У Каірскім раёне Матарыя, у нечалавечых умовах, жывуць 40000 заббалінаў — зборшчыкаў смецця. Іх існаванне падобна да жыцця насельнікаў фавэл Рыа-дэ-Жанейра або трушчоб Калькуты. Сярод іх шмат гадоў жыла пажылая манахіня, сястра Эмануэль, якая добраахвотна абрала гэты шлях — дзяліць з абяздоленымі іх пакуты і радасці, галечу і веру.
Шлях да паклікання
Сястра Эмануэль, ад нараджэння Мадлен Сенкен, з'явілася на свет у Бруселі 16 лістапада 1908 года ў забяспечанай французскай сям'і. Пасля школы яна паехала вучыцца ў Англію, дзе і прыняла лёсавызначальнае рашэнне стаць манахіняй. Для яе гэта быў адзіны шлях цалкам рэалізаваць сябе, аб'яднаўшы дзве галоўныя мэты: адносіны з Богам і служэнне людзям.
Яна выкладала французскую мову ў прыватных школах Турцыі, Туніса і Александрыі. Аднак адзін, здавалася б, нязначны эпізод перавярнуў яе жыццё. Аднойчы маленькая вучаніца прызналася ёй: «Учора ў нас дома не было нічога паесці». На наступны дзень дзяўчынка дадала: «Мінулай ноччу мы елі ў суседзяў, таму што ў нас зноў не было ежы». Гэтыя словы прымусілі сястру Эмануэль усвядоміць, што яе пакліканне — жыць сярод бедных і працаваць выключна для іх.
Так у свае 62 гады яна папрасіла накіраваць яе да пракажоных. Просьба была задаволена, але пасля араба-ізраільскай вайны 1967 года яе перавялі ў Матарыю — працаваць з заббалінамі, каірскімі зборшчыкамі смецця. Яна не проста прыйшла да іх працаваць, яна вырашыла жыць з імі, пасяліўшыся ў такой жа маленькай хаце, як і ў іх.
Рэаліі трушчоб
Жыццё ў Матарыі было суровым. На світанні мужчыны і дзеці прыганялі сваіх аслоў і адпраўляліся ў горад, каб збіраць адходы. Дзеці пачыналі працаваць з 4-5 гадоў, ахоўваючы аслоў, пакуль бацькі займаліся справай. Паміж поўднем і гадзінай дня, пад пякучым сонцам, зборшчыкі вярталіся з цяжкой грудай смецця. Іх сустракалі жонкі з малымі дзецьмі, якія засталіся дома.
Выжыць тут можна было, толькі калі працавалі ўсе. Смецце разгружалі голымі рукамі і сартавалі ў кучы: харчовыя адходы ішлі на корм свінням, асобна складалі старую вопратку і рыззё, бляшаныя банкі, бутэлькі і пластык. Сярод гэтага ўяўнага хаосу панаваў свой строгі парадак. Дзеці шукалі ў грудах зламаныя цацкі, а мясцовае «кафэ» з трыма хісткімі сталамі прапаноўвала чай, каву і танны алкаголь, які часта рабілі з тэхнічнага спірту.
Любоў без межаў, цяжкі характар і неартадаксальнасць поглядаў
Сястра пачынала свой дзень з Імшы ў Кармеліцкім манастыры, а затым вярталася ў трушчобы, каб наведваць сем'і. Яна ніколі не спяшалася, заўсёды была гатовая выслухаць, пагаварыць, суцешыць і растлумачыць. Але яе мяккасць у адносінах да бедных спалучалася з жалезным, часам суровым характарам, калі справа тычылася бюракратаў, чыноўнікаў і ўсіх, хто стаяў на шляху дапамогі тым, хто жыве ў нястачы. Яна магла быць рэзкай, патрабавальнай і непадатлівай, калі гэта было неабходна для агульнай справы.
Для сястры не існавала чужых ці людзей іншага веравызнання. А імкненне да адзінства было настолькі вялікім, што ў яе ўласнай хаце віселі побач два знакі: хрысціянскі крыж і мусульманскі паўмесяц. Гэты просты жэст паказваў, што яе любоў і служэнне не ведаюць рэлігійных межаў. Яна вучыла дзяцей, што Езус любіць усіх людзей, незалежна ад іх рэлігіі, і паважала глыбокую веру мусульман у прадвызначэнне (кадар).
У кантэксце традыцыйнасці падыход сястры можна лічыць вельмі прагрэсіўным і прагматычным. Напрыклад, яна станоўча ставілася да кантрацэпцыі, што яўна супярэчыць вучэнню Каталіцкага Касцёла. Сястра Эмануэль тлумачыла гэта тым, што ва ўмовах крайняй беднасці існуе неабходнасць планавання цяжарнасці. Кантрацэпцыю яна лічыла адзіным рэальным у тых умовах і для той ментальнасці спосабам барацьбы з хваробамі і галечай, а не пытаннем догмы. Больш за тое, падчас адной з аўдыенцый у Папы Яна Паўла ІІ сястра папрасіла аб адной незвычайнай рэчы. Яна прама сказала: «Ваша Святасць, замест таго, каб пасылаць мне грузавік з малітвамі, лепш дайце мне грузавік з прэзерватывамі!» Не саромеючыся, манахіня раздавала сродкі кантрацэпцыі малым дзяўчатам, якія ў Каіры пачыналі нараджаць з дванаццаці гадоў, што там лічылася абсалютнай нормай.
Па сённяшніх мерках сястру Эмануэль можна лічыць феміністкай. Яна бачыла цяжкое становішча жанчын — шлюб у дзіцячым узросце, роды ў антысанітарыі, адсутнасць медыцынскай дапамогі, дамінаванне патрыярхальных структур — і не магла з гэтым пагадзіцца. Менавіта таму сястра казала, што колькасць дзяцей — гэта прыватная справа кожнай асобнай жанчыны.
Сацыяльная дзейнасць
Сястра ясна бачыла праблемы трушчоб. Акрамя праблем з нараджэннем дзяцей, іншым бізуном быў алкаголь, які прыводзіў да боек. Трагедыя, калі кампанія п'яных юнакоў забіла да смерці свайго сябра падчас сваркі з-за картачнага доўгу, прымусіла манахіню дзейнічаць. Яна зразумела, што вінаватыя не гэтыя маладыя людзі, якія выраслі сярод насілля, а грамадства, якое дапускае такі ўзровень беднасці. Таму з’явілася задума стварыць месца, якое адцягне моладзь ад згубнага ўплыву і дасць ім шанец на лепшую будучыню. Так нарадзілася ідэя цэнтра «Салам» (у перакладзе «мір»).
Гэты праект патрабаваў велізарных сродкаў. І тут яе настойлівасць і бясстрашнасць праявіліся ў поўнай меры. Сястра Эмануэль з лістом ад арцыбіскупа адправілася ў Еўропу на пошукі фінансавання. Яна наведала Ватыкан, Швейцарыю, Лондан, Брусель і іншыя гарады, звяртаючыся да розных арганізацый. Намаганні ўвянчаліся поспехам і яна вярнулася ў Егіпет з неабходнай сумай.
Адкрыты ў 1980 годзе цэнтр змяшчаў у сабе медпункт з тэрапеўтам, гінеколагам і стаматолагам; дзіцячы садок; майстэрні для навучання сталярнай, сантэхнічнай, зварачнай справе, а таксама сацыяльны клуб для культурных мерапрыемстваў з бібліятэкай, кінатэатрам і спартыўным цэнтрам.
Акрамя гэтага, сястра заснавала некамерцыйную асацыяцыю ASMAE, якая і сёння працягвае сваю дзейнасць. Місія гэтай асацыяцыі — падтрымка самых абяздоленых сем'яў у напрамках адукацыі, аховы здароўя, барацьбы з беспрытульнасцю, аховы ад насілля і эксплуатацыі там, дзе гэта найбольш патрэбна — у Каіры, Мадагаскары, Ліване і Філіпінах.
Пасля доўгіх гадоў служэння на перыферыі грамадства манахіня была вымушана вярнуцца ў Францыю. Але і там яна змагла заявіць пра сябе: штодня да яе прыходзілі за парадай людзі, а папулярныя ток-шоў запрашалі яе да сябе на эфіры. Маладая духам, яна змагла дажыць да 100 гадоў. Да самых апошніх хвілін свайго жыцця захоўвала яснасць розуму і бясконцую энергію.
Сястра Эмануэль заўсёды падкрэслівала, што «свет — гэта люстэрка: калі ты пасылаеш любоў, яна заўсёды вяртаецца». Напэўна таму так шмат людзей паважалі яе не толькі пры жыцці, але і пасля яе адыходу да Жыцця Вечнага.
Матэрыял падрыхтавала Анастасія Філіповіч