Марта Робэн нарадзілася 13 сакавіка 1902 г. у Францыі ў шматдзетнай беднай сям’і. Калі ёй быў ўсяго толькі год, яна перажыла смяротную хваробу тыфу, ад якога памерла яе старэйшая сястра. Ад гэтага часу Марта пачала цяжка хварэць, з прычыны хваробы яна нават не скончыла школы.
Марта расла ў асяроддзі абыякавых да рэлігіі людзей. Таму можна смела лічыць, што яе містычныя перажыванні і дар веры – гэта сапраўды Божы цуд. У дванаццацігадовым узросце яна перажыла сваю першую сустрэчу з Жывым Богам. Ад гэтага моманту яна пачала бачыць Яго прысутнасць сярод блізкіх ёй людзей. Асабліва яна ўбачыла Бога ў святарах, за якіх пазней ахвяруе свае малітвы і цярпенні. Гэтая асаблівая місія за святароў не перашкаджала ёй, аднак, адначасна быць да іх вельмі крытычнай.
ХВАРОБА І БОЖАЯ ПРЫСУТНАСЦЬ
Ва ўзросце шаснаццаці гадоў Марта пачынае хварэць і не зможа падняцца з ложку каля двух з паловай год. Гэта быў пачатак яе цяжкай хваробы. Дактары нічога не маглі зрабіць. Казалі, што ў яе, магчыма, пухліна мозгу. Марта была спаралізавана. Таксама яна цярпела на мігрэнь, часта балеў жывот. У гэты перыяд яна адкрывае для сябе Божую Маці, што моцна паўплывала на яе духоўнасць. У 1922 г. Божая Маці ўпершыню аб’яўляецца Марце. Багародзіца становіцца для маладой дзяўчыны асаблівай падтрымкай. Марта скажа Ёй пра сваё жаданне пайсці ў Закон кармелітанак.
Праз некалькі гадоў прабывання ў ложку Марце стане крыху лягчэй, і яна пачне хадзіць, абапіраючыся на кульбу. Яна яшчэ будзе мець надзею аздаравіцца і ўступіць у Кармэль. Мясцовы пробашч знойдзе для яе месца на пілігрымку ў Люрд, дзе Марта спадзявалася атрымаць аздараўленне праз заступніцтва Багародзіцы, але, даведаўшыся, што ёсць яшчэ адна хворая, якая хоча туды паехаць, Марта, у выніку, нікуды не паедзе. У гэтым часе яна спазнае самотнасць, неразуменне і людское асуджэнне. З усёй вёскі яе будзе адведваць толькі адна жанчына, а іншыя будуць лічыць яе псіхічна хворай і пачнуць распаўсюджваць пра яе розныя плёткі. Усе будуць баяцца яе хваробы. Не будзе ёй таксама з кім падзяліцца і містычнымі перажываннямі. Яе пробашч, хоць і быў вельмі актыўным і пабожным святаром, аднак жадаў жыць па логіцы і таму хаваўся ад усіх незразумелых рэлігійных праяваў. Ён яшчэ ў семінарыі маліўся, каб Пан Бог абярог яго ад містыкаў. У выніку Марта не магла з ім знайсці паразумення і засталася самотнай. Больш за тое, паколькі людзі не прынялі цярпення Марты, яе брату і тату не падабалася, што да Марты прыходзіў святар з сакрамэнтальнай паслугай. Брат нават пагражаў забіць святара. У выніку Марта папрасіла пробашча не прыходзіць, бо прагнула захаваць спакой у сям’і. Для яе, шчырай верніцы, гэта быў асаблівы, дадатковы боль. Па-першае, пробашч яе і так не разумеў, а пасля такой просьбы і ўвогуле раззлаваўся, а па-другое, яна каля двух гадоў не будзе прымаць Святой Камуніі і не будзе спавядацца.
Сітуацыя крыху змянілася ў 1927 г. Хвароба давяла Марту да комы. Пробашч прыйдзе ўдзяліць ёй Сакрамэнт намашчэння хворых, пасля якога Марта прачнецца і яе стан крыху палепшыцца. Яна нават пачне варушыць рукамі. Гэтае здарэнне крыху зменіць стаўленне сям’і да святара. Пробашч, праўда, і надалей не будзе разумець Марты, але ў яго жыцці пачнуцца нечаканыя змены, пра якія ў сваім дзённіку будзе ўзгадваць сама Марта. У гэтым часе комы Марта тройчы перажывае аб’яўленне святой Тэрэзы з Лізье, пасля чаго пачынае бачыць у цярпенні асаблівую вартасць і сваё пакліканне. Марта пісала, што той, хто не дасведчыў цярпення, ніколі не спазнае сілы любові і вялікай радасці. Яна назаве цярпенне школай Божага выхавання. Стан комы прынёс агромністыя змены ў сэрцы Марты. Яна не была тым чалавекам, які лёгка здаваўся. Яе жаданне аздараўлення, яе размовы пра аздараўленне з Марыяй, а таксама планы ехаць у Люрд сведчаць пра тое, што Марта не збіралася апускаць рук і наракаць. Хворым яна часта казала, што яны павінны змагацца за сваё здароўе так, як яна змагалася за сваё на працягу ўсяго жыцця. Яна сапраўды была воінам духу. І з усім гэтым аптымізмам яна раптам знаходзіць сваё пакліканне ў цярпенні. З гэтым пакліканнем ёй давядзецца змагацца ўсё жыццё, таму што Марта будзе бадай што кожны дзень задаваць Богу пытанне пра сэнс свайго цярпення. Кожны дзень яна зноў і зноў будзе стаяць перад выбарам.
Марта выйшла з комы, але параліч узмацніўся. У лютым 1928 г. Марта зноў не магла хадзіць. Яе паклалі на ложку каля кухні і з гэтага месца яна ўжо больш не падымецца. Яна не магла маліцца, цяжка было думаць. Перастала есці. Маці магла даваць ёй толькі кіслыя смактулькі. Марта па-асабліваму пачынае перажываць прысутнасць Езуса ў Святой Камуніі. Парадаксальна, але ў гэты перыяд асаблівага развіцця хваробы Марта ўсё больш і больш знаходзіць і перажывае Бога. Яна пачынае чытаць святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езус, Ганну Кацярыну Эммэрых, захапляецца святой Жаннай Д’арк.
ПАЧАТАК ПРАБУДЖЭННЯ
Напрыканцы 1928 г. пробашч, які быў вельмі актыўным Божым душпастырам, распачаў парафіяльныя місіі, якія праводзілі два вядомыя капуцыны. Місіі не прынеслі ніякіх асаблівых плёнаў і ўсе былі расчараваныя. На тэрыторыі парафіі жыло вельмі шмат камуністаў і масонаў, якія задавалі рытм усяму асяроддзю. На заканчэнне «няўдалых» місій капуцыны адведвалі хворых і прыйшлі да Марты. Прабыўшы ў яе некалькі гадзін, яны пераканалі пробашча, што ў ягонай парафіі жыве не псіхічна хворая гістэрычка, а «маладая святая». Напачатку пробашч не паверыў і не згаджаўся з імі, але ад гэтага моманту ўсё змянілася. Найперш сама Марта атрымала пасля візіту капуцынаў агромністае суцяшэнне і радасць ад Госпада. Езус аб’явіўся ёй і сказаў, што яна не будзе больш адна, што Ён хоча, каб Марта мела з пробашчам асаблівыя адносіны. Езус сказаў, што хоча, каб пробашч стаў яе духоўным настаўнікам. Змяніўся таксама і сам пробашч. Ён пачаў глядзець на Марту зусім іншымі вачыма.
Пасля гэтага дзіўнага здарэння ў жыцці Марты скончылася ізаляцыя. Да яе сталі прыходзіць людзі, якіх прысылалі святары. Яны не проста адведвалі Марту, але Марта расказвала ім пра Любоў Езуса, малілася разам з імі. Да яе прыходзілі настаўнікі, а таксама міністранты і звычайныя дзеці, якія проста разам з ёй маліліся ружанец.
Марта разумее, што Езус даў ёй новы этап у жыцці. У 1930 г. яна скажа Езусу, што хоча быць такой, як Ён, і пасля гэтага атрымае ад Яго стыгматы. Ад гэтага часу Марта будзе кожныя чацвер і пятніцу на працягу 51 году перажываць Яго агонію, Яго малітву ў Садзе аліўным і Яго смерць на крыжы. З 1932 г. яна пачне весці дзённік, у якім найперш будзе пісаць сама, а пасля яе словы будзе запісваць пробашч, айцец Фаўрэ. Вельмі шмат у гэтым дзённіку будзе напісана пра цярпенні Хрыста. Напачатку Марта спрабуе хаваць стыгматы і гэта ёй нават удавалася, але толькі на кароткі час. Яна не зможа ўжо нічога есці, апроч Эўхарыстыі. Людзі сталі называць яе: «Малая святая». Іх прыходзіла ўсё больш і больш. Яны прыносілі рэчы і грошы, а Марта раздавала ўсё гэта бедным. Так нарадзіўся вельмі дзіўны абмен, які стане вельмі канкрэтным служэннем у парафіі.
Падчас аднаго аб’яўлення Езус сказаў Марце, што хоча, каб яна, разам з а. Фаўрэ заснавала каталіцкую школу. Калі святары з суседніх парафій даведаліся пра гэтыя планы, яны адно смяяліся і казалі, што гэта бязглуздзіца і нейкі здзек. Па-першае, трэба было столькі грошай, што і не снілася, а па-другое, у дзяржаве быў велізарны ўплыў камуністаў і атэістаў, якія імкнуліся трымаць у сваіх руках усю сістэму адукацыі. Для Марты, а. Фаўрэ і яшчэ аднаго святара аргумент быў толькі адзін – калі Езус гэтага хоча, то ўсё атрымаецца. У хуткім часе невядомым чынам вясковая парафія сабрала значную сумму грошай на каталіцкую школу. Пасля размовы з Мартай з Ліёну да іх прыехалі дзве таленавітыя настаўніцы, якія распачалі працу з сямю вучнямі, якія ў большасці былі крэўнымі Марты. Ніхто тады яшчэ і не ведаў, што гэтая школа будзе пачаткам вялікай справы, якую Езус зробіць праз Марту.

«ВОГНІШЧА ЛЮБОВІ»
У 1933 г. Езус падчас вялікага аб’яўлення паказаў Марце, што Ён хоча зрабіць праз яе вялікія рэчы. Для ажыццяўлення гэтых Божых планаў Езус паабяцаў даць Марце духоўнага кіраўніка, каб разам з ім і з групай свецкіх людзей узяцца за выкананне гэтых Божых планаў. Далей Езус на працягу трох гадоў крок за крокам паказваў Марце, што гэта будзе за ініцыятыва, якая распаўсюдзіцца па ўсім свеце. Яна будзе названа «вогнішчам любові».
Марта нічога не спадзявалася ад сябе. Заданне было немагчымым для выканання па-людскіх мерках, але яна ведала, што Езус свайго даб’ецца. Асабліва незразумела было наконт святара. Пробашч Марты сапраўды змяніўся і быў для яе падтрымкай, але кожны мае свае межы, і Марта разумела, што яе духоўным кіраўніком будзе іншы святар. Аднойчы яна замовіла ў Ліёне абраз Марыі для новай каталіцкай школы для дзяўчат. Айцец Фаўрэ папрасіў а.Фінэта прывезці гэты абраз. Такім чынам ён хацеў пазнаёміць а. Фінэта з Мартай, бо сам разумеў, што не можа больш працягваць духоўнага кіравання Марты. Калі адбылася іхняя першая сустрэча, Марта запісала ў дзённіку, што ўбачыла менавіта той твар, які ёй паказваў Езус. Падчас гэтай першай сустрэчы Марта падрабязна расказала а.Фінэту, што ён павінен зрабіць, чаго прагнуць ад яго Езус і Багародзіцца. Ён арганізуе першае «вогнішча любові». Усё распачнецца з рэкалекцый для дзяўчат і жанчын. Яны адбудуцца ў заснаванай школе, але трэба будзе стварыць найперш матэрыяльную базу. Рэкалекцыі будуць адбывацца на працягу пяці дзён у маўчанні. Айцец Фінэт павінен будзе падрыхтаваць казанні і канферэнцыі. На ўсе практычныя пытанні Марта адказвала, што так хоча Езус і Ён з Марыяй пра ўсё паклапоцяцца. Калі святар сказаў, што павінен запытацца дазволу ў сваіх духоўных уладаў, Марта адказала, што ўсё павінна адбывацца ў паслухмянасці Касцёлу. Марта нават назвала даты, калі дакладна павінны адбыцца гэтыя рэкалекцыі.
Усё гэта адбылося падчас першай сустрэчы. Айцец Фінэт быў у шоку. Найперш ён пайшоў да сваіх уладаў, а пасля да біскупа. На дзіва, атрымаў усе дазволы і пастырскае благаслаўленне. На першыя рэкалекцыі прыехалі 33 жанчыны з усяго свету. Ніхто не ведаў, як яны тут сабраліся – бачылі ў гэтым асаблівую руку Дзевы Марыі. Праз нелькі месяцаў адбыліся чарговыя два туры рэкалекцый.
У 1940 годзе, калі ў самым разгары была вайна, а Францыя капітулявала, Марта атрымлівае ад Госпада дакладныя інструкцыі пра новы дом для «вогнішча любові», які трэба пабудаваць. Для большасці гэта была недасягальная ідэя, але Марту падтрымаў арцыбіскуп Валансы, які чамусьці быў перакананы, што, нягледзячы на вайну, трэба будаваць вельмі вялікі дом. Ён жа таксама прызнаў сапраўднасць тых містычных рэчаў, якія адбываліся з Мартай, пасля таго як у 1942 г. Марту абследвала група дактароў, якія пацвердзілі сапраўднасць стыгматаў, а таксама тое, што Марта не есць і не спіць.
Асноўны прынцып «вогнішча любові» быў заснаваны на тым, што мужчыны і жанчыны пачыналі жыць разам у адным доме як адна вялікая сям’я. Гэтая «сям’я» была паслухмяная святару, які таксама жыў разам з імі. Людзі не складалі ніякіх шлюбаў. Тое, што іх павінна аб’ядноўваць, – гэта бескарыслівая і некрывадушная любоў. Таму Марта пісала, што Езус хоча праз іх учыніць вялікія рэчы, а найбольшае – гэта вызваліць ад саміх сябе.
МІСТЫК, ЯКІ ЎПЭЎНЕНА СТУПАЎ ПА ЗЯМЛІ
Гэтыя словы некалі прагучалі ў адносінах да святога Ігнацыя Лаёлы. Безумоўна, іх можна аднесці таксама і да Марты. Для большасці людзей містык – гэта дзіўны чалавек, які жыве сваім рэлігійным светам і не мае дачынення да звычайнага, смяротнага жыцця. Марта многіх шакавала сваёй прастотай. Яна ўмела размаўляць з кожным чалавекам, незалежна ад яго адукацыі, перакананняў ці грамадскага статусу. Найбольш Марта размаўляла з членамі новаствораных супольнасцяў. Многіх здзіўляла, што такі чалавек ажно настолькі арыентуецца ў грамадскіх падзеях і ў бытавых ці проста жыццёвых пытаннях.
Нягледзячы на такое моцнае Божае бласлаўленне, Марта ўсё жыццё вельмі цярпела. Асабліва моцна гэта праявілася напрыканцы жыцця. Злы дух імкнуўся адпомсціць Марце за тое, што яна так шмат людзей прывяла да Бога. Нягледзячы, што Марта была поўнасцю спаралізаванай, яе некалькі разоў знаходзілі скінутай на падлогу, а на падваконні былі разбітыя вазоны з кветкамі. Маці Марты распавядала, што злы дух выбіў ёй два зубы. Айцец Фінэт і адзін доктар былі сведкамі таго, як аднаго разу нейкая незразумелая сіла некалькі разоў на іхніх вачах ударыла Марту галавой аб сцяну. Марта нічога не памятала, а святар моцай святарскага слова выгнаў усе дэманічныя сілы з памяшкання. Усе гэтыя мучэнні скончыліся 6 лютага 1981 года. Вядома, што чалавек, які ўвесь час цяжка хварэе, можа памерці ў любую хвіліну. Тым не менш, многія сустрэлі смерць Марты як нечаканасць. Тым больш, што яна адыйшла да Госпада ў той момант, калі супольнасці «вогнішча любові» перажывалі цяжкасці і ім была патрэбная яе падтрымка. У дадатак да ўсяго, Марта вельмі моцна пераносіла на сабе боль з прычыны крызісу святарства ў Каталіцкім Касцёле. Памерла яна ў самотнасці ў пятніцу, як заўсёды, перажываючы агонію Хрыста. Была гэта першая пятніца месяца, калі ў Касцёле асаблівым чынам пакланяюцца Сэрцу Езуса. Напярэдадні смерці Марта прасіла, каб яе не пакідалі адну, таму што злы дух абяцаў знішчыць яе, але потым з невядомых прычынаў яна сама ў апошнія хвіліны жыцця, за дзень да смерці, нібы ведаючы, што адыходзіць, вельмі моцна прасіла, каб яе пакінулі адну. Знайшлі яе скінутай на ледзяную падлогу.
Адзін з членаў супольнасці «вогнішча любові» а. Колан, які быў таксама доктарам, наступным чынам апісаў Марту пасля смерці. Яна важыла ад 25 да 30 кілаграмаў, перакрыўленыя вусны і ніводнаго зуба. На дзіва, яна зусім не мела пролежняў, а скура была гладкай, як у малога дзіцяці. Цела Марты, згодна з яе пажаданнем, апранулі ў белую сукенку, у якой дзеці прымалі Першую Святую Камунію. У пахаванні прыняло ўдзел 7 000 вернікаў, 205 святароў, 5 біскупаў і 3 абаты.
Падлічылі, што падчас хваробы Марту адведала больш за 106 000 чалавек, каля 600 святароў і каля 60 біскупаў, кардыналаў і абатаў. На ўрачыстасць Спаслання Духа Святога распачаўся беатыфікацыйны працэс Марты, які складаўся з 17 000 старонак розных дакументаў.

МАРТА РОБЭН І СВЯТАРЫ
Асаблівым, а можа і найважнейшым пакліканнем Марты было заступніцтва за святароў. Марта за іх малілася, ахвяроўвала сваё цярпенне. І невыпадкова, што заснаваныя супольнасці «вогнішча любові» збіраліся вакол святароў. Марта, якая асаблівым чынам перажывала Хрыстовую Ахвяру ў кожную пятніцу, нібы нейкім унутраным бачаннем прымала дар святарства. Многія святары адкрылі сваё пакліканне, дзякуючы Марце. Нічога дзіўнага, што так шмат іх прыходзіла да яе і што так шмат духоўных было на пахаванні. Яны прыехалі падзякаваць Богу за дар Марты.
Марта бачыла многія грахі святароў. Яна ўсведамляла многія цяжкасці, якія яны перажываюць. Пасля сэксуальнай рэвалюцыі ў Францыі шмат святароў пакінула святарства, страцілі веру або пачалі жыць у грахах. Яшчэ й сёння час ад часу ўсплываюць некаторыя скандальныя гісторыі таго перыяду. Марта многае ведала і разумела. Яна была крытычная да святароў, аднак асаблівым чынам бачыла ў іх Бога. Марта пісала: Для мяне няма святароў, якія ўпалі. Ёсць толькі параненыя святары. Езус любіць святароў… Дзева Марыя таксама любіць святароў… а асабліва параненых. Яны абавязкова павінны ведаць, што іх любяць! Большасць з іх нясе на сабе раны… з прычыны браку любові.
Марта бачыла не толькі знешняе ў чалавеку. Яна мела дар бачыць сэрца і пачаткі чалавечага болю. Менавіта таму яна была крытычная да святароў, але не асуджала іх. Падобнае стаўленне было ў яе і ў адносінах да брата, які з прычыны моцнага фізічнага цярпення застрэліўся. Марта перажыла шок. Ёй цяжка было згадзіцца з тым, што яна нічога не магла зрабіць, каб выратаваць яго. Яна плакала і малілася за брата чатыры тыдні. Яна ахвяроўвала за яго свой боль і пакуты. Пасля чатырох тыдняў атрымала перакананне ад Госпада, што Бог прабачыў брата і ён цяпер у небе. Пасля гэтага здарэння Марта перастала асуджаць самагубцаў, хаця на той час у Касцёле да самагубцаў было адназначнае асуджэнне. Яна ў многіх лістах імкнулася падтрымаць сем’і самагубцаў.
Марта малілася, каб святары асабліва адчулі голад Бога, каб нічога не хацелі рабіць без Яго, каб усе свае суцяшэнні і радасці знаходзілі толькі ў Ім. Марта вельмі моцна малілася не аб актыўнасці святароў ці асаблівых харызматах, але аб дары духоўнага голаду. Яна разумела, што без жывых адносінаў паміж святарамі і Богам у Касцёле нічога не зменіцца. Святароў яна называла множыцелямі. Калі святар не памнажае дабра, то пачынае множыць зло.
У размовах са святарамі Марта пыталася, колькі яна ядуць і колькі спяць, а часам заахвочвала да паслухмянасці, падбадзёрвала для місійнай працы, заахвочвала да ахвярнай працы ў камуністычных дзяржавах. У размове з адным святаром з Кітая, які шмат апавядаў пра крывавы пераслед вернікаў у гэтай дзяржаве, Марта ўвесь час яго перапыняла і дапаўняла яго гісторыі. Урэшце ён крыху раззлаваўся і спытаўся: адкуль вы ўсё гэта ведаеце? На што Марта адказала: ведаеце, Езус наведвае Кітай так часта… Марта ведала пра падзеі ў Кітаі праз дар пазнання. Гэта далёка не адзіны выпадак, калі Марта бачыла ці разумела некаторыя ўтоеныя рэчы, насуперак усялякай логіцы. Напрыклад, перад адной Святой Імшой яна сказала а. Фінэту, што ў капліцы знаходзіцца чатыры чалавекі, якія не могуць прабачыць. І сапраўды так аказалася. Гэтыя людзі павінны былі выйсці з капліцы.
Для некаторых святароў было вялікай Божай ласкай удзяляць Марце Святую Камунію. Адзін з іх апавядаў, што як толькі Марта прыняла Камунію, яна раптам перастала размаўляць і замерла. Святар стаў сведкам яе містычных перажыванняў. На наступны дзень яна ні слова не сказала пра тое, што з ёю здарылася, але гаварыла пра тое, што ўдзельнікам рэкалекцый не хапае ежы і трэба паклапаціцца пра арганізацыю. Святар засведчыў, што Бог цудоўным чынам паказаў яму сваю Жывую прысутнасць у Эўхарыстыі праз свецкага чалавека.
Нягледзячы на асаблівае пакліканне і служэнне святарам, Марта і а. Фінэт найбольш выцерпелі менавіта з боку святарства. Марта хацела, каб супольнасці «вогнішча любові» атрымалі афіцыйны дазвол Ватыкану і каб былі зацверджаныя іх статуты. Нягледзячы на падтрымку многіх вядомых тэолагаў, а таксама кардыналаў і біскупаў, да справы дайшла касцёльная бюракратыя. «Вогнішчам любові» заняўся святар, які не ведаў Марты і не меў ніякага дачынення да дадзенай справы. Ён зацвердзіў для супольнасцяў правілы, якімі жылі манахі, на што не магла згадзіцца сама Марта, як і ўсе ўдзельнікі «вогнішча любові». Справа атрымалася настолькі скандальнай, што Марта папрасіла, каб каля яе дому паставілі ахову, каб не пускаць згаданага святара ў дом. Марта так і не дачакалася шчаслівага фіналу гэтай справы. Дазвол з Ватыкану выйшаў у 1986 г., пасля смерці Марты. Апроч фізічных і духоўных пакутаў, Марта напрыканцы свайго жыцця сустрэлася з подласцю, падманам і недаверам тых, каму так прагнула служыць, – з боку духавенства.
Тым не менш Марту з усёй упэўненасцю можна назваць маці абнаўлення Касцёла не толькі ў Францыі, але і ва ўсім свеце. Яна аказала ўплыў не толькі на біскупаў, кардыналаў і вядомых каталіцкіх багасловаў, але таксама на заснавальнікаў іншых вядомых каталіцкіх рухаў і супольнасцяў, такіх, як супольнасць Эммануэль, Бласлаўленняў (раней – Леў Юды), Манастычныя Супольнасці Ерузалемскія і г.д. Сёння яны аб’ядноўваюць дзесяткі тысячаў вельмі актыўных каталікоў, якія маюць свае «кляштары» не толькі ў Францыі, у Еўропе, але таксама ў Афрыцы, Азіі і Амерыцы.