Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Раніца з Богам

Навошта пасціцца?

Аляксандр Жарнасек
Аляксандр Жарнасек
Каталіцкі святар, марыянін, адмiнiстратар сайта
11.03.2026 праглядаў 4 хвілін праслухоўвання
Навошта пасціцца?
Навошта пасціцца.mp3
Аляксандр Жарнасек
0:00 --:--




Навошта пасціцца? Навошта нам пасты? Канечне, пытанне крыху правакацыйнае, але я спрабую задаць яго без сарказму. Сапраўды: навошта нам пасціцца?


У Евангеллі гучыць матыў, калі вучні Яна прыйшлі да Езуса і сказалі: “Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а твае вучні не посцяць?”

Вучні Яна Хрысціцеля — гэта не ворагі Хрыста. Нехта з іх потым стане апосталам, многія зробяцца Ягонымі паслядоўнікамі. Яны задаюць Хрысту не варожае, а даволі мірнае, адэкватнае пытанне: чаму мы посцім, а вы — не?


І вось на фоне гэтага я задаю сваё пытанне: навошта нам увогуле пасты? Калі наш адказ — “таму што прыйшоў Вялікі пост”, “прыйшла пятніца”, “такая традыцыя”, “так было заўсёды”, “так трэба” — то гэта вельмі слабы аргумент.

У нас тады часта проста няма рэсурсаў. Нам цяжка даюцца гэтыя пасты, бо мы насамрэч не ведаем, дзеля чаго пасціць.


Калі Давід пасціўся, ён рабіў гэта таму, што жыццё ягонага сына было пад пагрозай. Ён спадзяваўся, што сын будзе аздароўлены цудоўным чынам. Калі ж дзіця памерла, Давід адразу перастаў пасціцца. У ягоным выпадку пост быў ахвярай, якую ён складаў Богу, каб падмацаваць сваю малітву. І вось калі мы, падобна цару Давіду, ведаем, што хочам за нешта стаяць у малітве, нешта выпрасіць у Бога — тады ў нас знойдуцца і рэсурсы.

І гэта тычыцца любых практык, звязаных з вырачэннем. Нават калі чалавек посціць па-свецку — каб схуднець ці паводле медыцынскіх рэкамендацый. Гэта не рэлігійны матыў, але ён усё роўна дае рэсурсы і сілы стрымлівацца ў ежы, практыкаваць самадысцыпліну. Гэта хаця б нейкі, хай сабе і свецкі, аргумент.


Заўсёды трэба ведаць, дзеля чаго мы нешта робім, інакш не будзе рэсурсаў ні на малітву, ні на пост. Калі мы не ведаем, дзеля чаго вызваляцца ад граху, мы ад яго не вызвалімся.

Калі мы ўсведамляем, што грэх нішчыць, і хочам патрапіць у Царства Божае, тады знаходзяцца рэсурсы, каб адказаць на пытанне: “Навошта мне сябе абмяжоўваць? Навошта заганяць сябе ў рамкі?” Калі мы разумеем, дзеля чаго гэта робім, тады атрымліваецца нават з грахом змагацца. А калі змагаешся проста таму, што "трэба" — гэта не працуе.


І вось калі Пан Езус, наш Госпад, ставіць аскетычныя патрабаванні вучням, якія ідуць за Ім, мы чуем: “Той, хто не адрокся ўсяго, што мае, хто не адрокся самога сябе, не можа быць маім вучнем”.

Тут ідзе размова не пра вырачэнне дзеля самога вырачэння, як нейкі аскетычны ідэал. Маўляў, паглядзім, які ты спецназавец атрымаўся ў выніку — “круцяшка” ты ці не. Размова зусім не пра гэта, а пра тое, што калі мы ўсур'ёз хочам ісці за Госпадам, у нас проста няма рэсурсаў усюды паспець і з усім справіцца. У нас ёсць толькі сем дзён на тыдзень і дваццаць чатыры гадзіны на суткі — больш не будзе.


І таму, каб стаць вучнем Хрыстовым, нам прыйдзецца адмаўляцца нават ад добрых рэчаў дзеля важнейшых. Калі ты вызначаешся, што для цябе сапраўды важна быць вучнем Хрыста, пазнаваць Яго Слова і мець адносіны з Ім — тады ты будзеш гатовы адрачыся ад самога сябе і многіх прыемных спраў. Нашы рэсурсы абмежаваныя, таму трэба ад многага адмовіцца, каб засяродзіцца на галоўным.

Калі мы гэтага не ведаем, калі ў нас няма такой устаноўкі — што ўсё гэта дзеля Царства Божага, дзеля Хрыста і адносін з Ім, — мы не будзем выракацца саміх сябе. Бо навошта?

Падзяліцца