Кожны з нас стаіць на той жа самай дарозе — дарозе пошуку і давання любові другому чалавеку. Мы разумеем, што, каб не дазналі гэтага пачуцця, не змаглі б быць сапраўднымі людзьмі, развівацца адпаведна. Кожны чалавек рана ці позна ўсведамляе, што нарадзіўся з любові ад Бога, Які сам з’яўляецца Любоўю. А калі Бог, Які ёсць Любоўю, даў нам жыццё, то разам з ім атрымалі і голад па любові. Гэты голад застанецца да канца нашых дзён, заўсёды будзем прагнуць яго задавальнення. Але, у той жа час, калі мы атрымалі жыццё толькі таму, што Бог палюбіў нас, то маем і адпаведнае пакліканне: калі з любові нарадзіліся, то і для любові.
З гэтага выцякае пэўная праблема: маем у сабе прагу да любові, але не заўсёды да канца ведаем як любіць, каб не раніць іншага і самаму не параніцца. Бо ўсе мы выходзім з розных сем’яў: дзе была любоў, дзе яе было недастаткова, дзе яна не была безумоўнай, нават раніла. Маем гэты голад у сабе, але няздольныя яго задаволіць, бо ўмеем любіць толькі так, як нас навучылі бацькі. Тут можа нараджацца пэўная дылема: з аднаго боку, хочам любіць і шукаем любові, з другога — хочам дазволіць сябе любіць, але не ведаем як, бо маем шмат страхаў, перасцярог, няўпэўненасці.
Найбольшая складанасць заключаецца ў тым, што мужчыны і жанчыны вельмі розныя. На гэтую рознасць палоў накладваецца яшчэ і індывідуальная гісторыя: бацькоўская сям’я, жыццёвы вопыт, псіхалагічныя траўмы і г.д. Як уступіць у адносіны з чалавекам, які з’яўляецца іншым па полу і іншым з пункту гледжання жыццёвага досведу? І гэта ўсё трэба паміж сабой неяк прымірыць. Бо кожны з нас мае голад любові, але ўжо навучыўся яго суцішаць, уваходзячы ў рамантычныя адносіны з тым умовамі, якія мае, але ці можа быць прасцей?
Давайце спачатку паспрабуем акрэсліць адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі. Іх вельмі шмат і не атрымаецца агарнуць усе, але выдзелім асноўныя.
Жанчына — вяршыня дасканаласці стварэння, на 90% складаецца з духа, на 10% з цела, мужчына — наадварот. Яны адрозніваюцца нават у біблейным кантэксце: жанчына — подых духа, а мужчына ўзяты з зямлі. І толькі ўдваіх ствараюць паўнацэннага чалавека. Жанчына — гэта сэрца, якое адчувае, перажывае, турбуецца, стварае атмасферу, дбае пра сямейны ачаг. Мужчына з’яўляецца тым, хто будуе “дом”. Ён рупіцца пра структуру, пра будаванне матэрыяльнага дому, дбае пра быт, а жанчына прыносіць туды атмасферу дабра, прыгажосці, утульнасці (называем гэта жаночым геніем), клапоціцца пра ўнутранае аздабленне і розныя іншыя элементы пра якія мужчына нават і не падумаў бы.
Жанчына — тая, хто знаходзіцца ў пастаянным чаканні. Яна створана для адносін, адпаведна больш траўматычна перажывае іх адсутнасць, чым мужчына. Для жанчыны характэрна пражыванне эмоцый, размовы, адчуванне таго, што нешта адбываецца. А мужчына патрабуе спакою. Яму прасцей існаваць у свеце рэчаў, а не пачуццяў: нешта арганізоўваць, працаваць, выконваць ролю бацькі ў сям’і. Мужчына — гэта розум, жанчына — сэрца. Мужчына — той, хто стварае структуру, жанчына ж напаўняе яе сваёй адкрытасцю на Духа. Жанчына — тая, хто мае інтуіцыю, мужчына — цвярозы розум. Перажыванні жанчын ніколі не будуць для мужчын да канца зразумелымі.
Для жанчыны праяўленне любові — гэта еднасць, бяспека, узаемнае разуменне, зацікаўленасць, выключнасць, клопат. Мужчына ўспрымае любоў больш як фізічную блізкасць. Таксама для яго важна адчуваць атмасферу, што стварае жанчына, спакой, які яна прыносіць у дом, пра які, зарабляючы грошы, дбае ён сам. Жанчына мае патрэбу ў тым, каб быць здабытай, мужчына — здабываць.
Жанчына ўмее думаць пра некалькі рэчаў адначасова, мужчына нават не можа сабе такога ўявіць. Гэта можа прыносіць у адносіны цяжкасці, бо мужчыны не заўсёды здольны вытрымаць такі паток думак.
Мужчыны любяць вачыма, жанчыны — вушамі.
І да гэтых адрозненняў, якім і так нялёгка даць рады, дадаецца яшчэ асабістая гісторыя жыцця: справы бацькі, маці, братоў, сясцёр, можа быць алкаголь, гвалт і г.д. Не хочацца засяроджвацца толькі на негатыўным, але ўсё пералічанае нас фарміравала да той жаноцкасці і да той мужчынскасці, якія маем. Празмерная апека бацькі, а часцей маці, памылкі ў выхаванні і ўсе промахі пры пошуку любові, якія дапусцілі мы самі, уступаючы ў тыя ці іншыя адносіны, розныя формы сексуальнага выкарыстання, кепскія дотыкі ў дзяцінстве — гэта ўсё і многае іншае не дапамагае будаваць адносіны, уплывае на тое, як мы шукаем любоў і як самі яе даём будучы ўжо дарослымі. Калі ў дзяцінстве, юнацтве нам не далі магчымасці дасведчыць любові, то, як станем дарослымі, будзем шукаць пацверджаная сваёй вартасці ў іншых людзей. Можа ўзнікнуць хворае “лепш мець побач хоць кагосьці, чым нікога”. Мераць сваю вартасць наяўнасцю адносін — вельмі характэрная і небяспечная рыса, якая часцей сустракаецца ў дзяўчат.
Можа ўзнікаць і іншая крайнасць — калі чалавек не адчувае сваёй вартасці, то жыве падманам, што не дастойны любові. Будзе ўсялякім чынам пазбягаць адносін, хавацца ў сваёй адзіноце, яшчэ больш падманваючы сябе. Калі побач з’явіцца чулы і цярплівы чалавек, які сапраўды палюбіць, то ёсць усе шанцы, што раны могуць залячыцца.
Калі злучаюцца тры ўмовы, пра якія разважалі вышэй: адрозненне палоў, гісторыя жыцця і голад любові — атрымліваем тое, што штурхае нас на пошук кахання. І ў гэтых пошуках можам зайсці ў тупік.
Адныя гэтую любоў купляюць за адкрытасць, зычлівасць, услужлівасць, добрае слова. Даюць фрагмент сябе, каб узяць нейкі фрагмент ад другога чалавека. Іншыя могуць інвеставаць у адносіны задужа, бо замоцна сумуюць па любові.
Некаторыя любоў выпрошваюць енчучы і плачучы. Боль з-за адсутнасці адносін вельмі моцны, асабліва з боку дзяўчат, але выпрошваць можа толькі той, хто страціў альбо яшчэ не знайшоў сваёй вартасці. Непрыемны вынік — другія пачынаюць карыстацца, маніпуляваць ім.
Часам будуем узаемаадносіны па бартэру: я табе фізічную блізкасць, ты мне — пачуцце бяспекі і хвіліны пакою ў маёй жыццёвай буры. Ці пасля такога людзі становяцца больш шчаслівымі? Бо ўсе шукаем шчасця, шчасця пастаяннага, а не мімалётнага. І такі “абмен паслугамі” робіць нас больш блізкімі ці наадварот аддаляе, мы знаходзімся на шляху будавання любові ці на бездарожжы?
Цялесныя стасункі паміж мужчынам і жанчынай павінны быць сведчаннем таго, што маюць адносіны на духоўным і псіхалагічным узроўні, знаходзяцца ў еднасці паміж сабой. Калі ўсё абмежаваць толькі да прыемнасці быцця разам, то ўзнікае пытанне ці толькі на прыемнасці і пачуццях хочам будаваць адносіны?
Часам узнікае з’ява, якую вобразна можна назваць “язда без тармазоў” — вельмі распаўсюджаныя сёння адносіны без абавязацельстваў. Можна мець сексуальныя стасункі, можна жыць разам, хто нам забароніць: бацькі, ксёндз? Усе людзі вольныя. Але ці сапраўды гэта свабода, а можа наадварот — залежнасць, напрыклад, ад сексуальнасці, ад пачуццяў? На каго перакласці адказнасць за сексуальныя стасункі? Адказ адзін: трэба выхоўваць сябе, каб добра ведаць межы, за якія нельга заходзіць.
Усе мы жывём у дэфіцыце любові, нават маючы ўласную сям’ю, і кожны спраўляецца з ім як можа. Рэакцыі будуць абсалютна розныя. Жанчына са сваёй эмацыянальнасцю і тонкасцю, маючы добрую фантазію, будзе накручваць сябе; мужчына, хутчэй, пачне замыкацца. Таму трэба вучыцца шмат размаўляць, каб лепей разумець адзін аднаго, бо калі гэтага не зрабіць на пачатку, далей будзе толькі горш. І тут не ідзе гаворка пра нежаданне камунікацыі (бывае, што абое гатовыя пайсці на кантакт), але, часта, праблема заключаецца ў той розніцы пра якую мы разважалі вышэй — адрознасць палоў і кантэкст гісторыі жыцця. Таму трэба быць свядомым сябе, сваёй гісторыі. Ведаць, што значыць быць жанчынай і як пражываць сваю жаноцкасць, і што значыць быць мужчынам і як пражываць мужчынскасць, а таксама вучыць адзін аднаго гэтым нюансам. Для такога патрэбны час, тут спяшацца не варта.
Хочацца падзяліцца некалькімі практычнымі парадамі.
- Даследуйце сябе і адзін аднаго.
- Вучыцеся размаўляць, але ўмерана, бо жанчыне больш патрэбныя размовы, а мужчыне — падумаць, паразважаць. Варта спрабаваць знайсці баланс.
- Сексуальная блізкасць — як сакрамэнт. Няхай яна будзе прапарцыянальнай сувязі, што ёсць паміж парай.
- Мастацтва чакання. Не ўступайце хутка ў блізкія адносіны, дайце час, каб даведацца больш адзін пра аднаго.
- Самае прыгожае скрыта ад вачэй. Мужчына больш захапляецца тым, што схавана, чымсьці недаступным, што правакуе ў ім выклік і прыгоды. Тут гаворка ідзе не столькі пра фізічнае агаленне, колькі пра тое, што мужчыны любяць прыкласці намаганні, заваёўваць, дабівацца.
- Калі ўступаеце ў адносіны, запытайце сябе ці такія адносіны хацелі б мець са сваёй маці, бацькам? Ці стыль жыцця які, вымалёўваецца ў адносінах, вам адпавядае, ці дасць падмурак для добрай сям’і ў будучыні? Ці гэта менавіта той чалавек, з якім хочацца пражыць усё жыццё?
Любоў — гэта магчыма, патэнцыял да кахання мы носім у сабе. Падсвядома кожны з нас імкнецца любіць. Не трэба гэта імкненне недзе здабываць, маем яго ў сярэдзіне. Любога чалавека можна параўнаць з падарункам у прыгожай упакоўцы. Які павінен быць распакаваны ў патрэбны час і адпаведным спосабам кімсьці, хто з вялікай асцярожнасцю адкрые, пакажа як шмат у сярэдзіне ёсць прыгожага, добрага, цудоўнага. Тады пачынаецца каханне.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, звязаныя з адрозненнямі палоў, асабістай гісторыяй, іншымі складанасцямі, каханне можа быць магчымым, толькі трэба інвеставаць у яго. Памятайце, што Бог з’яўляецца Любоўю і калі хочаце любіць па-сапраўднаму, то Ён вас благаславіць.
(апрацавала Ірына Кухальская)