Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Неспакойнае сэрца

«Ваш Хрыстос цудоўны, але…»: чаму Гандзі не стаў хрысціянінам?

30.12.2025 праглядаў 4 хвілін чытання
«Ваш Хрыстос цудоўны, але…»: чаму Гандзі не стаў хрысціянінам?

Напэўна, у нашыя часы няма чалавека, які б ніколі нічога не чуў пра Хрыста. Для кагосьці Ён проста гістарычная постаць, іншыя называюць сябе Яго паслядоўнікамі і спрабуюць жыць Ягоным Словам, а хтосьці лічыць Езуса падманшчыкам і шарлатанам. Больш за тое, Ім захапляюцца прадстаўнікі іншых рэлігій, якія — на першы погляд — з хрысціянствам не маюць нічога супольнага.


Такім быў Махатма Гандзі, вядомы палітычны і грамадскі дзеяч Індыі, які змагаўся за незалежнасць сваёй краіны і пашыраў ідэю негвалтоўнага супраціву. Вядома, што Гандзі быў індуістам. Але як так здарылася, што чалавек, чыё сэрца так моцна пакарыла вучэнне Хрыста, у выніку так і не стаў хрысціянінам? Чаму словы Евангелля прыцягваюць, а інстытуцыянальнае хрысціянcтва адштурхоўвае?


Першае сутыкненне з хрысціянствам

Гандзі сутыкнуўся з хрысціянствам, калі быў маладым чалавекам і займаўся юрыдычнай практыкай у Паўднёвай Афрыцы. Ён не толькі быў прыхільнікам хрысціянскай веры, але і старанна даследаваў Біблію і вучэнне Езуса, а таксама сур'ёзна думаў пра тое, каб стаць хрысціянінам. Гэта прывяло яго да парога невялікай царквы. Вырашыўшы наведаць царкоўную службу, ён сутыкнуўся з расавым бар'ерам — яго не пусцілі ў храм. «Куды ты ідзеш, кафір*?» — ваяўнічым тонам спытаў Гандзі англічанін. Гандзі адказаў: «Я хацеў бы памаліцца тут». Старэйшына царквы пасмяяўся з яго: «У гэтай царкве няма месца для кафіраў. Ідзі адсюль, бо інакш я загадаю сваім памочнікам скінуць цябе з лесвіцы!». Гэты ганебны выпадак прымусіў Гандзі назаўжды адмовіцца ад думкі стаць хрысціянінам. Аднак ён усё роўна прыняў тое, што знайшоў у хрысціянстве і Езусе Хрысце.


Праз шмат гадоў місіянер Стэнлі Джонс спытаў Гандзі, чаму той не стаў хрысціянінам. Гандзі адказаў: «Мне падабаецца ваш Хрыстос. Але хрысціяне — не. Вы не падобныя на вашага Хрыста».


Гэтыя словы — даволі рэзкае асуджэнне хрысціянства, з якім сутыкнуўся Гандзі, і яны прымушаюць задумацца ці наша жыццё прыцягвае людзей да Хрыста альбо адштурхвае іх ад Яго. Гэта сапраўдная праблема для нашага свету і грамадства, калі хрысціяне пачынаюць думаць, што быць хрысціянінам — значыць станавіцца больш праведнымі і рэлігійнымі вонкава. Праўдзівыя перамены, якія Бог хоча бачыць у нас, заключаюцца ў тым, каб мы абвяшчалі Яго любоў і міласэрнасць. Мы пакліканыя не толькі ведаць Евангелле, але і жыць Евангеллем.


Гандзі і Нагорная Пропаведзь

Для Гандзі сустрэча з Нагорнай Пропаведдзю стала адкрыццём. «Яна напоўніла мяне радасцю і дала мне ўнутраную сілу, — успамінаў ён. — Я прыйшоў да меркавання, што яна ёсць адзіны ключ да выратавання ў жыццёвых сітуацыях». Гандзі назваў Нагорную Пропаведзь «найвялікшай прамовай у гісторыі чалавецтва» і зрабіў яе практычным кіраўніцтвам для сацыяльна-палітычных змен. Ён успрымаў яе не як духоўную метафару, а як літаральную інструкцыю да дзеяння. Запаведзі «падстаў іншую шчаку» і «любіце ворагаў вашых» сталі для яго не пасіўным заклікам да пакоры, а актыўнай стратэгіяй супраціву злу, якая лягла ў аснову яго філасофіі сацьяграхі.


Махатма не бачыў, каб людзі жылі паводле Евангелля. Яго абурала, што «хрысціянскія» нацыі Еўропы вядуць самыя кровапралітныя войны ў гісторыі, кіруюць каланіяльнымі імперыямі, заснаванымі на прыгнёце, злучаюць місіянерства з ваеннай і эканамічнай экспансіяй.


Гандзі на ўласным вопыце сутыкнуўся з тым, як белыя хрысціяне рэгулярна наведвалі царкву, але адначасова прыніжалі і падвяргалі жахлівай дыскрымінацыі цемнаскурых і індыйцаў. Для яго гэта было супярэчнасцю: людзі вызнавалі Хрыста па нядзелях і практыкавалі нянавісць і расізм увесь тыдзень. Ён бачыў, як брытанскія чыноўнікі, якія лічылі сябе веруючымі, рабавалі Індыю, дапускалі масавы голад, абмяжоўвалі правы і свабоды людзей, ставіліся да жыхароў Індыі як да людзей другога сорту. «Калі б Хрыстос ізноў прыйшоў на зямлю, то не пагадзіўся з тым, што робіцца ў імя хрысціянства», — сказаў Гандзі падчас сустрэчы з англійскім місіянерам.


Напэўна, гэта выклік для ўсіх нас: што сапраўды значыць прытрымлівацца вучэння Хрыста? Можа быць, гэта не пытанне фармальнага членства ў супольнасці веруючых, а размова пра радыкальныя змены ладу жыцця, мыслення і дзеянняў? Жыццё гэтага чалавека паказвае, што словы Хрыста ў Нагорнай Пропаведзі захоўваюць сваю пераўтваральную моц незалежна ад таго, хто іх чытае — хрысціянін, індуіст або чалавек любога іншага веравызнання. Ісціна, як казаў сам Гандзі, застаецца ісцінай, нават калі для яе не знайшлося сведкаў.


Магчыма, сёння мы не вядзём войнаў у літаральным сэнсе, не каланізуем іншыя краіны. І тым не менш, людзі навокал не перастаюць бачыць нас, Бог не перастае бачыць нас. Але варта прызадумацца: ці людзі, гледзячы на нас, могуць сказаць: «Вялікі і цудоўны ваш Настаўнік». І дадаць — на гэты раз без расчаравання: «І вы, вучні Ягоныя, такія ж».


*кафір — абразлівае слова для людзей іншай расы ў Паўднёвай Афрыцы.




Матэрыял падрыхтавала Анастасія Філіповіч

Падзяліцца