівыя думкі з «млынам, які немагчыма спыніць». Яна не змагла цалкам пазбавіцца гэтага цяжару, але навучылася не рабіць з яго трагедыі. Тэрэза зразумела, што якасць малітвы не залежыць ад таго, адчувае чалавек прыемную цішыню і душэўны ўздым ці не. Першапачаткова малітва — гэта сустрэча з Асобай, а не сеанс рэлаксацыі.
Духоўнае сталенне патрабуе часу
Часам людзей палохаюць радыкальныя патрабаванні Евангелля або жыццяпісы святых, якія вытрымлівалі неймаверныя выпрабаванні. Чалавек, які толькі робіць першыя крокі ў веры, параўноўвае сябе з гэтымі прыкладамі і прыходзіць да высновы, што такі шлях для яго занадта складаны і непасільны.
Аднак духоўнае жыццё развіваецца паступова. Гэты працэс нагадвае распальванне вогнішча. Калі ў ім гарыць толькі маленькі, слабы агеньчык і зверху пакласці вялікае сырое палена, полымя проста згасне і пачне дыміць. Спачатку патрэбныя папера, сухія галінкі. Толькі калі агонь набярэ моц, ён зможа адужаць нават самае цяжкае бервяно, даючы святло і цяпло.
Гэтак жа адбываецца і ў адносінах з Богам. У Кнізе Быцця гісторыя пра Абрагама, якому было загадана прынесці ў ахвяру сына, здаецца жорсткай з той прычыны, што чытач прабягае яе вачыма за пятнаццаць хвілін. Але ў рэальным жыцці Абрагама паміж першым пакліканнем і падзеямі на гары Морыя прайшлі дзесяцігоддзі штодзённага досведу Божай вернасці і клопату. Мера выпрабаванняў у духоўным жыцці заўсёды адпавядае сталасці чалавека.
Не бунт, а надзея
Само па сабе цярпенне, сухі фізічны або ментальны боль — гэта разбурэнне. У ім няма ніякай унутранай каштоўнасці, святасці ці сэнсу. Бог не ствараў чалавека для пакут і не любуецца імі, а сам боль не з’яўляецца ні доказам Божай любові, ні пакараннем за грахі.
Непахісным доказам таго, што Бог любіць чалавека, з’яўляецца Крыж і Уваскрасенне Езуса Хрыста. Хрысціяне шануюць Крыж не за тое, што ён — крыніца болю, а за тое, што на ім была Любоў, якая пагадзілася праз гэты боль прайсці. На Крыжы Бог не проста патлумачыў прыроду цярпення, а ўвайшоў у яго сам, каб ніводзін чалавек у сваёй цемры больш не заставаўся ў адзіноце.
Сэнс з’яўляецца толькі тады, калі чалавек прымае рашэнне, як паставіцца да гэтага болю і дзеля чаго яго пражываць. Прыняць тое, што адбылося — напрыклад, невылечную хваробу ці незваротную страту, — не значыць здацца. Гэта значыць адмовіцца ад унутранага бунту супраць рэальнасці. Вайна з тым, што чалавек не ў сілах змяніць, толькі памнажае пакуты, тады як згода з рэальнасцю дазваляе захаваць унутраны супакой і працягваць жыць, не губляючы чалавечнасці.
Гэты выбар вызначае далейшы шлях: цяжкасці можна ператварыць у бясплённую крыўду на ўвесь свет, а можна — у прастору сустрэчы з Хрыстом і ў школу спачування тым, каму яшчэ цяжэй. Святы Павел у Пасланні да Рымлянаў піша, што «уціск нараджае цярплівасць, цярплівасць — вытрываласць, вытрываласць — надзею» (Рым 5, 3-4).
Хрысціянская вера не абяцае жыцця без слёз тут і цяпер. Аднак яна дае надзею на добры фінал. Калі чалавек дойдзе да Дому Айца, дзе «ужо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю» (Ап 21, 4), ён зможа азірнуцца назад не проста з палёгкай ад таго, што выпрабаванні скончыліся, а з удзячнасцю за прысутнасць Бога на кожным кроку гэтага шляху.
Крыніцы:
https://azbyka.ru/fiction/stradanie/
https://www.youtube.com/watch?v=ePX8ZAqyTy4&t=6s