“Я рос у добрай сям’і, заўсёды быў шчаслівы, асабліва ў школе з сябрамі. Калі мне было 11 гадоў, памерлі бабуля і дзядуля. У нашай сям'і ўсё менш размаўлялі і больш спрачаліся. Я пачаў адчуваць вялікае жаданне пакінуць дом свайго дзяцінства. Пачаў граць у рок- і метал-гурце — гэта былі мае першыя ўцёкі і бунт, месца, дзе я мог паказаць, што са мной нешта не так. Я быў вельмі замкнуты ў сабе. У 14 гадоў паспрабаваў алкаголь і першыя наркотыкі, падманваючыся тым, што адчуваю сябе больш свабодным. Мае адносіны з дзяўчатамі звычайна доўжыліся некалькі месяцаў, а потым яны кідалі мяне. З кожным разам я адчуваў сябе ўсё больш адчайным і расчараваным, адрынутым, таму ўсё глыбей і глыбей апускаўся ў наркатычнае пекла, пакуль не стаў ужываць гераін і іншыя цяжкія наркотыкі. Усё пачало развальвацца. Таксама ад мяне пачалі дыстанцыявацца сябры па музычнай групе. Я не адчуваў сябе як дома ў сваёй сям’і, усё бліжэй і бліжэй набліжаўся да смерці. Але мяне гэта не палохала, нават часам хацелася памерці. Нават з сябрамі, тымі, што засталіся, я адчуваў сябе адзінокім” — так пачынае сваё сведчанне Марка, 24-гадовы хлопец, які ўжо не першы год жыве ў супольнасці Cenacolo, што знаходзіцца ў Меджугор’і. Далей ён расказвае пра свой няпросты шлях да веры і заканчвае словамі: “Сёння я знаходжу радасць жыцця, якую страціў, адчуваю сябе па-сапраўднаму шчаслівым. Я ўсведамляю, што апорай майго новага жыцця з’яўляецца малітва, жыццё ў праўдзе і жаданне дапамагаць іншым. Я шчаслівы быць часткай гэтай вялікай сям’і, якая заўсёды з радасцю прымае мяне, моліцца за мяне і жадае мне дабра. Дзякуй, Маці Эльвіра, за тваё «так» любові. Дзякуй вам, сёстры і браты з супольнасці, за вашу дабрыню!”
«Сястра наркаманаў»
Маці Эльвіры, каторую згадвае Марка, не стала зусім нядаўна, у жніўні 2023 года. Яна пражыла доўгае і насычанае жыццё, якое з незвычайнай шчодрасцю і інтэнсіўнасцю прысвяціла любові, служэнню бедным і патрабуючым.
Рыта Петроцы нарадзілася ў 1937 годзе ў невялікім французскім горадзе, адкуль падчас Другой сусветнай вайны са сваёй сям’ёй эмігравала ў Італію, дзе жыла ў пасляваеннай галечы. Яна любіла называць сябе «дачкой беднякоў». І сапраўды, сям’ю нельга было назваць багатай: маці мусіла ўвесь дзень працаваць, каб зарабіць што-небудзь на жыццё, бо бацька быў на гэта не здольны — пакутаваў ад алкагольнай залежнасці.
Ва ўзросце дзевятнаццаці гадоў Рыта ўступіла ў кляштар сясцёр Божай Міласэрнасці святой Жанны Антыды Турэ, дзе і стала сястрой Эльвірай.
«Я была шчаслівай сястрой, закаханай у Езуса і ў жыццё, але ў нейкі момант са мной пачало адбывацца тое, што падштурхвала да працы з маладымі людзьмі. Я бачыла, што яны расчараваныя, згубленыя, адкінутыя гэтым спажывецкім грамадствам, у іх сем’ях больш няма ні размоў, ні зносін, няма ўзаемнага даверу. Я нават не разумела, што дзеецца ўва мне, але ясна адчула: павінна аддаць моладзі тое, што атрымала ад Бога, адчыніць дзверы адрынутым, наркаманам, безнадзейным, якія апынуліся на вуліцах і вакзалах», — успамінае сястра ў адным з інтэрв’ю.
З такімі думкамі яна ідзе да свайго начальства і не атрымлівае падтрымкі. Некалькі гадоў просіць адкрыць дом, каб можна было прыняць гэтых маладых людзей, але ўсё яшчэ застаецца сам насам са сваёй ідэяй. Сястра хвалюецца, што губляе час, але ў пакоры і малітве чакае і, нарэшце, адкрывае першы дом.
16 ліпеня 1983 года, у дзень, калі Касцёл успамінае Маці Божую з гары Кармэль, у закінутым доме ў горным італьянскім мястэчку Салуца, што знаходзіцца непадалёку ад Турына, сястра Эльвіра, вядомая сёння як маці Эльвіра ці «сястра наркаманаў», пачынае гісторыю супольнасці Cenacolo (італ. “вячэрнік”).
Праца, малітва, сяброўства
Маці Эльвіра прыняла за аснову функцыянавання супольнасці тры напрамкі: працу, малітву і сяброўства. На афіцыйным сайце супольнасці можна прачытаць, што яна павінна быць «не толькі месцам сацыяльнай дапамогі, але і школай жыцця, вялікай сям’ёй, дзе чалавека цалкам прымаюць і ён можа адчуць сябе дома, знайсці ўласную годнасць, аздараўленне ран, супакой у сэрцы, радасць жыцця і жаданне любіць». Зацікаўленым прапануецца «просты сямейны лад жыцця», «шчырае сяброўства як аснова адносін і братэрскай любові», «малітва і вера ў Езуса Хрыста як адказ на бясконцае жаданне любові, якое існуе ў сэрцы чалавека». Заснавальніца планавала працаваць пераважна з нарказалежнымі, але з гадамі сфера дапамогі пашырылася. Сёння Cenacolo наведваюць людзі, якія адчуваюць патрэбу ў цесным кантакце з Богам і хочуць змяніць сваё жыццё. Часцей за ўсё яны залежныя ад алкаголю, але таксама ад наркотыкаў, гаджэтаў і працы; прыязджае шмат людзей з дэпрэсіяй.
Перш чым далучыцца да супольнасці, зацікаўленыя асобы прымаюць удзел у так званым калёквіуме, якія адбываецца раз на тыдзень на працягу прыкладна 1,5 месяца. Людзі, якія жадаюць далучыцца да Cenacolo, распавядаюць пра сябе, у чым іх праблема і чаго чакаюць ад пражывання ў супольнасці. Такім чынам правяраецца і тое, ці не кіруюцца яны толькі воляй бацькоў. І хлопцы, і дзяўчаты застаюцца ў асобных дамах Cenacolo па ўсім свеце, магчымае і сумеснае пражыванне для сем’яў.
Правілы ва ўсіх дамах прыкладна аднолькавыя. Насельнікі пачынаюць кожны дзень а пятай з ранішняй адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Потым моляцца ружанец на каленях і дзеляцца Божым словам. Малітва суправаджае жыхароў супольнасці на працягу ўсяго дня: моляцца на ружанцы пасля абеду і ўвечары. Правілы нагадваюць манастырскія: малітва і праца на першым месцы.
Першы месяц — падрыхтоўчы этап. Ні наркотыкаў, ні алкаголю, ні нават цыгарэт у доме няма. У кожнага новага члена супольнасці з’яўляецца свой «анёл-ахоўнік» — брат ці сястра, якія знаёмяць з усімі правіламі дома і суправаджаюць 24 гадзіны ў суткі, заўсёды гатовыя падтрымаць, выслухаць, паспрабаваць зразумець. Тут няма нарколагаў ці псіхіятраў, працэс рэабілітацыі заключаецца ў адмове ад прывычнага свецкага жыцця. Аздараўленне адбываецца без медыкаментаў: вяртанне да Бога праз працу, малітву, духоўную барацьбу. Эфектыўнасць складае прыкладна 80%, што амаль недасяжна ў класічных рэабілітацыйных цэнтрах.
Ад пачатку некалькі месяцаў маладыя людзі знаходзяцца ў добраахвотным зняволенні. Першая сустрэча з сям’ёй можа адбыцца прыкладна праз паўгода. Пазней арганізуюцца розныя віды рэкалекцый, калядных і велікодных сустрэч.
Няма ў дамах супольнасці радыё, тэлевізараў, музыкі, мабільны тэлефон ніколі не выкарыстоўваецца ў якасці забавы. Такое адгароджванне ад знешняга свету тлумачыцца лёгка: каб з’явілася больш часу для разважання над жыццём. Толькі ў цішыні можна знайсці раны, якія трэба залячыць, увайсці ў пэўны рэжым спакою і медытацыі.
У кожнага жыхара ёсць абавязковая праца: уборка, гатаванне ежы, мыццё рэчаў, догляд за хатнімі жывёламі, садоўніцтва. Яны ўзаемазамяняльныя — ідэя заключаецца ў тым, каб члены супольнасці навучыліся выконваць розныя абавязкі. Сапраўды, працуюць тут шмат і гэта невыпадкова. Працатэрапія — адзін са слупоў, на якіх стаіць супольнасць.
Большасць прадуктаў, якія выкарыстоўваюць на кухні — тое, што вырошчваецца ва ўласных садах і агародах. Члены супольнасці амаль не робяць ніякіх пакупак, стараюцца ўтрымліваць сябе самастойна, спадзеючыся на Божы Провід. Часам атрымліваюць падтрымку ў выглядзе прадуктаў ад мясцовых жыхароў. Рахункі аплачваюцца за кошт ахвяраванняў, што маладыя людзі збіраюць у розных касцёлах, даючы сведчанні пра супольнасць.
Кожны можа заставацца ў супольнасці колькі трэба і сам вырашае, калі пакінуць гэтае месца, але заўсёды рэкамендуецца пэўны мінімум — 2-3 гады, пасля яго маладым людзям будзе прасцей спрабаваць свае сілы па-за супольнасцю.
Cenacolo распаўсюджваецца па свеце
Маці Эльвіра планавала адкрыць толькі адзін дом, але Божыя планы аказаліся зусім іншымі. Пачалі прыбываць маладыя людзі з усяго свету, якія прасілі дапамогі ў пошуку сэнсу жыцця, таму супольнасць Cenacolo пачала хутка распаўсюджвацца спачатку ў Італіі, потым у іншых краінах Еўропы і нават на іншых кантынентах. Спачатку дамы прымалі толькі хлопцаў, але Эльвіра, паддаючыся Божаму натхненню, раптам зразумела, што павінна адчыніць дамы і для дзяўчат. Пазней, дзякуючы вялікай мары Ніколы, былога наркамана, хворага на СНІД, яго малітвам і цярпенням за самых маленькіх, супольнасць адкрывае сваё сэрца для пакінутых, маргіналізаваных дзяцей і моладзі: так маці Эльвіра адправіла ў Бразілію першую групу маладых місіянераў.
З цягам часу супольнасць працягвала расці: многія маладыя людзі, адроджаныя да новага жыцця, заставаліся на гэтым шляху, каб дзяліцца сваім вопытам з тымі, хто перажываў цяжкасці, становячыся такім чынам першымі «місіянерамі»; унутры супольнасці пачалі нараджацца сем’і, былі таксама хлопцы і дзяўчаты, якія выказалі гатоўнасць прысвяціць сябе супольнасці праз кансэкраванае жыццё.
У траўні 1998 года, калі Ян Павел ІІ знаёміўся з новымі касцёльнымі рухамі і супольнасцямі, прызнаў Cenacolo «Прыватным аб’яднаннем вернікаў». Такі статус дае магчымасць распачаць план фармацыі для тых, хто хацеў бы прысвяціць сябе жыццю ў супольнасці. У 2009 годзе ў Ватыкане супольнасці Cenacolo быў уручаны дэкрэт аб прызнанні яе «Міжнародным аб’яднаннем вернікаў папскага права».
У цяперашні час існуе 71 дом у 20 краінах па ўсім свеце. Цікава, што ў 2003 годзе такую супольнасць спрабавалі сабраць і ў Расіі. Шмат працы было зроблена: хлопцы з супольнасці самі пабудавалі дом, майстэрні, апрацавалі поле, акрамя гэтага штотыднёва ездзілі ў мясцовыя школы, каб расказваць пра шкоду наркотыкаў вучням і іх бацькам. Але, на жаль, супольнасць, якую ў многіх краінах свету прымаюць з вялікай радасцю, не пратрымалася ў Расіі больш за тры гады, чаму так адбылося застаецца толькі здагадвацца.
Пры падрыхтоўцы тэксту былі выкарыстаныя наступныя крыніцы:
https://cenacolo.pl/swiadectwo/marco/
https://cenacolo.pl/kim-jestesmy/matka-elvira/
https://yar.aif.ru/archive/1809142
https://www.youtube.com/watch?v=aAli_JO_acs
Матэрыял падрыхтавала Ірына Кухальская