У гісторыі бываюць святары, чый жыццёвы шлях разбурае ўсе шаблоны. Яны не рухаюцца ад духоўнай семінарыі да звычайнага служэння ў парафіі. Наадварот — спачатку сустракаюць боль гэтага свету, а потым знаходзяць у гэтым больш глыбокі сэнс і пакліканне. Менавіта такім шляхам прайшоў айцец Луіджы Чыёці.
Усё пачалося ў 1965 годзе, калі малады Луіджы і яго сябры стварылі групу «Gioventù impegnata» («Свядомая моладзь»), каб дапамагаць маргіналам Турына: нарказалежным, прастытуткам, нелегальным мігрантам, бяздомным, хворым на СНІД. Гэтая сціплая група перарасла ў арганізацыю «Авель».
«Авель» з самага пачатку задумвалася не як класічная дабрачынная арганізацыя, а як цэласная сістэма для глыбокіх сацыяльных змен. Яе ўнікальнасць заключаецца ў спалучэнні трох узроўняў працы. На першым узроўні — непасрэдная дапамога і падтрымка: рэабілітацыйныя цэнтры для нарказалежных, дамы для людзей, якія жывуць з ВІЧ, прытулкі для ахвяр гандлю людзьмі, цэнтры для пакінутых, адзінокіх мам і іх дзяцей.
Але Чыёці разумеў, што лячыць раны бессэнсоўна, пакуль не будуць ліквідаваныя прычыны хваробы. Таму другі ўзровень — гэта інтэлектуальная і культурная праца: уласнае выдавецтва, кніжная крама, аналітычныя часопісы. Іх мэта — змагацца з няведаннем, развейваць рамантызацыю мафіі і мяняць грамадскую свядомасць.
Нарэшце, трэці ўзровень — сістэмная адукацыя: створаны «Універсітэт вуліцы» рыхтуе сацыяльных работнікаў новага тыпу, якія сумяшчаюць у сваёй практыцы міласэрнасць з прафесійным аналізам і грамадзянскай актыўнасцю. Толькі такая трыадзіная мадэль, па думцы Чыёці, здольная не проста выратаваць людзей, але і мяняць асяроддзе, якое іх калечыць.
Толькі праз сем гадоў, у 1972 годзе, перажыўшы вопыт служэння маргіналам як сустрэчу з самым істотным, Луіджы стаў святаром. Кардынал Мікеле Пелегрына даў яму ўнікальнае благаслаўленне і прызначэнне: «Твая парафія — гэта вуліца». І так пачаўся шлях чалавека, для якога вуліца стала сапраўдным храмам, а паствай — тыя, каго спрабуе не заўважаць грамадства.
Айцец Луіджы Чыёцці ўсё больш і больш пачаў бачыць мафію як фізічную, псіхічную і духоўную пагрозу для людзей. Ён казаў, што мафія — гэта вобраз мыслення, бязлітасны індывідуалізм, эгаізм, абыякавасць і прысвойванне агульнага дабра. Святар лічыў, што недастаткова проста пераследаваць мафію ў судовым парадку, але трэба знішчаць мафіёзны вобраз мыслення ў насельніцтва Італіі.
Па яго словах, мафія эксплуатуе рэлігію. Іх рэлігійнасць — поўная процілегласць Евангеллю. Гэта форма забабонаў і спосаб здавацца рэспектабельным у вачах атачэння. Пакланенне Богу — гэта не толькі вера, але і лад жыцця. Мафія традыцыйна любіць Дзеву Марыю не менш, чым грошы, і, па непацверджаных звестках, некаторыя капо нават асвячаюць святой вадой пакеты з какаінам у надзеі, што ён нікога не заб'е.
Ужо будучы святаром, Луіджы Чыёці зрабіў беспрэцэдэнтны крок, заснаваўшы агульнанацыянальную сетку «Лібера. Асацыяцыі, імёны і лічбы супраць мафіі». «Лібера» дабілася прыняцця закона, які дазваляе перадаваць канфіскаваную маёмасць грамадскім арганізацыям. Вілы і землі, нажытыя на крыві, ператвараліся ў школы і сацыяльныя кааператывы — стратэгічны ўдар па эканоміцы злачыннасці і магутны сімвал перамогі дабра.
Напрыклад, існуе кафэ «Де Пары» на вуліцы Віа Венета ў Рыме, якое праславілася дзякуючы фільму Феліні «Салодкае жыццё». Яго ўладальнік быў звязаны з калабрыйскай мафіяй. Кафэ было закрыта паліцыяй, а ў 2009 годзе зноў адкрылася — пры падтрымцы газеты Libera — як рэстаран, дзе падавалі віно і стравы, прыгатаваныя з прадуктаў, канфіскаваных у мафіі. Такі спосаб мыслення і канкрэтныя ўчынкі адпавядаюць словам з кнігі прарока Ісаіі: «І перакуюць яны мячы свае на плугі, а дзіды — на сярпы. Не падыме народ на народ меч, і не будуць больш вучыцца ваяваць» (Іс 2, 4).
Дзейнасць Луіджы Чыёці выходзіць далёка за межы вышэй апісанага. Калі мафію ўспрымаюць як інстытут ці арганізацыю, то адна з найбольш нябачных яе ахвяр — жанчыны, якія жывуць у гэтай сістэме. Вось адзін з прыкладаў працы «Лібера», які паказвае, як спалучэнне практычнай дапамогі выяўляецца ў лёсе канкрэтнага чалавека.
Гісторыя Ганны (імя зменена) — гэта тыповы лёс для жанчын, якія нарадзіліся і выраслі ў асяроддзі мафіі. Яе муж — сын уплывовага члена мафіі, знік у верасні 2008 года. Да яго знікнення яна жыла па правілах сістэмы: не пытацца, не ведаць лішняга, прымаць «падвойнае жыццё» як норму. Як і яе маці, яна прымала, што ёсць рэчы, у якія жанчынам лепш не ўмешвацца. І дзякуючы дзейнасці і ўвазе айца Луіджы Ганна атрымала магчымасць пакінуць Калабрыю і пачаць новы лёс са сваімі трыма маленькімі дочкамі. Яе выпадак не ўвайшоў у праграму аховы сведкаў, паколькі яна не мела дакументальных доказаў для следства, але небяспека для яе жыцця была рэальнай. Гэта — тыповы прыклад таго, як арганізацыя дапамагае тым, хто знаходзіцца па-за ўвагай судовай сістэмы, але застаецца ў зоне смяротнай небяспекі.
Калі бароніш ахвяр, рана ці позна ты павінен павярнуцца тварам да ка́та. Таму Чыёці, атрымліваючы шмат прамых пагроз ад членаў мафіі, якія знаходзяцца на свабодзе альбо нават у турме, вымушаны мець побач ахову, якая абшуквае ўсе месцы, перш чым святар туды зойдзе.
Чыёцці стварае новую рэчаіснасць — не толькі праз пераўтварэнне будынкаў і зямель, але і праз аднаўленне пашкоджаных лёсаў. Гэта барацьба за тое, каб на змену культуры маўчання, прыйшла моц чалавечай салідарнасці.
Пры падрыхтоўцы тэксту былі выкарыстаны наступныя крыніцы:
https://alexanderluciesmith.substack.com/p/the-priest-who-sets-mafia-women-free
https://iitaly.org/magazine/focus/facts-stories/article/don-ciotti-land-libera-mafia
https://religionnews.com/2014/10/23/italian-priest-unfazed-death-threats-goes-mafia/