У вядомай прыпавесці пра міласэрнага Айца кожны можа ўбачыць самога сябе ва ўсіх трох вобразах. Прапануем паразважаць над кожным з іх з дапамогай Генры Нувена, нідэрландскага святара, і яго кнігі «Вяртанне марнатраўнага сына: гісторыя вяртання дамоў», у якой ён праз свой асабісты досвед разважае над усім вядомай аднайменнай карцінай Рэмбрандта.
Што значыць «пайсці ў далёкі край»?
Генры Нувен піша, што толькі калі ў нас хопіць мужнасці зразумець, што значыць сысці з дому, мы зможам прыйсці да сапраўднага разумення вяртання. Мы павінны ў праўдзе ўбачыць рэальнасць усёй сітуацыі. Евангеліст Лука распавядае ўсё так проста і звычайна, што цяжка да канца ўсвядоміць, што тое, што адбываецца тут — супярэчлівая падзея. На самай справе, спосаб адыходу сына раўнасільны пажаданню смерці бацьку. Кэнэт Бейлі, сацыёлаг і выкладчык семінарыі ў Каіры, піша: «Больш за пятнаццаць гадоў я запытваў людзей усіх слаёў грамадства ад Марока да Індыі і ад Турцыі да Судана пра тое, што азначае просьба сына аб маёмасці, калі бацька яшчэ жывы. Адказ заўсёды быў нязменна аднолькавы. Гэтая просьба азначае, што сын хоча, каб яго бацька памёр».
З гэтага святар робіць выснову, што сыход сына — значна больш абразлівы ўчынак, чым магло б падацца на першы погляд. Гэта бессардэчнае адкіданне дома, у якім сын нарадзіўся і вырас. Калі Лука піша «і пайшоў у далёкую краіну», ён паказвае не проста жаданне маладога чалавека ўбачыць свет. Ён кажа аб мэтанакіраваным адыходзе ад ладу жыцця і спосабу мыслення, якія перадаваліся яму з пакалення ў пакаленне як такая ж самая спадчына. «Далёкая краіна» — гэта свет, дзе ўсё, што лічылася святым дома, ігнаруецца. Гэта тлумачэнне надзвычайна важнае, таму што яно заклікае ўбачыць малодшага сына ў кожным з нас.
Быць глухім да голасу Любові
Адыход з дому — гэта адмаўленне духоўнай рэальнасці, што я належу Богу кожнай часціцай маёй істоты, што Бог трымае мяне ў бяспецы ў вечных абдымках, што я і схаваны ў цені рук Ягоных. Сысці з дому азначае ігнараваць праўду, што Бог стварыў мяне ў таямніцы, вылепіў у глыбінях зямлі і выткаў мяне ва ўлонні маці (Пс 138). Пайсці з дому — значыць жыць так, быццам у мяне яшчэ няма дома і я вымушаны шукаць яго недзе далёка.
Нувен перакананы, што Дом — гэта цэнтр нашага існавання, дзе мы можам чуць Голас, які кажа: «Ты — Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў» (Мц 3, 17). Гэта той самы Голас, які даў жыццё першаму Адаму і гаварыў з Езусам, новым Адамам; той самы Голас, які гаворыць з усімі Сваімі дзецьмі і вызваляе іх, каб жыць у цемры свету, застаючыся ў Святле. Вера — гэта радыкальны давер, што Дом заўсёды быў там і яго месцазнаходжанне застанецца нязменным.
Генры Нувен заўважае, што неўзабаве пасля таго, як Хрыстос пачуў гэты Голас, Ён быў выведзены ў пустыню, каб пачуць іншыя галасы. Яны спрабавалі даказаць, што Ён варты любові, толькі калі будзе паспяховым, папулярным і магутным. Гэтыя ж галасы не чужыя і нам. Яны заўсёды тут, і заўсёды пранікаюць у тыя ўнутраныя месцы, дзе я падвяргаю сумневу самога сябе. Яны пераконваюць, што мяне не будуць любіць, пакуль я не заслужу гэта. Яны хочуць, каб я даказаў сабе і іншым, што я варты быць любімым, і пастаянна падштурхоўваюць мяне рабіць усё магчымае, каб атрымаць славу і прызнанне. Гэтыя галасы адмаўляюць, што Любоў — цалкам свабодны дар. Такім чынам, мы пакідаем дом кожны раз, калі губляем веру ў Голас, які называе мяне Умілаваным, і ідзём за галасамі, якія прапануюць мноства спосабаў заслужыць любоў, якой так моцна прагнем. Але пакуль я застаюся ў кантакце з першапачатковым Голасам, іншыя становяцца цалкам бяскрыўднымі. Варта зразумець: я — блудны сын кожны раз, калі шукаю безумоўную Любоў там, дзе яе немагчыма знайсці.
Нувен здзіўляецца таму, што мы працягваем пакідаць сапраўдны Дом, дзе нас называюць дзіцём Божым, дзіцём Айца. Мы працягваем браць дары, дадзеныя Богам — здароўе, інтэлект і іншыя здольнасці — і выкарыстоўваем іх, каб уразіць, атрымаць адабрэнне і пахвалу іншых, замест таго, каб развіваць іх дзеля славы Божай. Мы забіраем іх у «далёкую краіну». Святар параўноўвае гэта да таго, быццам мы хочам даказаць сабе і свету, што нам не патрэбная Божая любоў, што мы хочам быць цалкам незалежнымі. За ўсім гэтым крыецца бунт, радыкальнае «не» любові Айца, нявыказаны праклён: «Хачу, каб ты памёр». «Не» блуднага сына адлюстроўвае першапачатковы супраціў Адама і яго адмову ад Бога, у любові Якога мы створаны і любоўю Якога мы існуём. Гэта спосаб мыслення, які выводзіць нас з саду, па-за дасяжнасць Дрэва Жыцця.
Тут адкрываецца таямніца чалавечага жыцця. Мы настолькі любімыя, што маем свабоду пакінуць Дом. Але Айцец заўсёды чакае з працягнутымі рукамі, каб прыняць кожнага назад і зноў паўтарыць: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў».

Быць згубленым
Малады чалавек, якога бацька трымае і дабраслаўляе, — збяднелы чалавек. Ён пакінуў дом з грашыма, а вяртаецца ні з чым: грошы, гонар, самапавага, рэпутацыя — усё страчана. Яго галава паголеная, як у зняволенага, чыё імя замянілі нумарам. Бацька і высокі мужчына, які назірае за сцэнай, апранутыя ў шырокія чырвоныя плашчы, што надаюць ім статус і годнасць, а ў сына няма плашча. Жоўта-карычневае рванае ніжняе адзенне ледзь прыкрывае яго змучанае, знясіленае цела. Падэшвы яго ног распавядаюць гісторыю доўгага шляху. Левая нага, якая вылезла з абутку, пакрытая шрамамі. Правая нага, толькі часткова прыкрытая зламанай сандаляй, таксама кажа пра пакуты. Гэта чалавек пазбаўлены ўсяго, акрамя адной рэчы — яго мяча. Адзіны знак годнасці, які застаўся, — гэта кароткі меч, знак яго шляхетнасці. Праз усю яго гісторыю меч нагадваў, што ён усё яшчэ быў сынам свайго айца. Інакш ён прадаў бы свой такі каштоўны меч, сімвал яго сыноўства. Магчыма, менавіта гэтая прыналежнасць сыноўства нарэшце пераканала яго павярнуць назад. Той, хто быў так падобны да свайго бацькі, цяпер выглядае горш, чым яго слугі. Ён стаў падобны да раба.
Што здарылася з сынам у далёкай краіне? Які адбітак на душы сына пакінуў сыход з дому, акрамя ўсіх знешніх і матэрыяльных нягод? Паслядоўнасць падзей цалкам прадказальная. Чым далей мы ўцякаем ад месца, дзе жыве Бог, тым менш здольныя чуць голас, які называе мяне Умілаваным. І чым менш я чую гэты Голас, тым больш я блытаюся ў маніпуляцыях і гульнях гэтага свету.
Сапраўдная адзінота прыходзіць, калі мы губляем усякае пачуццё агульнасці. Калі ніхто не хацеў даваць яму ежу, якую елі свінні, малодшы сын зразумеў, што яго нават не лічаць сабратам-чалавекам. Калі малодшага сына перасталі лічыць за чалавека, ён адчуў усю глыбіню сваёй ізаляцыі, самую глыбокую адзіноту, якую толькі можна адчуць. Ён быў па-сапраўднаму згублены, і менавіта гэтая поўная згубленасць дапамагла яму апамятацца. Што дазволіла яму выбраць новае жыццё ў той крытычны момант? Адкрыццё свайго «Я» нанова. Што б ён ні страціў — грошы, сяброў, рэпутацыю, самапавагу, унутраную радасць і спакой — адно ці ўсё адразу, — ён усё роўна заставаўся дзіцём свайго бацькі.
Атрыманне сыноўства нанова
Як піша Генры Нувен, вяртанне малодшага сына адбываецца ў той самы момант, калі ён нанова адкрывае сваё сыноўства, нават страціўшы ўсю годнасць, якая яму некалі належыла. Менавіта страта ўсяго прывяла яго да падмурку ўласнай ідэнтычнасці. Ён ударыўся аб цвёрдую аснову свайго сыноўства. Азіраючыся назад, здаецца, што блудны сын мусіў страціць усё, каб дакрануцца да вытокаў свайго быцця. Ён зразумеў, што ён не свіння, а чалавечая істота. Гэтае ўсведамленне стала асновай для выбару жыць замест таго, каб памерці. Як толькі ён зноў дакрануўся да праўды свайго сыноўства, то змог пачуць той самы Голас. Вера ў любоў айца дапамагла яму ўсвядоміць сваю годнасць сына, нягледзячы на адсутнасць якіх-небудзь уласных заслуг.
Гэты балючы, але надзейны досвед прыводзіць нас да сутнасці духоўнай барацьбы за правільны выбар. Бог кажа: «Я прапаную табе жыццё або смерць, благаслаўленне або пракляцце. Выберы жыццё, каб жыць у любові Госпада, слухаючы голас Яго і набліжаючыся да Яго». Сапраўды, гэта пытанне жыцця або смерці. Ці прымаем мы свабоду дзяцей Божых? Мы павінны зрабіць свой выбар.
Юда здрадзіў Езуса. Пётр адрокся ад Яго. Абодва былі пагубленымі дзецьмі. Юда, больш не быў здольны трымацца за праўду, што ён застаецца Божым дзіцём, і таму павесіўся. У тэрмінах блуднага сына ён прадаў меч свайго сыноўства. Пётр жа сярод свайго адчаю вярнуўся са слязьмі на вачах. Юда выбраў смерць, а Пётр — жыццё.
Доўгі шлях дадому
Нувен з упэўненасцю заяўляе, што адна з найбольшых праблем духоўнага жыцця — прыняць Божае прабачэнне. У нас, людзях, ёсць нешта, што прымушае чапляцца за ўласныя грахі і перашкаджае дазволіць Богу сцерці наша мінулае і прапанаваць цалкам новы пачатак. Бог хоча аднавіць нас годнасцю сыноўства, а мы хочам быць наймітамі. Атрыманне прабачэння патрабуе поўнай гатоўнасці дазволіць Богу быць Богам і даць Яму вылечыць, ацаліць і абнавіць. Пакуль я сам хачу рабіць хоць частку гэтага, то працягваю быць наёмным работнікам.
Езус ясна дае зразумець, што шлях да Бога — гэта шлях да новага сыноўства. «Калі не навернецеся і не будзеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае» (Мц 18, 3). Хрыстос не просіць заставацца дзіцём, але стаць ім. Гэта шлях да новай нявіннасці — не прыроднай, як у немаўляці, а дасягнутай праз свядомы выбар.
Як можна апісаць тых, хто дасягнуў гэтага новага дзяцінства, гэтай іншай нявіннасці? Езус робіць гэта вельмі ясна ў Запаведзях Блажэнства. Пасля выпрабаванняў голасам сатаны, Хрыстос пачынае грамадскае служэнне. Адзін з Яго першых крокаў — паклікаць вучняў ісці за Ім і раздзяліць з імі служэнне. Потым Езус узыходзіць на гару, збірае вакол Сябе вучняў і кажа: «Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны. Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю. Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны. Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі. Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах» (Мц 5, 3-12). Гэтыя словы паказваюць партрэт дзіцяці Божага. Гэта таксама партрэт нас такімі, якімі мы павінны быць. Гэтыя сем благаслаўленняў прапануюць самы просты маршрут для падарожжа дадому, вяртання ў дом Айца. І на гэтым шляху, паводле Нувена, мы адкрыем для сябе радасці новага дзяцінства.
Стаць дзіцем — значыць жыць паводле гэтых запаведзяў і так знайсці вузкую браму, вузкі шлях да Царства. «Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца нанова, не можа ўбачыць Божага Валадарства» — сказаў Езус Нікадэму ўначы (Ян 3, 3).
Сапраўдны «малодшы» сын
Варта зразумець, што Сам Хрыстос стаў малодшым сынам дзеля нас. Ён пакінуў дом Свайго Нябеснага Айца, прыйшоў у чужую краіну, аддаў усё, што меў, і праз крыж вярнуўся назад у Бацькоўскі дом. Усё гэта Ён зрабіў не як сын-бунтар, але як паслухмяны Сын, пасланы, каб прывесці ўсіх згубленых авечак Божых. Хрыстос, які расказаў гэтую гісторыю тым, хто крытыкаваў Яго за адносіны з грэшнікамі, Сам пражыў доўгі і балючы шлях.
Генры Нувен, разважаючы над гэтай прыпавесцю, бачыць у юнаку, які стаіць на каленях перад Айцом, Таго, хто сам стаўся грахом за нас (2 Кар 5, 21). Ён Той, хто будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам (Філ 2, 6). Езус — сын міласэрнага Айца, які зрабіў усё, што Айцец даверыў Яму, каб мы змаглі стаць падобным да Яго і вярнуцца з Ім дадому.
Такі погляд на самога Езуса выходзіць далёка за межы традыцыйнага разумення прыпавесці. Тым не менш, гэтае бачанне мае вялікую таямніцу. Нашае сыноўства і сыноўства Хрыста — адно, нашае вяртанне і вяртанне Хрыста— адно, наш Дом і Яго дом — адзін. Няма шляху да Бога па-за шляхам, якім ішоў Хрыстос. Той, Хто расказаў гісторыю пра блуднага сына, ёсць Слова, праз якое ўсё пачало быць (Ян 1, 3).
Брат П’ер Мары разважае пра Езуса як пра блуднага сына вельмі паэтычным і біблейскім чынам. Ён піша: «Ён, народжаны не ад крыві, не ад жадання плоці, але ад Самога Бога, аднойчы ўзяў на Сябе ўсё, што меў, і пайшоў са Сваёй спадчынай, Сваім тытулам Сына і ўсёю цаной адкуплення. Ён пайшоў у далёкую краіну, далёкую зямлю, дзе стаў чалавекам і прынізіў Сябе. Свае не прынялі Яго, і першым ложкам Яго быў ложак з саломы! Шчодра раздаўшы ўсё ў жыцці — Свой спакой, Сваё святло, Сваю праўду, Сваё жыццё, усе скарбы мудрасці — і згубіўшы Сябе сярод дзяцей дома Ізраілевага, праводзячы час з хворымі (а не з багатымі), з грэшнікамі (а не з праведнікамі), і нават з блудніцамі, якім Ён абяцаў уваход у Царства Айца Свайго; пасля таго, як называлі Яго сябрам мытнікаў і грэшнікаў, самаранінам, апантаным, блюзнерам; пасля таго, як Ён аддаў усё, нават цела Сваё і кроў Сваю; пасля таго, як адчуў у Сабе смутак, трывогу душы; пасля таго, як сышоў на дно роспачы, якой добраахвотна ахінуў Сябе, будучы пакінутым Айцом далёка ад крыніцы Вады Жывой, Ён заклікаў з крыжа, на якім быў укрыжаваны: «Прагну!» Ён быў пакладзены ў пыл і смяротны цень. І там, на трэці дзень, Ён паўстаў з глыбінь пекла, куды сышоў, абцяжараны злачынствамі ўсіх нас; Ён узяў на Сябе нашы грахі, панёс нашыя слабасці. І Ён узнёсся на неба. Тады ў цішыні, гледзячы на Свайго Сына і на ўсіх Сваіх дзяцей, бо Сын Яго стаў усім ва ўсім, Айцец сказаў слугам Сваім: «Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся». І пачалі ўсё весяліцца, апранутыя ў белыя шаты, абмытыя Крывёю Ягняці».
Карціна Рэмбрандта становіцца больш, чым проста адлюстраваннем кранальнай прыпавесці. Яна становіцца вынікам гісторыі нашага збаўлення. Святло, якое атачае і Айца, і Сына, цяпер кажа пра славу, якая чакае дзяцей Божых. Яно нагадвае велічныя словы Яна: «цяпер мы дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што, калі Ён аб’явіцца, мы будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім ёсць» (1 Ян 3, 2).
Паводле кнігі Генры Нувена «The return of the prodigal son: the story of homecoming».