Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Неспакойнае сэрца

Некамфортнае Евангелле Шэйна Клейбарна

25.11.2025 праглядаў 4 хвілін чытання
Некамфортнае Евангелле Шэйна Клейбарна

Паводле закону Ньютана, на кожнае дзеянне існуе раўназначна супрацьлеглая рэакцыя. Так і сёння, калі сучасны свет дыктуе свае правілы, заклікаючы да лёгкага жыцця і празмернай зацікаўленасці толькі ў сабе, ёсць тыя, хто супрацьстаяць гэтаму. Як правіла, гэта людзі вельмі радыкальныя, якія цвярозымі вачыма ўспрымаюць рэаліі нашага жыцця. Сярод такіх знойдуцца і хрысціяне, якія ўсё больш і больш звяртаюць увагу на словы Хрыста, якія за дзве тысячы гадоў не страцілі сваёй актуальнасці. Таму прыклад дзейнасці Шэйна Клейбарна будзе надта дарэчным у гэтай тэме.


Шэйн Клейбарн — адна з самых яркіх фігур у сучасным хрысціянстве, яго можна ахарактарызаваць як актывіста і радыкальнага паслядоўніка вучэння Езуса.


Пераломны момант для яго наступіў падчас вучобы ва ўніверсітэце Усходняга Тэнэсі, ЗША. Бо менавіта тады ён адправіўся ў Калькуту, дзе некалькі месяцаў працаваў разам з Маці Тэрэзай. Гэты вопыт глыбока паўплываў на яго, умацаваўшы перакананне, што служэнне бедным і адрынутым — гэта не проста «добрая справа», а сутнасць Евангелля.


Як паслядоўнік Князя Супакою (так часта называюць Езуса), Шэйн усё больш імкнуўся стаць міратворцам у свеце. Гэта прывяло яго ў Ірак, Афганістан і іншыя зоны канфліктаў, каб паспрабаваць супрацьстаяць гвалту ва ўсіх яго агідных праявах.


Гледзячы на цяжкасці і беды людзей навокал, Шэйн усё больш пачаў разумець тое, пра што Хрыстос казаў у сваёй Нагорнай Пропаведзі. Ён верыць, што калі Езус кажа «любіце ворагаў вашых», «не супраціўляйцеся злому», «шчаслівыя ўбогія духам», гэта не метафары, а прамы заклік да дзеяння. Шэйн заклікае да добраахвотнай прастаты, лічачы, што пагоня за багаццем у заходнім грамадстве напрамую звязана з беднасцю ў іншых частках свету. Ён жыве ў простай камуне, выглядае вельмі звычайна і стараецца мінімізаваць асабісты ўзровень спажывання. Гэты хрысціянін не проста дапамагае бедным, а імкнецца жыць сярод іх, лічачы, што менавіта там можна сустрэць Бога. Яго служэнне — гэта ўзаемныя адносіны, а не дабрачыннасць «зверху ўніз». Таксама ён крытыкуе як палітычныя, так і эканамічныя сістэмы, якія, на яго думку, прыгнятаюць людзей, выступае супраць мілітарызму, смяротнага пакарання і несправядлівых эканамічных структур.


Шэйн Клейбарн вядомы не толькі словамі, але і вельмі канкрэтнымі, часта правакацыйнымі ўчынкамі. Так, у 1995 годзе ён і яго сябры заснавалі ў адным з самых бедных раёнаў Філадэльфіі хрысціянскую камуну The Simple Way («Просты шлях»). Гэта не проста група актывістаў, а сапраўдная сям'я, якая жыве сярод бедных, ствараючы супольныя сады, бясплатныя сталовыя, праграмы для дзяцей, дапамагаючы суседзям у іх патрэбах. The Simple Way стала мадэллю для дзясяткаў падобных суполак па ўсім свеце.


Акрамя таго, Шэйна часта можна ўбачыць як удзельніка мірных пратэстаў супраць смяротнага пакарання, за што часта яго затрымліваюць супрацоўнікі паліцыі. Ён удзельнічае ў мностве іншых акцый: ад раздачы бясплатнай ежы да пратэстаў на вайсковых базах.

Аднойчы ён і яго сябры выкупілі ў бяздомных прылады забойства (пісталеты, нажы) па праграме «здай зброю — атрымай грошы», а затым перакавалі іх у садовыя інструменты, літаральна ўвасабляючы біблейскае прароцтва: «перакуюць мячы свае на плугі» (Іс 2,4).


Сваім вопытам і поглядамі ён дзеліцца ў кнігах, адна з самых вядомых — «The Irresistible Revolution» («Путь. Как жить по-христиански сегодня, реально изменяя жизнь», выдадзена на рускай мове). Яна стала маніфестам для цэлага пакалення маладых хрысціян, якія шукаюць больш аўтэнтычную і радыкальную веру. У кнізе Шэйн апісвае свой шлях і заклікае да «любові, якую немагчыма ігнараваць».


Звяртаючы ўвагу на радыкалізм Хрыста, Шэйн Клейбарн з'яўляецца сузаснавальнікам руху «Хрысціяне Чырвонай Літары» (The Red Letters Christians). Дзіўная назва паходзіць ад традыцыі друкаваць у Бібліі словы Хрыста чырвоным колерам. Удзельнікі руху імкнуцца зрабіць гэтыя «чырвоныя літары» — вучэнне самога Хрыста — цэнтральнымі ў сваім жыцці, веры і палітыцы. Рух спрабуе прапанаваць альтэрнатыву, бо хрысціянства часта асацыюецца ў ЗША выключна з кансерватыўнай палітычнай павесткай (супраць абортаў, за права на зброю і г.д.). Red Letter Christians факусуюцца на сацыяльнай справядлівасці, клопаце аб стварэннях і экалогіі, міратворчасці і дапамозе бедным — тэмах, пра якія шмат і прама казаў Езус.


Уся дзейнасць Клейбарна — гэта практычна даслоўнае прытрымліванне прынцыпаў Хрысціян Чырвонай Літары:

• «Шчаслівыя ўбогія духам...» (Мц 5, 3) — ён жыве ў салідарнасці з беднымі.

• «Любіце ворагаў вашых...» (Мц 5, 44) — яго строгі пацыфізм і акцыі супраць вайны.

• «Таму, хто просіць у цябе, давай...» (Мц 5, 42) — яго праца па стварэнні сістэм узаемадапамогі і выкупу даўгоў.

• «Дык ідзіце і навучыце ўсе народы...» (Мц 28, 19) — для яго «навучыць» — гэта не толькі пра пропаведзь, але і пра дэманстрацыю Валадарства Божага праз справы міласэрнасці і справядлівасці.


Важна разумець, што гэты рух і, у прыватнасці, Шэйн Клейбарн, часта падвяргаюцца крытыцы з боку кансерватыўных бакоў грамадства. Іх абвінавачваюць у тым, што надаюць занадта шмат увагі «сацыяльнаму Евангеллю» на шкоду евангелізацыі і асабістаму збаўленню, ігнаруюць іншыя часткі Бібліі (напрыклад, Пасланні святога апостала Паўла), якія таксама важныя для хрысціянскай веры і занадта моцна асацыююцца з левымі палітычнымі кругамі ў ЗША.


Шэйн Клейбарн — гэта жывы выклік як для вернікаў, так і для няверуючых. Ён прымушае задумацца пра тое, што насамрэч значыць «любіць бліжняга» і як далёка мы гатовыя зайсці, прытрымліваючыся сваіх перакананняў.




Матэрыял падрыхтавала Анастасія Філіповіч

Падзяліцца