Пачынаем цыкл, звязаны з пазнаваннем Бібліі. Гэта не будуць каментарыі да самой Бібліі ці да канкрэтных урыўкаў Святога Пісання. Гэта хутчэй уводзіны, каб разумець, што такое Біблія, навошта яна, як яе чытаць і што гэта за рэсурс.
Першая тэма гучыць фундаментальна: “Навошта нам Біблія?” Калі мы не можам адказаць на гэтае пытанне, то ў нас не будзе ніякіх духоўных і чалавечых рэсурсаў, каб яе пазнаваць і ў ёй разбірацца.
Калі чалавек ведае “навошта”, ён ведае “як”.
Я бачу, як гэтая знакамітая фраза філосафа Ніцшэ працуе ў многіх выпадках. І нашая тэма — не выключэнне. Калі чалавек будзе ведаць, навошта яму Біблія і якое значэнне яна мае для духоўнага жыцця, адносін з Богам, ён знойдзе рэсурсы, каб пазнаваць Слова Божае. А калі не ведае вартасці гэтага, то знойдзе тысячы апраўданняў, чаму не можа яе чытаць.
Калі паглядзім на дзейнасць Хрыста, убачым, што вакол Яго збіраецца велізарная колькасць людзей. Так паказвае Евангелле. Гэта людзі вельмі розныя: садукеі, фарысеі, пасланцы Ірада, язычнікі, рымскія легіянеры, зелоты, габрэі з Юдэі і галілейцы.
Але збольшага ўсе гэтыя людзі дзеляцца на дзве групы: натоўпы і вучні. Што характэрна для натоўпаў? Я вылучаю тры галоўныя рысы.
Першая рыса натоўпу — інтарэс. Гэта людзі, якія прыходзяць да Хрыста, таму што ім нешта трэба. Яны бачаць цуды, але не спрабуюць іх зразумець. У моманце размнажэння хлеба Гасподзь кажа: “Не таму, што вы бачылі знак, шукаеце мяне, а таму, што елі хлеб дасыта і насыціліся”.
Знак — гэта скрыты пасыл, інфармацыя, якую трэба расшыфраваць. Але людзі ўбачылі ў гэтым толькі выгаду. Яны чакаюць аздараўлення ці вырашэння сваёй фінансавай праблемы. Сёння таксама пераважная частка людзей у хрысціянскіх святынях — гэта людзі, якім нешта ад Бога трэба. Я ласкава называю іх “людзьмі інтарэсу” або “людзьмі бізнесу”.
Часта да святара прыходзяць і кажуць: “Памаліцеся, а мы за гэта гатовыя грошы заплаціць ці свечкі паставіць. Але самі маліцца не будзем”. Гэта прадпрымальнікі, якія падпісваюць дамовы: адзін дастаўляе тавар, другі плаціць. Калі Хрыстос выганяе злых духаў — гэта таксама спецыфічны бізнес для такіх людзей. Ім патрэбны не сам Бог, ім трэба вызваліцца ад зла. Часам сюды дадаецца яшчэ і палітыка ці патрыятызм (“мы католікі, мы беларусы”). Гэта таксама свой інтарэс.
Другая рыса натоўпу — пошук сенсацыі і эмоцый.
Жыццё нуднае, а духоўны свет — нешта непазнанае, таму людзі шукаюць цудаў, знакаў і спецэфектаў. Фарысеі ўвесь час патрабуюць: “Які нам знак учыніш, каб мы паверылі табе?” Ім увесь час нечага мала. І ў нашыя часы назіраецца велізарная папулярнасць тэмы экзарцызмаў, звышнатуральнага (серыялы пра вампіраў, эзатэрыка). Часам людзі шукаюць містыкі: “Бог дае знакі!”, “Нехта падчас малітвы ўпаў!”
Сюды ж адносіцца эмацыйнасць. Чалавек шукае перажыванняў. Калі ён памаліўся і не перажыў нейкай радасці, то адразу расчароўваецца. Але нідзе Гасподзь не казаў, што будзе дзейнічаць наступная заканамернасць: ты молішся і адразу адчуваеш прысутнасць Божую. Такія пошукі эмоцый — гэта таксама спецыфічны бізнес для сябе самога.
Трэцяя рыса натоўпу — сляпая прыхільнасць да традыцыі.
Фарысеі, якія ўвесь час спрачаюцца з Хрыстом, маюць прэтэнзіі, што Ён парушае традыцыі. Што такое традыцыя ў іх разуменні? Так заўсёды было. Так нас выхавалі. Так рабілі мае дзяды. Так прынята ў нашай парафіі.
Людзі, якія думаюць такімі катэгорыямі, не задаюць пытанне: “А ці па-Божаму гэта? Як Гасподзь на гэта глядзіць?” Хрыстос ідзе насуперак традыцыі старэйшын. Яны мелі рацыю тады, але цяпер часы памяняліся. А Хрыстос здольны рабіць цуды ў шабат, Ён благаслаўляе дзяцей, размаўляе з самаранкай, сядзіць за сталом з мытнікамі. Гэта зусім не ўпісваецца ў іх рамкі.
Хто такія вучні Хрыста? Адразу варта ўдакладніць: вучні — гэта не толькі апосталы. Апосталаў (пасланых) Хрыстос выбраў з вучняў. Вучняў былі сотні, сярод іх і мужчыны, і жанчыны. Па сутнасці, вучні — гэта і ёсць хрысціяне.
Тое, што людзі заходзяць у святыню ці збіраюцца вакол Хрыста, яшчэ ні пра што не гаворыць. Ірад таксама хацеў Яго бачыць. Вучні — гэта катэгорыя людзей, якія пакарыліся Яму. Для якіх Ён стаўся важным, і яны зрабілі свядомы выбар Яго слухаць.
У старажытных школах філосафаў не было абавязку сядзець і слухаць. Гэта павінен быць уласны выбар: гэты чалавек мудры, і я хачу падобнаму навучыцца. Аўтарытэт Хрыста закрыў для вучняў тэму традыцый, уласнай выгады і сенсацыйнасці.
Вяртаемся да нашага пытання. Біблію не будуць чытаць людзі, якія не прынялі рашэнне стаць вучнямі Хрыстовымі. Не здзіўляйцеся, што большасці католікаў Біблія нават не патрэбная. Яны жывуць традыцыямі: у нядзелю на Імшу, пара разоў на год да споведзі.
Яны выконваюць гэтыя пункты і пытаюцца: “Што ты ад нас яшчэ хочаш? Мы цяжка не грашым, прадпісанні выконваем”. Але гэта не вучні. Вучань хоча ведаць, што гаворыць Настаўнік, каб разабрацца ў гэтым і каб гэта паўплывала на яго жыццё. Ісці за Хрыстом — значыць увайсці ў Ягоную школу.
Я памятаю навяртанне аднаго з маіх падапечных з калоніі. Гэта быў суровы чалавек, які сядзеў за забойства. Ён пачаў маліцца: “Божа, памажы мне, аздараві ад хвароб, памажы родным”. Гэта яшчэ была малітва з катэгорыі “бізнесу”. Але раптам у турэмным дворыку ў яго ўзніклі пытанні: “Божа, а Ты ад мяне нечага хочаш? Я хачу Табе паслужыць. Што я магу для Цябе зрабіць?”
Ён сам здзівіўся. Ён жа Бог, у Яго ўсё ёсць! І тады Дух Святы да яго прамовіў: “Я хачу, каб збавіліся ўсе, і ты мне дапаможаш у гэтым”. З таго часу ён пачаў евангелізаваць у турэмнай бальніцы.
Мяне вельмі ўразіла гэтае пытанне: “Ты Бог, а які Твой характар? Чаго Ты чакаеш?” Як мала веруючых задаюць такія пытанні! Калі яны не ўзнікаюць, навошта вам Біблія? У Кнізе Дзеяў Апосталаў напісана, што менавіта вучняў Хрыстовых назвалі хрысціянамі ў Антыёхіі. Хрысціяне — гэта не проста тыя, каго ў дзяцінстве прынеслі і пахрысцілі. Гэта тыя, хто стаў вучнем.
Калі я вучыўся ў Гародні, мне прысылалі пісьмы блізкія людзі. Я не мог іх не чытаць! Я іх захоўваў, бо гэта людзі для мяне важныя. Як можна пазнаваць Бога, не чытаючы таго, пра што Ён прапаведаваў? Немагчыма быць хрысціянінам усур’ёз, калі ты не зацікаўлены Ягоным словам. Гэта абсурд.
Святы Еранім, які прысвяціў жыццё перакладу Бібліі, сказаў знакамітыя словы:м“Хто не ведае Пісанняў, той не ведае Хрыста”.
Для мяне асабіста фундаментальны момант пазнавання майго Настаўніка — гэта Святое Пісанне. У Евангеллі ад Яна Пан Езус адказвае фарысеям: “Маё вучэнне не маё, а Таго, Хто паслаў Мяне. Калі хто хоча выконваць волю Яго, той даведаецца, ці ад Бога вучэнне”.
Калі ў сэрцы ёсць жаданне выконваць волю Айца, раней ці пазней людзі пачынаюць вывучаць Біблію і разбірацца ў ёй.
Пан Езус кажа: “Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі”.
Запаведзі — гэта не толькі 10 пунктаў. Гэта ўсё тое, што сказаў Хрыстос. Ён прапаведаваў тры гады. Няўжо Ён мог рабіць нешта пустое, на што мы можам махнуць рукой? Пан Езус не мог нічога сказаць, не падумаўшы. У Яго словах няма рэчаў няважных.
Ёсць адна страшная ілюзія, якая нам перашкаджае — ілюзія нашай пабожнасці. Нам здаецца, што калі мы выконваем традыцыі (Імша, споведзь, камунія), то мы ўжо з Богам. Але людзі гадамі ходзяць у касцёл, а ў іх жыцці нічога не мяняецца! Яны не збіраюцца мяняцца, бо не ведаюць вучэння Хрыстовага.
Фарысеі таксама не былі страшнымі грэшнікамі: не забівалі і не былі блуднікамі. Але яны былі сляпымі. Гасподзь называў іх “мёртвымі людзьмі”, якія маюць толькі знешнюю абалонку праведнасці. І менавіта яны Хрыста здрадзілі, бо ўвогуле Яго не распазналі.
Гэта вялікая ілюзія — думаць, што традыцыямі мы можам прыкрыцца і ўсё будзе нармальна. Не. Галоўная задача — гэта пазнанне нашага Госпада.