Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Неспакойнае сэрца

Радыкальная вера Дораці Дэй

14.10.2025 праглядаў 4 хвілін чытання
Радыкальная вера Дораці Дэй

«Адзіны спосаб вымераць нашу любоў да Бога — гэта любоў, якую мы праяўляем да бліжняга»

©Св. Тэрэза Авільская



Ф. Дастаеўскі калісьці напісаў, што «прыгажосць выратуе свет». І Дораці Дэй, якая захаплялася творчасцю пісьменніка, змагла цалкам рэалізаваць гэта ў сваім жыцці: яе ўчынкі ззяюць той вялікай прыгажосцю, што вынікае з любові, якая абрала шлях беднасці дзеля іншых — падобна Самому Езусу, які «не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей».


Яе жыццёвы шлях — гэта гісторыя радыкальнай трансфармацыі: ад багемнага жыцця левай журналісткі ў Грынвіч-Вілідж да адной з галоўных каталіцкіх грамадскіх дзеячак ЗША.


Дык хто ж яна такая?


Дораці нарадзілася ў пратэстанцкай (хоць і не практыкуючай веру) сям'і, таму пра Бога ведала ад самага пачатку. Усё яе юнацтва было напоўнена запалам да пісьменства і вострым пачуццём сацыяльнай справядлівасці. Пасля заканчэння школы пачала вучыцца ва Універсітэце Ілінойса, але пакінула яго, каб ажыццявіць сваю мару стаць пісьменніцай.


У Нью-Ёрку дзяўчына працавала журналісткай у сацыялістычных газетах, стасавалася з людзьмі радыкальна левых і атэістычных поглядаў, цікавілася сацыяльнымі справамі, звязанымі з дапамогай бедным і рабочым. Удзел Дораці ў пратэстах за выбарчае права жанчын перад Белым домам прывёў да некалькіх арыштаў за яе актывізм.



Зацягнутая ў тагачасныя распушчаныя маральныя нормы, Дораці зацяжарыла і па патрабаванні свайго партнёра зрабіла аборт. Аднак гэта не выратавала іх адносіны, якія нешчасліва скончыліся пасля таго, як жанчына паспрабавала скончыць жыццё самагубствам. Нягледзячы на тое, што Дораці баялася, што Бог пакарае яе бясплоддзем, праз некалькі гадоў, з нараджэннем дачкі Тамары Тэрэзы, у яе жыцці з'явілася святло. Жанчына тады жыла з біёлагам і анархістам Форстэрам Батэрхэмам. Менавіта радасць мацярынства вярнула Дораці да Бога. Яна адчувала прыцягненне да Каталіцкага Касцёла, а жаданне вечнага шчасця для дачкі дало ёй смеласць папрасіць хросту для іх абедзвюх. Рашэнне стаць каталічкай прывяло да таго, што Форстэр і большасць сяброў-атэістаў Дораці цалкам адмовіліся ад яе.


Дораці Дэй з цяжкасцю сумяшчала сваю веру з палітычнай і грамадскай актыўнасцю. Аднойчы яна са слязьмі малілася ў інтэнцыі, каб распазнаць свой шлях, сваё служэнне людзям навокал. І на наступны дзень жанчына атрымала адказ: яна сустрэла Пітэра Морэна, чалавека падобных поглядаў і праз яго даведалася, як злучыць сваю каталіцкую веру і свае жаданні радыкальных сацыяльных рэформаў.


Уся яе сацыяльная дзейнасць палягала на Нагорнай Пропаведзі Хрыста і 25 раздзеле Евангелля паводле Мацвея. Дораці і Пітэр разам заснавалі ў 1933 годзе газету «Каталіцкі рабочы», якая пашырала вучэнне Касцёла і разглядала актуальныя сацыяльныя праблемы. Выданне мела надзвычайны поспех і паклала пачатак існавання руху каталіцкіх рабочых. Дэй падкрэслівала важнасць веры як асновы ўсіх добрых спраў, кажучы, што «ежы для цела недастаткова, павінна быць ежа для душы».


Акрамя таго, дзякуючы намаганням Дораці і Пітэра, па ўсёй краіне пачалі сваю дзейнасць гасцінныя дамы для аказання прамой дапамогі і духоўнай падтрымкі бедным і беспрацоўным, дзе прапаноўвалі жыллё, ежу і вопратку ў якасці формы хрысціянскага служэння і ўзаемадапамогі.


У свой пік у 1938 годзе газета «Каталіцкі рабочы» выходзіла накладам 190 000 экзэмпляраў, а сетка гасціных дамоў пашыралася і ўключала ў сябе трыццаць хоспісаў і працоўных ферм.



Дораці падарожнічала па свеце, выступала з прамовамі, напісала шмат артыкулаў і апублікавала некалькі кніг, найбольш вядомая з якіх — яе аўтабіяграфія пад назвай «Доўгая адзінота». Дэй працягвала ўдзельнічаць у пратэстах у падтрымку рабочых і бедных, брала ўдзел у акцыях супраць другой сусветнай вайны, сцвярджаючы, што «найвялікшая праблема дня — ажыццявіць рэвалюцыю сэрца, рэвалюцыю, якая павінна пачацца з кожнага з нас».


Можна сказаць, што адмовіўшыся ад сваіх радыкальных сацыялістычных і часткова камуністычных поглядаў, прыняўшы хрысціянства, яна нібы зрабіла крок далей, таму што сацыялізм дапамагаў бедным праз нянавісць да багатых, а Дораці як хрысціянка праяўляла сваё спачуванне да абяздоленых і адкінутых людзей праз актыўную, дзейсную любоў. Яна выбірала прынцып апостала Паўла, які пісаў пра перамогу зла дабром. Яна выступала за негвалтоўны супраціў, заклікала да сумленнасці і абуджэння маралі, асабістай адказнасці за дапамогу бедным, адмаўляючы дзяржаўныя праграмы і бюракратыю. Такім чынам, любоў да патрабуючых праз яе прыняла новае аблічча. І таму не дзіўна, што такі радыкалізм пужаў многіх, нават яе прыхільнікаў.



Дораці памерла ў 1980 годзе ў Нью-Ёрку ў Мэрыхаусе, адным з дамоў, якія яна заснавала. Цяпер адкрыта справа аб яе кананізацыі, а рух каталіцкіх рабочых працягвае квітнець, налічваючы больш за 200 супольнасцей па ўсім свеце.


Жыццё Дораці Дэй вучыць, што вера і перакананні павінны ўвасабляцца ў дзеянне. Яе прызыў — салідарнасць, а не дабрачыннасць. Жанчына не проста дапамагала бедным, а выбрала жыццё разам з імі, бачачы ў гэтым праяву сапраўднай любові і павагі да чалавечай годнасці. Яна вучыць нас мужнасці жыць любоўю і негвалтоўнасю, нават калі гэтага не прымаюць. Прыклад Дораці паказвае прыгажосць добраахвотнай прастаты і свабоду ад празмернасці.


І галоўнае — яна даказала, што не трэба чакаць магчымасцей для вялікіх спраў. Любыя перамены пачынаюцца з малога: з аднаго ўчынку, няхай і нязначнага. Яе мэсэдж — гэта заклік да цэласнага жыцця, дзе любоў да бліжняга становіцца канкрэтнай і адважнай справай.




Матэрыял падрыхтавала Анастасія Філіповіч.

Падзяліцца