Часам, калі гаворка заходзіць пра герояў веры, мы міжволі ўяўляем сабе чалавека, які ідэальна ведае Святое Пісанне, заўсёды правільна і прыгожа гаворыць або праводзіць дні ў ціхай малітве каля алтара. Але Хрыстова Евангелле заўсёды было іншым — жывым і дынамічным. Яно пачалося на пыльных дарогах Галілеі, гучала сярод звычайных рыбакоў, беднякоў і тых, ад каго ўсе адвярнуліся.
Сёння прыкладам такога дзейнага хрысціянства для многіх стаў аргенцінска-славенскі святар-лазарыст, якога ведаюць як айца Пэдра. Яго называюць «анёлам смеццевых звалак» ці «святаром-мулярам».
Святара нават намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру. Праўда, сам ён лічыць сваёй галоўнай узнагародай не дыпломы ці медалі, а чыстыя кашулі на дзецях, якія раніцай ідуць у школу, а не шукаюць ежу ў гнілых адходах на смеццевай звалцы.
Сям’я, будоўля і футбол
Каб зразумець характар айца Пэдра, варта зазірнуць у канец 1940-х гадоў. Яго бацькі, Луіс Апека і Марыя Шваб, былі славенскімі католікамі. Пасля Другой сусветнай вайны яны ўцякалі ад камуністычнага рэжыму Ціта ў Югаславіі і, пераадолеўшы цяжкае падарожжа праз акіян, аселі ў Аргенціне. Там 29 чэрвеня 1948 года ў іх і нарадзіўся сын Пэдра.
Сям’я бежанцаў жыла бедна, але вельмі дружна, моцна трымаючыся за веру і сумленную працу. Бацька хлопчыка быў мулярам. Калі Пэдра споўнілася дзевяць гадоў, тата пачаў браць яго з сабой на будоўлю. Менавіта там, на пыльных аргенцінскіх будпляцоўках, будучы місіянер засвоіў галоўны ўрок духоўнай сталасці: трывалыя сцены не вырастаюць за хвіліну. Любы дом — духоўны або матэрыяльны — патрабуе цярпення, мазалёў на далонях і надзейнага падмурка.
Пэдра рос моцным і энергічным. Як і большасць аргенцінскіх падлеткаў, ён захапляўся футболам і паказваў неблагія вынікі. Трэнеры нават прагназавалі яму кар’еру ў прафесійных клубах Буэнас-Айрэса. Гэта абяцала славу і грошы, але сам юнак адчуваў, што ягонае жыццё павінна пайсці па іншым шляху.
У 17 гадоў ён крута змяніў траекторыю свайго жыцця, паступіўшы ў семінарыю да айцоў-лазарыстаў. Гэтую Кангрэгацыю Місій калісьці заснаваў святы Вінцэнт дэ Поль для служэння самым абяздоленым людзям.
Вучоба і ўрокі будучага Папы
Гады вучобы Пэдра супалі з важным для Касцёла часам — прыкладна тады завяршыўся Другі Ватыканскі сабор. Малады семінарыст вельмі цікавіўся ідэямі абнаўлення. Ён вывучаў філасофію ў Любляне і тэалогію ў Парыжы, але яму заўсёды хацелася перайсці ад тэорыі да жывой справы.
У канцы 1960-х гадоў Пэдра вярнуўся ў Аргенціну і працягнуў навучанне ў Сан-Мігелі. Там адным з яго прафесараў стаў малады езуіт Хорхе Марыё Бергольё — будучы Папа Францішак. Бергольё ўжо тады казаў семінарыстам, што няварта заседжвацца ва ўтульных кабінетах. Ён вучыў ісці на «ускраіны жыцця» — туды, дзе людзям найбольш цяжка і балюча. Гэтыя парады паўплывалі на Пэдра.
У 1970 годзе 22-гадовы юнак вырашыў паехаць на двухгадовую практыку на Мадагаскар. Востраў сустрэў яго страшнай беднасцю. Менавіта там хлопец зразумеў, што не зможа быць святаром, які служыць толькі па нядзелях. Пэдра вярнуўся ў Буэнас-Айрэс, у 1975 годзе прыняў святарскае пасвячэнне, а праз год купіў білет у адзін канец — назад на Мадагаскар.
Мадагаскарскае пекла і вечар, які змяніў усё
Першыя пятнаццаць гадоў айцец Пэдра служыў на паўднёвым усходзе Мадагаскара, у сельскай парафіі Вангайндрану. Малады святар шчыра рабіў сваю справу: служыў святыя Імшы, хрысціў, камунікаваў з людзьмі. Але ён бачыў, што звычайныя казанні часта разбіваюцца аб беспрасветную галечу. Калі людзі галадаюць і пакутуюць ад хвароб, узнёслыя словы падаюцца ім далёкімі ад рэальнасці. Таму Пэдра вырашыў дзяліць з парафіянамі ўсе нягоды: сам працаваў у полі, вырошчваў рыс, дапамагаў будаваць жыллё.
Аднак галоўнае выпрабаванне чакала яго наперадзе. У 1989 годзе кіраўніцтва ордэна перавяло айца Пэдра ў сталіцу краіны — Антананарыву, каб ён узначаліў там семінарыю для маладых лазарыстаў. Аднойчы ўвечары, знаёмячыся з наваколлем, святар адышоў на ўскраіну горада і быў шакаваны. Перад ім раскінулася гіганцкая гарадская звалка. Гэта было велізарнае месца, дзе ўсё дымілася і гніло. Але самым страшным было тое, што там жылі людзі. Тысячы сем’яў з малымі дзецьмі туліліся прама сярод смецця. Яны рабілі сабе халупы з кардону і пластыка. Дзеці літаральна біліся з сабакамі за кавалак хлеба, жанчыны гатовыя былі на ўсё за жменю рысу, а паветра было атручана таксічным дымам.

«Я вярнуўся ў свой пакой, упаў перад распяццем і заплакаў, — успамінае місіянер. — Я сказаў: “Госпадзе, я бачыў пекла. Твае дзеці жывуць горш за скаціну. Калі я прамаўчу і вярнуся ў цёплую семінарыю, то мая вера — гэта проста фарысейская пустышка”».
Айцец Пэдра зразумеў: Бог заклікае яго сысці са сталічнай кафедры туды, куды ніхто не хацеў ісці. На звалку.
Нараджэнне Акамасуа
Калі белы каталіцкі святар упершыню прыйшоў на звалку з намерам дапамагчы, яго сустрэлі вельмі варожа — з праклёнамі і камянямі. Мясцовыя жыхары, разлютаваныя гадамі пакут, не верылі нікому. Яны думалі, што гэта чарговы палітык ці замежнік, які прыйшоў проста зрабіць прыгожыя здымкі.

Тады айцец Пэдра прыдумаў іншы план. Ён не стаў чытаць доўгіх казанняў. Прынёс коўдру, лёг спаць на брудную зямлю побач з бяздомнымі, падзяліў з імі іх сціплую ежу. Ён правёў так некалькі дзён, даказваючы, што прыйшоў не дзеля карцінкі, а дзеля іх саміх.
Калі недавер быў пераадолены, святар сабраў лідараў звалкі. Тыя чакалі, што ён пачне раздаваць грошы ці гуманітарную дапамогу. Але айцец Пэдра здзівіў іх:
«Я не дам вам ніводнага франка. Грошы, атрыманыя проста так, зневажаюць чалавека. Вы — людзі, створаныя па вобразе Бога. У вас ёсць рукі і розум. Я прапаную іншае: давайце працаваць разам. Так мы вернем вам чалавечую годнасць».
Побач са звалкай знаходзіліся закінутыя гранітныя кар’еры. Тут айцец Пэдра і згадаў урокі свайго бацькі-муляра. Ён неяк здабыў простыя інструменты — кірхі, малаткі, тачкі. Сам узяў у рукі адну з прылад, стаў побач з былымі валацугамі і пачаў драбіць граніт. Так у 1989 годзе нарадзілася асацыяцыя Акамасуа (Akamasoa), што ў перакладзе з малагасійскай мовы азначае «Верныя сябры».
Людзі драбілі камень, рабілі з яго будаўнічыя блокі і пад кіраўніцтвам святара пачалі будаваць першую вуліцу з сапраўдных цагляных дамоў. Учорашнія ізгоі станавіліся мулярамі, цеслярамі, страхарамі. Яны будавалі жыллё для ўласных сем’яў. А калі чалавек стварае дом сваімі рукамі, то пачынае яго шанаваць.
Правілы ў супольнасці былі вельмі строгімі і канкрэтнымі: кожны дарослы абавязаны працаваць, алкаголь і гвалт знаходзіліся пад абсалютнай забаронай, а ўсе дзеці без выключэння павінны былі хадзіць у школу. Ніякай дзіцячай працы на сметніку. За парушэнне гэтага парадку чалавека проста выключалі з супольнасці.
Многія крытыкі пасля вінавацілі айца Пэдра ў празмерным аўтарытарызме. Асабліва гэта не падабалася некаторым заходнім журналістам. Але сам святар добра разумеў: каб дапамагчы чалавеку выбрацца з поўнай дэградацыі і вярнуцца да нармальнага жыцця, патрэбны не толькі спачуванне, але і цвёрдая дысцыпліна.
Ад сметніка да сапраўднага гарадка
Праект, які пачынаўся з некалькіх дзясяткаў адчайных людзей, за трыццаць з лішнім гадоў ператварыўся ў сапраўдны гарадок. Сёння Акамасуа — гэта цэлая сетка з 22 добраўпарадкаваных паселішчаў, дзе жыве больш за 25 тысяч чалавек. А за ўвесь час працу і падтрымку тут атрымалі звыш паўмільёна малагасійцаў.
Сёння цяжка паверыць, што калісьці на гэтым месцы была звалка. Зараз вакол стаяць акуратныя пабеленыя цагляныя дамы, вуліцы заасфальтаваныя і азялененыя. У паселішчах працуюць сучасныя школы, каледжы і нават уласны ўніверсітэт. Ёсць свае медыцынскія цэнтры, радзільныя дамы, аптэкі і рамесныя майстэрні.

Супольнасць Акамасуа змагла дасягнуць амаль 75% самаакупнасці. Яны самі вырабляюць будаўнічыя матэрыялы, шыюць адзенне, займаюцца сельскай гаспадаркай і прадаюць лішкі. Жыхары плацяць падаткі, маюць медыцынскую страхоўку і адчуваюць сябе паўнавартаснымі грамадзянамі.
Сэрца Акамасуа — гэта нядзельная святая Імша. На вялікім крытым стадыёне збіраюцца да дзесяці тысяч чалавек. Гэта зусім не падобна да прывычнай для нас ціхай і стрыманай літургіі. Тут пануе неверагодная радасць і ўдзячнасць. Пад гукі барабанаў і гітар людзі танчаць і весяляцца, святкуючы сваё выратаванне ад духоўнай і фізічнай смерці. Сам айцец Пэдра, нягледзячы на паважны ўзрост і сівую бараду, да гэтага часу даволі бадзёра прапаведуе.
Гісторыя айца Пэдра Апекі і яго супольнасці — маніфест супраць смутку і скептыцызму. У свеце, дзе міжнародныя арганізацыі марнуюць мільярды долараў на бясконцыя справаздачы і канферэнцыі па барацьбе з беднасцю, адзін каталіцкі святар паказаў, што вера, злучаная з дзеяннем, здольная тварыць сацыяльныя цуды.
Канешне, усё было не так проста. Святар сутыкаўся з пагрозамі ад мясцовай мафіі, яго спрабавалі дыскрэдытаваць карумпаваныя чыноўнікі, якіх напружвала ягоная праца. Але айцец Пэдра заставаўся непахісным.

У верасні 2019 года яго былы выкладчык, Папа Францішак, наведаў Акамасуа. Абдымаючы свайго студэнта, Пантыфік сказаў словы, якія сталі вынікам усёй працы місіянера: «Акамасуа — гэта брама надзеі, якую адкрыў Бог. Вы даказалі, што беднасць — гэта не прысуд. Вы ператварылі месца смерці ў месца ўваскрэсення».
Для сучаснага веруючага постаць айца Пэдра — гэта напамін, што хрысціянства не з’яўляецца рэлігіяй камфорту. А Евангелле — не проста пасіўнае сузіранне, а, хутчэй, дзеянне. І для таго, каб пачаць нешта рабіць зусім не абавязкова ехаць на Мадагаскар. Свае «смеццевыя звалкі» — адзінота, беднасць, адрынутасць ці адчай — знаходзяцца, магчыма, на адлегласці выцягнутай рукі.
Крыніцы:
https://www.perepedro-akamasoa.net/biography/
https://www.urlaub-auf-madagaskar.com/en/father-pedro-and-humanitarian-aid-in-madagascar/