Сучаснае разуменне адпустаў немагчыма аддзяліць ад гістарычнага кантэксту. Пакутная практыка Касцёла прайшла доўгі шлях. Змены ў ёй паказваюць не тое, што да граху пачалі ставіцца больш легкадумна, а тое, што Касцёл пачаў глыбей улічваць унутраны стан чалавека і шукаць больш дзейсныя спосабы духоўнай дапамогі.
Пакаянне ў старажытнасці
У раннія стагоддзі хрысціянства (прыкладна да IV стагоддзя) стаўленне да граху пасля хросту было максімальна суровым. Касцёл успрымаў хрышчэнне як кардынальны паварот у жыцці чалавека, пасля якога свядомае вяртанне да грахоўнага мінулага разглядалася як катастрофа. Сакрамэнт пакаяння за цяжкія правіны (такія як адрачэнне ад веры падчас ганенняў, забойства ці грахі супраць сужэнскай вернасці) удзяляўся толькі адзін раз у жыцці.
Пакута была не проста сімвалічным актам — яна насіла публічны і працяглы характар. Грэшнікі на працягу гадоў заставаліся па-за эўхарыстычнай супольнасцю. Яны насілі спецыяльнае адзенне, не маглі пераступаць парог касцёла і былі вымушаныя прасіць аб малітве іншых людзей.
Тады і ўзнік першы вобраз таго, што пазней назавуць адпустам. Хрысціяне, якія чакалі смяротнага пакарання ў вязніцах за вызнанне Хрыста (мучанікі), перад смерцю перадавалі біскупу так званыя «лісты міру». У якіх яны прасілі, каб ён, з павагі да іх блізкай да спаўнення ахвяры, скараціў тэрмін публічнага выпрабавання для тых вернікаў, якія шчыра жадалі вярнуцца ў супольнасць. Гэта быў першы, яшчэ не замацаваны ў касцёльным заканадаўстве, але вельмі глыбокі вопыт салідарнасці ўнутры Касцёла.
Як Сярэднявечча змяніла форму адпустаў
У Сярэднявеччы практыка публічнага пакаяння саступіла месца прыватнай споведзі. Аднак засталося перакананне, што кожная правіна павінна суправаджацца пэўнай духоўнай кампенсацыяй. З’явіліся так званыя «пакутныя кнігі», у якіх дакладна прапісвалася мера пакаяння: колькі гадоў або дзён належыць трымаць пост за тую ці іншую правіну. Калі Касцёл пачаў афіцыйна абвяшчаць адпусты, яны вымяраліся менавіта ў гэтых адзінках — днях ці гадах.
Формы атрымання адпустаў патрабавалі ад чалавека максімальнага напружання сіл. Вернікі выпраўляліся ў далёкія пілігрымкі да Рыма, Ерусаліма ці Санцьяга-дэ-Кампастэла — падарожжа пешшу, без аніякіх гарантый бяспекі, якое займала месяцы ці гады, станавілася для іх духоўным і фізічным ачышчэннем. Разам з тым важным элементам духоўнай кампенсацыі лічыўся матэрыяльны ўклад у агульнае дабро, калі фундацыя бальніц, будаўніцтва мастоў ці абарончых касцёлаў разглядаліся як дзейсная праява любові да бліжняга. Акрамя таго, сур’ёзным выпрабаваннем з’яўляўся экстрэмальны пост, калі шматдзённыя строгія абмежаванні ў ежы патрабавалі ад чалавека выключна трывалай волі і духоўнай засяроджанасці.
Людзі таго часу былі больш звыклыя да жорсткіх рамак і структуры. Аднак гэтая ж сістэма нарадзіла і сур’ёзную небяспеку: калі пакаянне зводзіцца да лічбаў і вонкавых падлікаў, узнікае спакуса юрыдычных адносін з Богам. Гэтая страта глыбіннага сэнсу ў выніку стала адной з прычын вострага крызісу эпохі Рэфармацыі.
Адмова ад лічбаў
У 1967 годзе Папа Павел VI кардынальна рэфармаваў гэтую сферу. Касцёл цалкам адмовіўся ад вымярэння адпустаў у днях або гадах, пакінуўшы толькі два паняцці: поўны і частковы адпуст.
Сёння знешнія формы сталі нашмат прасцейшымі ў параўнанні з мінулымі: паўгадзіны чытання Святога Пісання, удзел у Крыжовым шляху, малітва на Ружанцы і інш. (З больш поўным пералікам можна азнаёміцца па спасылцы: https://catholic.by/3/lib/pray/4498-pra-adpusty ).
Такое змяненне дысцыпліны змяшчае ў сабе рызыку павярхоўнага ўспрымання гэтай практыкі як чагосьці другараднага ці залішне спрошчанага. Але тут прысутнічае душпастырскі парадокс: змяншаючы патрабаванні да вонкавага ўчынку, Касцёл павысіў патрабаванні да ўнутранай якасці гэтага дзеяння. Атрымаць поўны адпуст сёння, магчыма, нават больш складана, чым у часы Сярэднявечча, бо галоўнай умовай з’яўляецца поўная свабода сэрца ад прывязанасці да любога граху.
Розніца паміж віной і наступствамі
Каб зразумець, чаму пасля споведзі застаецца патрэба ў дадатковым ачышчэнні, неабходна паглядзець на грэх не як на сухую юрыдычную катэгорыю, а як на экзістэнцыяльную рану, якую чалавек наносіць сам сабе.
У каталіцкім багаслоўі прынята размяжоўваць два наступствы граху: віну і часовую кару.
- Віна — факт парушэння адносін, адварочванне чалавека ад Бога. Гэта выбар эгаізму замест любові. У сакрамэнце пакаяння, калі вернік шчыра шкадуе, Хрыстос цалкам знішчае гэтую віну. Адносіны адноўлены, чалавек зноў знаходзіцца ў стане ласкі.
- Часовая кара — гэта не помста Бога, а рэальныя разбурэнні, якія грэх пакідае ў чалавечай прыродзе. Любы грэх, які пастаянна паўтараецца, фармуе ў душы звычку, скажае ўспрыманне рэальнасці, стварае неўпарадкаваную прывязанасць да чаго-небудзь. Таму ў сучасным вымярэнні сутнасць такой кары больш дакладна перадаюць паняцці „наступствы граху“ ці „дэфармацыя душы“.
Калі чалавек у гневе ламае рэч, якая належыць яго блізкаму, а пасля прыходзіць з прабачэннямі — паміж імі аднаўляецца мір і прыязныя адносіны. Віна прабачана. Але паламаная рэч па-ранейшаму патрабуе рамонту. Нават калі чалавек атрымаў прабачэнне ад Бога, яго ўнутраныя механізмы застаюцца пашкоджанымі грахом. Душа патрабуе рэабілітацыі і лячэння. Калі гэтае лячэнне не адбываецца пры жыцці праз вернасць Госпаду і працу над сабой, яно працягваецца пасля смерці ў стане, які называецца чыстцам. Адпуст — гэта прастора, дзе Касцёл прапануе верніку дапамогу ў гэтым працэсе аздараўлення.
Небяспека «магічнага» падыходу
Праблема, з якой часта сутыкаюцца практыкуючыя католікі, заключаецца ў незаўважным пераходзе ад жывой веры да фармальнага выканання інструкцый. Гэта з’ява, якую можна назваць схаванай духоўнай свецкасцю ці магічным мысленнем.
Калі чалавек успрымае адпуст як набор тэхнічных умоў (прыступіць да споведзі, прыняць Камунію, прачытаць малітву ў інтэнцыях Папы і наведаць вызначанае месца), ён рызыкуе ператварыць сваё духоўнае жыццё ў своеасаблівую «бухгалтэрыю» заслуг. Душа пачынае шукаць не Бога, а гарантыі бяспекі, здабытыя ўласнымі намаганнямі. Гэта класічная ілюзія самазбаўлення, калі чалавек верыць, што праз правільна выкананы рытуал ён можа кантраляваць рашэнні Бога.
Сутнасць адпусту цалкам выключае механічны ці фармальны падыход. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца ўмова аб абсалютнай адсутнасці прывязанасці да граху, нават да лёгкага. Гэта стан сэрца, у якім чалавек не проста шкадуе пра ўчыненае зло з-за страху перад пакараннем, а шчыра імкнецца да таго, каб грэх увогуле не меў улады над ягонымі думкамі і воляй. Калі знешнія ўмовы выконваюцца, але ўнутрана чалавек застаецца прывязаным да звыклых правінаў, поўны адпуст з’яўляецца недасяжным, бо сэрца застаецца закрытым для сапраўдных зменаў.
Законы духоўнай супольнасці: заступніцтва за памерлых
Асобнага разгляду патрабуе практыка ахвяравання адпустаў за памерлых. У сувязі з гэтым часта ўзнікае пытанне: чаму адпуст можна ахвяраваць за тых, хто адышоў у вечнасць, але нельга зрабіць гэтага за іншага жывога чалавека, які знаходзіцца побач, але перастаў практыкаваць веру?
Чалавек на зямлі валодае свабоднай воляй і сам можа рабіць выбары. Нельга прымусіць кагосьці прыняць аздараўленне, калі ён свядома выбірае хваробу. У дачыненні да жывых існуе магчымасць малітвы аб ласцы навяртання, аднак іх унутраная воля павінна заставацца вольнай.
Стан душаў у чысцы кардынальна іншы. Гэтыя людзі ўжо зрабілі свой канчатковы выбар на карысць Бога. Яны збаўлены, іх вечнасць у бяспецы. Аднак знаходжанне ў стане ачышчэння сведчыць, што раны, нанесеныя грахом пры жыцці, пакуль не дазваляюць мі напоўніцу ўвайсці ў сувязь з Божай Святасцю. Галоўная рыса гэтага стану — душы ў чысцы абсалютна бяссільныя дапамагчы самім сабе. Час іх зямных выбараў і заслуг скончыўся. Яны могуць толькі прымаць і чакаць.
Тут уступае ў сілу закон супольнасці — тое, што вызнаецца ў Сімвале веры як «еднасць святых». Касцёл не з’яўляецца проста сукупнасцю асобных людзей; ён ёсць Целам Хрыста. Выкананне пакутных учынкаў на зямлі і ахвяраванне адпусту за канкрэтнага памерлага чалавека дазваляе рэалізаваць прынцып заступніцкага пакаяння. У такім выпадку чалавечая любоў і вернасць Богу становяцца своеасаблівым залогам за таго, хто цяпер сам нічога зрабіць не можа. Гэты акт лічыцца адной з самых чыстых праяў хрысціянскай любові, паколькі ён цалкам бескарысны і скіраваны ў прастору, адкуль немагчыма атрымаць падзяку ці нейкую выгаду.
* * *
Усе разгледжаныя раней аспекты — ад гістарычных зменаў пакутнай дысцыпліны да аналізу наступстваў граху — падводзяць да неабходнасці ачышчэння самога разумення гэтай практыкі. Каб уяўленне пра адпусты стала пазбаўленым ілюзій, патрабуецца вяртанне да цэнтральнага пункту хрысціянства, дзе адзінай крыніцай ачышчэння і вызвалення чалавека з’яўляецца сам Езус Хрыстус. Менавіта Ён у сваёй збаўчай ахвяры і ёсць сапраўдны і галоўны адпуст.
Адпуст — гэта не нейкая аўтаномная субстанцыя ці душпастырскі дакумент, які выдаецца Касцёлам незалежна ад Хрыста. Крыніцай любога ачышчэння з’яўляецца Хрыстовы крыж. Спрабуючы атрымаць адпуст, чалавек павінен шукаць не «спісання даўгоў», а самога Бога. Гэта не матэматычная працэдура, а экзістэнцыяльны акт сустрэчы.
Адмова ад архаічнай, юрыдычнай мовы дазваляе ўбачыць у гэтай традыцыі прастору супольнай адказнасці, дзе ўсе элементы набываюць іншы сэнс. Адпуст становіцца заклікам да сур’ёзнай працы над уласнаю душой, напамінам пра вагу кожнага выбару і адначасова — актам найглыбейшага аптымізму, згодна з якім у Касцёле ніхто не застаецца сам-насам са сваёй слабасцю і наступствамі зробленых памылак.
Крыніцы:
https://www.youtube.com/watch?v=f-i9J1GB4Is
https://catholic.by/3/lib/pray/4498-pra-adpusty
https://info.dominikanie.pl/2015/08/odpusty-co-to-wlasciwie-jest/