«Усё Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці, каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы».
(2 Цімафея 3:16-17)
Для некаторых можа быць невідавочным, што паміж чытаннем Бібліі і малітвай ёсць пэўная сувязь. Калі, чытаючы складаны ўрывак, цяжка зразумець, што там напісана, то можна задаваць удакладняючыя пытанні Богу. Двухбаковая размова, заснаваная на слуханні Бога і размове з Ім праз Яго Слова — і ёсць сапраўдная малітва.
Прасцей кажучы, мы чытаем Божае Слова, каб падрыхтавацца да служэння Яму, а молімся, каб выканаць Божую волю.
Мэты чытання Бібліі і малітвы пераплятаюцца — і першае, і другое з’яўляецца спосабам злучэння з Богам дзеля таго, каб расці ў Ім, служыць Яму і праслаўляць Яго.
Чытаць Божае Слова і выкарыстоўваць малітву ў форме размовы з Богам — рэальны спосаб паглыбіць нашыя адносіны з Ім. Далей разгледзім сем простых спосабаў, якія дапамогуць пачаць.
1. Замяняйце безасабовыя займеннікі на «я»
Просты спосаб зрабіць малітву асабістай — чытаць Божае Слова так, нібы яно напісана непасрэдна для цябе.
Прыклад:
Вершы: «Калі хто служыць, хай робіць гэта сілай, якую дае Бог» (1 Пятра 4:11).
Размова: «Калі я служу, я павінен рабіць гэта сілай, якую дае Бог».
2. Дадавайце «дапамажы мне» перад наказамі
Бог — наш Стварыцель, Памочнік і Святло.
Калі сустракаем у Бібліі Ягоныя загады, то можам ператварыць іх у малітвы: прасіць Яго дапамагчы нам быць паслухмянымі.
Прыклад:
Вершы: «Калі хто служыць, хай робіць гэта сілай, якую дае Бог» (1 Пятра 4:11).
Размова: «Божа, дапамажы мне служыць, дапамажы рабіць гэта сілай, якую Ты даеш».
3. Ператварайце загады ў пытанні для самааналізу
Часта мы хочам, каб Бог адказваў на нашыя канкрэтныя пытанні. Але Яго Слова часцей дзейнічае, каб «выкрываць, выпраўляць». Мы ў бяспецы перад Богам, калі дазваляем Яму прамаўляць праўду ў нашыя сэрцы, каб магчы каяцца і расці ў Ягонай ласцы.
Прыклад:
Вершы: «Калі хто служыць, хай робіць гэта сілай, якую дае Бог» (1 Пятра 4:11).
Размова: «Ці служу я? Ці раблю я гэта сілай, якую Ты, Божа, даеш?»
4. Звяртайце ўвагу на «каб»
Часам мы молімся, каб здзейснілася наша воля і нашыя мэты. Але мы павінны маліцца, каб здзейснілася Божая воля. Таму важна заўсёды памятаць Яго мэту і Яго план.
Прыклад:
Вершы: «Калі хто служыць, хай робіць гэта сілай, якую дае Бог, каб ва ўсім Бог быў праслаўлены праз Езуса Хрыста» (1 Пятра 4:11).
Размова: «Калі я служу, я павінен рабіць гэта сілай, якую Ты даеш, каб ва ўсім Ты быў праслаўлены праз Езуса Хрыста».
5. Улічвайце кантэкст
Памылкі ў разуменні Пісання ўзнікаюць, калі вырываць вершы з кантэксту. Калі мы вядзём размову з Богам з дапамогай Яго Слова, кантэкст дапамагае захаваць правільнае ўспрыманне.
Прыклад:
Вершы: «Калі хто служыць, хай робіць гэта сілай, якую дае Бог, каб ва ўсім Бог быў праслаўлены праз Езуса Хрыста» (1 Пятра 4:11).
Размова: «Гэты верш напісаны Пятром для хрысціян. Ён гаворыць пра жыццё паводле Тваёй волі і Твайго Духа, асабліва ў адносінах з іншымі людзьмі. Здаецца, што хрысціяне, якім ён пісаў, пакутавалі за веру. Божа, я таксама хачу ўзаемадзейнічаць з людзьмі паводле Тваёй волі і Духа. Мне патрэбна Твая сіла, каб гэта рабіць, і я хачу рабіць гэта дзеля Тваёй хвалы, нават калі давядзецца цярпець».
6. Успамінайце рысы Бога
Сумневы і адцягненне ўвагі перашкаджаюць нам маліцца шчыра. Зможам пераадолець гэта, калі будзем проста ўспамінаць, кім ёсць Бог і называць Ягоныя рысы ў малітве. Ягоны характар — наша ўпэўненасць, а рысы ўказваюць на праўду.
Прыклад:
Вершы: «Калі хто служыць, хай робіць гэта сілай, якую дае Бог, каб ва ўсім Бог быў праслаўлены праз Езуса Хрыста. Яму хвала і ўлада на векі вечныя. Амэн» (1 Пятра 4:11).
Размова: «Калі я служу, я магу рабіць гэта сілай, якую Ты даеш, бо Ты моцны! Я хачу рабіць гэта, каб ва ўсім Ты быў праслаўлены праз Езуса Хрыста, бо Ты слаўны, усемагутны і вечны!»
7. Звяртайце ўвагу на паўторы
Каб ухапіць галоўную думку ў размове з Богам, важна заўважаць словы ці тэмы, якія паўтараюцца. Паўтарайце іх у малітве, як калі б вы хацелі запомніць словы суразмоўцы вельмі дакладна.
Прыклад:
Вершы: «Калі хто служыць, хай робіць гэта сілай, якую дае Бог, каб ва ўсім Бог быў праслаўлены праз Езуса Хрыста. Яму хвала і ўлада на векі вечныя. Амэн» (1 Пятра 4:11).
Размова: «У гэтым вершы і ўрыўку часта паўтараецца слова “Бог”. Таксама — “слава”. Божа, я хачу аддаваць славу Табе. Дапамажы мне служыць, як запаведвае Тваё Слова. Дапамажы мне служыць спадзеючыся на Цябе і дзеля Тваёй славы».
Пры падрыхтоўцы тэксту была выкарыстана наступная крыніца: