У тэксце закранаецца тэма сексуальнасці, пра якую бывае няпроста разважаць і святарам, і свецкім асобам, хоць з’яўляецца важнай часткай кожнага чалавека. Айцец Дарыюш Пюркоўскі, езуіт, душпастыр, духоўны кіраўнік і рэкалекцяніст працяглы час даследуе яе і дзеліцца сваімі думкамі.
***
У інтэрв'ю Crux Now Media Леў XIV распавёў пра магчымыя змены ў дактрыне, звязанай са шлюбам і чалавечай сексуальнасцю: «Гэта малаверагодна, асабліва ў бліжэйшай будучыні, што дактрына Касцёла адносна таго, чаму Касцёл вучыць пра сексуальнасць і шлюб, зменіцца». Пазней цытуе кардынала з Усходу, які сказаў яму: «Заходні свет зацыклены, апантаны сексуальнасцю». Біскуп меў на ўвазе, што на Захадзе надаецца занадта вялікае значэнне сексуальнасці, якая вызначае нашую ідэнтычнасць.
Папа не выключае цалкам, што нешта зменіцца, але ён вельмі асцярожны ў сваіх выказваннях.
Аднак святар прапаноўвае спачатку паразважаць пра «зацыкленасць і апантанасць заходняга свету сексуальнасцю». Ён лічыць, што такая фіксацыя заўсёды мае крыніцу ў выглядзе неўратычнасці. І задаецца пытаннем, адкуль гэтая неўратычнасць узялася.
«Трэба сказаць, што сярод людзей заўсёды існавала пэўная зацыкленасць на сексуальнасці. На жаль, такая з’ява характэрна і для касцёльнага асяроддзя.
І я не сумняваюся, што сам Касцёл часткова адказны за гэта, як у сваім афіцыйным вучэнні, так і, магчыма, нават больш у штодзённым пастырскім служэнні, споведзі і падыходзе да сексуальнасці. Магчыма, не на ўзроўні Катэхізіса, а на ўзроўні амбона, споведзі і курсаў падрыхтоўкі да шлюбу.
Я пастаянна сустракаю і слухаю людзей, якіх мучыць і раздзірае гэтая зацыкленасць. Ніводная іншая запаведзь не атрымлівае столькі ўвагі, як шостая. Вядома, такая абсесія — вынік не апошніх гадоў, а хутчэй стагоддзяў.
Магчыма, на Усходзе людзі не ўспрымаюць сексуальнасць так, як мы: з аднаго боку, распуста, а з другога — неўратычны погляд на грэх, асабліва ў гэтай сферы, ці толькі ў гэтай сферы, і нават у пытаннях, сапраўды другасных для хрысціянскага жыцця. Чаму людзі з Усходу не ўспрымаюць гэта так? Таму што хрысціянства прыйшло туды адносна нядаўна. Таму што там, у культуры (а Еўропа фарміравалася вучэннем Касцёла), не было такога негатыўнага стаўлення да чалавечага цела, якое трэба было бічаваць, стрымліваць і марыць голадам, каб унутры мог развівацца “дух”. Таму што там людзі стагоддзямі не чулі, што мастурбацыя — гэта найцяжэйшы грэх, нават міжвольныя начныя палюцыі, і што пекла — гэта найбуйнейшае месца скаплення людзей, якія здзяйсняюць грахі нячыстасці.
На Усходзе маральнасць адносна сексуальнасці не фармавалася манахамі і тымі, хто захоўваў цэлібат, а ў Еўропе гэта было звычайнай з'явай. У мяне склалася ўражанне, што да сённяшняга дня сіндром “сабакі на сене” і асабістыя страхі, несвядома перанятыя ад іншага нездаровага вучэння, адыгрываюць значную ролю ў засяроджанасці многіх спаведнікоў на гэтым пытанні. На Усходзе не было янсенізму, які бачыў грэх перш за ўсё ў сексуальнасці, асабліва ў “нячыстых думках” і фантазіях. Таму што тут, у Еўропе, і нават у Касцёле, нячыстасць усё яшчэ адносіцца толькі да сексуальных грахоў, хоць Езус кажа, што любое зло робіць чалавека нячыстым. У часопісе “Любите друг друга” (“Miłujcie się”), прызначаным для моладзі, у кожным нумары быў артыкул пра нячыстасць і мастурбацыю, нібы нічога іншага ў гэтай сферы не існавала і быццам большасць маладых людзей былі маральна разбэшчанымі і распуснымі.
Больш за тое, Езус спакойна казаў пра чужаложства, а мы (я маю на ўвазе тут святароў і вучэнне Касцёла) прывілі людзям такі страх перад гэтай сферай, што ад гэтага ў іх баліць галава. Ці я перабольшваю? Да сённяшняга дня людзі спавядаюцца ў “грахоўных думках” — фантазіях, якія прыходзяць міжволі, сексуальным узбуджэнні, — быццам кожнае праяўленне сексуальнай цягі паходзіць з самога пекла. Вядома, правільна падыходзіць да гэтай сферы з павагай і разважлівасцю. І Касцёл у цэлым ахоўвае яе, прадстаўляючы занадта размыта. Мяркуючы, што тыя, хто гаворыць пра яе з амбона, неяк самі ўсё перапрацавалі і не прапаведуюць свае ўласныя страхі і фіксацыі».
Папа, які заклікае тэолагаў да дыялогу і ўзбагачэння сучаснай навукай, добра ведае, што маральнае вучэнне адносна сексуальнасці грунтуецца на натуральным праве. Згодна з ім, асноўнай прычынай існавання чалавечай сексуальнасці з'яўляецца ў першую чаргу нараджэнне патомства. І стагоддзямі працяг роду меў першаснае значэнне. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў Касцёл пачаў па-іншаму гаварыць пра шлюб. У Катэхізісе ён называецца «сакрамэнтам служэння супольнасці» для абодвух сужэнцаў і ўсяго Касцёла. Такім чынам, з’яўляецца нечым большым, чым проста працяг роду, і большым, чым секс дзеля сексу.
Катэхізіс Касцёла цытуе Кананічнае права: «Шлюбны саюз, праз які мужчына і жанчына ўстанаўліваюць паміж сабой жыццёвую сувязь, па сваёй прыродзе накіраваную на дабро сужэнцаў, на нараджэнне і выхаванне дзяцей, быў узведзены Хрыстом Госпадам паміж ахрышчанымі да годнасці сакрамэнту» (ККК 1601).
Айцец Марыюш лічыць, што традыцыяналісты выступаюць супраць такога вызначэння і, сцвярджаюць, што гэта «дробная змена» прывяла да катастрофы. Чаму? Таму што «дабро сужэнцаў» стала прыярытэтам у шлюбе. Нараджэнне і выхаванне дзяцей быццам бы адыйшло на другі план. Але ці сапраўды гэта так?
«У выданні “Рымскага катэхізіса для парафій” 1880 года чытаем, што першая мэта шлюбу — “надзея на ўзаемную падтрымку, каб, ратуючы адзін аднаго, лягчэй пераносіць жыццёвыя нягоды і палягчаць немач старасці. Другая прычына — жаданне патомства”.
Абедзве мэты шлюбу можна лічыць аднолькава важнымі. Але калі з нараджэннем дзяцей у дачыненні да шлюбу ўсё адносна зразумела, то якім чынам сексуальнае жыццё дапамагае будаванню сувязі, умацаванню адносін і збліжэнню сямейнай пары, пакуль належным чынам не даследавана і не апісана. У Касцёле мы толькі пачынаем гэта ўсведамляць. Адсюль і наданне іншай вартасці палавому акту, які не заўсёды павінен прыводзіць да нараджэння дзяцей, але стварае супольнасць, будуе шлюбную еднасць.
Гэта значыць, прыходзіць разуменне, што натуральнае права ўключае ў сябе не толькі працяг роду і бяспечнае “задавольванне пажадлівасці” ў шлюбе. Магчыма, пачынаем разумець, што “любіце адзін аднаго” ў палавым акце не азначае толькі працяг роду або зніжэнне напружання. Гэта станоўчы ўклад у стварэнне сувязі, якая, у рэшце рэшт, не абмяжоўваецца палавым актам. Нават апостал Павел кажа, што шлюб адлюстроўвае саюз Езуса з Касцёлам».
Святар лічыць, што гэта можа ствараць пэўныя маральныя дылемы. На пытанне “чаму?” адказвае наступным чынам:
Таму што ўсё адносна добра, калі натуральнае планаванне сям’і працуе. А калі не, па псіхалагічных ці біялагічных прычынах, што павінны рабіць муж і жонка? Ці што, калі яны больш не могуць мець дзяцей па пэўных прычынах, але натуральнае планаванне не працуе? І аказваецца, што многія з нас, святароў, тады раяць... устрыманне, якое, улічваючы сённяшняе разуменне шлюбу, гэтак жа шкодна для мужа і жонкі ў доўгатэрміновай перспектыве, як і працяглыя падарожжы, якія вядуць да разлукі. Як жа тады яны павінны рэалізаваць другую мэту шлюбу праз устрыманне, часам гадамі, тым больш што яны ўжо мелі і выхавалі дзяцей, калі не згодныя рабіць аборты ці карыстацца кантрацэпцыяй? А часам здараецца так: усё выдатна — адносіны, праца, выхаванне дзяцей, малітва — акрамя... гэтага прэзерватыва падчас палавога акту. Усё раптам сціраецца, быццам гэтага не існавала, таму што муж і жонка выкарыстоўвалі прэзерватыў... Я гэта не выдумваю. Пастаянна чую гэта ад жанатых пар.
Вядома, што ў душпастырскай дзейнасці, у канфесіянале, людзі шукаюць рашэнні гэтых дылем. Але афіцыйна гэта ўсё яшчэ табуіраваная тэма. Мы робім выгляд, што праблемы няма.
Я думаю, што сутнасць шлюбу не зменіцца, але наша разуменне пра яго працягвае развівацца. Касцёл павінен будзе ўлічваць новыя веды пра чалавечую сексуальнасць, пачуцці і тое, што вызначае нас па-за нашым кантролем».
Айцец Дарыюш таксама звяртае ўвагу на месца духавенства ў шлюбных справах. Ён лічыць, што было б лепш, каб святары не бралі на сябе ролю галоўных экспертаў па шлюбных справах, але даверылі б гэта дасведчаным і належным чынам падрыхтаваным сямейным парам.
Душпастырская апека павінна быць двухбаковай: сакрамэнтальнай і ў форме псіхалагічнай і камунікацыйнай падтрымкі. Гэта выдатная пляцоўка для супрацоўніцтва паміж духавенствам і вопытнымі сужэнцамі.
Магчыма, да гэтага некалі дойдзе, але перамены адбываюцца вельмі марудна. Каб прадэманстраваць гэта, святар ізноў вяртаецца да тэмы мастурбацыі:
«Вышэйзгаданая мастурбацыя цяпер у Катэхізісе называецца “актам безумоўна беззаконным”, хоць — і гэта нешта новае — цяпер пры маральнай ацэнцы ўлічваюцца псіхалагічныя, культурныя і іншыя фактары. Больш не гаворыцца, як раней, пра начныя палюцыі як пра нешта жахлівае.
Мастурбацыю называюць безумоўна беззаконнай, таму што яна разглядаецца праз прызму натуральнага права і працяг роду. Дастаткова сказаць, што доўгі час лічылася, што сперма змяшчае “зародак” усяго чалавека, таму эякуляцыя па-за жаночымі рэпрадуктыўнымі органамі і без якой-небудзь іншай мэты, акрамя апладнення, была грахом супраць Пятай Запаведзі. А мастурбацыя для жанчын з’яўлялася сапраўднай разбэшчанасцю.
І не мае значэння, падлетак ці дарослы займаецца мастурбацыяй. Ніхто не ведаў, як псіхалагічная напружанасць, траўмы і раны знаходзяць вызваленне ў аргазме. Ігнараваць усё гэта і абцяжарваць маладога чалавека пачуццём віны, засяроджвацца на мастурбацыі так, быццам гэта адзіны і самы страшны грэх, — значыць шкодзіць маладым людзям. Я думаю, што Касцёлу давядзецца працягваць змяняць сваё вучэнне пра мастурбацыю (што ўжо было часткова зроблена ў апошнім Катэхізісе) і пераасэнсоўваць, што такое гэты “безумоўна беззаконны акт”. Бо ў якім сэнсе гэта “беззаконны акт”, калі малады чалавек часта несвядома знаходзіць палёгку і спраўляецца з унутраным напружаннем? Вядома, многае залежыць ад выхавання, здаровых адносін, падыходу да сексуальнасці дома і на катэхізацыі. Тым не менш, чакаць ад падлетка самакантролю і стрыманасці, уласцівай для дарослага чалавека, не лагічна. А запалохванне ў першую чаргу “гэтым грахом” вядзе маладых людзей да неўратычнай духоўнасці.
А як наконт дарослых? Ці заўсёды мастурбацыя і парнаграфія (якія сапраўды шкодныя і разбуральныя для душы) маюць карані ў распусце? Хіба гэта не можа быць спосабам барацьбы са стрэсам, нават калі людзі жанатыя і жывуць разам? Мы, як Касцёл, маем намер прыслухацца да таго, што кажуць на гэты конт нейранавука, псіхалогія і вопыт тэрапеўтаў, якія займаюцца залежнасцямі».
Пры падрыхтоўцы тэксту былі выкарыстаны наступныя крыніцы:
https://jezuici.pl/2025/09/o-obsesji-i-fiksacji-na-seksualnosci/
https://www.youtube.com/watch?v=zb7DD2iPnms
Матэрыял падрыхтавала Ірына Кухальская