Часта нашае духоўнае жыццё нагадвае блуканне ў тумане: мы ведаем правілы, выконваем абрады, але ў глыбіні душы застаёмся незадаволенымі. Вядомы польскі псіхатэрапеўт, езуіт айцец Роберт Буяк прапануе нам спыніцца і зазірнуць за заслону паўсядзённых звычак, каб убачыць там нешта большае.
* * *
Усе мы прагнем любові ў сваім жыцці. І шлях нашага існавання — гэта шлях паломніцтва з бацькоўскага дома ў Дом Айца праз пустыню паўсядзённасці. Гэта дарога пастаянных пошукаў усяго, што мае хоць нешта агульнае з сапраўднай любоўю.
Гэта шлях намацвання, задавання сабе пытанняў: “Ці гэта сапраўдная любоў? Ці будзе яна «карміць» мяне, ці насыціць мае глыбінныя патрэбы?”
Мы пакідаем адну прывязанасць і шукаем іншую — тую, якая задаволіць нас найбольш поўна. Насамрэч мы добра ведаем, што гэта шлях памылак: тое, што спачатку радуе, пазней можа прынесці расчараванне.
Падаецца, лепш упэўнена трымацца за тое, што ўжо маем, чым зрабіць рызыкоўны крок наперад. Мы прывязваемся да рэчаў, да людзей, але ва ўсім гэтым пастаянна адчуваем незадаволенасць. Нейкае няспыннае, няздзейсненае жаданне кліча нас рухацца далей, у той час як страх ці звычкі трымаюць на месцы: бо мы ўжо нечага дасягнулі, нечым валодаем, з кімсьці цесна звязаныя.
У гэтым падарожжы па жыцці мы адчуваем пастаянную тугу, смагу і голад, якія ніхто і нішто не можа задаволіць цалкам — акрамя самога Бога. Усё, што не з’яўляецца Богам, рана ці позна нас падвядзе, расчаруе, бо яно не ёсць крыніцай сапраўднай Любові, яно — не Бог.
Святы Аўгусцін казаў: “Маё сэрца неспакойнае, пакуль не спачне ў Табе, мой Божа”. Такім чынам, шукаючы любоў з малой “л” у нашым штодзённым жыцці, мы насамрэч прагнем Любові з вялікай “Л”. А пошук гэтай Любові — ні што іншае, як пошук Бога.
Каб лепш зразумець нашу прыроду, будзем кіравацца наступнай метафарай: уявіце дзіця, якое з’явілася як плод безумоўнай любові шчаслівай пары, але праз пэўныя абставіны было аддадзена на выхаванне ў іншую сям’ю. Дзіця вырасла, навучылася жыць паводле правіл сваіх “прыёмных” бацькоў, але аднойчы адчула, што яго сапраўдныя вытокі — у іншым месцы.
Вядома, гэты вобраз вельмі недасканалы і, магчыма, выклікае не зусім дакладныя асацыяцыі, але выкарыстаны свядома, каб патлумачыць шлях нашага жыцця.
Усе мы створаныя Богам. Спачатку былі зачатыя ў Яго думцы, а пазней пакліканыя да існавання. Кожны з нас унікальны: няма ніводнага іншага чалавека ў гэтым свеце, падобнага да мяне.
Паводле свайго паходжання, кожны з нас — “каралеўскае дзіця”, дзіця самога Бога. Вось адкуль бярэ пачатак наша жыццё. Але мы былі выхаваны ў сваёй зямной сям’і — у гэтай, так бы мовіць, “прыёмнай” сям’і, куды прыйшлі як дар для нашых бацькоў. Там, дзе мы нарадзіліся, там жа і навучыліся жыць як нашыя бацькі, паводзіць сябе як яны.
І вось, маючы ў сабе гэты высокі вобраз каралеўскага дзіцяці, мы прывыклі жыць настолькі падобна да ўсіх вакол, што часам ператвараемся ў прынца ці прынцэсу, апранутых у лахманы.
Часта мы жывём так, як навучыла нас асяроддзе, магчыма, нават не адчуваючы сваёй сапраўднай годнасці. Але можа надысці момант — і няхай ён здарыцца ў жыцці кожнага з нас — калі прыйдзе ўсведамленне: унутры нас жыве вобраз Кагосьці большага за нашых бацькоў і вышэйшага за любыя жыццёвыя абставіны.
Бог стварыў нас па Свайму вобразу і падабенству, але мы толькі вучымся быць падобнымі да Яго цягам усяго жыцця. Гэта змаганне паміж вобразам Божым і зямным падабенствам да бацькоў, тымі звычкамі, якімі арганізавана цяперашняе жыццё. З такога падзелу нараджаецца велізарнае жаданне: чалавек адчувае, што прагне нечага большага, вышэйшага. Але ў той жа час ён застаецца абумоўленым гэтым зямным падабенствам, жывучы як усе астатнія. Так утвараецца ўнутраны разлом, канфлікт. Чалавек змагаецца, бяжыць наперад, а потым адступае, падаючы назад — у сваю дробязнасць, грэх і эгаізм.
Праз кожны дзень, праз кожную падзею адбываецца паступовае прыпадабненне да сапраўднага Айца. Усё чалавечае існаванне, якое з першых хвілін пачынае пошук любові, насамрэч шукае сапраўднага Айца, а значыць, і ўласнаю ідэнтычнасць.
Рана ці позна варта адправіцца на пошук Бога, які ёсць Любоў. Гэтае падарожжа, у якім Бог ужо запланаваў сустрэчу з кожным чалавекам, варта пачаць з даверу да Яго Слова. Менавіта са Словам Божым у руках трэба няспынна шукаць адказы на два ключавыя пытанні.
Першае: “Хто я ў святле Божай любові?” Што Біблія як натхнёнае Слова хоча паказаць чалавеку? Які яго сапраўдны вобраз, кім ён з’яўляецца для свайго Стварыцеля?
І другое, не менш важнае: “Хто я на самой справе сёння?” Ці ёсць вера ў тое, што ўсё менавіта так, як кажа Бог? Ці застаецца чалавек толькі тым, хто навучыўся выжываць у паўсядзённасці, прыстасаваўшыся да жыцця, дзе няздзейсненых жаданняў заўсёды больш, чым здзейсненых?
Няхай жа гэтыя два пытанні сутыкнуцца адно з адным. Няхай выгравіраваны Богам вобраз сустрэнецца з тым рэальным падабенствам, гледзячы на якое хочацца сказаць: “Божа, я не такі, якім павінен быць”. Гэта сустрэча ў праўдзе неабходная. З аднаго боку — слухаць Бога і тое, што Ён прамаўляе, а з іншага — адкрыта прызнаць перад Ім уласныя думкі пра сябе і сваю няверу.
Гэта той момант, калі варта стаць у праўдзе і паглядзець: ці ёсць у сэрцы жаданне ісці на сустрэчу з Богам, якога мы яшчэ не ведаем? За Яго Словам, якое можа разбурыць звыклыя шаблоны і пераканаць, што ўсё можа быць інакш.
Варта памятаць: калі нехта думае, што ўжо дасканала ведае Бога, гэта азначае, што ён Яго не ведае. Сцвярджаць, што Бог цалкам зразумелы — значыць ператварыць Яго ў нерухомую статую. Але Бог жывы. Ён бачыць усю рэальнасць, зноў і зноў пераконвае чалавека, што той яшчэ толькі шукае патрэбны шлях насустрач сапраўднаму святлу.
Такім чынам, адкрыццё Бога нанова можа быць нечаканым і здольным выклікаць крызіс — крызіс не толькі ў негатыўным сэнсе, але і як стан глыбокага здзіўлення.
З аднаго боку, важна зазірнуць у сябе: ці маю я жаданне гэтай сустрэчы? З іншага — дзе я абумоўлены мінулым і што менавіта перашкаджае мне звярнуцца да Бога, уступіць у гэты дыялог?
Стаяць у прысутнасці Пана — значыць пагадзіцца на шчырую размову: адкрыта сказаць Яму, хто ты ёсць, і адначасова быць гатовым пачуць, кім ты з’яўляешся паводле Ягонай волі.
Не будзем будаваць адносіны з Богам на тым, што хацелася б для Яго зрабіць, каб заслужыць Ягоную любоў. Не трэба пераконваць Бога, што мы вартыя Яго любові — гэта логіка, перавернутая з ног на галаву. У нас ужо ёсць усё гэта ад пачатку. Стаяць у праўдзе — гэта не значыць быць ідэальнымі; гэта значыць дазволіць Богу быць Богам, а сабе — Яго каралеўскім дзіцем, нават калі пакуль мы адчуваем сябе стомленымі пілігрымамі ў лахманах.
Матэрыял апрацавала Ірына Кухальская