Адказы на пытанні і разважанні пра Царкву ігумена Пятра Мяшчэрынава, узятыя з розных крыніц, але аб’яднаныя агульнай тэмай.
Што такое царква?
Гэта супольнасць хрысціян. Царква ўстаноўлена Богам, каб у ёй усё было аб'яднана для збаўлення.
Ці знаёмы вам вопыт узаемадзеяння з ласкай Божай?
Так, знаёмы. Ласка ад Таінстваў — гэта пачатковы вопыт. Ёсць такі тэрмін у багаслоўі — “апераджальная або прывабліваючая ласка”. І яна з’яўляецца асабліва моцнай для людзей, якія толькі ўваходзяць у Царкву, а пасля могуць адбывацца змены і ў адваротны бок.
Што такое ласка? Ласка — гэта дзеянне Божае ў чалавечай душы. Адчуванняў можа не быць, але змена паводзін будзе заўважная. У Царкве гэта называецца пакаяннем, або «метанояй» — зменай ладу думкі, і гэта адбываецца заўсёды. А пачуцці? Вядома, гэты працэс можа суправаджацца і вельмі глыбокімі перажываннямі, але нешта экстраардынарнае прысутнічае не заўсёды, нават без яркіх пачуццёвых праяў перамена жыцця можа быць дастаткова выразнай.
У чым сэнс Царквы?
У адносінах чалавека з Ісусам Хрыстом. Справа тут зусім не ў супольнасці, якую знаходзім у Царкве. Супольнасць — гэта вынік, Царква — не прычына, а вынік. Зараджэнне веры — заўсёды глыбока асабістая, інтымная падзея, якая адбываецца толькі паміж чалавекам і Богам. Калі гэта ажыццявілася і чалавек адчувае, што не можа трымаць у сабе такое багацце, тады і пачынаецца Царква. Але ж чалавек не сам па сабе жыве, яго атачаюць іншыя людзі, таму Царква — гэта не толькі пра адносіны з Богам, але яшчэ і з бліжнімі. Чалавек — сацыяльная істота і Гасподзь не выпадкова даў дзве запаведзі: першую і галоўную — любоў да Бога, а другую падобную ёй — любоў да бліжняга. Таму сэнс Царквы заключаецца ў зносінах з Богам, у веры, якая дзейнічае любоўю і, калі чалавек усё гэта смакуе, зносіны з Богам ператвараюцца ў супольнасць.
Навошта чалавеку Царква? Няўжо нельга без Царквы будаваць адносіны з Богам?
Перамены ў чалавеку, яго аздараўленне адбываюцца тады, калі ён датыкаецца да Бога. Дакладней, Гасподзь Сам дакранаецца яго. І ўжо Бог прыводзіць чалавека ў Царкву. Я ў гэтым упэўнены. Але на першым месцы, сапраўды, ляжаць асабістыя адносіны чалавека і Бога. Царква ў большай ці меншай ступені можа дапамагаць іх развіццю, але гэта залежыць ужо ад самога чалавека і яго стасункаў з Богам. І так, яна несумненна патрэбна ў гэтым аспекце.
Можна быць хрысціянінам без Царквы ці гэта немагчыма?
Думаю, што нельга. Але тут адразу ўступюаць ў сілу пытанні “Што такое Царква?” і “Што такое «хрысціянін»?”, таму што такімі агульнымі паняццямі цяжкавата аперыраваць. Хрысціяне — тыя, у якіх па словах апостала Паўла “верай ў сэрца ўсяліўся Хрыстос”, аб'ядноўваюцца ў натуральным парадку, як магнітам прыцягваюцца адзін да аднаго і ўтвараюць Царкву як супольнасць. Тады ўсё становіцца на свае месцы і служыць развіццю адносін з Богам.
Многія людзі сцвярджаюць, што ім не патрэбна Царква для таго, каб падтрымліваць адносіны з Богам, бо маліцца, мяняцца ў лепшы бок можна і па-за яе сценамі. Неабходны менавіта асабісты досвед узаемадзеяння з Царквой, каб зразумець тое, пра што мы гаворым?
Часта здзяйсняецца важная педагагічная памылка, калі за аснову бярэцца грэх і барацьба з ім. З гэтага адносіны з Богам не пачынаюцца і не могуць пачацца. Я ведаю, што такі пункт гледжання надзвычай распаўсюджаны ў нашай прыхадской педагогіцы, але я лічу яго няслушным, таму што Царква пачынаецца ад узаемадзеяння чалавека і Бога. Калі Гасподзь дакранаецца сэрца і чалавек разумее, што Ён яго любіць. І ў святле гэтага чалавек пачынае бачыць свае грахі, свае неадпаведнасці да Бога, да Яго любові, тады працэсы барацьбы з грахом уступаюць у сваю сілу і спатрэбіцца царкоўная дапамога. Але я лічу памылкай казаць чалавеку: убач свае грахі. Бо ён не можа ўбачыць не таму, што дрэнны, а таму што бачанне грахоў — гэта не галоўнае ў хрысціянстве і яно магчыма толькі тады, калі Бог пакажа чалавеку грэх. Хрыстос перш за ўсё заклікаў да пакаяння, але наша паняцце пакаяння, як выяўлення граху, не адпавядае грэцкаму паняццю «метаноя», што азначае перамену розуму, перамену ладу думак.
Што трэба засвоіць становячыся членам Царквы?
Трэба шмат чаго засвоіць. Між тым трэба засвоіць, што знешняя інстытуцыйная царкоўнасць, а таксама эстэтычнае аздабленне царквы — гэта такое мноства, якое не супадае цалкам з Госпадам Ісусам Хрыстом. Царква — гэта не мэтавая кропка, не прычына, а вынік, не мэта, а сродак для зносін з Богам. Але на першым і галоўным месцы павінен стаяць Гасподзь. І, на жаль, за дзве тысячы гадоў царкоўнай гісторыі назапасілася многае, што перашкаджае людзям убачыць за царкоўнымі аздабленнямі Госпада. Гэта не значыць, што трэба разварочвацца і адыходзіць ад Царквы, але варта проста гэта ведаць і разумець. А задача пастыра — не ствараць такую ружовую карцінку, якая паказвае, што ў Царкве ўсё на сто працэнтаў ідэальна, а рыхтаваць чалавека да рэальнага царкоўнага жыцця.
Што вам дала Царква?
Я вельмі ўдзячны Богу за тое, што Ён прывёў мяне да Сябе яшчэ да Царквы. Гасподзь прывёў мяне ў праваслаўе, але гэта для мяне не мэтавая і не цэнтральная рэч, а сродак, які дапамагае быць у асяроддзі набажэнстваў. Праблема ў тым, што ў прыхадскім жыцці духоўнае ўзрастанне назіраецца не вельмі часта, людзі ходзяць па колу з году ў год і гэта тое, над чым трэба думаць пастырам. Гэта не да канца праблема людзей, а хутчэй царкоўнай педагогікі, не вельмі прапрацаванай з улікам сучаснасці. Тое, што працавала для традыцыйнай супольнасці XVI-XVII стагоддзя, зараз працуе горш ці зусім не працуе.
Ці нельга чалавеку проста прыйсці да Бога? Навошта трэба ведаць так шмат усяго царкоўнага? Ці нельга без гэтага абысціся? Занадта шмат у Царкве фактараў, якія адцягваюць увагу ад галоўнага, хіба не?
Мой добры знаёмы, чалавек які сапраўды шукае Бога, заве ўсё гэта “Хрыстос+”. Царква — гэта, несумненна, месца яднання з Хрыстом і ў Хрысце, але ў дадатак да гэтага атрымліваем занадта вялікі “плюс”, які людзей можа проста збіць з панталыку і паслужыць ім дэзарыентацыяй. І гэта адна з пастырскіх праблем і адна з галоўных задач катэхізацыі — расстаноўка іерархіі каштоўнасцяў. Царква змяшчае ў сабе вялікае багацце ўсяго, але іншая справа, калі занадта дбайная пастырская педагогіка навязвае чалавеку, што ўсё гэта ўваходзіць у яго абавязкі і ўсім трэба карыстацца. Тады мы сапраўды гаворым пра “Хрыстос+” і Сам Хрыстос можа пад гэтай кучай каштоўнасцяў знікнуць. І так бывае.
Па-за Царквой няма збаўлення?
Гэта такое яскравае выказванне лозунгавага характару і трэба дакладна вызначаць што мы маем на ўвазе пад “Царквой” і што значыць “збаўленне”. Ёсць іншы варыянт гэтага ж сцвярджэння: “Каму Царква не маці, таму Бог не айцец”. Так сказаў свяціцель Кіпрыян Карфагенскі і там відавочны кантэкст — гэта пра ганенні і расколы. Але калі мы распаўсюджваем такія выказванні, то асабіста я не адважуся разважаць на гэтыя тэмы, таму што тады атрымліваецца, што мы Богу загадваем каму Ён айцец, а каму не айцец, каго Ён выратуе, а каго не выратуе. Тут, мне здаецца, нам трэба быць больш сціплымі.
А дзе межы Царквы?
Царква — гэта супольнасць хрысціян. Хто такія хрысціяне? Калі браць апостала Паўла, то ён кажа, што “вы памерлі і жыццё ваша ўтоена з Хрыстом у Богу, Хрыстос вераю павінен усяліцца і быць у душах вашых, вы павінны мець розум, як у Хрыста”. Апостал Іаан Багаслоў сцвярджае, што “хто кажа, што знаходзіцца ў Ім, павінен рабіць так, як Ён рабіў”. Сам Хрыстос кажа, што “хто любіць Мяне, і выконвае запаведзі Мае, да таго прыйдзем з Айцом і жыллё ў яго зробім”. Таму так, Хрыстова этыка несумненна паказчык прыналежнасці да супольнасці хрысціян.
З часам гістарычна атрымалася так, што вера ўсё больш і больш тлумачылася і кожнае вызначэнне той ці іншай дэфініцыі цягнула за сабой раздзіранне адзінага Цела Хрыстовага, што ў чацвёртым стагоддзі, што потым — у адзінаццатым. Таму межы Царквы — гэта пытаньне ўсё яшчэ адкрытае, таму што Праваслаўная Царква саборна не вызначыла сваіх межаў.
А католікі і пратэстанты гэта Царква?
Так, несумненна Царква. Тут я магу спаслацца на мітрапаліта філарэта Маскоўскага, які казаў, што ні адну супольнасць, якая вызнае Ісуса Хрыста Сынам Божым і верыць у Яго ўваскрашэнне не адважыцца назваць не Царквой, а дакладней не адважыцца назваць не хрысціянскай супольнасцю. Падобна як і ў мінулым пытанні мы не можам судзіць за Бога. Бог не даў нам знакаў, што католікі і пратэстанты, якія шчыра вераць у Хрыста і выконваюць Яго запаведзі не з'яўляюцца Царквой. А ў выпадку з каталіцтвам нават атрымліваецца дзіўна, што праваслаўе прымае ўсе каталіцкія сакрамэнты, а ў пратэстантаў прымае хрышчэнне, і нелагічна з упэўненасцю казаць, што гэта не Царква.
А чаму тады не прычашчаемся разам?
Дзеля паслухмянасці царкоўнай дысцыпліне.
Якой вы бачыце “будучыню Царквы”?
Я буду зыходзіць з таго, што вучні Хрыста (а менавіта з іх, і ні з каго больш, толькі і можа складацца сапраўдная Хрыстова Царква) — гэта заўсёды “малы статак”. Гістарычна з IV стагоддзі зямная Царква, стаўшы дзяржаўнай, ператварылася ў “вялікі статак” (гэта не абразлівы тэрмін — гаворка ідзе пра хрысціян па нараджэнні, па традыцыі і да т.п.). І ўся гісторыя Царквы складаецца цяпер з узаемадзеяння “малога статка” і “вялікага статка”.
Характэрнай прыкметай “вялікага статка” з'яўляецца яго “агульнарэлігійнасць”. Яму не патрэбная спецыфіка хрысціянства (“адрачыся ад сябе”, “палюбіць ворагаў”, “не збіраць сабе скарбаў на зямлі” і г.д.). Для яго з’яўляецца важным выкананне агульна-рэлігійных патрэб. Адсюль разнастайная сакральнасць, рытуальнасць, храмавасць і інш., якая гістарычна замацаваліся ў хрысціянстве. Гэта не добра і не дрэнна само па сабе; усё залежыць, як сёння модна казаць, ад “усвядомленасці”, ад унутранага стаўлення да гэтай царкоўнай знешнасці, ад яе месца ў духоўнай іерархіі чалавека.
На мой погляд, зусім не трэба турбавацца пра лёс знешняй царквы. Розныя цэрквы будуць існаваць і так ці інакш квітнець заўсёды. Трохі будуць мяняцца формы гэтага існавання, узаемадзеянне царкоўных структур са светам, але “вялікаму статку” і яго царкве ўсё гэта ніякім чынам пагражаць не можа. Людзі нараджаюцца, уступаюць у шлюб і паміраюць — адпаведна, хрысцяцца, бяруць шлюб і адпяваюцца; яны вераць у “нешта такое”, трывожацца за сябе і блізкіх, баяцца будучыні і інш. — адпаведна, падпарадкоўваючыся такім жаданням, ідуць у храм, спадзеючыся (і верачы) вырашыць свае праблемы метафізічна-рытуальна. Гэтая агульнарэлігійнасьць і будзе заўсёды задавальняцца Царквой.
А вось узаемаадносіны “вялікага” і “малога” статка трансфармавацца будуць. “Малы статак” усё менш будзе знаходзіць кропак судотыку з “вялікім”. Усё меншае значэнне для “царквы большасці” будзе мець жывая і крытычная царкоўная думка, сапраўдная духоўная адукацыя і, галоўнае — тое, пра што я гадамі кажу — навучанне сапраўдным адносінам з Хрыстом.
Гасподзь не пакіне ні свой вялікі, ні тым больш малы статак. Вялікі статак Ён будзе навучаць і караць (Гбр 12, 6), а малому статку Ён няспынна кажа: “не бойся”. Адзінае, чаго трэба баяцца “малому статку” — гэта ўзносіць сябе і асуджаць іншых (у гэтым выпадку хрысціянін аўтаматычна перамяшчаецца ў “вялікі статак”).
Пра расцаркаўленне
Усе людзі, якія шчыра шукаюць жыцця ў Хрысце, праходзяць пэўны працэс расцаркаўлення. У праваслаўнай літаратуры ён не апісаны. Калі чалавек расцаркаўляецца, яму надакучваюць службы, ён губляе ў гэтым цікавасць і сэнс, душа патрабуе чагосьці больш шырокага, а царкоўная рэчаіснасць не дае альтэрнатывы. Пастыры для такіх людзей маюць толькі адзін адказ: што яны самі зрабілі нешта няправільнае на сваім духоўным шляху, што яны ганарлівыя, не пакорлівыя. Неабходна папасціцца, памаліцца і духоўнае жыццё наладзіцца. Усё таму, што працэсу расцаркаўлення няма ў нашай пастырскай метадалогіі, ёсць толькі метадалогія пачатковага ўцаркаўлення, калі чалавек знешне ўцаркаўляецца і яму прапануецца рухацца па гэтаму колу ўсё яго жыццё. Але ў пэўны момант спатрэбіцца нейкая альтэрнатыва, таму што надыходзіць непазбежны этап, калі Бог хоча чалавека перавесці на новую ступень унутранага, больш засяроджанага жыцця. І ўсе гэтыя ступені вельмі індывідуальныя. Галоўная пастырская задача тут — дапамагчы чалавеку вызначыць свой шлях у гэтых шырокіх рамках евангельскай царкоўнасці, але мы не маем для гэтага канкрэтных інструментаў. Пратэстанты яшчэ ў XVII-XVIII стагоддзі апісалі падобныя працэсы і шляхі вырашэння звязаных з імі духоўных праблем, а мы ўсё яшчэ шукаем…
Пры падрыхтоўцы тэксту былі выкарыстаны наступныя крыніцы:
https://www.youtube.com/watch?v=uzPaSiyfzQA
https://www.youtube.com/watch?v=rjcHV6r758w