Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Пра Слова Божае

Пра Стары і Новы Запавет

23.12.2025 праглядаў 7 хвілін чытання
Пра Стары і Новы Запавет

“І таму Ён стаў пасрэднікам новага запавету, каб праз Яго смерць, якая была дзеля адкуплення ад злачынстваў, учыненых у першым запавеце, атрымалі абяцанае тыя, хто пакліканы да вечнай спадчыны” (Габр 9, 15).


Усе, хто чытае Біблію, ведаюць, што яна дзеліцца на дзве часткі: на Стары і Новы Запавет. Гэтыя назвы дадзены не проста так, за імі крыецца вельмі важны сэнс, пра які мы сёння і пагаворым.

Слова “запавет” азначае дамову ці саюз паміж Богам і людзьмі. У біблейскім кантэксце гэта асаблівыя адносіны, у якіх Бог адкрывае Сваю волю і дае абяцанні, а чалавек заклікаецца да вернасці і паслухмянасці. Габрэйскае слова berit часцей за ўсё перакладаецца як “Запавет”, але яшчэ адно значэнне гэтага слова, больш зразумелае для нас — “Саюз”.


Пасля таго, як чалавек у выніку грэхападзення быў выгнаны з Райскага саду, Бог, паводле Сваёй любові, шукаў спосаб выратаваць нас ад граху і смерці. Спачатку Ён з'яўляўся асобным людзям, паступова адкрываючы ім Свой замысел выратавання і Сваё жаданне знаходзіцца з імі. Так, Ён з'яўляўся патрыярхам: Абрагаму, Ісааку і Якубу, — ад якіх у далейшым учыніў народ, абраны Ім для таго, каб перадаць яму Сваю волю, запаведзі — і заключыць з ім Запавет-Саюз. На гары Сінай Бог уступае ў Запавет з Ізраільскім народам, дае Майсею Закон і Запаведзі (знакам якога з'яўляюцца каменныя скрыжалі, на якіх Бог піша дэкалог), выкананне іх з'яўляецца ўмовай Запавету. “I сказаў Госпад Майсею: «Напішы сабе словы гэтыя, бо паводле гэтых словаў Я заключыў запавет з табою і з Ізраілем»” (Вых 34, 27).


Закон, які Бог даў Майсею, служыў маральным і духоўным арыенцірам для народа, выконваючы яго Ізраіль пацвярджаў сваю выключную прыналежнасць Богу і сваю адмову ад паганскіх багоў. Выкананне Закона выражалася праз выкананне маральна-этычных запаведзяў і здзяйсненне культу: устанаўленне святарскага служэння, як пасрэдніцкага паміж Богам і чалавекам, прынясенне розных ахвярапрынашэнняў, устанаўленне месца пакланення Богу (спачатку скініі, а потым храма). Пасля грэхападзення мы разарвалі адносіны з Богам, адпалі ад крыніцы жыцця і сталі смертнымі, “бо расплата за грэх — смерць” (Рым 6, 23а). Запавет аднаўляў гэтыя разарваныя адносіны. Ахвяра за грэх была ўстаноўлена Богам узамен смерці чалавека. Пакаранне і наступства граху пераносілася з чалавека на ахвярную жывёлу, якая пралівала кроў, ачышчала грэх чалавека і памірала замест яго. Такія ахвяры павінны былі прыносіцца ўвесь час, столькі разоў, колькі чалавек саграшыў.


Запавет таксама нёс з сабой абяцанне Бога пра тое, што Ізраіль абраны Ім, як “святы народ” і як “валадарства святароў” (Вых 19, 6).

Але для таго, каб знаходзіцца ў Запавеце з Богам і Яго абяцаннямі, неабходна захоўваць увесь Закон і прытым увесь час, што аказалася для чалавека немагчымым. Грашучы ў адным, чалавек станавіўся парушальнікам усяго Закону: “Бо кожны, хто захоўвае ўвесь Закон, а зграшыў у нечым адным, становіцца вінаватым ва ўсім” (Якуба 2, 10). Так, Ізраільцяне шмат разоў парушалі Закон, і, адпаведна, заключаны з Богам Саюз.


Закон аказаўся часовым рашэннем, неабходным перш за ўсё для таго, каб паказаць святасць Бога і грахоўную слабасць чалавека. “Але я не пазнаў бы граху, калі б не Закон. Таму закон святы, і запаведзь святая, і справядлівая, і добрая” (Рым 7:7, 12) — піша апостал Павел. Закон праз свае знешнія прадпісанні не змог памяняць сэрца чалавека, таму Гасподзь абяцае Свайму народу, што заключыць з ім Новы Запавет, такі, які будзе запісаны ўжо не на каменных скрыжалях, і які будзе заключацца не ў знешнім выкананні Закона (як маральнага яго боку, так і абрадавага), але будзе запісаны прама ў сэрцах людзей. Пра гэта піша прарок Ерамія:

“Вось, надыходзяць дні, кажа Госпад, і Я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет. Не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іхнімі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпецкай. Той запавет Мой яны парушылі, хоць Я быў Гаспадаром іхнім, кажа Госпад. Бо вось запавет, які Я заключу з домам Ізраіля пасьля дзён тых, кажа Госпад. Я разьмяшчу Закон Мой у нутры іхнім, і ў сэрцы іхнім напішу яго, і буду для іх Богам, а яны будуць для Мяне народам” (Ярэміі 31, 31-33).


Гэты Новы Запавет споўніўся ў Езусе Хрысце. Ён, увасоблены Сын Божы, злучыў у Сабе Самім Боскае і чалавечае, заключыў у Сабе Самім Саюз-Запавет Бога і чалавека “Я захаваю Цябе, і пастаўлю Цябе запаветам для народу, каб аднавіць зямлю” (Іс 49, 8). Святы Ірыней Ліёнскі пісаў: “У Ім злучаны Бог і чалавек, і ў Ім зацверджаны запавет свету”. Толькі Езус змог выканаць увесь Закон і толькі Ён, адзіны бязгрэшны, стаў дасканалай ахвярай за наш грэх: “Бо таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас” (2 Кар 5, 21). У выніку адпала неабходнасць у пастаянных ахвярапрынашэннях жывёл, таму што Ісус стаў адзінай і канчатковай ахвярай за грахі кожнага чалавека.


Ён таксама стаў дасканалым святаром, які “не праз кроў казлоў і быкоў, а праз сваю кроў раз і назаўсёды ўвайшоў у Святое Святых” (Гбр 9, 12). Як святар — Ён таксама з'яўляецца нашым Пасрэднікам і Хадатаем: “І таму Ён стаў пасрэднікам новага запавету, каб праз Яго смерць, якая была дзеля адкуплення ад злачынстваў, учыненых у першым запавеце, атрымалі абяцанае тыя, хто пакліканы да вечнай спадчыны” (Гбр 9, 15). Як пісаў святы Ян Залатавуст “Ён стаў пасярэднікам не праз словы, але праз Самога Сябе”. Хрыстос выправіў падзел паміж чалавекам і Богам, які адбыўся ў выніку грэхападзення, і які не змог выправіць першы (Стары) Запавет.


У Езусе таксама выконваюцца абяцанні Бога, мы — удзельнікі Новага Запавету — сталі новым святым (адлучаным ад свету для Бога) народам і царствам святароў: “Вы ж — выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць, каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае сваё святло; калісьці не народ, а цяпер народ Божы; калісьці вы не былі памілаваныя, а цяпер памілаваныя” (1 Пят 2, 9-10).


Каб стаць удзельнікамі Новага Хрыстовага Запавету, мы павінны свядома ўвайсці ў Саюз з Богам Айцом праз Езус Хрыста, нашага Пасрэдніка. Гэта адбываецца па веры, якая з'яўляецца асэнсаваным выбарам нашай прыналежнасці да Хрыста: “Апраўданыя паводле веры, мы маем мір з Богам праз Пана нашага Езуса Хрыста” (Рым 5, 1). А нашым бачным уваходжаннем у Запавет з'яўляецца хрышчэнне ў імя Езуса Хрыста. Святы Клімент Іерусалімскі называў хрышчэнне саюзам з Богам, па якім чалавек абавязваецца жыць у святасці. Хрост, які перажываецца як апусканне ў імя, гэта значыць у прыроду і характар ​​Хрыста, сапраўды мяняе сэрца, вада ж з'яўляецца сімвалам таго, што мы, апускаючыся ў яе, паміраем у Хрысце і потым у Ім жа ўваскрасаем, нараджаемся нанова для новага жыцця: “хрост... абяцанне Богу добрага сумлення, праз уваскрасенне Езуса Хрыста” (1 Пятра 3, 21). Новы Запавет звернуты не да “абноўленых правілаў”, а да абноўленага чалавека. У супрацьлегласць Старому Запавету, які працаваў са знешнім законам, Новы Запавет звязаны з унутранымі пераменамі. Без новага нараджэння немагчыма жыццё ў Новым Запавеце. Таму так важна сур'ёзна паставіцца да слоў Езуса: “Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства. Народжанае з цела, ёсць целам, а народжанае з Духа, ёсць духам” (Ян 3,5-6).


Толькі новая чалавечая прырода, народжаная ад Духа Божага, здольная знаходзіцца ў Запавеце, захоўваць яго і жыць яго абяцаннямі, толькі новае сэрца здольнае змясціць і ўтрымаць у сабе Хрыста. Паміранне старой прыроды, нараджэнне і ўзрастанне новай — гэта балючы, але неабходны працэс. Падводзячы вынік хачу прывесці фрагмент кнігі “Проста хрысціянства” К. С. Льюіса:

“Уявіце сабе, што вы — жылы дом. Бог уваходзіць у гэты дом, каб перабудаваць яго. Спачатку, магчыма, вы яшчэ можаце зразумець, што Ён робіць. Ён рамантуе водаправод і дах. Неабходнасць такога рамонту вам зразумелая і не выклікае ў вас здзіўлення. Але вось Ён пачынае ламаць хату, ды так, што вам становіцца балюча. Да таго ж, вы не бачыце ў гэтым ніякага сэнсу. Чаго Ён хоча дабіцца? А тлумачэнне ў наступным: Ён будуе з вас зусім іншы, новы дом, зусім не такі, якім вы яго ўяўлялі. У адным месцы Ён узводзіць новае крыло, насцілае новую падлогу, у іншым — прыбудоўвае вежы, стварае панадворкі. Вы думалі, што вас збіраліся перарабіць у прыгожанькі маленькі катэдж. Але Ён будуе палац і мае намер пасяліцца ў палацы Сам”.



Карына Грыбанава OV

Падзяліцца