Вяртанне
RU

Меню

RU
ПОШУК
Хрысціянская антрапалогія

Ад нездаровай рэлігійнасці да сталай веры (частка 2)

21.11.2025 праглядаў 11 хвілін чытання
Ад нездаровай рэлігійнасці да сталай веры (частка 2)

Адукацыйныя памылкі


Адукацыйныя памылкі з’яўляюцца самай лёгкай формай парушэнняў. Простымі словамі — гэтыя памылкі ўзнікаюць з-за недахопу ведаў, бо інфармацыя, якой карыстаемся, уплывае на нашыя паводзіны. З гэтага вынікае, што душпастырства, духоўнасць павінны грунтавацца на надзейнай тэалогіі, антрапалогіі, на якасных ведах. Калі гэтыя веды ненадзейныя альбо непраўдзівыя, то будуць уплываць на паводзіны.


Апіраючыся на напісанае ў першай частцы (“Ад нездаровай рэлігійнасці да сталай веры (частка 1)”), можна заключыць, што адукацыйныя памылкі распаўсюджваюцца на адносіны з Богам, стасункі з іншым чалавекам, самім сабой і ўплываюць на гармонію ў гэтых трох вымярэннях.


Трэба праверыць, якія веды мае чалавек з такімі парушэннямі на тэму тэалогіі, дагматыкі, Бога, адносін паміж людзьмі і пра самога сябе, ці не мае фальшывых перакананняў, якія ўскладняюць яму функцыянаванне і перашкаджаюць фарміраванню здаровай духоўнасці.


Часта недарэчны тэзіс, які датычыць адносін з Богам, выражаецца ў перакананні, што чалавек, які знаходзіцца блізка Бога, не мае самастойнасці, Бог адбірае яе.

Ад тых, хто адыходзіць з Касцёла можам пачуць: “Я больш не хачу тут быць, бо імкнуся стаць незалежным, хачу мець магчымасць самастойна прымаць рашэнні. Не патрэбны мне больш Бог, які вырашае за мяне. Не хачу быць малым дзіцёнкам каля бацькі, які празмерна апякуецца”. У чым тут ілюзія? Бог не дазваляе чалавеку стаць дарослым, самастойным. Гэтая тэза з’яўляецца ілжывай і з пункту гледжання тэалогіі, і з пункту гледжання хрысціянскай духоўнасці. Не ў такога Бога верым, але наадварот — у Бога, які выхоўвае ў нас самастойнасць. Яго воля і заключаецца ў тым, каб давесці кожнага ад дзіцячай пазіцыі да самастойнасці, незалежнасці, здольнасці прымаць уласныя рашэнні і несці за іх адказнасць.


Часам людзі думаюць, што Божая воля для іх заключаецца ў выкананні строгага плану без магчымасці выбраць нешта іншае. Такі падыход можа быць небяспечным. Бывае, што чалавек не хоча сам прымаць рашэнне, апіраецца на чужое меркаванне, перакладвае адказнасць за выбар на некага іншага. Можа адбыцца, што гэта пераносіцца на і адносіны з Богам, тады трактуем Яго як таго, хто прымае рашэнні за нас, забірае нашу самастойнасць.


Яшчэ адна ілюзія, якая разбурае духоўнае жыццё і не спрыяе духоўнай сталасці — мысленне пра Бога, што можа зрабіць усё за чалавека, вызваляючы ад любых намаганняў. Такая пазіцыя, нават калі яна несвядомая, можа ўплываць на развіццё духоўнага жыцця. “Калі веру ў Бога, то Ён зробіць усё за мяне”. Але гэта памылковае стаўленне, бо Бог хоча супрацоўнічаць з намі, мы не павінны быць пасіўнымі.


Часта даходзіць да злоўжывання паняцця цуду: Бог цудоўным чынам нам дапамагае. Відавочна, што Ён можа гэта рабіць, але чалавек не павінен проста пасіўна чакаць. Вядома, Бог можа зрабіць выключэнне, але не трэба прымаць гэта за норму. Езус аздаравіў спаралізаванага, але для гэтага чатыры чалавекі прынеслі яго, зацягнулі на дах і апусцілі ў памяшканне — са свайго боку зрабілі тое, што ад іх залежала. Такое адукацыйнае парушэнне можа праяўляцца ў пасіўнасці, чаканні, што нешта зменіцца без нашага высілку.


Чым менш сталым з’яўляецца чалавек, тым больш ён арыентуецца на пэўныя нормы. Ён увесь час спраўджвае, дазволена тое ці іншае, ці не. Але калі яго запытаць, чаму не дазволена, то не зможа адказаць. Як гэта звязана з адносінамі? Перакананне, што калі я выконваю ўсе нормы, правілы, то ў маіх адносінах з Богам няма праблем — гэта таксама адукацыйная памылка.


Не раз людзі спавядаюцца з таго, што з’елі мяса ў пятніцу. Але на пытанне спаведніка, чаму чалавек лічыць гэта грахом, ці гэта негатыўна ўплывае на яго адносіны з Богам, жонкай, дзецьмі і самім сабой, адказвае: “Не разумею, чаму ксёндз прычапіўся? Есць такі наказ”. Ён парушыў норму, але памылкова лічыць, што галоўнае — ведаць правіла, а не яго сэнс. “Не важна, што не разумею. Паколькі прызнаўся ва ўсім, я верны норме, значыць у маіх адносінах з Богам усё ў парадку.” Але ці гэтага патрабуе ад нас Бог? Яго воля ў тым, каб мы любілі Яго і адзін аднаго, а грэх — тое, што аслабляе, пагражае, разбурае сувязь. Парушэнне нормаў — не заўсёды з’яўляецца грахом. Часам іх непарушэнне можа стаць ім. Трэба быць свабодным чалавекам, каб адчуваць гэту розніцу.


Наступная памылка звязана са спробай аддзялення антрапалогіі і псіхалогіі ад духоўнасці: калі ёсць добрая духоўнасць, то не патрабуем добрай антрапалогіі, якаснай псіхалогіі, дастаткова ведаў пра Бога ці сувязі з Ім. У касцёльных колах можам сустрэць негатыўныя меркаванні пра псіхалогію. Маўляў, занадта шмат канцэнтрацыі на сабе, а Езус вучыць нас “адрачыся самога сябе”. Але адно другому не супярэчыць, бо, каб адрачыся ад сябе, трэба хаця б разумець ад каго адракацца.


Акрэслілі тут самыя распаўсюджаныя парушэнні, якія базуюцца на недахопе або няправільным успрыманні інфармацыі. Гэта, безумоўна, мае ўплыў на светаўспрыманне, на жыццё. Праўдзівыя, добрыя веды дапамагаюць у будаванні таго, што называем здаровай духоўнасцю, непраўдзівыя — могуць яе сапсаваць.


Назойлівасць, скрупулёзнасць і богазневажальныя думкі


Часам святары маюць дачыненне з асобамі, у якіх праблемы ў духоўным жыцці праяўляюцца на ўзроўні назойлівай зацыкленасці на нечым, грызотах сумлення на фоне скрупулёзнасці, богазневажальных думак. Многія ксяндзы ў канфесіяналах сутыкаюцца з людзьмі, якія прыходзяць да споведзі і ніяк не могуць яе скончыць. Бяруць з сабой загадзя падрыхтаваныя лісты фармату А4, спісаныя грахамі, а чарга перад канфесіяналам расце. Здараецца, скрупулёзны чалавек ужо скончыў споведзь, адышоў, але праз хвіліну вяртаецца, бо ўспомніў нейкі грэх, які забыўся агучыць.


Часты выпадак — людзі з назойлівымі ідэямі, звязанымі з выкананнем пэўных абавязкаў ці адгаворваннем малітваў. Няма нічога кепскага ў сумленнасці пры выкананні рэлігійных практык, але гэта можа даходзіць да зацыкленасці, абсесіі, прымушэння і псаваць жыццё. Зацыкленасць праяўляецца і ў сітуацыях не абавязкова звязаных з духоўным жыццём. Напрыклад у выглядзе навязлівых агрэсіўных думак, якія могуць датычыць не толькі рэлігійнай, але і любой іншай сферы.


Вось адзін з прыкладаў такіх думак, ідэй. Адзін мужчына расказваў, што цяжка яму паехаць з жонкай у адпачынак, бо, як толькі вырушаць, чуе: “Давай вернемся, бо хіба не выключыла святло. Калі гэта не праверу, то не змагу нармальна адпачыць”. Вяртаюцца — святло выключана. Ізноў выязджаюць, а яна: “Напэўна не выключыла прас”. Прыязджаюць назад — усё выключана. І так шмат разоў.

Навязлівыя думкі могуць выражацца і ў выкананні пэўных дзеянняў: пастаяннага мыцця рук, сарціроўкі рэчаў, перасцілання бялізны і г.д.


У рэлігійным вымярэнні такога роду думкі могуць прымаць форму богазневажання, ад чаго пакутуе нямала людзей. Адна манахіня, ціхая, спакойная, адказная — проста ўзорная законніца, калі ўваходзіла ў капліцу, мела богазневажальныя думкі з сексуальным падтэкстам, якія датычылі выяў, што бачыла пры алтары. Некаторыя ў такіх выпадках звяртаюцца да экзарцыстаў, прымаючы гэта за апантанасць, ці пастаянна спавядаюцца, але не трэба выключаць, што маем справу з псіхічнай праблемай, абсесіяй.


Вядома, што псіхічныя расстройствы распаўсюджваюцца і на іншыя вымярэнні — саматычнае і духоўнае. Чалавек ёсць цэласнасцю: целам, псіхікай і духам. Неўратычнае ці абсесійнае расстройства вышэйзгаданай законніцы закранала і духоўнае вымярэнне. Прысвойванне чалавеку дыягназу не азначае, што не прымаем існавання дэманічнай рэчаіснасці, але хрысціянства доўгі час толькі так і тлумачыла падобныя паводзіны, бо не існавала тады яшчэ псіхіятрыі. Зараз разумеем, што ўсё можа выглядаць не так адназначна.


Як нараджаецца абсесійна-кампульсіўнае расстройства? Якім спосабам можна з ім справіцца? Вышэй ужо былі пададзеныя некаторыя прыклады, але яно можа выражацца і ў іншых сімптомах. Дастаткова пяці са спісу для дыягнаставання гэтага расстройства.



  1. Перфекцыянізм, які перашкаджае ў выкананні задання, напрыклад няздольнасць рэалізаваць нейкі праект з-за немагчымасці адпавядаць уласным празмерна строгім стандартам.
  2. Захоўванне дэталяў, правіл, спісаў, парадку дзейнасці да такой ступені, што губляецца з віду сапраўдная мэта гэтага.
  3. Неабгрунтаванае патрабаванне да другога чалавека, каб строга прытрымліваўся пэўнага спосабу дзеяння ці нежаданне дазволіць другому нешта зрабіць, бо ёсць перакананне, што зробіць гэта не так як трэба.
  4. Празмерная адданасць працы і прадуктыўнасці на шкоду адпачынку і сяброўскім адносінам.
  5. Нерашучасць — пазбяганне прыняцця рашэння ці яго адкладванне.
  6. Празмерная добрасумленнасць, скрупулёзнасць і адсутнасць гнуткасці ў пытаннях маральнай этыкі, каштоўнасцей, прыхільнасць строгім стандартам.
  7. Празмерная гнуткасць у пытаннях этыкі і каштоўнасцей.
  8. Абмежаванае выражэнне пачуццяў.
  9. Адсутнасць велікадушнасці, калі няма перспектывы для асабістай выгады.
  10. Няздольнасць пазбавіцца ад зношанага адзення ці непатрэбных прадметаў, нават калі няма з імі эмацыянальнай сувязі.


Існуе шмат тэорый адкуль бярэцца гэта расстройства. Разгледзім адну з іх, бо яна з’яўляецца больш-менш універсальнай — падаўленне трох рэальнасцей, якія не дазваляюць адчуваць тры важныя пачуцці. Гэтыя пачуцці:


Страх. Чалавек баіцца, напрыклад, што не замкнуў дзверы, што кепска выхоўвае сваіх дзяцей і г.д. Недзе, магчыма ў бацькоўскім доме, набраўся страхаў, якія да канца не прапрацаваў. Мае перакананне, што калі дакладна назаве ўсе свае грахі на споведзі, то будзе абаронены. Ці, калі правільна палічыць усе тратуарныя пліткі па дарозе з дому да касцёла, нічога кепскага не адбудзецца. Баіцца, і па той прычыне шукае неўратычных рытуалаў, якія не прыносяць палёгку, але толькі ціск.


Агрэсія. Яна добра адчуваецца падчас споведзі скрупулянта. Яе могуць адчуць людзі, якія стаяць у чарзе і нават ксёндз у канфесіянале (“Калі ўжо гэты чалавек нарэшце скончыць?”). Вышэй пададзены прыклад жонкі, якая ніяк не можа выехаць у адпачынак, таксама адносіцца да агрэсіўных дзеянняў. Муж нарэшце раззлуецца і раздражнёна скажа: “Паехалі ўжо!” А яна пасля цэлы тыдзень не будзе з ім размаўляць, бо абразіў яе (падаўленая агрэсія). Няўменне выражаць агрэсію — вынік шматгадовага ігнаравання энергіі, якая штурхае чалавека да дзеянняў, творчасці ці абароны ўласных межаў. Звычайна гэта праблема спакойных, культурных, ветлівых людзей. Чалавек можа ўспрымаць агрэсію як нешта кепскае, з чаго трэба спавядацца, бо “гнеў з’яўляецца адным з галоўных грахоў”.


Сексуальнасць. Калі думкі маюць сексуальны падтэкст, часам выклікаюць шмат сораму. Часцей за ўсё з-за таго, што ідзе падаўленне сексуальнасці, на якую, як адчувае чалавек, ён не мае права, калі, напрыклад, не знаходзіцца ў сужэнскіх адносінах. Сама сексуальная патрэбнасць можа ўспрымацца як нешта злое, усяго толькі патрэбнасць… Можна звярнуць увагу, як у некаторых тэкстах аўтарства святых ёсць просьбы да Бога аб вызваленні ад сексуальных жаданняў. Фаўстына Кавальская лічыла цудам тое, што Бог забраў яе сексуальную цягу.


Замоўчванне трох гэтых фактараў — рэзультат таго, што нешта пайшло не так у працэсе выхавання і адукацыі. Часта гэта вынік сексуальнага насілля ці жыцця ў сям’і, дзе была забарона на выражэнне агрэсіі. Да гэтага дадаюцца яшчэ незадаволеныя патрэбы з дзяцінства: дзіця не атрымала ад бацькоў таго, што павінна было атрымаць. Гэтыя з’явы сёння ўзмацняюцца стрэсам і спешкай жыцця. Уся наша культура стала абсесійна-кампульсіўнай. Усё трэба рабіць хутка, нервова, без магчымасці расслабіцца.


Калі справа датычыць сексуальнасці, то трэба трактаваць яе як раку, якая павінна цячы. Гэта энергія жыцця, творчасці, плоднасці. Калі раку падаўляць, яна ці высахне, ці разліецца. Тым часам яна павінна спакойна плыць. Калі чалавек будзе баяцца сваёй сексуальнасці, то дойдзе да кампульсіўнага аўтаэратызму, навязлівага карыстання парнаграфіяй. А гэта не мае нічога супольнага з нармальным перажываннем сексуальнасці.


Падаўленая агрэсія вяртаецца да нас неспадзявана, разбурае знутры. Праяўляецца, напрыклад, у празмернай крытыцы, асуджэннях, падрыве аўтарытэту. Тое, што мы не прымаем можа мець разбуральны эфект. Тое самае адбываецца і са страхам — неўсвядомлены, падаўлены, выходзіць з-пад кантролю і становіцца небяспечным. Чалавек тады адчувае, што нешта з ім не ў парадку, але сам не можа з гэтым разабрацца. Тады трэба парасіць дапамогі, магчыма, звярнуцца да псіхатэрапеўта, які пакажа як з гэтага ўсяго выйсці.


Уявіце сабе, што робіцца з чалавекам, які падаўляе тры гэтыя фактары. Які ён перажывае раскол, бясконцае пачуцце віны, напружанасць, трывожнасць, незадаволенасць сабой і немагчымасць быцця тут і зараз. Бо гэтыя фактары не дапамагаюць знаходзіцца ў моманце, калі іх падаўляем то прабываем у іншым месцы, за межамі рэальнасці. Калі іх стрымліваем, то вернуцца і будуць разрываць нас знутры, правакаваць аўтаагрэсіўныя станы. Парушаецца антрапалагічнае ядро чалавека і гэта пераносіцца на Бога: “Я павінен адмовіць усе свае малітвы. Павінен прысутнічаць на ўсіх імшах” і г.д. “Павінен” бярэ перавагу над “хачу”. Такі падыход перашкаджае шчырай камунікацыі і з людзьмі, і з Богам, разбурае адносіны. Хрысціянская духоўнасць — гэта духоўнасць еднасці, а не ўцёкаў ад рэальнасці.


Як дапамагчы людзям з абсесіўна-кампульсіўнымі рысамі, якія скрупулёзна прытрымліваюцца правіл і нічога больш вакол сябе не бачаць?

Па-першае, далікатна сказаць ім праўду, што ні споведзь, ні размовы са святаром не прынясуць тут патрэбнай палёгкі.

Лепш было б, каб скрупулянт меў пастаяннага спаведніка, які ведае пра ягоную праблему, разумее, што з ім адбываецца, будзе праяўляць у адносінах да яго клопат, а не правакаваць новыя мукі. Тады можа з’явіцца прастора для прапанавання дапамогі, рэкамендацыі звярнуцца да спецыяліста. Але, калі чалавек ігнаруе ўсе парады і не збіраецца нешта рабіць з праблемай, трэба ставіць выразныя межы.


Калі нехта разумее, што мае праблемы і патрабуе адпаведнай дапамогі, то палова справы ўжо вырашана. Спецыяліст (псіхіятр) можа выпісаць адпаведныя лекі, калі форма захворвання таго патрабуе, але важным элементам будзе з’яўляцца псіхатэрапія. Яна заключаецца ў тым, каб разблакіраваць правільнае ўспрыманне тых трох пачуццяў, гаворка пра якіх вялася раней. Гэта дастаткова доўгі працэс, які не трэба прыспешваць. Псіхатэрапеўт навучыць, як правільна пражываць агрэсію, рэагаваць на страх і што рабіць з сексуальнасцю. Чым глыбей расстройства, тым даўжэйшы будзе шлях да выздараўлення. Канешне, хочацца верыць у цуды, але здараюцца яны не так ужо і часта. Ксёндз не можа вылечыць чалавека, размовы могуць даць часовую палёгку, але не вырашыць праблему да канца. Тэрапеўтычны працэс пры такіх праблемах будзе нашмат больш прадуктыўнай дапамогай.

Падзяліцца