Не гэтаму вы навучыліся ад Хрыста … але таму, каб адкінуць ранейшыя паводзіны старога чалавека, які знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі. Таму дазвольце аднавіцца Духу ў вашым розуме і апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды (Эф 4, 20-24).
У хрысціянстве “старая прырода” адносіцца да грахоўных схільнасцей і грэшнай натуры чалавека, якая аддаляе яго ад Бога. Гэта спадчына першароднага граху, прысутная ў кожным чалавеку. Хрысціяне пакліканы адкінуць старую прыроду і падпарадкавацца пераўтварэнню Святога Духа, каб жыць у гармоніі з Божай воляй. Гэта працэс пастаяннай барацьбы са спакусамі на шляху імкнення да святасці.
Новая прырода (называная таксама “новым чалавекам”), як альтэрнатыва старой прыродзе, ужо тут і цяпер даступная ў Хрысце кожнаму чалавеку. Езус і Яго апосталы вучылі, што кожны, хто хоча быць вучнем Хрыста, павінен — пагрузіўшыся ў Слова і Дух Божы — распяць (разам з Ім) сваю старую прыроду на Яго крыжы. З выказвання апостала Паўла ў Другім Пасланні да Карынфянаў 12, 7 можна зрабіць выснову, што старая, грэшная прырода чалавека нібы калючка ад церня, джала — пасланец сатаны, які раніць і прыніжае вернікаў. Падобным чынам, у Пасланні да Рымлянаў 7,14-25, на сваім уласным прыкладзе ён дэманструе чалавечую слабасць і схільнасць да граху. Павел марыў вызваліцца ад грэшнай прыроды і маліўся Госпаду ў гэтай інтэнцыі, але Бог вырашыў, што ласкі, якая ўжо была яму праяўлена ў Хрысце, будзе дастаткова, каб апостал справіўся з праблемай.
Калі чалавек ідзе за жаданнямі старой прыроды (тое, што некаторыя называюць “жыццём паводле цела”), гэта прывядзе не толькі да часовых змен яго характару, але і да больш сур’ёзных наступстваў. Аднак, калі ён прытрымліваецца вучэння новай прыроды (жыве паводле духа Хрыстова), то яна нараджае ў ім плады Святога Духа. Сцвярджэнне, даволі папулярнае ў некаторых колах, што, калі чалавек паверыць у Хрыста, яго старая прырода цалкам памірае і замяняецца новай, не знаходзіць падтрымкі ні ў Новым Запавеце, ні ў практыцы хрысціянскага жыцця. Яшчэ горш тое, што такое перакананне хутка прыводзіць да веры ў незваротную гарантыю допуску ў рай (так званы “білет да неба”), а далей да ўпэўненасці ў наяўнасці асабістай гарантыі такога “трансферу” ў выніку ўзнёслага вызнання веры, прамаўлення “магічнай” малітвы або праходжання нейкага “асаблівага” абраду ці рэлігійнага рытуалу.
Ход думкі такіх людзей выглядае прыкладна наступным чынам: “Як можа быць асуджаны той, хто ўжо мае новую прыроду?” Гэты падыход ігнаруе просты факт, што другая, надзвычай важная частка працэсу збаўлення — гэта праходжанне праз асвячэнне, без якога ніхто не зможа ўбачыць Госпада. Асвячэнне, па сваёй сутнасці, — гэта этап пераўтварэння старой прыроды чалавека ў новую; гэта змена старога спосабу мыслення на новы, нараджэнне ад Духа Божага, якое таксама называюць “другім нараджэннем”, “нараджэннем нанова”, “нараджэннем ад Бога”, “нараджэннем ад Духа” — гэта тэрмін для адной з найважнейшых ісцін, абвешчаных Езусам, істотнай для разумення паслання Новага Запавету.
Згодна са сцвярджэннем Езуса ў Евангеллі ад Яна 3, 5-7, нараджэнне ад Духа Божага з’яўляецца неабходнай умовай для ўваходу чалавека ў Царства Божае, а таксама першым крокам у працэсе яго збаўлення. У духоўным вымярэнні гэта прадугледжвае вызваленне чалавека з-пад улады граху. Новае нараджэнне адбываецца духоўна ў выніку сустрэчы чалавека са зместам Добрай Весткі пра збаўленне ў Хрысце. Згодна з Евангеллем ад Мацвея 13, 3-23; Марка 4, 3-20; Лукі 8, 4-15, такой сустрэчы садзейнічае Сам Хрыстос, Які чыніць гэта праз Свайго Духа. Для гэтай мэты Ён можа выкарыстоўваць як асабістае чытанне Бібліі, так і абвяшчэнне Добрай Весткі пра збаўленне праз людзей Яму паслухмяных. Калі сустрэча з Божым Словам у сэрцы чалавека прыводзіць да прыняцця Божай ласкі, прызнання сваёй грахоўнасці і падпарадкавання волі Нябеснага Айца, толькі тады можам казаць пра духоўнае нараджэнне (г.зн. другое нараджэнне — на гэты раз з вышынь Божага Духа). Такую падзею можна параўнаць з нараджэннем Божага кода ДНК у чалавечым духу.
Згодна з вучэннем Новага Запавету, праца Божага Духа на Зямлі заключаецца ў прывядзенні няверуючых да Хрыста (Ян 15, 26) і правядзенні верніка праз працэс асвячэння (Гбр 12, 14).
Асвячэнне — гэта працэс фарміравання чалавечага характару паводле вобраза характару Хрыста, а значыць, працэс адаптацыі чалавека, які даверыўся Богу, да рэалій Божага Валадарства. Хуткасць змен не залежыць ад уласных намаганняў чалавека ў старой прыродзе (гэта нават немагчыма зрабіць самастойна), а залежыць выключна ад ступені паслухмянасці Божаму Слову, а значыць, ад пастаяннага і вернага прабывання ў Хрысце. Бо толькі Хрыстос мае сілу збавіць чалавека (выратаваць, вызваліць ад улады і ўплыву граху). Толькі Яго сіла можа выклікаць працэс асвячэння ў чалавеку. Аднак, каб адчуць гэтую сілу, неабходна паслядоўна рухацца за Хрыстом. Вядома, многіх людзей па розных прычынах вельмі прыцягвае канцэпцыя наяўнасці “білета ў рай”. Аднак варта выказаць здагадку, што працэс выратавання лепш ілюстраваць, параўнаўшы яго з “цягніком у рай”, чым валоданнем білетам на гэты “цягнік”. Гэты “цягнік”, вобразна кажучы, вядома, ёсць сам Хрыстос. Толькі знаходжанне ў Ім (як знаходжанне ў цягніку) гарантуе ўпэўненасць у прыбыцці ў належны пункт прызначэння. Аднак кожны, хто па ўласнай волі (і толькі па ўласнай волі) выйдзе з гэтага “цягніка”, нават калі ён моцна трымае ў руцэ свой білет, адчуе, што ў Судны дзень гэты білет яму не спатрэбіцца, бо ён сам (як былы пасажыр) будзе ўжо па-за “цягніком”.
Практыка хрысціянскага жыцця паказвае, што старая і новая прыроды змагаюцца ў кожным верніку (Рым 7, 14-24). Як заўважыў адзін з навернутых карэнных амерыканцаў, яны паводзяць сябе як два сабакі, што змагаюцца паміж сабой. Перамагае той, хто лепш накормлены. Таму вельмі важна не карміць сябе светапоглядам, заснаваным на мадэлях гэтага свету і яго жаданнях, але апірацца на словы Хрыста.
Хрысціянскае жыццё можна параўнаць з чоўнам, які плавае па акіяне свету. Калі човен цэлы і вада не трапляе ў сярэдзіну, то стыхія, якая яго акружае, не можа ўчыніць нічога кепскага. Такі човен можа плаваць гадамі і без праблем пераадольваць вялізныя адлегласці. Але, калі ён пачне набіраць ваду з наваколля, то раней ці пазней пойдзе на дно. Вось як выглядае духоўная барацьба, якая адбываецца ў жыцці кожнага хрысціяніна. Калі вучань Хрыста дазваляе сябе падмануць і пачынае прытрымлівацца ўзораў навакольнага свету, яго паводзіны становяцца падобнымі да таго, быццам бы ён упускае ваду ўнутр чоўна свайго жыцця альбо корміць у сабе злога сабаку.
Вучні Езуса былі пакліканыя Госпадам для таго, каб уплываць на сваё асяроддзе, а не паддавацца яго ўплыву. Калі яны гэтага не зразумеюць і дазволяць свету ўплываць на іх лад мыслення і паводзіны, то, калі своечасова не апамятаюцца, іх чакае непазбежная катастрофа ў жыціі і служэнні, не толькі ў гэтым свеце але і ў вечнасці.
Апрацавала Ірына Кухальская