Ксёндз Кшыштаф Гжывоч, несумненна, быў адным з найбольш паважаных духоўных аўтарытэтаў у Польшчы. Ён спалучаў свае шырокія веды ў галіне псіхалогіі, псіхіятрыі і тэалогіі з практыкай духоўнага кіраўніка, фарматара і экзарцыста, паказаў, што калі мы хочам верыць стала, то не павінны баяцца сутыкнення з ведамі пра чалавека, бо пазнанне Бога ідзе рука аб руку з пазнаннем чалавека.
Пры падрыхтоўцы матэрыялу была выкарыстана кніга “Patologia duchowości”, напісаная Гжывачам, ніжэй прыведзены некаторыя яго думкі на тэму духоўнасці і цяжкасцей, якія могуць быць з ёй звязаныя.
Крытэрыі здаровай духоўнасці
Ці можна казаць пра паталогію духоўнасці? Ці існуе хвароба рэлігіі?
У сістэме аховы здароўя ёсць групы ўрачоў, якія займаюцца пэўнымі органамі цела: страўніка, зубоў, сэрца і г.д. І калі нешта забалела, то звяртаемся да іх па дыягназ, а пасля і па лячэнне.
Падобна і ў псіхічнай сферы чалавека: з’яўляецца праблема, ідзём да спецыяліста па дыягностыку, у выніку атрымліваем патрэбную тэрапію.
Усё вышэй апісанае добра нам зразумела, але ці можам казаць пра хваробы ў духоўным вымярэнні? Падаецца, што так — трэцяе вымярэнне чалавека (акрамя цела і псіхікі) таксама можа быць здаровым ці хворым. Можна яго фарміраваць і напаўняць зместам такім чынам, каб служыла чалавеку і яго шчасцю, але яно таксама можа знішчыць шчасце, адняць адчуванне сэнсу і радасці жыцця.
У гісторыі існуюць два напрамкі падыходу да тэмы паталогіі духоўнасці. Першы сцвярджае, што любая форма рэлігіі ці духоўнасці з’яўляецца праявай няздольнасці чалавека спраўляцца з рэальнасцю, якая яго акружае. Калі коратка, то гэта пазіцыя прыраўноўвае рэлігію да паталогіі.
Відавочна, ёсць і другі напрамак, паводле яго рэлігійнасць выступае як нешта добрае. Некаторыя спецыялісты сцвярджаюць, што рэлігійнасць і духоўнасць з’яўляюцца неабходнымі элементамі для развіцця здаровай асобы.
Але якія крытэрыі з’яўляюцца прыкметамі здаровай асобы? Якую духоўнасць прымаем за здаровую? Па чым пазнаць, што духоўнасць Яна Паўла II была здаровай, а не хворай? А духоўнасць Фаўстыны Кавальскай, Яна ад Крыжа і іншых не была формай паталогіі?
Здаровая духоўнасць аб’ядноўвае ў сабе некалькі элементаў. Першы — любоў да Бога. Бог выхоўвае нас да сяброўства з Ім, да моцнай асабістай сувязі, у якой няма ніякага прымушэння. Другі элемент — любоў да бліжняга. І ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра здольнасць будавання глыбокіх сяброўскіх адносін. Трэці элемент — гэта любоў да сябе самога. Такая любоў з’яўляецца важным крытэрыем псіхічнага здароўя. І калі нехта кажа: “Я гэтага не заслугоўваю, буду клапаціцца пра іншых, але не пра сябе” — кепскі знак. Чалавек, які не клапоціцца пра сябе, не зможа рабіць гэтага і для іншых. Калі клапоцімся пра сябе, ачышчаюцца нашыя праекцыі на Бога. Калі не клапоцімся, то носім глыбока ў сабе вобраз Бога, які не клапоціцца пра нас.
Калі побач ёсць чалавек, які занядбоўвае сябе, але клапоціцца пра іншых, то можам адчуць, як ён душыць гэтым сваім клопатам. На першы погляд, такія паводзіны могуць падацца нечым высакародным, але праўда заключаецца ў тым, што гэты чалавек сам вырашае, што можа спатрэбіцца іншаму, а што не і спрабуе яму гэта ўціснуць. Ён клапоціцца толькі пра свае праекцыі, а не пра другога чалавека.
Такім чынам, здаровая духоўнасць — гэта духоўнасць моцных сувязей, адносін, сяброўства з Богам, другім чалавекам, з самім сабой — і здольнасць падтрымання гэтых трох элементаў у гармоніі. Гаворка не ідзе пра “альбо-альбо”. “Не патрабую людзей, бо Бога мне дастаткова” альбо “мне не патрэбны Бог”, альбо “клопат не для мяне, буду сам клапаціцца пра іншых”. Немагчыма дасведчыць блізкасці Бога без вопыту адносін з чалавекам. Бо Бог прамаўляе да нас праз тое, што чалавечае.
Гэтыя тры вызначэнні (адносіны з Богам, чалавекам і самім сабой) вельмі падобныя да тых крытэрыяў, якія выкарыстоўваюць псіхатэрапеўты пры дыягностыцы. Шмат парушэнняў у развіцці чалавека вынікаюць з парушэнняў звязаных з адносінамі. Таму большасць тэрапеўтаў запытваюць пра адносіны з маці, бацькам, братамі, сёстрамі.
Як псіхіка мае сувязь з целам (псіхасаматыка), так і існуе моцная сувязь паміж псіхікай і духоўнасцю. І наадварот — духоўнасць уплывае на псіхічны свет. Псіхічныя расстройствы могуць скажаць духоўнае жыццё, але, што цікава, могуць і ўплываць на яго карысна, бо няма нічога чорна-белага.
Інфантыльнасць
Агульнай рысай многіх расстройстваў асобы з’яўляецца тое, што можна назваць інфантыльнымі паводзінамі. Можа скласціся ўражанне, што маем дачыненне з дарослым дзіцёнкам. Некаторыя жанчыны кажуць: “У мяне два сыны, хаця не — тры, яшчэ і муж”. І часта гэта не з’яўляецца перабольшваннем, бо той муж прыгадвае падлетка, якому ўсё яшчэ патрэбная апека. Складваецца ўражанне, што такія мужчыны будуюць адносіны з уласнай маці, а не з нейкай асобнай жанчынай.
Якія рысы маюць інфантыльныя асобы? Гэта людзі, якія не могуць чакаць, хочуць мець усё і адразу, не кантралююць сваіх эмоцый і пачуццяў, станаў і паводзін. Яны хутка ўваходзяць у адносіны, але гэтыя стасункі будуць сімбіятычнымі, з чалавекам да іх падобным. Сталы чалавек не ўвойдзе ў адносіны з інфантыльнай асобай, але інфантыльных асоб так шмат, што заўсёды нехта знойдзецца. Такія саюзы звычайна вельмі інтэнсіўныя на эмоцыі, у іх хутка даходзіць не толькі да сексуальнага кантакту, але і да разрыву адносін. Пасля такія людзі часта становяцца ворагамі і ў цэлым ніколі не загавораць адзін з адным.
Інфантыльным людзям лепш жывецца ў сваіх уласных фантазіях, чым у рэальнасці. Маюць магічны спосаб мыслення, характэрны для дзяцей паміж трэцім і шостым годам жыцця. Застаюцца на тым этапе, калі цікавяцца цудамі, усялякімі надзвычайнымі рэчамі. Сталы чалавек ведае, што ўсё дасягаецца ў працэсе, дзіця — не, яно хоча ўсяго адразу, хутка перагарае. На жаль, ёсць дарослыя людзі, якія захрасаюць на ўзроўні магічнага мыслення.
Каб лепей зразумець пра што ідзе гаворка, будзем арыентавацца на схему, якую выкарыстоўваюць пры транзакцыйным аналізе. У той канцэпцыі гаворыцца пра тры станы чалавечай асобы: ДАРОСЛЫ, які мае столькі гадоў, наколькі гэта адпавядае пасведчанню аб нараджэнні, ДЗІЦЯ адказвае за сукупнасць пачуццяў, імпульсаў, спантанных рэакцый і БАЦЬКА/МАЦІ — сумленне, прынцыпы. Кожны з нас — спалучэнне гэтых трох станаў.
Дзіця застаецца ў структуры дарослага назаўсёды, але, разам з тым, дарослы чалавек сам для сябе становіцца і бацькам, і маці, дбае пра сваё ўнутранае дзіця, так як некалі дбалі пра яго бацькі: будзе апекавацца гэтым дзіцём, выхоўваць яго, вучыць заўважаць небяспеку, пазнаваць свет, камунікаваць з іншымі, вырашаць канфлікты і г.д. Калі дарослыя, якія знаходзіліся побач з дзіцёнкам, самі былі як дзеці, то дзіця не створыць у сабе моцнага дарослага, калі вырасце, дзіцячая частка ў ім можа дамінаваць да той ступені, што не здолее быць сябрам свайму ўнутранаму дзіцяці.
Інфантыльнасць азначае, што ў структуры дарослага чалавека дзіця займае вельмі моцную пазіцыю, а бацька/маці існуюць, але толькі такія, якія імкнуцца ратаваць сітуацыю нормамі — моцна апякуюцца, прыніжаюць, змушаюць дзіця. Атрымліваецца, што дарослага, які можа пахваліць, падтрымаць, задаволіць патрэбы дзіцяці, няма побач.
Як інфантыльнасць праяўляецца ў адносінах да Бога? Такія людзі дэманструюць давер, але на самой справе не давяраюць. Маніпуліруюць Богам. “Чаму Бог не выканаў маёй просьбы, я ж Яго прасіў?” — запытвае такое “дарослае” дзіця. Уваходзіць у пазіцыю крыўды: “Бог мяне не чуе”. Але праўда такая, што Бог абсалютна свабодны і не павінен адпавядаць нашым чаканням. Адбываецца сустрэча дзвюх свабод: маёй і Бога. Так думаюць дарослыя. Дарослы чалавек ведае, што Бог не павінен выконваць яго просьбы.
Інфантыльныя людзі чакаюць ад Бога сімбіёзу, “склейвання”, яны адмаўляюцца ад уласнай свабоды, уласных рашэнняў, выступаюць у адносінах да Бога з нейкімі чаканнямі. Не могуць выносіць ні сваёй свабоды, ні свабоды Бога. Недавер да Яго схаваны за “надта моцным” даверам і прыводзіць да таго, што чалавек правакуе сітуацыі, якія павінны гэты недавер абвяргаць, перад усім таму, што Бог не апраўдвае чаканняў, тады Ён быццам павінен нешта даказваць інфантыльнаму чалавеку. Такім чынам духоўнасць становіцца магічнай.
Пры тэрапіі глыбокіх парушэнняў асобы інфантыльнага характару трэба паўтарыць тое, што павінна было адбывацца ў дзяцінстве чалавека, які ад гэтых парушэнняў церпіць: дарослы павінен прыйсці звонку. Гэта можа быць, напрыклад, добры тэрапеўт ці духоўны кіраўнік. Такі дарослы накіроўвае дзіця, ведае, што тое можа рабіць, а што не, і паступова ўмацоўвае ў ім дарослую частку. Змены не адбываюцца хутка, бо трэба адкрыць і прапрацаваць нешта, што занядбоўвалася гадамі.
Рэлігійны фанатызм і сталае сведчанне
Рэлігійны фанатызм сустракаецца не толькі ў ісламе. Гэта можа быць вельмі тонкая форма, таксама прысутная і ў хрысціянстве. Каталіцкі Касцёл не выключэнне. Як можна ахарактарызаваць фанатычнага чалавека і як яго адрозніць ад здаровага? Калі гэта датычыць лідара нейкая групы, адчуем такое нтуіцыйна: нешта тут не ў парадку, псуюцца адносіны, ствараецца напружанне. У групе, кіраўнік якой з’яўляецца нарцысічным, пастаянна ўзнікаюць рознагалоссі, сваркі, абвінавачванні. А праблемы будзе ствараць сам лідар, які мае нарцысічна-фанатычныя рысы. Такія людзі часта хочуць дайсці да ўлады, любяць узвышацца над іншымі — гэта некаторыя з рыс фанатызму. І калі яны разумныя, то добра ўмеюць хаваць сваё расстройства, маніпулюючы іншымі людзьмі.
Напачатку можа стварацца уражанне, што фанатычны чалавек дае шмат свабоды. Усё ў свабодзе, усё можна сабе дазволіць. Але з часам гэтая прастора звужаецца. Робіцца цесна, з’яўляюцца правілы, якіх неабходна прытрымлівацца. Меркаванні і ідэі лідара дамінуюць усё больш і больш. Калі нехта яго не слухае, трапляе ў няласку. Караецца не фізічна, але, хутчэй, маргіналізацыяй ці выключэннем з групы. Першапачатковая свабода з’яўляецца маскай, якая хавае фанатызм.
Чарговая рыса фанатычнага чалавека — сумнеўная ўнікальнасць. Маем у сабе структуру двух полюсаў: ёсць у кожным святло і цемра, нешта добрае і нешта злое, сіла і слабасць. Сталы чалавек можа інтэграваць у сабе і святло, і цень. Рэлігійны фанатык, на першы погляд, падобны да сонца. Ён бездакорны, не памыляецца. Не кажа: “Не ведаю, не разумею”. Адкажа на любыя пытанні, заўсёды ўсё для яго ясна. Так жа з пункту гледжання маралі лічыць сябе чыстым, аднак будуць абражаць яго найменшыя промахі іншых людзей.
Фанатычныя асобы часта маюць нарцысічнае расстройства. Такія людзі любяць прыпісваць сабе надзвычайныя дары, напрыклад прарочы, нейкія асаблівыя веды ад Бога. “Чую” Бога, “размаўляю” на мовах і г.д. Любяць такое, бо гэта робіць іх унікальнымі, не такімі як астатнія. Калі запытаць, адкуль ведаюць, будуць спасылацца на “прароцтва”, якое атрымалі ад Бога: “Бог мне сказаў, я гэта ведаю, я гэта бачыў”.
Сталыя асобы не баяцца сваіх сумневаў ці памылак. Заўсёды адкрытыя на дыскусію, ведаюць, што з’яўляецца догмамі, а што не, спакойна прызнаюць свае памылкі і прыслухваюцца да адэкватнай крытыкі. Разумеюць, што не функцыянуюць асобна, але як Касцёл, супольнасць, якая з’яўляецца месцам пазнання праўды ў Духу Святым. Такія асобы гатовыя развівацца, часта маюць духоўнага кіраўніка, а як трэба, ходзяць на псіхатэрапію, здольныя змяніць свой погляд на нейкія пытанні.
Фанатычны чалавек мае слабае пачуцце рэальнасці. Не бачыць разбуральных наступстваў уласных ідэй, рэлігійных фантазій. Адносіцца да сваіх унутраных арыенціраў як да ўзору аб’ектыўнасці, гэта яго бяспечны бункер, які бароніць ад пагражаючай рэальнасці.
Яшчэ адна рыса фанатыка — эгацэнтрызм. Такі чалавек не ўмее будаваць партнёрскія, сяброўскія адносіны. Добра адчувае сябе ў кантакце толькі тады, калі нехта яму падпарадкоўваецца, а ён выступае ў ролі настаўніка, гуру. Не можа супрацоўнічаць з другім чалавекам, бо не мае побач тых, хто стаяў бы з ім на адным узроўні. Усе астатнія павінны бездакорна слухацца лідара. Фанатычны чалавек нагадвае помнік, які добра бачны, але знаходзіцца здалёк ад людзей. З помнікам немагчыма стварыць адносіны.
Такі чалавек звычайна вельмі адзінокі. Не можа ўступіць у сяброўскія адносіны, знаёмых прымае за сяброў. У ім глыбока ўкрыта інфантыльнасць, якая з’яўляецца прычынай такіх яго паводзін. Фанатык утрымлівае і астатніх у інфантыльнай пазіцыі, не дае ім развівацца. А там дзе няма развіцця, ёсць дэградацыя.
Так і ў Касцёле. Калі нехта пачынае выказвацца крыху больш нестандартна, то ў людзей нараджаецца бунт, як было ў выпадку з папам Францішкам — здабыў сабе цэлую армію праціўнікаў. Часта, на жаль, Касцёл робіць гэта несвядома, бо баіцца самастойнасці і развіцця. Геній папы Францішка заключаецца ў тым, што ён правакаваў на такую самастойнасць і таму ўзбуджаў шмат непаразумення з боку нясталых людзей. Зразумела, што ёсць тры Асобы Святой Тройцы, ёсць догмы, але існуюць і рэчы, якія патрабуюць змен.
Утрымліванне людзей у інфантыльнай пазіцыі — гэта адна з форма гвалту, рэлігійнага фанатызму. Вядома, немагчыма адразу чакаць самастойнасці ад несамастойнага чалавека, але трэба перастаць перашкаджаць яму развівацца.
Варта адзначыць, што кожны з нас можа знайсці ў сабе фанатычныя рысы. Не трэба гэтага баяцца, але важна за іх узяць адказнасць.