Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Пра Слова Божае

Паўната часу: ад закона да Царства

06.01.2026 праглядаў 5 хвілін чытання
Паўната часу: ад закона да Царства

Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 14-15).


Пасля смерці Майсея, раба Гасподняга, Гасподзь сказаў Ісусу, сыну Нава, слузе Майсееваму: Майсей, раб Мой, памёр; дык вось, устань, перайдзі цераз Ярдан гэты і ўвесь народ гэты, у зямлю, якую Я даю ім, сынам Ізраілевым (Нав 1, 1-2).


Мы ўсе жывём у часе, які захоплівае нас як рака і нясе з вялізнай хуткасцю наперад. У большасці сваёй мы нічога не паспяваем, хутка стамляемся, у нас не хапае ні сіл, ні часу на сапраўды важныя рэчы. Такую звычайную плынь часу грэкі называлі хρόνος [хронас], гэты час, які як паток цячэ пастаянна, мы бачым яго рух у зменах пор года, у месяцах, днях. Мы жывём менавіта ў такой плыні.


Але Біблія ведае яшчэ і іншае разуменне часу — гэта час кαιρός [кайрас]. Гэта час-момант, час, у якім Бог асаблівым чынам паказвае сябе чалавеку, уваходзячы ў яго час-плынь, як у раку. Калі час-хронас можна ахарактарызаваць як час-колькасць, то час кайрас — гэта час-якасць. Гэта час, у якім сустракаюцца вечнасць і штодзённасць. Мы ўсе чулі прыказку «ўсяму свой час», але не ўсе ведаюць, што гэтыя словы належаць Біблейскаму Эклезіясту (Экл 3, 1), і што гаворка ў ёй ідзе менавіта пра час-кайрас, пра час, які не надыходзіць выпадкова.


І пра гэты час-кайрас гаворыцца ў Евангеллі ад Марка 1:15, што ён «споўніўся». Споўніўся тым, што ў наш чалавечы час увайшло Валадарства Божае. Святы Ян Залатавуст гэтак жа, як і іншыя Айцы Царквы, пісаў, што «Хрыстос Сам ёсць Валадарства» (Homiliae in Mattheum, 4). Іншымі словамі: у наш час, у нашу чалавечую рэальнасць увайшоў сам Сын Божы. Чаму ж Евангелле падкрэслівае, што Езус пачаў прапаведаваць пасля таго, як Яна Хрысціцеля ўзялі пад варту?


Зерне, прарастаючы памірае (пар. Ян 12, 24), а новае віно немагчыма ўліць у старыя мяхі так, каб іх не сапсаваць (пар. Мк 2, 22): нішто новае не з'явіцца, пакуль старое не вызваліць для яго месца. Тым старым, што павінна было прайсці, і што ўвасабляў сабою Ян Хрысціцель быў закон. Ісус кажа: «З часоў Яна Хрысціцеля і дагэтуль Валадарства Нябеснае здабываецца сілай, і гвалтоўныя людзі захопліваюць яго. Бо ўсе прарокі і Закон прарочылі аж да Яна» (Мц 11, 12-13). Ян Хрысціцель завяршае эпоху прарокаў і закону. Ён — «голас таго, хто кліча ў пустыні», той, хто паказвае на будучыню, на Хрыста, які дае тое, чаго закон не быў у стане даць. Аўгусцін пісаў: «Ян — голас, а Гасподзь — Слова» (Tractatus in Ioannem, 3,1).


У гісторыі Божага народа ўжо адбылася падзея, якая стала правобразам Яна Хрысціцеля і Ісуса Хрыста. Майсей, які вывеў ізраільскі народ з егіпецкага рабства і праз якога Бог дараваў народу закон, так і не змог увесці яго ў зямлю запаветную. Майсей прывёў людзей да водаў Ярдана, але не здолеў правесці іх праз раку ў саму зямлю абяцаную. Гэта зрабіў толькі Ісус Навін, і толькі тады, калі Майсей памёр. Тое, што не мог здзейсніць Майсей, здзяйсняе Ісус Навін; тое, што не мог даць Ян, дае Хрыстос.


Майсей увасабляе закон, які вядзе чалавека, выкрывае яго і рыхтуе да сустрэчы з Богам, але сам не можа ўвесці ў паўнату абяцання, таму што закон толькі паказвае шлях, але не здольны прывесці да збаўлення. Пра гэта ж кажа апостал Павел: «Таму Закон стаў нашым выхаваўцам, які вядзе да Хрыста, каб мы апраўдаліся дзякуючы веры» (Гал 3:24). Закон і знешнія прадпісанні не ў стане выратаваць чалавека. Святы Ірыней Ліёнскі пісаў: «Закон быў настаўнікам, каб падрыхтаваць чалавека да Сына Божага… Праз страх і дакор ён вучыў людзей паслухмянству, каб яны змаглі прыняць свабоду, калі з’явіцца Хрыстос» («Супраць ерасяў», IV, 14).


Як у выпадку з Майсеем, толькі той, хто прыходзіць пасля — Ісус Навін, імя якога на габрэйскай мове гучыць гэтак жа, як і імя нашага Збавіцеля «Ісус» (Ешуа) — уводзіць народ у зямлю спакою, так і ў выпадку з Янам, тое, што не мог зрабіць ён, робіць Хрыстос.


Гэта і ёсць момант, калі спаўняецца час — час-кайрас.

Бог уваходзіць у чалавечую гісторыю, каб адкрыць чалавеку шлях з рабства ў свабоду. Так выконваецца не проста абяцанне, але сам час напаўняецца сэнсам: ён дасягае паўнаты, прымаючы ў сябе прысутнасць Божую. У гэты момант выконваюцца закон і прарокі, так Новы Запавет прыходзіць на змену Старому.


І сёння гэтае «выкананне часу» працягваецца для нас у нашай штодзённасці: час-кайрас ізноў «выконваецца», калі чалавек адкрывае сэрца Богу, калі дазваляе Хрысту ўвайсці ў яго жыццё і вераю перажывае пакаянне (μετάνοια [метанойя] — змена мыслення) і хрысціцца (акунаецца — βαπτίζω) у Хрыста — свайго Госпада і Збаўцу, дазваляючы Яму зрабіць сябе часткай Свайго Валадарства. Тады наш звычайны час — хронас становіцца часам ласкі — кайрас. Кожны, хто чуе заклік: «Пакайцеся і верце ў Евангелле», стаіць на мяжы, падобна Ізраілю каля Ярдана: перад ім адкрыта зямля абяцаная — жыццё паводле веры, а не паводле закону.


Мы перажываем такую ​​сустрэчу з Хрыстом не аднойчы, а кожны дзень, усё больш усведамляючы і пражываючы тую свабоду ад рабства закону, якую Ён сам нам прынёс. Апостал Павел піша: «Праз Закон я памёр для Закону, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваны разам з Хрыстом. І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 19-20). Як Майсей і Ян памерлі, каб вызваліць месца для Езуса, так і мы павінны памерці для закона, каб жыццё Хрыстова выявілася ў нас.


Для хрысціян, як пісаў апостал Павел, кожны час — час, які спрыяе выратаванню: «Вось цяпер час (кайрас) спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення» (2 Кар 6, 2). І зараз толькі ад нашай зацікаўленасці і намаганняў залежыць ці скарыстаемся мы гэтым часам-шансам, часам-кайрасам, у якім Хрыстос з'яўляецца нам і які «выконваецца» для нас. Ці спынімся мы ў сваім мітусенні будняў, у гэтым часе-хронасе, плыні дзён, каб зірнуць на прыходзячага да нас Хрыста, і ці здолеем ахапіць Царства Божае, якое ўжо прыйшло.



Карына Грыбанава OV


Падзяліцца