Жыццё чалавека поўніцца радаснымі і сумнымі, грандыёзнымі і нязначнымі, светлымі і цёмнымі падзеямі. Часам усе гэтыя падзеі аб'ядноўвае адно — ужыванне алкаголю. Што б ні здарылася — трэба выпіць. Палегчыць боль, узмацніць кайф, забыцца ці ўспомніць, памянуць ці пажадаць здароўя — ва ўсім нязменны спадарожнік, памагаты і дарадца — алкаголь. Людзі так прывыклі ўжываць спіртныя напоі, што жыццё без іх здаецца ім прэсным, сумным, шэрым. А тым часам усё больш і больш мужчын і жанчын, юнакоў і дзяўчын, падлеткаў і нават дзяцей становяцца закладнікамі гэтай сумнеўнай звычкі, якая шматлікіх даводзіць да вар'яцтва і нават смерці.
Ні для каго не сакрэт, што спіртныя напоі нашага часу не маюць нічога агульнага з віном, якое ўжываў Езус Хрыстус і людзі, якія жылі на зямлі ў часы Яго служэння. Тысячы гадоў да Нараджэння Хрыстовага і ў раннія хрысціянскія часы віно выраблялася выключна з вінаграднага соку, без ужывання шкодных дабавак і фарбавальнікаў. Магло выкарыстоўвацца яно замест пітной вады, якая не адрознівалася ў той час чысцінёй і якасцю. Але, не гледзячы на гэтыя, здавалася б, відавочныя сведчанні няшкоднасці вінаграднага напою, і ў Старым і ў Новым запавеце шмат згадак пра тое, што ўжыванне віна і сікеру (сікера або сікер — агульная назва для любога алкагольнага напою, акрамя вінаграднага віна — піва, сідру, пальмавага віна і г. д.) можа прывесці да сумных наступстваў.
Прып 23:31-32 «Не глядзі на віно, як яно чырванее, як прамяніцца ў келіху, як роўненька ліецца. У канцы яно ўкусіць, як зьмяя, і ўджаліць, як гадзіна».
Эф 5:17-18 «Не будзьце ж неразважнымі, але пазнавайце, што ёсць воляй Пана. І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста, але напаўняйцеся Духам».
Што ўжо казаць пра спіртныя напоі нашага часу. Віно, гарэлку, піва зараз вырабляюць такой нізкай якасці, што яны нярэдка прыводзяць да атручвання, і ўжыванне іх з’яўляецца вельмі небяспечным. Акрамя таго, сучасныя спіртныя напоі вельмі хутка разбураюць чалавечы арганізм і прыводзяць да алкагольнай залежнасці.
Часам мы бачым, як людзі ўжываюць алкаголь у невялікіх колькасцях, і гэта ім не шкодзіць (такое, дарэчы, сустракаецца і сярод веруючых, бо ўмеранае ўжыванне спіртных напояў з'яўляецца пытаннем хрысціянскай свабоды). Гэта тлумачыцца тым, што само ўжыванне віна грахом не з'яўляецца, а вось стан ап'янення (адсутнасць разважнасці і эмацыянальнай цвярозасці, па-іншаму — алкагольнае вар'яцтва), а таксама залежнасць ад спіртнога — і ёсць грэх. У Бібліі мы знаходзім шмат месцаў, якія пацвярджаюць гэты факт.
1 Кар 5:11 «Цяпер жа я напісаў вам не вадзіцца з тымі, хто, называючы сябе братам, з’яўляецца распуснікам, ці хабарнікам, ці ідалапаклоннікам, ці паклёпнікам, ці п’яніцаю, ці рабаўніком. З такім нават не ешце разам».
Гал 5:19-21 «Учынкі ж цела вядомыя, а гэта: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць…, нянавісць, п’янства…, тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага».
Іс 5:11-12 «Гора тым, якія, устаўшы рана, шукаюць сікеру, якія п’юць аж да вечара, каб віно разагравала іх; …, а пра справы Госпада яны ня дбаюць, і твораў рук Ягоных ня бачаць».
Як бачым, праблема п'янства — духоўная праблема. Яна з'явілася тысячы гадоў таму і існуе да гэтага часу. Усе мы ў той ці іншай меры сутыкаемся з наступствамі гэтага граху, які пашкодзіў і сапсаваў наша грамадства.
Я шмат гадоў пражыла побач з людзьмі, якія п'юць і таму разумею, як цяжка глядзець на блізкіх, родных, знаёмых, якія гінуць у прорве п'янства і алкагалізму. Кожная жанчына, што жыве з чалавекам, які п'е, пакутуе і мучыцца ад нясцерпнага болю, роспачы і бязвыхаднасці. Кожная робіць усё, што ад яе залежыць, каб блізкі чалавек перастаў піць.
Робіць усё і нават больш, а выніку няма. Наадварот, з цягам часу сітуацыя пагаршаецца. Пітушчы чалавек дэградуе, і яго ўчынкі і выбары становяцца зусім вар'яцкімі. Мужчыны і жанчыны, якія ўжываюць алкаголь, кідаюць сваіх дзяцей, пакідаюць іх галоднымі, прапіваючы апошнія капейкі, вядуць амаральны лад жыцця, абкрадаючы, падманваючы блізкіх. Чалавек, які нястрымна п'е, пераступае праз усё самае дарагое і важнае, каб толькі атрымаць чарговую дозу алкаголю.

Што ж рабіць? Няўжо няма выйсця з тупіку п'янства? Выйсце ёсць! Мы можам дапамагчы сабе і сваім блізкім, якія ўжываюць алкаголь. Вось толькі, каб зрабіць гэта правільна і рэзультатыўна, трэба спачатку разабрацца, з чым мы маем справу. Што не так з нашымі блізкімі ды і з намі самімі? Чаму яны не могуць стаць непітушчымі па сваім ці нашым жаданні, а мы ніяк не можам прымусіць іх працверазець, хоць прыкладаем неймаверныя намаганні.
Як я ўжо сказала, у аснове п'янства і алкагалізму ляжыць грэх. Так было тысячы гадоў таму, так адбываецца і ў нашыя дні. Д'ябал доўгія стагоддзі рабіў усё, каб грэх п'янства развіўся ва ўдасканаленую форму знішчэння асобы. Алкаголь разбурае цела, душу, розум чалавека, уплывае на яго здольнасць уступаць у адносіны і весці сацыяльна актыўнае жыццё. Чалавек, які п’е, губляе кантакт з самім сабой, не можа будаваць адносіны з тымі, хто побач, упадае ў пакутлівую залежнасць ад ужывання спіртнога, аддаляецца ад Бога, страчваючы з Ім сувязь. Надыходзіць духоўнае абядненне чалавека, поўная дэградацыя асобы і фізічная смерць.
Трэба адзначыць, што ні ў Старым, ні ў Новым запавеце не ўжываецца тэрмін «алкагалізм». Гэтае паняцце з'явілася значна пазней. У нашы дні «п'янства» і «алкагалізм» як праява залежнасці ад спіртнога маюць сур'ёзныя спецыфічныя адрозненні.
Калі чалавек шмат п'е, але можа спыніцца на другой, пятай чарцы, таму што яму заўтра на працу або трэба забраць дзіця з дзіцячага сада, то ён — п'яніца. Яму падабаецца піць, ён выбірае такі стыль жыцця. Многія п'яніцы могуць з часам зусім кінуць піць па якіх-небудзь прычынах ці стануць піць менш.
Але калі мужчына ці жанчына, ужываючы невялікую колькасць алкаголю і не збіраючыся выпіваць далей, працягвае піць і губляе кантроль над колькасцю выпітага, то мы маем справу з алкаголікам, з чалавекам, які пакутуе ад духоўнага, псіхічнага і фізічнага захворвання.
Так, алкагалізм — гэта хвароба. І як любое захворванне, ён мае свае прычыны, прыкметы і спосабы лячэння. Часопіс Амерыканскай медыцынскай асацыяцыі (Journal of the American Medical Association) вызначае алкагалізм як «першаснае, хранічнае захворванне, якое характарызуецца парушэннем кантролю над прыёмам спіртнога, прыхільнасцю да алкаголю, ужываннем алкаголю, нягледзячы на адмоўныя наступствы і скажэнне мыслення». Алкагалізм быў зацверджаны СААЗ (Сусветнай Арганізацыяй Аховы здароўя) як хвароба ў 1952 годзе. Ужо семдзесят гадоў ва ўсіх перадавых развітых краінах алкаголікаў лечаць, выкарыстоўваючы спецыяльныя метады, прэпараты і сістэмныя дзеянні. У нашай краіне каля трыццаці гадоў таму была створана і развіваецца наркалагічная служба, што ўключае ў сябе розныя сучасныя формы дапамогі хворым, якія пакутуюць ад алкагольнай залежнасці. Алкагалізм лечаць, як хваробу. А мы, мамы, жонкі, сёстры і сяброўкі, саромім нашых блізкіх, якія ўжываюць алкаголь, патрабуем ад іх «праяўлення сілы волі», пагражаем, шкадуем, ратуем, абражаем. Робім усё што заўгодна, толькі не тое, што сапраўды дапамагае ім папраўляцца і паляпшае якасць нашага жыцця.
Многія з вас, хто зараз чытае гэты артыкул, думаю, ужо звярталіся па дапамогу да ўрачоў-нарколагаў. І калі гэта былі спецыялісты ў вобласці залежнасцяў, то яны, вядома, патлумачылі вам, што трэба рабіць і як вы павінны сябе паводзіць з алкаголікам. А тым, хто ніколі не меў зносін са спецыялістамі, якія працуюць у гэтай галіне, коратка пералічу парады і рэкамендацыі, якія яны даюць сваякам алкаголікаў. Не спрабуйце вылечыць блізкага ўласнымі намаганнямі. Яго ўжыванне — гэта яго, а не ваш выбар. Дайце яму магчымасць адчуць на сабе рэзультат свайго выбару. Перастаньце ратаваць, вырашаць праблемы, якія ён стварае сваімі залежнымі паводзінамі. «Не карміце» хваробу: не давайце грошы, не забяспечвайце непрацуючага алкаголіка ўсім неабходным для жыцця, перастаньце паводзіць сябе з ім, як з дзіцем. Ён хварэе, і хваробу трэба лячыць. Але ён дарослы чалавек і сам павінен вырашыць, ці хоча папраўляцца.

Як лёгка гэта сказаць, але як цяжка нам, любячым жанчынам, гэта зрабіць... Гэтак жа цяжка, як ім перастаць піць. Мы сотні разоў казалі сваім сваякам-алкаголікам, што яны павінны рабіць, каб быць цвярозымі, але яны ніколі нас не слухалі, рабілі па-свойму і напіваліся. Я маю шматгадовы вопыт жыцця ў алкагольнай праблеме і ведаю дакладна. Нам сотні разоў скажуць, як мы павінны паводзіцца са сваякамі, якія п'юць, скажуць лекары, спецыялісты, жанчыны і мужчыны, якія адолелі праблему ўжывання, але мы нікога не паслухаем і ўсё роўна зробім па-свойму. Мы хадзілі, ходзім і будзем хадзіць па коле, мы будзем ахвярамі, ратавальнікамі і пераследнікамі. І мы будзем рабіць гэта гадамі, таму што мы — сузалежныя, мы — параалкаголікі (сузалежны чалавек ці параалкаголік — гэта той, хто цалкам паглынуты кіраваннем паводзінамі і выбарамі іншага чалавека, і зусім не клапоціцца пра задавальненне ўласных жыццёва важных патрэб).
Пры камунікацыі з сузалежнымі жанчынамі і мужчынамі я часта прыводжу такі прыклад, як узор паводзін мамы ці жонкі алкаголіка.
Калі ў майго сына ці мужа моцна баліць жывот, ён пакутуе і мучыцца, я выклікаю хуткую дапамогу. Прыязджае лекар, аглядае майго блізкага і кажа: «У яго апендыцыт, трэба ехаць у бальніцу рабіць аперацыю, інакш смерць». Я ж не супраціўляюся, не пачынаю галасіць: «Ды што вы, доктар, можа не трэба, я як-небудзь сама, сваімі метадамі: бабку-шаптуху падключу, таблетак у аптэцы накуплю, у інтэрнэт-краме траўку асаблівую выпішу. Я змагу, я спраўлюся, я лепш ведаю, як трэба. Жывот разрэзаць не дазволю, гэта не дапаможа. Шкада мне майго сыночка!»
Вельмі дзіўны дыялог, не можа такога быць, скажаце вы. Можа! Такое здараецца вельмі часта. Пры пастаноўцы дыягназу і лячэнні алкагалізму спецыялісты наркалагічных аддзяленняў, рэбцэнтраў, псіхолагі, псіхатэрапеўты і нават духоўнікі канкрэтна і дакладна кажуць, што трэба рабіць ім — алкаголікам і нам — сузалежным. Яны гавораць пра спецыфічныя лячэбныя мерапрыемствы і пэўныя мадэлі паводзін, якія дапамогуць справіцца з хваробай. А мы? Мы не згодныя з такім лячэннем, а калі нават і згаджаемся, не выконваем рэкамендацыі, парушаем правілы, ломім сістэму ўсебаковай дапамогі хвораму на алкагольную залежнасць.
Дык што ж рабіць нам, якія жывуць побач з людзьмі з моцнай залежнасцю? Як справіцца з сабой і дапамагчы сваякам-алкаголікам?
На гэтую тэму можна і трэба казаць доўга. І я спадзяюся, будзе магчымасць у наступных артыкулах расказаць пра маё жыццё з алкаголікам, падзяліцца сваім досведам аздараўлення ад сузалежнасці.
Цяпер я хачу толькі коратка пазначыць асноўныя напрамкі майго руху па гэтым няпростым шляху.
Першае і самае галоўнае — гэта свядомы кантакт з Богам, пошук Яго волі, нястомнае і пастаяннае ўмацаванне адносін з Ім. Алкагалізм і сузалежнасць — духоўныя праблемы, і, каб з імі справіцца, трэба ісці па Божым шляху. Менавіта такі шлях прапануе нам добра вядомая ва ўсім свеце праграма «12 Крокаў». Гэтая праграма адаптаваная для вырашэння самых розных чалавечых праблем, у аснове якіх ляжыць грэх. Гэтая праграма дапамагла мне, майму мужу і вялізнай колькасці мужчын і жанчын, якія пакутуюць ад самых розных формаў залежнасці: алкагалізму, наркаманіі, пераядання, сузалежнасці, дысфункцыянальных адносін і да т. п.
Прайсці гэту праграму і здабыць духоўны вопыт, які дапаможа аздараўленню, можна на групах самадапамогі АА (Ананімныя Алкаголікі) і Ал-Анон (Сваякі і сябры алкаголікаў). Рэгулярнае наведванне такіх груп — абавязковая ўмова для пазбаўлення ад алкагалізму і сузалежнасці. Менавіта на групах мы знаходзім блізкіх па духу людзей, якія разумеюць і прымаюць нас, людзей, якія дзеляцца сваім досведам, сілай і надзеяй, дапамагаюць прайсці праграму «12 Крокаў». Такія зносіны ўмацоўваюць, дапамагаюць захоўваць цвярозы розум у складаных сітуацыях.
Я наведвала групы Ал-Анон больш за дзесяць гадоў, а затым працягнула свой шлях духоўнага росту ў групах ДДА (Дарослыя дзеці з алкагольных і іншых дысфункцыянальных сем'яў). У праграме ДДА я таксама праходжу «12 Крокаў» і працягваю ўмацоўваць свой свядомы кантакт з Богам.

Яшчэ адным аспектам паспяховага руху па шляху аздараўлення з'яўляецца пастаянная самаадукацыя, самаразвіццё, адмова ад установак і прадузятасцяў, пошук новых ведаў, мадэляў паводзін. Гэты напрамак прадугледжвае чытанне духоўнай, псіхалагічнай літаратуры; наведванне рэкалекцый, семінараў, форумаў; сталыя зносіны з людзьмі, якія маюць досвед аздараўлення; прымяненне ў сваім жыцці розных духоўных практык і многае іншае.
Чалавек які шукае, які развіваецца цікавы іншым людзям і самому сабе. У чалавека, гатовага да перамен, больш шанцаў на сустрэчу з жывым Богам, а значыць на новае жыццё!
Дзіна