Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Пра Слова Божае

Гісторыя вяртання дамоў: старэйшы сын (частка 2)

Анастасія Філіповіч
Анастасія Філіповіч
26.03.2026 праглядаў 9 хвілін чытання
Гісторыя вяртання дамоў: старэйшы сын (частка 2)

Стоячы са сціснутымі рукамі

Старэйшы сын, без сумневу, галоўны назіраючы за вяртаннем свайго брата. Ён, які глядзіць на бацьку, што абдымае малодшага сына, падаецца вельмі аддаленым. Старэйшы сын глядзіць на іх, але без радасці. Ён не працягвае рук, не ўсміхаецца і не выказвае прывітання. Проста стаіць там, збоку, відавочна, не імкнучыся падысці бліжэй.


Паміж бацькам і яго старэйшым сынам існуе вялікая адкрытая прастора, якая стварае напружанне, што патрабуе вырашэння. Што адбываецца ўнутры гэтага чалавека? Што ён зробіць? Ці падыдзе бліжэй і абдыме свайго брата, як гэта зрабіў яго бацька, ці сыдзе прэч у гневе і агідзе?



Рэмбрандт паказвае старэйшага сына вельмі падобным да бацькі. У абодвух ёсць бароды, і абодва апранутыя ў вялікія чырвоныя плашчы. Гэтыя знешнія дэталі дазваляюць думаць, што ў іх з бацькам шмат агульнага, такое падабенства падкрэсліваецца і святлом, якое падае на старэйшага сына, што вельмі прама звязвае яго твар са светлым тварам бацькі. Але якая велізарная розніца паміж імі! Бацька схіляецца над сваім малодшым сынам. Старэйшы ж стаіць прама і нерухома, поза падкрэсліваецца доўгім посахам, які цягнецца ад яго рукі да падлогі. Плашч бацькі шырокі і “прыветлівы”; плашч сына плоска вісіць на яго целе. Рукі бацькі раскрытыя і быццам благаслаўляюць сына, які нарэшце вярнуўся дамоў; рукі старэйшага сына сціснуты разам і прыціснуты да грудзей. На абодвух тварах ёсць святло, але святло ад твару бацькі струменіцца праз усё яго цела — асабліва праз рукі — і ахінае малодшага сына зіхатлівым цяплом; тады як святло на твары старэйшага сына халоднае і скаванае. Уся яго постаць, яго сціснутыя рукі застаюцца ў цені.


Генры Нувен кажа, што гэтую гісторыю можна было б назваць “Прыпавесцю пра пагубленых сыноў”. Згубіўся не толькі малодшы сын, які пакінуў дом у пошуках свабоды і шчасця ў далёкай краіне, але і той, хто заўсёды быў дома. Вонкава ён рабіў усё, што належыць рабіць добраму сыну, але ўнутрана аддаліўся ад свайго бацькі. Ён рупліва працаваў кожны дзень і выконваў усё тое, што трэба, але станавіўся ўсё больш няшчасным і несвабодным.


Страчаны праз крыўду

Генры Нувен задаецца пытаннем, ці не з’яўляюцца менавіта старэйшыя сыны тымі, хто імкнецца апраўдаць чаканні сваіх бацькоў, лічыцца паслухмянымі і добрымі выканаўцамі? Яны часта хочуць падабацца і баяцца расчараваць сваіх бацькоў. Яны таксама часта ў даволі раннім узросце пачынаюць адчуваць некаторую зайздрасць да сваіх малодшых братоў і сясцёр, якія, здаецца, менш клапоцяцца пра тое, каб дагаджаць. Паслухмянае і стараннае жыццё, якім мы ганарымся ці за якое нас хваляць, часам адчуваецца як цяжар, які быў ускладзены на плечы і працягвае прыгнятаць, нават калі чалавек прыняў яго да такой ступені, што не можа скінуць. Нам няцяжка атаясаміць сябе са старэйшым сынам з прыпавесці, які скардзіўся: “Вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушаў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне і казляняці, каб мне павесяліцца з сябрамі маімі”. У гэтай скарзе паслухмянасць і абавязак становяцца цяжарам, а служэнне ператвараецца ў рабства.


Аднак страчанасць старэйшага сына значна цяжэй распазнаць. У рэшце рэшт, ён рабіў усё правільна. Ён быў паслухмяным, адказным і працавітым. Людзі паважалі яго, захапляліся, хвалілі і, верагодна, лічылі ўзорным сынам. Вонкава старэйшы сын быў бездакорны. Але, сутыкнуўшыся з радасцю бацькі з нагоды вяртання малодшага брата, у ім абудзілася цёмная сіла, якая вырвалася вонкі. Раптам становіцца бачная яго сапраўдная натура: пакрыўджаны, ганарлівы, эгаістычны характар, які хаця і быў глыбока схаваным, з гадамі станавіўся ўсё мацнейшым.


Згубленасць пакрыўджанага “святога” цяжка адсачыць менавіта таму, што яна цесна звязана з жаданнем быць добрым і беззаганным. Святар дзеліцца ўласным досведам, што таксама рупліва стараўся быць добрым, спагадлівым, чулым — годным прыкладам для іншых. Заўсёды былі свядомыя намаганні пазбегнуць пастак граху і пастаянны страх паддацца спакусе. Але з усім гэтым прыйшла сур’ёзнасць, маралізатарская інтэнсіўнасць — і нават доля фанатызму — з-за якіх рабілася ўсё цяжэй адчуваць сябе як у доме Айца. Ён кажа, што станавіўся менш свабодным, менш спантанным, менш гуллівым, і іншыя ўсё больш пачыналі бачыць у ім невыноснага чалавека.


Без радасці

Генры Нувен кажа, што ў голасе сына чуе глыбокую скаргу. Гэта скарга зыходзіць з сэрца, якое адчувае, што ніколі не атрымлівала таго, што яму належала. Нараканне, якое нібы вырываецца з самай глыбіні: “Я так стараўся, так доўга працаваў, так многа зрабіў, і да гэтага часу не атрымаў таго, што іншыя атрымліваюць з лёгкасцю. Чаму людзі не дзякуюць мне, не запрашаюць мяне, не шануюць мяне, у той час як надаюць столькі ўвагі тым, хто ставіцца да жыцця павярхоўна?”


У гэтай унутранай скаргі ёсць велізарная, цёмная прыцягальная сіла. Асуджэнне іншых і самаасуджэнне, самаправеднасць пастаянна падсілкоўваюць адно аднаго. Кожны раз, дазваляючы спакусіць сябе гэтым, мы гразнем у бясконцай самаадрынутасці. Дазваляем сабе быць уцягнутым у шырокі ўнутраны лабірынт уласных скаргаў. Губляемся ўсё больш і больш, пакуль, у рэшце рэшт, не пачынаем адчуваць сябе самымі незразумелымі, адкінутымі, забытымі і пагарджанымі людзьмі на свеце.


Кожны раз, калі наракаем у надзеі выклікаць жаль і атрымаць задавальненне, якога так моцна жадаем, вынік будзе заўсёды супрацьлеглы таму, чаго спрабуем дасягнуць. З такімі “ныцікамі” цяжка жыць, і нямногія людзі ведаюць, як рэагаваць на скаргі чалавека, які ставіцца да самога сябе такім чынам. Трагедыя ў тым, што падобныя выказванні могуць прывесці да таго, чаго больш за ўсё баімся: да яшчэ большай адрынутасці.


З гэтага пункту гледжання, паводле Нувена, няздольнасць старэйшага сына раздзяліць радасць бацькі становіцца цалкам зразумелай. Калі ён вярнуўся з поля, то пачуў музыку. Зразумеўшы, што ў доме адбываецца штосьці радаснае, ён адразу ж адчуў небяспеку. У прытчы сказана: “Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое” (Лк 15, 26). Тут прысутнічае страх, што яго зноў адрынулі, ніхто не сказаў, што адбываецца, а значыць яго трымалі ўбаку ад падзей. Скарга неадкладна ўсплывае ізноў: “Чаму мне не паведамілі, што тут дзеецца?” Слуга, поўны хвалявання і прагны падзяліцца добрай навіной, тлумачыць: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым” (Лк 15, 27). Але гэты радасны вокліч не можа быць успрыняты адэкватна. Замест палёгкі і ўдзячнасці энтузіязм слугі выклікае супрацьлеглае: “Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць” (Лк 15, 28). Радасць і крыўда не могуць суіснаваць. Музыка і танцы, замест таго каб запрашаць да радасці, становяцца прычынай яшчэ большага зацыклівання на сябе.


Абдымкі бацькі, поўныя святла, — гэта дом Божы. Там пануе музыка і танцы. Старэйшы сын стаіць па-за гэтай любоўю, адмаўляючыся ўвайсці. Часам людзі пытаюцца: што ж здарылася са старэйшым сынам? Ці дазволіў ён бацьку ўгаварыць сябе? Ці ўвайшоў нарэшце ў дом, ці ўдзельнічаў у святкаванні? Прыпавесць не распавядае нам пра канчатковую гатоўнасць старэйшага сына дазволіць “знайсці” сябе. Ці здольны ён прызнаць, што таксама з’яўляецца грэшнікам, які мае патрэбу ў прабачэнні? Ці ўсведамляе, што не лепшы за свайго брата?


Бацька хоча вярнуць не толькі малодшага, але і старэйшага сына. Бо ён таксама павінен быць знойдзены і прыведзены назад у дом радасці. Любоў Айца не навязвае сябе нам, умілаваным Яго дзецям. Хоць Ён і хоча вылечыць усіх ад унутранай цемры, мы ўсё яшчэ свабодныя зрабіць уласны выбар — застацца ў гэтай цемры ці выйсці да святла Божай любові.


Цалкам ясна тое, што Бог заўсёды побач, заўсёды гатовы даваць і прабачаць незалежна ад нашага адказу. Божая любоў не залежыць ад пакаяння, унутраных ці знешніх змен. Бацька любіць кожнага сына, але не можа даць свабоды, якая не будзе прынятая і адэкватна зразумета. Бацька ўсведамляе патрэбу сваіх сыноў быць сабой. Але як завершацца іх гісторыі, залежыць толькі ад іх саміх. Той факт, што прыпавесць не мае канкрэтнага канца, паказвае, што любоў бацькі не залежыць ад правільнага завяршэння гісторыі.


У прыпавесці бацька выходзіць да старэйшага сына гэтак жа, як і да малодшага, просіць яго ўвайсці і кажа: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё” (Лк 15, 31).


Генры Нувен сцвярджае, што без даверу мы не зможам дазволіць знайсці сябе. Давер — гэта глыбокае ўнутранае перакананне, што Айцец хоча, каб я быў дома. Пакуль я сумняваюся, што варты таго, каб мяне знайшлі, і прыніжаю сябе як менш любімага, чым мае малодшыя браты і сёстры, знайсці мяне немагчыма. Я павінен пастаянна нагадваць сабе: “Бог шукае мяне. Ён пойдзе куды заўгодна, каб знайсці мяне. Ён любіць мяне, Ён хоча, каб я быў дома, Ён не можа супакоіцца, пакуль я не буду з Ім”.


Сапраўдны Старэйшы Сын

Езус, які расказаў гэтую гісторыю, з’яўляецца не толькі малодшым, але і старэйшым сынам. Ён прыйшоў паказаць любоў Айца і вызваліць нас ад рабства крыўд. Усё, што Езус кажа пра Сябе, адкрывае Яго як Умілаванага Сына, Таго, Хто жыве ў найглыбейшых адносінах з Айцом. Паміж Езусам і Айцом няма адлегласці, страху ці падазрэння.


Словы бацькі ў прыпавесці: “Сын мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё” (Лк 15, 31) выказваюць сапраўдныя адносіны Бога-Айца з Езусам, Яго Сынам. Ён пастаянна сцвярджае, што ўся слава, якая належыць Айцу, належыць і Сыну. Усё, што робіць Айцец, робіць і Сын. Няма падзелу паміж Айцом і Сынам: “Я і Айцец — адно” (Ян 10, 30); няма раздзялення працы: “Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі Ягоныя” (Ян 3, 35); няма канкурэнцыі: “Усё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам” (Ян 15, 15); няма зайздрасці: “Не можа Сын рабіць сам ад сябе нічога, калі б не бачыў Айца, які робіць” (Ян 5, 19). Ёсць дасканалае адзінства паміж Айцом і Сынам. Гэта адзінства знаходзіцца ў цэнтры паслання Езуса: “Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне” (Ян 14, 11). Верыць у Езуса азначае верыць, што Ён ёсць Той, Хто пасланы Айцом, Той, у Кім і праз Каго адкрываецца паўната любові Госпада.


Гэта вельмі канкрэтна паказана Самім Езусам у прыпавесці з Евангелля паводле Мацвея (Мц 21, 33-44). Гаспадар вінаградніку, дарэмна паслаўшы некалькіх слуг сабраць свой ураджай, прымае рашэнне адправіць на гэту справу свайго сына. Слугі даведаўшыся пра гэта, вырашылі забіць яго, каб забраць плады сабе. Гэта вобраз сапраўднага сына, які слухаецца бацьку не як раб, але як Умілаваны, і выконвае волю Айца ў поўным адзінстве з Ім.


Такім чынам, Езус ёсць Старэйшы Сын Айца. Ён пасланы Айцом, каб паказаць Божую нязменную любоў да ўсіх Яго адкінутых і пакрыўджаных дзяцей і прапанаваць Сябе як адзіны шлях дадому. Езус — гэта Божы спосаб зрабіць немагчымае магчымым — дазволіць святлу перамагчы цемру.



Паводле кнігі Генры Нувена «The return of the prodigal son: the story of homecoming».


Падзяліцца