Адной з самых папулярных тэм у свеце за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў быў і застаецца фемінізм. І тое, як мы яго ўспрымаем, не заўсёды адпавядае рэальнасці. У штодзённай гаворцы нярэдка фемінізм атаясамліваецца з нянавісцю да мужчын, з барацьбой за рэпрадуктыўныя правы жанчыны, сярод якіх аборт і тэхналогіі, якія ўплываюць на нараджальнасць. Калі ж надаваць фемінізму яго спрадвечны сэнс, маючы на ўвазе рух супраць сацыяльнай дыскрымінацыі жанчын, то ён цалкам сумяшчальны з хрысціянскай верай і нават з'яўляецца істотным аспектам Каталіцкай Царквы. Самы яркі прыклад — «новы фемінізм», пра які пісаў святы Ян Павел II у энцыкліцы «Евангелле жыцця».
Уздым фемінісцкага руху ў XIX–XX стагоддзях паклаў пачатак працэсу, калі жанчыны сталі разумець і агучваць нязгоду з тым, як да іх ставяцца і як іх успрымаюць. І жанчыны-хрысціянкі не былі выключэннем. У сярэдзіне XIX стагоддзя жанчыны ўсвядомілі, што іх не абараняюць, пра іх не клапоцяцца на культурным узроўні. Раннія феміністкі змагаліся за асноўныя правы, такія, напрыклад, як права голасу, але яны не збіраліся браць на сябе мужчынскія ролі. І гэта важна. Жанчыны проста хацелі, каб іх паважалі як людзей. Затым, у XX стагоддзі, усё перайшло да ідэі адсутнасці адрозненняў паміж мужчынамі і жанчынамі, нават дайшло да крайнасці, калі жанчыны наогул не мелі патрэбы ў мужчынах. Сёння здаецца, што людзі робяць усё для таго, каб гендарныя межы былі сцёртыя назаўжды.
Напэўна, пры даследаванні такой нялёгкай тэмы варта звярнуцца да Святога Пісання, каб убачыць праўду пра сутнасць жанчыны як Божага стварэння.
У Кнізе Быцця жанчына першапачаткова была задумана як памочніца для мужчыны, але гэта не азначае, што павінна бяздумна яму падпарадкавацца. Цікава тое, што такое ж слова выкарыстоўваецца, калі Біблія кажа пра тое, што Бог з'яўляецца памочнікам для людзей. І Бог дакладна не падуладны чалавеку. Жаданне дапамагаць іншым — вялікая і ганаровая рыса характару.
Стары Запавет апавядае пра многіх вялікіх жанчын, якія ведалі Бога і старанна Яму служылі. Дэбора была суддзёй і прарочыцай, якая чула голас Бога і дзялілася Яго словамі з іншымі. Вера Ганны была выкарыстана для таго, каб прывесці ў свет прарока Самуіла. Царыца Эстэр — мужная жанчына, якая паспрыяла выратаванню свайго народа. У Новым Запавеце Езус таксама ставіўся да жанчын з павагай. Варта прыгадаць урывак з Евангелля, у якім жанчыну злавілі на чужаложстве, і група людзей хацела каменаваць яе (Ян 8, 1-11). Цікава, што ў такім граху абвінавачвалі толькі жанчыну, а не яе разам з мужчынам. Але Езус не глядзеў на яе з пагардай. Ён зірнуў уніз, а затым на абвінаваўцаў, каб спытаць, хто з іх не мае граху. Усе сышлі, пакінуўшы Езуса сам-насам з жанчынай. Таксама Ён з павагай размаўляў з самаранкай ля калодзежа, хоць габрэі не павінны былі ўступаць у размовы з такімі людзьмі. А калі жанчына, якая лічылася нячыстай з-за таго, што дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла да Езуса, Ён не адкінуў яе.
На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва жанчыны выкарыстоўваюць свае таленты, каб служыць Богу і людзям самымі рознымі спосабамі. Яны робяць гэта дома і ў сям'і, на працы. Хтосьці дапамагае, а хтосьці займае кіруючыя пасады. Кожная роля індывідуальная. У Бібліі жанчыны і мужчыны прадстаўлены роўнымі па каштоўнасці. Так, яны могуць выконваць розныя ролі, але абодва палы любімыя Богам. Мужчыны і жанчыны павінны дапаўняць адзін аднаго, а не быць аднолькавымі.
Пытанне шлюбу і сям’і таксама можа ўспрымацца некаторай з цяжкасцю, таму што адразу навязваецца матыў падпарадкавання. Увогуле слова «падпарадкаванне» набыло негатыўную канатацыю ў нашым грамадстве. Мы інстынктыўна маем на ўвазе аўтарытарнасць мужчын і падпарадкаванасць жанчын. У пасланні да Эфесцаў (5, 22) Біблія паведамляе нам: «жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, як Пану». З іншага боку, мужы не вызваленыя ад таго, каб клапаціцца, любіць, не ленавацца, не злоўжываць дадзеным ім аўтарытэтам і паважаць сваіх жонак. Бо далей апостал Павел піша: «Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго». Можна сур'ёзна задумацца, ці шмат знайшлося б жанчын, якія адмовіліся б падпарадкавацца чуллівым, адказным, ахвярным і неэгаістычным мужам, якія рэальна любяць сваю сям'ю. Гэта ж працуе і ў адваротны бок.
Часам у свеце пануе несправядлівасць, таму што ім кіруюць людзі. Здараюцца памылкі, і з людзьмі часта абыходзяцца няправільна. Але выступаць супраць несправядлівасці ніколі не позна. У рэшце рэшт, вайна паміж мужчынамі і жанчынамі — гэта яшчэ адзін інструмент, які сатана выкарыстоўвае, каб падзяляць людзей. Езус таксама прыйшоў, каб прынесці падзел, але Ён падзяляе людзей па веры, а не па якіх-небудзь іншых прыкметах.
Таму па сваёй сапраўднай сутнасці фемінізм — гэта прасоўванне жанчыны з усімі яе асаблівасцямі, з яе ідэнтычнасцю, якая з'яўляецца дарам Бога, і зацвярджэнне яе сацыяльных правоў з улікам гэтых асаблівасцяў і гэтай ідэнтычнасці.
Здаровы фемінізм выступае за годную аплату працы жанчын, абараняе іх права на мацярынства, на выхаванне дзяцей, на магчымасць сумяшчаць працу і хатнія абавязкі. Ён змагаецца за скарачэнне працоўнай нагрузкі для жанчыны пры захаванні заработнай платы, змагаецца за тое, каб сістэма аховы здароўя і сацыяльных паслуг аказвала ўсю неабходную дапамогу цяжарным, а не змушала іх пазбавіцца ад дзіцяці.
Перш за ўсё сапраўдная феміністка змагаецца супраць гвалту над жанчынай, прымусовых шлюбаў, эксплуатацыі непаўналетніх, ператварэння жаночага цела ў тавар з дапамогай прастытуцыі, парнаграфіі або нават рэкламы. Яна выходзіць на перыферыі свету, дзе жанчыны да гэтага часу падвяргаюцца вельмі моцнай дыскрымінацыі, якая нават не снілася еўрапейскім «феміністкам».
Сапраўдная феміністка выступае супраць штучнага кантролю над нараджальнасцю ў краінах, дзе жанчынам часта нават не паведамляюць пра гэты кантроль, карыстаючыся іх неадукаванасцю. Дарэчы, доступ да адукацыі — гэта яшчэ адна сфера дыскрымінацыі жанчын у значнай частцы свету.
Здаровы фемінізм — не пра крайнасці і нянавісць. Гэта пра разуменне таго, кім ты ёсць у вачах Бога, і пра адвагу адстойваць сваю годнасць.
Матэрыял падрыхтавала Анастасія Філіповіч